Суседзі просяць закрыть бар “Reactor” на Акадэмічнай з-за шуму. Уласнік абяцае выправіцца

Некалькі дзясяткаў гродзенцаў патрабуюць зачыніць дыска-бар “Reactor” на вуліцы Акадэмічнай. Калектыўны зварот з такой просьбай быў скіраваны ў гарвыканкам 23 жніўня. Гродзенцы пішуць, што шумная начная ўстанова пазбавіла іх магчымасці нармальна адпачываць па вечарах.

Дыска-бар “Reactor” на Акадэмічнай, 15 адкрыўся ў канцы ліпеня.  Ён размясціўся на першым паверсе старажытнага будынка, у двух вялікіх залах агульнай плошчай 300 квадратаў. У вячэрні і начны час ўстанова працуе як караоке-бар і дыска-клуб.

«Патрабуем закрыць!»

Алена Мішэнева, адна з ініцыятараў збору подпісаў, распавядае, што шматлікія звароты ў адміністрацыю бара з нагоды гэтай сітуацыі вынікаў не далі. Выклік міліцыі і зварот да ўчастковага таксама аказалася не эфектыўным. Жыхары вуліцы вырашылі звярнуцца да гарадскіх уладаў.

«З адкрыццём начной ўстановы жыхары некалькіх дамоў па вуліцах 17 верасня, Акадэмічнай і 1 мая  пазбаўлены права і магчымасці на  нармальны адпачынак з прычыны пастаяннага парушэння спакою і грамадскага парадку з боку наведвальнікаў дыска-бара, – расказвае Алена. – Бесперапынныя гучныя крыкі, бойкі, спевы, свіст, нецэнзурная лаянка, вандальныя дзеянні да кветніка пад балконамі дома. Усе гэтыя супрацьпраўныя дзеянні працягваюцца да 6-й раніцы. Мы вельмі абураныя такім становішчам і патрабуем закрыцця дадзенага аб’екта, як суб’екта гаспадарання, існаванне якога не забяспечвае нармальных умоў адпачынку і побыту грамадзян, не гарантуе грамадскага спакою, не выяўляе павагу да грамадскай маральнасці, спрыяе пагаршэнню крымінагеннага становішча ў нашым раёне».

Суседзі просяць закрыть бар "Reactor" на Акадэмічнай з-за шуму. Уласнік абяцае выправіцца
Дыска-бар на Акадэмічнай

Праблему з шумам спрабуюць вырашыць

У дыска-бары распавялі Hrodna.life, што яшчэ да адкрыцця ўстановы ў некаторых жыхароў дома паўсталі пытанні, якія кіраўніцтва спрабуе вырашыць.

«На скаргу жыхароў дома можам адказаць так: мы адкрыліся ў тэставым рэжыме, каб высветліць усе недахопы, – распавядае заснавальнік дыска-бара Яўген. – У самім памяшканні мы зрабілі добрую шумаізаляцыю. З шумам, які ствараюць наведвальнікі на вуліцы, мы стараемся разабрацца – прымаем меры, спрабуем розныя варыянты. Мы стараемся камунікаваць з жыхарамі і многія з іх прыходзяць да нас адпачываць. Яны таксама прымаюць удзел у вырашэнні праблем з шумам».

Яўген таксама адзначыў, што ў бліжэйшы час яны спрабуюць памяняць месца для курэння наведвальнікаў установы, каб не ствараць праблем жыхарам.

«Паспрабуем адкрыць іншы выхад, такім чынам, нашы наведвальнікі не будуць перашкаджаць жыхарам суседніх дамоў. Ва ўстанове мы ўжо прыбралі начныя дыскатэкі, замест іх у нас будзе зала з караоке, жывой музыкай і стэндап-шоў. Такімі мерапрыемствамі мы пастараемся прыцягнуць больш спакойных наведвальнікаў. Спадзяемся, жыхары дамоў застануцца задаволенымі і змогуць спакойна адпачываць у начны час».

Калі вы знайшлі ў тэксце памылку або абдрукоўку, калі ласка, паведаміце нам, выбраўшы адпаведны фрагмент і націснуўшы клавішы Ctrl+Enter.

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Звяртайцеся info@hrodna.life

Каментары

Spelling error report

The following text will be sent to our editors: