У 2014 годзе ў «Кнізе славы Гродна» з’явілася новае імя — Ларыса Дзмітрыеўна Ляшэнка. За кароткай фармуліроўкай на старонцы кнігі - цэлае жыццё, прысвечанае вывучэнню і захаванню народнай танцавальна-песеннай спадчыны Гродзенскага краю.

Ларысу Ляшэнку ўнеслі ў Кнігу славы за ўклад у развіццё харэаграфічнага і вакальнага мастацтва Гродзеншчыны. Заслужаная дзеячка самадзейнага мастацтва БССР, заслужаная дзеячка культуры Беларусі, кіраўнічка і балетмайстарка народнага ансамбля песні і танца «Нёман» — можам прачытаць пра яе.

14 сакавіка 1914 г. у Вільні ў сям'і Бароўскіх нарадзілася дачка Ларыса. Бацька, Дзмітрый Дзмітрыевіч, паходзіў з вёскі Ульшчына Дзісненскага павета Віцебскай губерні. Пасля заканчэння вучобы на юрыдычным факультэце Віленскага ўніверсітэта ён працаваў натарыусам. Маці, Стэфанія Людвігаўна, родам з Беластока, была хатняй гаспадыняй, займалася домам, дзецьмі і іх выхаваннем.

Падчас ваенных завірух пачатку ХХ ст. сям’я Бароўскіх некалькі разоў пераязджала ў пошуках месца для сталага жыцця: спачатку на Віцебшчыну — радзіму бацькі, потым у Яраслаўль, у Арэнбург, а пасля рэвалюцыі, калі бацька служыў у Чырвонай арміі, яны пераехалі ў Арол. Праз пэўны час у Бароўскіх нарадзілася яшчэ адна дзяўчынка, Валянціна.

Бацька іграў на ўсіх даступных інструментах

Галава сям'і Бароўскіх з юнацтва меў адно захапленне, якое ніякім чынам не стасавалася з вобразам паважанага адказнага і суровага юрыста, — музыка. Дзмітрый Дзмітрыевіч іграў на ўсіх даступных яму музычных інструментах, майстраваў скрыпкі, наведваў розныя канцэрты, нават меў добрыя знаёмствы з некаторымі музыкантамі.

У гэту дзейнасць, так мілую сэрцу бацькі, былі ўцягнуты з самага маленства і дзеці. Забягаючы наперад, скажам, што ў рэшце рэшт Дзмітрый Дзмітрыевіч канчаткова пакінуў свой «сур'ёзны» занятак і стаў выкладчыкам у гарадской музычнай вучэльні.

Мастацкія здольнасці праявіліся з ранняга дзяцінства

Ларыса Бароўская агульную адукацыю атрымлівала ў Арлоўскай сямігодцы, а калі перайшла ў 2 клас, то адначасова паступіла і ў школу мастацтваў, дзе пачала вучыцца іграць на віяланчэлі, скрыпцы і фартэпіяна. Музычная навука, у адрозненне ад большасці школьных прадметаў, давалася дзяўчынцы вельмі лёгка, яна любую п’есу запамінала на слых яшчэ падчас ігры настаўніцай. Мама толькі здзіўлялася, што дачцэ ставяць добрыя адзнакі, хоць яна зусім не трэніруецца дома.

Мастацкія здольнасці Ларысы наогул праявіліся вельмі рана. Яна з ранняга дзяцінства вельмі любіла і добра ўмела маляваць, захаплялася паэзіяй, сама пісала вершы. У школе мастацтваў свавольная дзяўчынка знайшла сабе яшчэ адзін улюбёны занятак — балет. Бацькі змірыліся, вырашылі: хай дзіця пазабаўляецца. Ніхто не лічыў танец сур’ёзным заняткам, і нават сама Ларыса, аддана займаючыся новай «забавай», нават падумаць тады не магла, што знайшла справу ўсяго свайго жыцця.

Пайшла ў медвучэльню, але ўсё роўна патрапіла ў музычную

Калі прыйшла пара выбіраць жыццёвы шлях — пасля заканчэння сямігодкі - Ларыса, не параіўшыся ні з кім, паехала ў Іванава, дзе яе адразу прынялі ў тэатр музычнай камедыі. Але дома ніхто не падтрымаў яе памкненняў, ніхто не адобрыў яе выбару, і трохі пазней, калі моцна захварэў бацька, Ларыса мусіла вярнуцца ў сям’ю і пачаць вучобу ў медыцынскім вучылішчы.

