Эксперт у прадметным дызайне Святлана Пінчук займаецца рэстаўрацыяй каля 15 гадоў. У сваёй майстэрні яна перафарбоўвае і распісвае мэблю, а з рэшткаў матэрыялаў стварае эка-вырабы. Зараз Святлана Пінчук працуе над тумбай з ГДР 1975 года і нямецкім стаматалагічным крэслам 30-х гадоў ХХ стагоддзя. На фотаздымках да/пасля з асабістага архіва Святланы бачна, як непатрэбныя рэчы здабылі другое жыццё. Для Hrodna.life гродзенка распавяла, як стала рэстаўратаркай старой мэблі, каму патрэбныя сталы і крэслы з «бабушатнікаў» і чаму мода на вінтаж ніколі не праходзіць.

«Ніхто не пройдзе міма, не азірнуўшыся»

«Ён быццам кінуў мне выклік — ты не зробіш, не справішся!" — распавядае дызайнерка Святлана Пінчук пра стогадовую шафу, якая цяпер упрыгожвае яе майстэрню. Што з ёй рабіць і праўда было не зразумела. Ідэя прыйшла, пакуль яна «лячыла» шафу — праветрывала, чысціла і выдаляла старыя шпалеры ўнутры. Святлана вырашыла яе размаляваць. Вынік перасягнуў усе чаканні. Раней, стоячы на вуліцы пад дажджом і снегам, нікому не патрэбная шафа выклікала толькі жаль. Зараз яна выклікае захапленне і прыцягвае ўвагу. Гэта — гонар майстэрні Святланы.

Гісторыя аднаго ката, ці як старыя рэчы самі знаходзяць рэстаўратара

«Гэты харызматычны кот сустрэўся нам у гасцях», — распавяла Святлана. Ён быў блакітнага колеру, а на лапах ката красаваліся рамонкі. Сядзеў ён на арэлях у дворыку. На жаль, вушы былі амаль раздробленыя, фарба абадраная. Святлана ўгаварыла гаспадароў ката аддаць на рэстаўрацыю. Кветкі папрасілі не дамалёўваць. Ім вельмі спадабалася новая фізіяномія катка без усяго лішняга.

«Рэчы настолькі звычайныя, што незвычайныя»

Напэўна, амаль у кожнай сям'і быў ці ёсць стол-кніга яшчэ савецкіх часоў. Святлана распавяла, што ніколі не думала пра тое, што будзе працаваць з такімі рэчамі. Але трохі вадкага золата і марылкі, лаку і фарбы, і стол-кніга 80−90-х гадоў ператварыўся ў сапраўдны арт-аб'ект.

«Кожнае крэсла або столік, люстэрка, рама, знойдзеныя на сметніку або ў старым хляве, падабраныя на дачах, набытыя па зніжцы — любую рэч я магу зрабіць арт-аб'ектам. Для гэтага іх можна пафарбаваць рознымі колерамі, потым распісаць», — кажа Святлана Пінчук.

«Стараюся зрабіць так, каб кожны кавалачак стаў чымсьці карысным і прыгожым»

У Святланы ёсць адно правіла: зрабі нешта з тым што ёсць, перш чым купіць нешта новае. У працоўным працэсе заўсёды застаюцца лішкі матэрыялу: фанера, дошка, метал, шкло і тканіна. З гэтых рэшткаў Святлана выразае нарыхтоўкі і ператварае іх у карціны, дзіцячыя цацкі, прадметны дэкор. З мэблевай тканіны дызайнерка шые дэкаратыўныя падушкі, футаралы для акуляраў, сумкі-шоперы. Драўляны брус ідзе кубікі для дзяцей, а рэшткі баваўнянай коўдры былі выкарыстаныя на пашыў цацачнага коніка.

реставрация мебели в Гродно, Светлана Пинчук
Эка-вырабы Святланы Пінчук з рэшткаў матэрыялаў

«Рамантаваць рэчы — максімальна экалагічны падыход, — прокоментировала для Hrodna.life экаактывістка Марыя Сума. — Так захоўваюцца рэсурсы, працягваецца жыццё рэчаў. Атрымліваецца, адкіды адсутнічаюць і не патрабуецца рэсурсаў для стварэння новых рэчаў».

Стол-кніга з БССР, тумба з ГДР і "харызматычны кот". Гродзенка рэстаўруе вінтажную мэблю і стварае арт-аб'екты, якія "выбіраюць яе самі"
Марыя Сума, экаактывістка

Нават калі ў працэсе рэстаўрацыі прымяняюцца не самыя эка-сяброўскія матэрыялы, такі працэс у выніку больш экалагічны, чым новая вытворчасць, лічыць Марыя Сума.

«Сістэма паўторнага выкарыстання «нуль адкідаў" — не толькі экалагічная, але і сацыяльна больш прымальная ў канцэпцыі лакальнай эканомікі і лакальнага бізнэсу», — кажа экаактывістка. Яна падкрэслівае, што рамонт або рэстаўрацыя — гэта магчымасць ствараць новыя працоўныя месцы ў невялікіх гарадах, штуршок для стварэння лакальнага бізнесу.

