Алаіза, або Эліза, Пашкевіч — важны, можна сказаць, кананічны персанаж беларускай савецкай літаратуры. Яе напоўненыя рэвалюцыйным пафасам вершы і апавяданні ўвайшлі ва ўсе літаратурныя падручнікі. Такая жанчына з бронзы…

Між тым, у жыцці прыватным і ў творчым лёсе гэтай шляхцянкі з-пад Васілішак усё было далёка не так адназначна. Апрача выразнай грамадзянскай пазіцыі і рэвалюцыйнай барацьбы былі ў яе жыцці і шчырае каханне, і разважанні пра Бога, і навуковыя і публіцыстычныя работы. Пра ўсё сапраўды і не напішаш, але паспрабуем сказаць пра самае важнае.

Бацькі - небагатыя шляхцічы

Алаіза Пашкевіч нарадзілася ў 1876 годзе ў фальварку Пешчын Лідскага павета Віленскай губерні. Цяпер гэта Шчучынскі раён і ўсяго пару дзясяткаў кіламетраў ад Гродна. Але гістарычна гэта Віленшчына — землі, якія з даўніх часоў знаходзіліся пад вялікім культурным і гаспадарчым уплывам стражытнай сталіцы Вялікага княства Літоўскага — Вільні.

Сям’я Пашкевічаў.
Сядзяць: сястра Стэфанія, маці Ганна з Вызгаў, бацька Стафан Пашкевіч, сястра Зося.
Стаяць: Алаіза, браты Войцах і Юзік, сястра Караліна.

Бацька Алаізы быў небагатым шляхцічам. Зямлі ён трохі меў, яна аднак была неўрадлівая і было зразумелым, што ягоных шматлікіх дзяцей і іх будучыя сем'і яна не пракорміць. Хлопцы, звычайна, або ішлі ў вайсковыя вучылішчы, або станавіліся чыноўнікамі ці тэхнічнымі спецыялістамі. А ўжо пад канец 19 стагоддзя і дзяўчаты маглі выбраць сабе жыццёвы шлях, апрача толькі маці і гаспадыні.

На ўроку самлела ад голаду

Алаіза Пашкевіч паступае адразу ў 4-ы клас віленскай прыватнай гімназіі Прозаравай. Жылося ў Вільні ёй няпроста. Бацькі прысылалі няшмат грошай, трэба было падразабляць дадатковымі лекцыямі і аднойчы Алаіза нават самлела ад голаду проста ў час урока. У выніку яе пачалі падкармліваць вучаніцы і кіраўніцтва гімназіі на бацькоўскім савеце прапанава прызначыць ёй стыпендыю, бо год навучання ў гімназіі кашатаваў цэлых 100 рублёў.

Алаіза шчыра дзякавала і сяброўкам і настаўніцам, дапамагаючы ім у навучанні. Сучасніца ўспамінала пра яе: «Ал.Пашкевіч і сваймі гадамі (яна позна папала ў школу і зь вялікімі патугамі й працай на вёсцы падрыхтавалася да экзамэну ў гімназію), і сваёй павагай выдзялялася сярод вясёлых, бестурботных дзяўчат. Помню, яна кідалася ў вочы сваім бледным, паважным тварам, які не блістаў сьвежасьцю й красой маладосьці, але які сваймі сур’ёзнымі вачыма, трохі выступаючымі скуламі, тонкімі й зжатымі губамі казаў аб сіле й цьвёрдасьці характару».

Ад рэвалюцыі да першага дзіцячага часопіса

Пасля сканчэння гімназіі Пашкевіч паехала ў Пецярбург на курсы прафесара Лезгафта. Гэты былі прыватныя курсы, дзе выкладалі прыродазнаўства ва ўсіх яго дысцыплінах і дзе выхоўвалі масажыстак і настаўніц гімнастыкі. Там яна пазнаёмілася з нявестай Вацлава Ластоўскага Сабінай Ячыноўскай. Ластоўскі быў земляком Алаізы Пашкевіч, праўда паходзіў з куды больш багатай шляхецкай сям'і. Але яны сталі добрымі прыяцелямі на глебе акурат беларускай справы.

У рэвалюцыю 1905 — 1907 гг. Алаіза Пашкевіч не толькі піша, але і выступае перад рабочымі, заклікае да роўнасці жанчын, становіцца небяспечным дзяржаўным злачынцам. Спакойная маламоўная гімназістка пераўтварылася ў палымяную аратарку, вершы якой, падпісаныя псеўданімам Цётка, распаўсюджваюцца як пракламацыі.

Веру, братцы: людзьмі станем,
Хутка скончым мы свой сон,
На свет божы шырэй глянем,
Век напіша нам закон.

Усё гэта было тады вельмі важным, бо нам цяжка ўявіць сабе сёння, у якіх нечалавечых умовах вымушаны былі тады працаваць рабочыя і сяляне. Важна было падняць іх на барацьбу не толькі за сацыяльнае вызваленне, але і за нацыянальныя правы — за сваю беларускую мову і беларускую культуру.

Пасля паразы рэвалюцыі Алаіза Пашкевіч выязджае за мяжу, жыве ў Львове, Кракаве, не парывае сувязяў з беларускай справай, зарабляючы на жыццё як масажыстка. Яна плануе развіваць беларускі тэатр, займаецца навуковай тэрміналогіяй, піша апавяданні.

Заліковая кніжка студэнткі Львоўскага універсітэта А. Пашкевіч-Кейрыс. На лацінскай мове. 1912 г., commons.wikimedia.org

У 1912 г. маючы прозвішча свайго мужа — літоўскага дзеяча Кайрыса — яна вяртаецца ў Расійскую Імперыю, рэдагуе першы дзіцячы беларускі часопіс і піша публіцыстычныя творы па матывах сваіх вандровак.

Беларуская школа і дапамога хворым

З пачаткам Першай сусветнай вайны і прыходам у Вільню немцаў сітуацыя мяняецца. Немцы дазваляюць адкрыць беларускія школы, але няма настаўнікаў. Цётка агітуе за тое, каб бацькі запісвалі сваіх дзяцей у беларускую школу, удзельнічае ў арганізацыі настаўніцкіх курсаў. Першая беларуская школа была адкрыта ў Вільні на Юр’еўскай вуліцы 13 лістапада 1915 года дзякуючы намаганням Алаізы Пашкевіч і Баляслава Пачобкі, з удзелам Сабіны Іваноўскай.

Першая школа адчынена, курсы дзейнічаюць, але навокал абсалютная галеча, край разбураны, праз Беларусь праходзіць расійска-нямецкі фронт. Тысячы людзей зрушыліся са сваіх месцаў, страцілі маёмасць, засталіся без нічога. Пачынаюцца эпідэміі - асабліва страшны тыф. Алаіза Пашкевіч даглядае хворых у тыфозным бараку як сястра міласэрнасці.

Не дажыла да БНР

Зразумела, што Цётка была апантанай не толькі грамадскай і беларускай патрыятычнай працай. Яна тонка адчувала прыроду і людзей. Сваёй малодшай сяброўцы яна неяк сказала: «запраўднае каханне — змест і асалода жыцця, і гэткія натуры, як ты, калі пакахаюць, то гэта сядзіць моцна».

Навогул Цётка робіць уражанне надзвычай цэльнага чалавека. Яна нямала магла б зрабіць для Беларусі і ў эпоху барацьбы за Беларускую Народную Рэспубліку і пазней. Відавочна, што тады Цётка наўрад ці трапіла б у савецкія падручнікі, але не прыходзіцца сумнявацца, што менш чым на незалежнасць для рэспублікі паэтка не пагадзілася б. Але лёс вырашыў інакш.

Помнік Цётцы ў Шчучыне

У 1916 г. памёр бацька, і Алаіза паехала на яго пахаванне. У Лідскім павеце лютавала эпідэмія тыфу. Паэтка засталася, каб дапамагчы хворым, але сама заразілася. Цётка памерла 5 лютага 1916 года. Пахавалі яе на могілках у родным Старым Двары.

Брэнд Шчучыншчыны

На Шчучыншчыне знакамітую зямлячку шануюць. Ёсць некалькі помнікаў, музей паэткі, яе нават хочуць зрабіць своеасаблівым брэндам. Гэта цалкам заслужана. Будзем шанаваць працавітую Цётку і памятаць яе словы:

«На вас — моладзі — ляжыць вялікая павіннасць: развіваць далей родную мову, узбагачваць свой народ знаннем і культурай. Вы здабываеце навуку для сябе, дык дзяліцеся ёю з тымі, хто для вас цяжкай працай здабывае кусок хлеба. Толькі не кідайце роднай мовы: бо сапраўды для свайго народа тады вы ўмёрлі!»

Гэты артыкул увойдзе ў зборік эсэ «Гарадзенкі», які Hrodna.life плануе выдаць у чэрвені 2020. Гэта будзе кніга пра жанчын Гродна: тых, што адзначыліся ў гісторыі горада, і тых, што сёння робяць яго лепшым. У ёй будзе больш за 20 тэкстаў.

Кошт 1 асобніка кнігі па перадзамове — 15 BYN. Пасля выхаду кнігі яна будзе прадавацца даражэй!

Зрабіць перадзамову і аплаціць кнігу можна ўжо зараз (прымаюцца карткі беларускіх банкаў і «Яндекс.Деньги»). Гэта самы просты і хуткі спосаб. Не забудзьце пакінуць у полі «Каментарый» свае кантакты і адрас! Калі вам зручны іншы спосаб аплаціць замоўленую кнігу — пішыце нам на info@hrodna.life.

Таксама кнігу атрымаюць нашы падпісчыкі на «Талацэ» і іншых платформах, дзе мы ёсць.

Як толькі кніга выйдзе — мы звяжамся з вамі, каб даставіць яе вам як мага хутчэй.