Аднак дамашнія хутка зразумелі, што як бы Ларыса ні намагалася, насуперак сваім жаданням, быць паслухмянай дачкой, ніякага толку з гэтага не атрымаецца. Тады бацька сам пайшоў у аблана прасіць, каб дачку перавялі ў музычнае вучылішча.

З Арла ў Варонеж, з Варонежа ў Мінск

Навучэнкі музвучылішча [1933г.]
Ларыса Ляшэнка — на прыступках, ніжні шэраг справа

Нарэшце жаданні юнай артысткі супалі з магчымасцямі і яна з радасцю аддалася справе, да якой адной ляжала яе душа! І поспехі не прымусілі сябе доўга чакаць. Неўзабаве ў Арол прыехалі прадстаўнікі Варонежскага тэатра музычнай камедыі, каб падабраць у сваю трупу некалькі танцораў. Ларыса Бароўская трапіла ў гэты лік і пасля заканчэння вучылішча ў 1934 годзе паступіла на службу ў Варонежскі тэатр музкамедыі.

Варонеж стаў добрым выбарам Ларысы, многа важнага прыйшло тут у яе жыццё: праца, поспех, каханне, замужжа, сын. Але аднойчы прыйшла і бяда — у 1938 г. быў арыштаваны бацька. Асуджаны на 10 гадоў без права перапіскі, ён бясследна згінуў у сталінскіх лагерах. Быў рэабілітаваны толькі ў сярэдзіне 1950-х. А пакуль што Ларыса забрала маці з сястрой да сябе.

У 1939 г. мужа Ларысы Пятра Філіпавіча Ляшэнку, саліста хору, запрасілі на галоўную ролю ў спектаклі Мінскага тэатра музычнай камедыі. І такім чынам сям’я Ляшэнкаў, а разам з ёй і асірацелая сям’я Бароўскіх, апынуліся ў Мінску.

Сям’я Ляшэнкаў:Петр Філіпавіч, Ларыса Дзмітрыеўна і Аляксандр

Ледзь не вывезлі ў Германію

Наступным цяжкім выпрабаваннем стала вайна. Пачатак яе застаў Ляшэнкаў у Брэсце, дзе тэатральная трупа была на гастролях. Адтуль іх вывезлі адразу ў Беласток, і пацягнуліся страшныя гады акупацыі, калі на плячах Ларысы ляжалі клопаты пра маленькага сына, хворую маці і сястру, якая неўзабаве таксама захварэла — на сухоты.

Сястра Валя

Пад канец вайны Ларыса ледзь не трапіла ў Германію: муж і сястра атрымалі павесткі і павінны былі ехаць туды на працу. Замест змучанай хваробай Валі ў дарогу адправілася Ларыса, але, на шчасце, Савецкая Армія спыніла эшалон па дарозе і Ляшэнкі вярнуліся да родных.

Знаёмства з Шырмам і пераезд у Беласток

У Беластоку адбылася лёсавызначальная сустрэча: Ларыса Дзмітрыеўна і Пётр Філіпавіч пазнаёміліся з Рыгорам Шырмам, які са створаным ім Беларускім ансамблем песні і танца падчас акупацыі таксама працаваў у Беластоку. Пасля праслухоўвання і прагляду Ляшэнкі далучыліся да складу артыстаў ансамбля.

Калектыў пераехаў у Гродна і быў перайменаваны ў Дзяржаўны хор БССР. Праца ў гэтым ансамблі стала для Ларысы Дзмітрыеўны своеасаблівым універсітэтам. Яна дасканала вывучыла тут адметнасці беларускага народнага танцу і ў выніку палюбіла на ўсё жыццё.

З «Нёманам» аб’ездзіла ўвесь Савецкі Саюз

Калі ў 1946 г. Рыгор Шырма расфарміраваў танцавальную групу, Ларыса Ляшэнка спачатку працавала артысткай ансамбля аперэты ў Баранавічах, была метадыстам абласнога Дома народнай творчасці ў Гродне, балетмайстрам і піяністкай у Доме афіцэраў, кіравала танцавальнымі калектывамі ў шматлікіх установах і на прадпрыемствах горада, самастойна ствараючы вакальна-танцавальныя кампазіцыі.