«Значыць, аднаўленне рэчаў не толькі больш экалагічна, але і больш сацыяльна арыентаванае».

Якасць праверана коцікамі

Так атрымалася, што ў большасці кліентаў Святланы дома ёсць коткі. Калі абноўлены прадмет інтэр'еру з’яўляецца ў гаспадароў, першымі, хто ацэньвае працу майстра, становяцца хатнія гадаванцы.

Потым кліенты дасылаюць фота, дзе вусатыя знаўцы прыгожага даследуюць тумбачкі камоды або адпачываюць на адрэстаўраваных крэслах.

Як усё пачыналася

Першую рэч Святлана аднавіла, калі ёй было 14−15 гадоў. Гэта было насценнае бра. У той момант, успамінае Святлана, яна вельмі ганарылася сваёй працай і спрабавала паказаць свяцільнік кожнаму госцю, каб пачуць пахвалу.

Стол-кніга з БССР, тумба з ГДР і "харызматычны кот". Гродзенка рэстаўруе вінтажную мэблю і стварае арт-аб'екты, якія "выбіраюць яе самі"
Святлана Пінчук, дызайнерка

«Чамусьці мне захацелася яркасці і я вырашыла пашыць яму абажур з жоўта-блакітнай тканіны. Зараз магу сказаць, што зрабіла яго жудасна».

Свядома займацца рэстаўрацыяй гродзенка пачала 5−6 гадоў таму. Увагу прыцягнула старая настольная лямпа ў доме ў сяброўкі. Яна была з адліванага чыгуну з анёламі на падстаўцы. Выявілася, што рэч належала яшчэ бабулі. Святлана перафарбавала лямпу ў белы колер, зрабіла новы абажур — і лямпа зноў ажыла.

Святлана Пінчук скончыла курсы дызайну ў 2010 годзе. Рэстаўрацыі вучылася самастойна. Глядзела відэа на ютубе, спрабавала розныя матэрыялы і тэхнікі. Калі нешта не атрымлівалася — пачынала працаваць зноўку. Часам пакідала прадмет на месяцы «адпачыць».

Стол-кніга з БССР, тумба з ГДР і "харызматычны кот". Гродзенка рэстаўруе вінтажную мэблю і стварае арт-аб'екты, якія "выбіраюць яе самі"
Святлана Міхайлец, дызайнерка

Не саромелася Святлана пытацца парадаў ў сталяроў, людзей, якія працуюць з металам, у кансультантаў, якія прадаюць фарбы і іншыя пакрыцці. Спісвалася з рэстаўратарамі, працы якіх знаходзіла ў сетцы. Адна з калегаў Святланы Пінчук — аўтарка блога аб рэстаўрацыі мэблі Святлана Міхалец з Крыма. Для Hrodna.life Святлана Міхайлец распавяла, чаму рэстаўрацыя бабулінай мэблі зноў уваходзіць у моду:

«Рэстаўрацыя, аднаўленне і абнаўленне мэблі - абавязкова будучы трэнд, які набірае абароты ўжо цяпер. І з боку экалогіі гэта вельмі важна і актуальна. Аднаўляючы старую мэблю, мы захоўваем дрэвы. Тым больш, што [раней] мэбля рабілася ў асноўным з даўгарослых і трывалых дрэў, як дуб і бук.

Зараз у вытворчасці мэблі выкарыстоўваюць вялікую колькасць штучных матэрыялаў, плёнкі. А мэбля часоў нашых бацькоў натуральная, шпон выкарыстоўваўся натуральны. Ды і мода на мэблю цыклічная. Зараз у трэндзе лаканічныя формы, раскосыя ножкі, лёгкія крэслы і натуральнае дрэва".

«Я „ўлюбляюся“ ў кожную рэч, якую раблю. Не адразу. Па ходзе працы над ёй»

Нядаўна Святлана ўпершыню рэстаўравала стаматалагічную ўстаноўку. На ёй было каля 30 пашкоджанняў, падрыхтоўка заняла каля двух тыдняў, а рэалізацыя — два дні.

реставрация мебели в Гродно, Светлана Пинчук
Стаматалагічная ўстаноўка пачатку ХХ стагоддзя. Рэстаўрацыя Святланы Пінчук. Фота з асабістага архіва

У планах у Святланы Пінчук — вучыцца рэстаўрацыі далей і прымяняць усе новыя веды на практыцы. Тым, што ўжо засвоена, Святлана збіраецца дзяліцца з тымі, хто хацеў бы і сам паспрабаваць аднаўляць старую мэблю. Яна плануе стварыць навучальны курс па рэстаўрацыі мэблі ў інтэрнэце. Яшчэ Святлане хочацца наладзіць вытворчасць копій прадметаў цікавага дызайну і напісаць некалькі карцін. У больш далёкіх планах — кніга пра прадметны дызайн, рэстаўрацыю і рэнавацыю.

реставрация мебели в Гродно, Светлана Пинчук
Крэслы з 80-х гадоў, рэстаўрацыя Святланы Пінчук, фота з асабістага архіва

Чытайце таксама: