Пра жанчын, што пакінулі значны след у гісторыі горада і змянілі яго аблічча, расказалі на экскурсіі «Гародня — яна мая». Экскурсію 28 верасня правёў гродзенскі гісторык Сяргей Герман. Гэты шпацыр стаў канцэптуальным працягам выставы пра гродзенак-сучасніц, якія змяняюць грамадства і ламаюць стэрэатыпы. Так які ж ён, жаночы твар Гродна?

Каралева Бона

"Жаночы твар Гародні такі, які мы самі намалюем". Дзевяць постацяў жанчын, якія стваралі гэты горад
Каралева Бона Сфорца
Адна з найвядомейшых жанчын, што змянялі і стваралі гэты горад — каралева Бона Сфорца (1494—1557). Менавіта яна дала гэтаму гораду водаправод, герб, правяла шматлікія рэформы. Яна прыўнесла сюды італьянскую манеру жыцця і відэльцы, клапацілася пра ратушны гадзіннік і гарадскі брук. Жонка Жыгімонта Старога збудавала для сябе драўляны палац на Гарадніцы і касцёл Святога Духа з кляштарам, дзе апекаваліся жабракамі.

Летам гэтага года гродзенцы стварылі петыцыю, каб ушанаваць Бону Сфорца больш выразна — паставіць помнік або ўсталяваць мемарыяльную шыльду. Гарадскія ўлады адказалі, што ўнеслі каралеву ў спіс тых, каго варта ўшанаваць, але грошай на помнік ці нават шыльду пакуль няма.

"Жаночы твар Гародні такі, які мы самі намалюем". Дзевяць постацяў жанчын, якія стваралі гэты горад
Існуе версія, што твар аднаго са сфінксаў на браме Новага замка стварылі падобным да каралевы Боны

Ганна Ягелонка

Ганна Ягелонка (1523—1596) паўплывала на наш горад ускосна, але істотна. Дачка Жыгімонта Старога і Боны Сфорца, ва ўзросце 52 гадоў яна стала жонкай Стэфана Баторыя. Так ён стаў каралём. Паводле адной з версій, ён не жадаў жыць са сваёй не надта прывабнай каралевай і з’ехаў з Кракава ў Гродна, каб кіраваць адсюль. Горад стаў яго рэзідэнцыяй і неафіцыйнай сталіцай Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай.

Тэафілія Бароўская — «Паганіні ў спадніцы»

Тэафілія Бароўская (Юзафовіч) нарадзілася ў 1826 (або 1828) годзе ў Гродне. Дзяўчынка рана страціла бацькоў, і ёй апекаваўся старэйшы брат. Ён і пачаў вучыць яе граць на скрыпцы. Ва ўзросце сямі год яна ўжо давала першыя публічныя канцэрты, і водгукі былі вельмі хвалебнымі, у 13 яна скарыла Пецярбург, выступала ў Гродне, Варшаве, Вільні, Мінску. Пазней яе сталі называць «Паганіні ў спадніцы». Калі яна выйшла замуж, усе чакалі, што яна, жанчына, народзіць і скончыць музычную кар’еру, але Тэафілія працягнула выступаць і была вельмі знакамітай.

"Жаночы твар Гародні такі, які мы самі намалюем". Дзевяць постацяў жанчын, якія стваралі гэты горад
Музычна-тэатральная школа Тызенгаўза
У канцы 18 — пачатку 19 стагоддзя пераважная большасць у складах тэатральных трупаў і аркестраў былі жанчыны. Але ці змагаліся яны ў той час за свае правы, якімі былі правы жанчын у той час, мы дакладна не ведаем. Хаця правоў у Вялікім княстве было шмат.

Саламея Дэшнер уратавала Тэатр лялек

"Жаночы твар Гародні такі, які мы самі намалюем". Дзевяць постацяў жанчын, якія стваралі гэты горад
Саламея Дэшнер
Гродзенскі абласны тэатр лялек — спадчыннік тэатра Тызенгаўза, які адчыніўся ў 1772 годзе. Ён звязаны з імем Саламеі Дэшнер (1759—1809). Гэта жанчына, якая ўмацавала гродзенскі тэатр пасля падзелаў Рэчы Паспалітай.

Калі распалася Рэч Паспалітая, яна пабачыла, як мужыкі прапіваюць тэатр. Тады Дэшнер узяла за яго адказнасць на сябе і стала яго кіраўнічкай. Калі ў Гродзенскую губерню прыехаў Аляксандр І, ён пабачыў яе працу, яе намаганні, і даў ёй свой афіцыйны дазвол на кіраўніцтва. У 1803 годзе яна перацягнула сюды даволі моцную трупу з Беластока, частку былой трупы Тызенгаўза з Паставаў. Тэатр стаў развівацца і меў багаты рэпертуар, таксама ў ім дэбютавалі многія вядомыя акторы. Сярод актораў, якіх яна сабрала, адсоткаў 70 было жанчын. Такім чынам, дзякуючы ёй, гродзенскі тэатр захаваўся. Яна валодала тэатрам і трупай з 1802 па 1806 год, кіравала бы і далей, але памерла. Яе пахавалі ў Гродне. Ніякай шыльды, прысвечанай ёй, няма.

Сястра Паўла і абразы Брыгіцкага кляштара

"Жаночы твар Гародні такі, які мы самі намалюем". Дзевяць постацяў жанчын, якія стваралі гэты горад
Марыя Гажыч. Аўтапартрэт, 1896 г.
Адной з самых вядомых гродзенскіх мастачак стала сястра Паўла (Марыя Гажыч, 1860−1935), бацька якой паходзіў з-пад Ваўкавыску. Яна вучылася ў Варшаве і Парыжы, удзельнічала ў выставах у Амерыцы. Пасля смерці мужа прыняла манаства. У Гродна яна прыехала ўжо манахіняй-назарэцянкай і стала першай абатысай Брыгіцкага кляштара. Малявала яна беларускіх сялян і сялянак у нацыянальных строях. Шэраг твораў яна напісала адмыслова для гродзенскага касцёла, некалькі арыгінальных абразоў цяпер захоўваецца ў Брыгіцкім касцёле, большасць вывезена. Апошнім часам яе карціны пачалі з’яўляцца на аўкцыёнах.

Данута Бічэль і музей Багдановіча

"Жаночы твар Гародні такі, які мы самі намалюем". Дзевяць постацяў жанчын, якія стваралі гэты горад
Данута Бічэль-Загнетава. Фота: Ян Лелевіч
Музей Максіма Багдановіча ў Гродне стварыла Данута Янаўна Бічэль (н. 1937). Гэта паэтка і культурная дзеячка, якую часам называюць легендай горада. У адрозненне ад іншых гераінь экскурсіі, яна наша сучасніца, але ўжо паспела зрабіць вялізны ўнёсак у культуру Гродна і яго літаратурнае і гістарычнае адраджэнне. У 1986 годзе дзякуючы ёй адчыніўся музей у доме на вуліцы, дзе нарадзіўся Багдановіч, яна стварыла экспазіцыю.

Зоф’я Налкоўская — апякунка вязняў

У доме Зоф'і Налкоўскай на Акадэмічнай цяпер размяшчаецца кальянны бар Reactor, які не надта добра прынялі мясцовыя жыхары. На доме, якраз каля ўвахода ў бар, вісіць памятная шыльда — адна з нешматлікіх у Гродне, прысвечаных жанчынам.

"Жаночы твар Гародні такі, які мы самі намалюем". Дзевяць постацяў жанчын, якія стваралі гэты горад

Гэта адна з самых знакамітых польскіх пісьменніц першай паловы 20 стагоддзя, кіраўнічка Польскага ПЭН-цэнтру, уладальніца літаратурных прэмій. Яна была замужам двойчы, другі яе муж быў паплечнікам Пілсудскага, з якім і яна вельмі добра кантактавала і выкарыстоўвала гэтую сувязь.

У 1922 годзе яны з мужам пераехалі ў Гродна, дзе пражылі да 1927 года. Муж быў тыранічным: намагаўся яе кантраляваць, чытаў яе дзённікі; у 1929 годзе яны развяліся. Тут ён быў шэфам павятовай жандармерыі. Яна ж вяла вельмі вольнае жыццё. У Гродне, акрамя літаратурнай дзейнасці, яна апекавалася вязнямі, большасць з якіх у той час былі беларусамі і камуністамі, змагалася за тое, каб палепшыць іх жыццё ў гродзенскай турме. Змагалася за правы жанчын, дапамагала сваім сяброўкам.

Зоська Верас

"Жаночы твар Гародні такі, які мы самі намалюем". Дзевяць постацяў жанчын, якія стваралі гэты горад
Зоська Верас (Людвіка Сівіцкая-Войцік)
Зоська Верас (Людвіка Сівіцкая-Войцік, 1892−1991) — грамадская і культурная дзяячка, палітык, сябравала з Максімам Багдановічам, пра якога пасля шмат распавядала першым чальцам гродзенскага гісторыка-культурнага таварыства «Паходня». У дзяцінстве яна шмат бывала ў Гродне ў бабулі з дзядулем. У 1909−1913 гг. удзельнічала ў працы Гродзенскага гуртка беларускай моладзі. Многія чулі пра яе захапленне батанікай, якое пачалося менавіта ў Гродне. Яна даследавала расліны, складала рэцэпты лекаў, з яе працай і калекцыямі можна пазнаёміцца ў Гудзевіцкім музеі.

Ажэшка: адбудоўвала горад і яднала рэлігіі

Эліза Ажэшка (Альжбэта Паўлоўская, 1841−1910) — хіба самая вядомая жанчына Гродна. Яна нарадзілася ў Мількаўшчыне ля Скідзеля.

Яе першы шлюб быў хутчэй па разліку бацькоў. У маёнтку мужа яна хавала аднаго з кіраўнікоў паўстання 1863−1864 гадоў Рамуальда Траўгута, хоць муж і быў супраць. За гэтую сувязь з паўстаннем, у якім ён не браў удзелу, Пятра Ажэшку выслалі ў Сібір, а Эліза вярнулася да бацькоў. Праз два гады муж вярнуўся, але яна ўжо пачала працэдуру разводу, на той час вельмі складаную — праз Ватыкан — і дарагую. Каб развесціся, ёй давялося прадаць частку маёнтку, але ўсё атрымалася. Пасля разводу яна захоўвае прозвішча мужа і называецца ўжо скарочаным імем — Эліза.

Цяпер яе называюць першай беларускай феміністкай, хоць насамрэч цяжка дакладна сказаць, наколькі яна змагалася за правы жанчын. Яна мела праблемы з уладай, і каб пакінуць горад, штораз мусіла пісаць прашэнне да губернатара, а каб выехаць за межы Гродзенскай губерніі - пісаць у Пецярбург да імператара.

Натуральна, Ажэшка не мела столькі грошай, каб адбудаваць горад пасля пажару ў 1885 годзе. Але менавіта дзякуючы шматлікім дабрачынным балам, якія яна ладзіла, і зборам сродкаў, гэты горад паўстаў з попелу.

"Жаночы твар Гародні такі, які мы самі намалюем". Дзевяць постацяў жанчын, якія стваралі гэты горад
Дом стаяў бліжэй да дарогі, калі пазней вуліцу пашыралі, яго разабралі і стварылі копію на цяперашнім месцы. Цяпер тут філіял бібліятэкі з літаратурай на замежных мовах і пакой, прысвечаны Элізе Ажэшцы
Памерла яна ў доме, які цяпер называюць «дом Ажэшкі». Гараджане ўслалі брукаванку перад яе жытлом саломай і сенам, каб вазы, што праязджалі міма, не турбавалі яе сваім шумам у апошнія дні жыцця. На яе пахаванне прыйшло каля 15 тысяч чалавек. Імша была ў Фарным касцёле, хоць касцёл спачатку быў і супраць, бо яна была непрактыкуючай верніцай. Гэта быў пакуль адзіны выпадак у гісторыі Гродна, калі ў каталіцкі касцёл зайшоў іўдзейскі равін. Ён, як і ўсе гараджане, вельмі любіў Ажэшку і не мог не ўшанаваць яе.

Эліза Ажэшка — самая ўшанаваная жанчына ў Гродне. Вуліцу яе імем назвалі ў 1920 годзе, у міжваенны час у яе гонар перайменавалі гімназію, тэатр, паставілі помнік.


Гэтыя асобы — далёка не ўсе з тых жанчын, якія захоўвалі і стваралі наш горад.

У 1939 годзе ў спісах на высылку большасць былі жанчыны: мужчын, як галоўных у сям'і, забівалі на месцы. А жанчыны з’ехалі ў Сібір і вярнуліся, каб аднаўляць Гродна. «Толькі жанчыны маглі такое перажыць і вярнуцца», — мяркуе экскурсавод.

«Жаночы твар Гародні такі, які мы самі намалюем. Гэтак жа, як і мужчынскі. Гародня ўнікальная тым, што ў беларускай мове мае некалькі варыянтаў назвы: Гародня граматычна жаночага роду, Гродна — ніякага, як і па-руску, а вось мужчынскага роду няма».

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт info@hrodna.life