Спадчына

Зоф’я Налкоўская: фемінісцкая зорка, якая ў Гродне спрачалася з Пілсудскім і захаплялася Старым замкам

Гэта незвычайна, але калі даводзіцца гуляць па Гродне з польскімі турыстамі, асабліва маладзейшага ўзросту, то звяртаеш увагу, што яны хутчэй успамінаюць пра «Медальёны» Зоф'і Налкоўскай, чым пра творы Элізы Ажэшкі. Хаця, магчыма, у гэтым няма нічога дзіўнага. Напісаны сучаснай польскай мовай расповед пра жахі нямецкай акупацыі ў Варшаве кранае цяперашняга чытача больш, чым мілагучныя шматслоўныя аповесці пра жыццё шляхты і сялян на берагах Нёмана у 19 стагоддзі.

Што ж, у кожнага часу свае героі. І без Элізы Ажэшкі не было б і другой пісьменніцы, якая правяла ў нашым горадзе некалькі гадоў свайго жыцця — Зоф'і Налкоўскай.

Расла ў атмасферы навукі і літаратуры

Нарадзілася яна 10 лістапада 1884 года ў Варшаве. Яе бацька Вацлаў Налкоўскі быў адным з самых выдатных і знакамітых польскіх географаў. Налкоўскі займаўся і грамадскай работай, не хаваў свайго польскага патрыятызму, што ў мутныя русіфікатарскія часы ўжо было грамадзянскім учынкам. Маці Ганна, акрамя выхавання дзвюх дачок, таксама пісала падручнікі па геаграфіі. У доме Налкоўскіх збіраліся найвыбітнейшыя прадстаўнікі эпохі: літаратары, вучоныя, публіцысты. Атмасфера навукі і літаратуры паўплывала на фарміраванне грамадскай актыўнасці і раскрыцця творчага патэнцыялу малой Зоф'і.

Яе дэбют адбыўся ў 1898 годзе, калі быў надрукаваны верш «Памятаем», а ў 1904 годзе Налкоўская апублікавала свой першы празаічны твор «Агляд». У гэты ж час Зоф’я выйшла замуж за публіцыста і педагога Леона Рыгера. Але яны неўзабаве разышліся. Рыгера і Налкоўскую мала што аб’ядноўвала, апрача моцнай жарсці.

Зорка фемінісцкага руху

Налкоўская хутка становіцца сцягам феміністычнага руху ў паняволенай Польшчы. І за прыклад бярэ Элізу Ажэшку. У 1905 годзе Налкоўская бярэ ўдзел у з’ездзе, прысвечаным 40-годдзю творчасці Элізы Ажэшкі. Заслужаная пісьменніца з прычыны слабога здароўя на з’езд не прыехала, але знакамітых гасцей хапала.

Налкоўская выступіла з праграмнай прамовай, дзе абуралася, што ўсё жыццё жанчын — інтым, рэлігія, традыцыі, нормы — зводзяцца выключна да мацярынства.

«Мы хочам поўнага жыцця», — заявіла з трыбуны 21-гадовая Налкоўская. Адныя ёй апладзіравалі, другія, уключаючы Марыю Канапніцкую, выйшлі з залы. Але ўсім стала відавочна — у польскай літаратуры і ў руху за правы жанчын у Польшчы ўзышла новая зорка.

А яшчэ Налкоўская часта ўлюблялася, гаварылі, не толькі ў мужчын. Ужо пазней, калі пісьменніца ўвайшла ў эліту польскай літаратурнай багемы, пра яе трохі з іроніяй казалі: «шлях у літаратуру ляжыць праз ложак Налкоўскай». Але Налкоўская сапраўды гераічна змагалася за правы жанчын, нават прастытутак, якія ў тагачасным грамадстве былі абсалютнымі парыямі, і наогул усіх бедных і пакрыўджаных.

Дыскутавала з Пілсудскім аб будучыні Польшчы

У 1922 годзе Налкоўская выйшла замуж другі раз. Яе абраннікам стаў Ян Юр-Гажахоўскі, дзеяч ваеннай арганізацыі Польскай Партыі Сацыялістычнай (ППС), сузаснавальнік польскіх легіёнаў, блізкі паплечнік Юзафа Пілсудскага. У 1906 годзе Гажахоўскі і некалькі яго сяброў пераапрануліся ў царскіх жандармаў і дзёрзка вызвалілі з варшаўскай турмы Павяк некалькі прыгавораных да смерці дзеячаў ППС. Пілсудскі цаніў Гажахоўскага за вернасць і адданасць сваім ідэям.

Ян Гажахоўскі быў накіраваны ў Гродна камандаваць 3-м батальёнам палявой жандармерыі. З ім паехала і жонка. Так пачаўся гродзенскі перыяд жыцця Зоф'і Налкоўскай, які цягнуўся каля пяці гадоў. Тут адбыўся росквіт яе творчасці. У Гродне яна напісала аповесці «Злое каханне», «Граніца», «Вузлы жыцця», «Вязніцы», літаратурныя мініяцюры «Характары» а таксама некалькі твораў, прысвечаных Гродзеншчыне — «Гродна», «Там, дзе жыла і працавала Эліза Ажэшка».

Зоф’я Налкоўская (NAC), Юзаф Пілсудскі (Нацыянальны музей у Кельцах), muzeumpilsudskiblog.pl
Сям’я жыла ў доме на вуліцы Акадэмічнай, які захаваўся дасюль. Пісьменніца павінна была граць ролю прыстойнай жонкі афіцэра, але яе муж аказаўся чалавекам, які інтэлектуальна яўна не дацягваў да сваёй «другой палавінкі». У доме на Акадэмічнай некалькі разоў бываў Юзаф Пілсудскі, начаваў у старога сябра па дарозе на адпачынак у Друскенікі, і калі паміж вядомай пісьменніцай і польскім маршалам пачыналася жорсткая дыскусія аб будучыні Польшчы, Гажахоўскі пачуваў сябе ніякавата.

Спачувала вязням гродзенскай турмы

Зоф’я Налкоўская актыўна ўдзельнічала ў грамадскім і інтэлектуальным жыцці горада. У тыя часы існаваў Патранат польскіх турмаў, якім кіравала вядомая пісьменніца Стэфанія Семпалоўская. Налкоўская ўзначаліла патранат над вязнямі гродзенскай турмы, дапамагала зняволеным. Займалася дабрачыннай дзейнасцю.

Кангрэс ПЭН Клубаў, Варшава, чэрвень 1930. Налкоўская першая злева
Тут пачаўся яе канфлікт з польскай дзяржаўнай машынай. Яна бачыла падазраваных у беларускай і літоўскай партызанцы, вясковых хлопцаў, якія гадамі сядзелі ў польскай турме, чакаючы суда, і паволі паміралі ад сухотаў. Бачыла як іх б’юць, мораць холадам і голадам, ігнаруючы элементарныя грамадзянскія і чалавечыя правы. Пасля чарговага наведвання гродзенскай турмы яна напісала: «Так зацвярджаецца дзяржаўнасць і польскасць на крэсах. Дзікія і дурныя людзі знаходзяцца ў руках іншых дзікуноў і дурняў».

Лічыла Гродна правінцыяй, але захаплялася яго прыродай

Налкоўская была сябрам камітэту, які займаўся ўшанаваннем памяці Элізы Ажэшкі. Яна казала прамову падчас адкрыцця помніка пісьменніцы каля тэатра ў гарадскім парку. У некаторай ступені Налкоўская была прадаўжальніцай справы Элізы Ажэшкі ў Гродне. Дапамагала і падтрымліва маладых пісьменнікаў.

Прадстаўленне «Дом жанчын» Зофіі Налкоўскай у Тэатры Польскім у Варшаве, 1930 г. Актрысы разам з аўтаркай п’есы. Налкоўская сядзіць другой злева


Чытайце таксама: Як 90 гадоў таму ў Гродне адкрывалі помнік Элізе Ажэшцы


Зоф’я Налкоўская ў сваёй кватэры
«Самым прыгожым месцам у Гродне, — пісала Налкоўская, — несумненна з’яўляецца размешчаны высока над Нёманам Стары Замак. Перабудаваны пры Баторыі, замак з тых часоў захаваў толькі старажытную браму, з якой расійцы знялі скульптуры і аздабленне. Праз тую браму сёння заязджаюць на вайсковыя балі, па мосце над глыбокім ровам».

Нягледзячы на тое, што Налкоўская лічыла Гродна глыбокай правінцыяй, яна захаплялася яго прыродай. «Глыбокі і цёмны Нёман цячэ на захад, — пісала яна, — пакрыты лодкамі і плытамі, ён робіцца бела-срэбным на павароце. Бліжэй размешчана прадмесце другога берага з касцёлам францішканаў і незвычайнай чорнай сінагогай. Злева два масты на Нёмане і трэці разбураны, стромкія берагі пакрыты цёмна-зялёнымі садамі і могілкамі, а яшчэ далей бачны палі, якія ў адным месцы разрэзаны шэрагам мілых, старых і дзіўна разгалінаваных таполяў».

Зоф’я Налкоўская любіла пісаць ад рукі, яна не карысталася друкарскай машынкай. Рукапісы Налкоўскай вельмі пазнавальныя і не толькі па почырку, а па асаблівасці размяшчэння тэкста. Яна заўсёды пісала ў калонцы, нават калі аркуш быў шырокага фармату.

Налкоўская ўмела быць і рамантычнай і суровай, але заўжды заставалася сапраўднай жанчынай. Нават незадоўга да смерці ў 1954 годзе, маючы семдзясят гадоў, клапацілася пра сваю знешнасць, хавала сівыя валасы і хвалявалася за свой аслабелы слых.

Гродзенскі палімпсест

У 1989 годзе на доме па вуліцы Акадэмічнай была ўсталявана памятная шыльда ў гонар Зоф'і Налкоўскай з барэльефным партрэтам пісьменніцы. Шматлікія фотаздымкі, пабытовыя прадметы, рукапісы Зоф'і Налкоўскай знаходзяцца ў яе музеі, заснаваным даследчыцай прафесарам Святланай Мусіенка. Музей размясціўся ў філалагічным копусе Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы.

Пакідаючы Гродна ў канцы 1920-х гадоў Налкоўская напісала знакамітыя словы пра гродзенскі палімпсест: «Калі я згадваю пра Гродна, то яго няяркая затуманеная прыгажосць здаецца мне нейкім дзіўным палімпсестам. Стагоддзі пакінулі тут, на тым самым месцы, цудоўныя ўзоры, што змяняюцца ўвесь час». Менавіта такім шматаблічным запомніла Гродна пісьменніца Зоф' я Налкоўская.


Чытайце таксама:

Роўнасць на літару «Х» або Жаночы тузін на мапе Гродна

Ад відэльца да гарадскога гадзінніка. Што прывезла ў Гродна Бона Сфорца

Жаночая Гародня. Дзесяць твараў з экскурсіі Андрэя Чарнякевіча

«Жаночы твар Гародні такі, які мы самі намалюем». Дзевяць постацяў жанчын, якія стваралі гэты горад

Падзяліцца

Апошнія запісы

Парасон, халат, check-up здароўя. 11 ідэй, што падарыць мужчыну на свята

Лічыцца, што складана выбраць падарунак менавіта мужчыну - мужу, сыну, бацьку, партнёру ці сябру. Сітуацыя…

20 снежня 2024

«Навявае сплін і абурэнне». Беларус наведаў Навагрудак і расчараваўся — горад запушчаны, а сэрвіс не развіты

Беларус Алекс Вазнясенскі наведаў Навагрудак як турыст. Мужчыну ўразіла, што горад з багатай гісторыяй знаходзіцца…

18 снежня 2024

Віціна, дракар ці славянскае фэнтазі? Чаму праект рэстарана-ладдзі на Нёмане выклікае пытанні

Рэстаране-кафэ “Нёманская віціна” ў выглядзе ладдзі - частка канцэпцыі новай гродзенскай набярэжнай, якую абмеркавалі ў…

18 снежня 2024

Дыякан, хакер і шматдзетны бацька. Як беларус выканаў амерыканскую мару

Аляксей Кажэнаў з'ехаў з Мінску ў 1998-м годзе. Ён атрымаў працу ў Google, стаў дыяканам…

17 снежня 2024

Усяслаў Чарадзей — квадробер, а Францішка Уршуля Радзівіл — найк про. Тлумачым моладзевы слэнг на гістарычных постацях

Слэнг пастаянна змяняецца - у апошні час пад ўплывам TikTok. Зразумець яго адразу і ўвесь …

9 снежня 2024

Можна пакаштаваць на большасці заправак. Як у Гродне пражаць каву для ўсёй Беларусі

Кожны месяц 22 тоны кававага зерня выязджаюць з Гродна, каб патрапіць на запраўкі па ўсёй…

9 снежня 2024