У Гродне завяршаецца рэканструкцыя другой чаргі сквера на вуліцы Дарвіна. Абноўленую тэрыторыю плануеццца ўрачыста адкрыць 3 ліпеня.
Што змянілася ў скверы
Падчас рэканструкцыі ў скверы ўладкавалі новыя пешаходныя дарожкі, усталявалі бетонную ратонду, перылы з падсветкай, лаўкі, урны і сучасныя свяцільнікі. Удоўж схілу з’явілася новая агароджа.
Тэрыторыю таксама азелянілі: высадзілі газоны, кусты і дрэвы. Як сцвярджаюць гарадскія ўлады, вырубалі толькі аварыйныя і інвазіўныя дрэвы.
Асобную ўвагу надалі асвятленню. У скверы праклалі больш за 2,3 км кабелю, усталявалі 44 апоры і 43 свяцільнікі, паведамляе тэлеканал «Гродна Плюс».

Гараджане крытыкавалі работы ў скверы
Раней жыхары раёна ўжо выказвалі незадаволенасць рэканструкцыяй сквера на Дарвіна. Гродзенка, якая жыве побач, распавядала, што пасля пачатку работ на тэрыторыі вырубілі частку дрэў і кустоў. Пазней мясцовыя ўлады сустрэліся з жыхарамі суседніх дамоў і паказалі план рэканструкцыі сквера.
Таксама гродзенцы крытыкавалі выгляд новых альтанак і агароджу. Былі пытанні і да новай тратуарнай пліткі. Адна з гродзенак напісала ў Threads, што частка пакрыцця ўжо мае трэшчыны і сколы, а сама ўкладка выглядала няроўнай.
У каментарыях меркаванні падзяліліся. Адны карыстальнікі таксама звярталі ўвагу на пашкоджаную плітку, іншыя нагадвалі, што работы яшчэ не завершаны і магчымыя недахопы падрадчык павінен ліквідаваць да здачы аб’екта.