Л.Д.Ляшэнка [у цэнтры] з юнымі артыстамі старэйшай групы Дома піянераў

З 1950 г. 20 гадоў Ларыса Дзмітрыеўна выкладала народны танец у Гродзенскім культасветвучылішчы, і танцавальны калектыў гэтай установы меў славу аднаго з самых лепшых у горадзе.

У 1957 г. быў створаны ансамбль песні і танца «Нёман». Першым мастацкім кіраўніком яго стаў Пётр Аляксандравіч Радаліцкі (1960−1983 гг. — Адам Сідаравіч Чопчыц), а балетмайстрам з 1957 па 1987 і з 1990 па 1996 была Ларыса Ляшэнка. З першых выступленняў калектыў заваяваў гарачае захапленне і любоў гледача. З гастролямі «нёманаўцы» аб’ездзілі ўвесь былы Савецкі Саюз, розныя гарады бліжняга і далёкага замежжа.


Чытайце таксама: «Танцавалі, як шалёныя». Мікола Таранда расказаў пра прыгоды артыстаў з «Нёмана»

Паставіла 200 танцаў, а потым стварыла рок-групу

Ларыса Дзмітрыеўна за гады сваёй дзейнасці паставіла каля 200 танцаў. Пры гэтым яна не карысталася чужым напрацаваным матэрыялам. З самага пачатку яна стварала свае танцавальныя кампазіцыі на фальклорным матэрыяле Гродзенскага рэгіёну. Ён збіраўся ў экспедыцыях, падчас якіх яна запісвала элементы народных танцаў, мелодыі. Да таго ж Ларыса Дзмітрыеўна сама распрацоўвала касцюмы для танцаў, малявала іх каляровыя эскізы.

Міжнародны фестываль фальклору
[Іспанія, 1981 г.]

Такім чынам кожная вакальна-танцавальная кампазіцыя была незвычайнай гісторыяй, увасобленай у музыцы, руху, колеры. Таму кожная з іх пакідала моцнае ўражанне. Танцы, пастаўленыя Ларысай Дзмітрыеўнай, былі выдадзены ў двух зборніках: «Мяцеліца» (1982) і «Полькі-рассыпухі» (1985).

Выступленне «нёманаўцаў» на канцэртных пляцоўках пад адкрытым небам
[80-я гг.]

У 2-й палове 1990-х пры Гродзенскім гарадскім Доме культуры Ларыса Дзмітрыеўна арганізавала маладзёжную рок-групу. Яе пастаноўкі танца ўражвалі! І тут зноў яе творчая думка працавала ў розных накірунках: распрацоўка вобразаў, танцавальных рухаў, касцюмаў і г. д.

Выхавала дзясяткі вучняў

Ларыса Дзмітрыеўна Ляшэнка пражыла доўгае жыццё, неспакойнае, але надзвычай цікавае, неаддзельнае ад яе творчасці. Праз няпросты характар ёй не заўсёды лёгка было дабіцца гармоніі ў адносінах з людзьмі. Але праз усё жыццё побач ішлі таленавітыя людзі - не проста калегі і аднадумцы, але і сябры, сярод якіх А. Чопчыц, А. Шыдлоўскі, Я. Петрашэвіч, Я. Хвораст і іншыя.

Эскізы касцюмаў да сваіх танцаў яна стварала сама…
Работы Л.Д. Ляшэнка

Ларыса Дзмітрыеўна выхавала не адзін дзясятак вучняў, якія і сёння працуюць у прафесійных калектывах Беларусі і за мяжой. На жаль, творчую справу Ларысы Дзмітрыеўны ніхто з яе родных не працягнуў. Сын, унук, праўнук — ужо цэлая дынастыя вайскоўцаў, да таго ж роднай для іх стала іншая дзяржава — Расія.

Ларысы Дзмітрыеўны Ляшэнка не стала ў 2004 г., але назаўсёды застануцца з намі часцінкі яе душы, увасобленыя ў шматлікіх танцавальных кампазіцыях, якія да сённяшняга часу жывуць у выкананні розных творчых калектываў нашай краіны.

Вечар-шанаванне да 80-годдзя Л.Д.Ляшэнка [сакавік 1994 года]

Фота: Гродзенская ГЦБС

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт info@hrodna.life