На адзін дзень, 22 лютага, гродзенскія калекцыянеры сталі кнігамі Жывой бібліятэкі. Абгорткі ад цукерак і тэатральныя праграмкі, мінералы і кулінарныя рэцэпты, паштоўкі і фатаграфіі – далёка не поўны пералік прадметаў, вартых увагі калекцыянераў. Арганізавалі сустрэчу студэнты Універсітэта Залатога Узросту, сярод якіх таксама нямала калекцыянераў. Для Hrodna.life яны распавялі пра свае калекцыі.

«Многія называюць гэта хваробай»

Пачаць калекцыянаваць нейкія рэчы вельмі проста. Для адных гэта займальнае спаборніцтва, для іншых – магчымасць дакрануцца да гісторыі.

Ад цукерачных фанцікаў да аскепкаў Пампеі. На Жывой бібліятэцы распавялі, што калекцыянуюць гродзенцы

«Кожны калекцыянер ведае, наколькі моцным бывае жаданне валодаць той ці іншай рэччу. Гэты занятак шмат хто называе хваробай», – кажа Любоў Зорына, гісторык мастацтвазнаўства, аўтар даследаванняў па мастацтве і рамяству Гродзеншчыны. Для самой Зорынай калекцыянаванне – гэта і хобі, і прафесія. На Жывой бібліятэцы яна распавяла аб сваім зборы посуду і дэкаратыўных рэчаў з металу.

«Спачатку хадзіў па знаёмых і пытаўся»

Аляксандр Сявенка прадставіў чытачам Жывой бібліятэкі калекцыю шкла 1930-х гадоў і скульптурныя партрэты дзеячаў культуры.

«Калекцыянаваць я пачаў з дзяцінства. У асноўным, збіраў кнігі розных перыядаў. Экспанаты спачатку шукаў у двары, потым у сваім раёне. Хадзіў па суседзях, знаёмых і проста пытаўся.
Зараз у калекцыі каля 5000 асобнікаў, ёсць кнігі XVII-XVIII стст.».

Ад цукерачных фанцікаў да аскепкаў Пампеі. На Жывой бібліятэцы распавялі, што калекцыянуюць гродзенцы

Сярод прадстаўленых калекцый знайшліся самыя незвычайныя рэчы: Тамара Герасіменка прадставіла калекцыю тэатральных праграмак ад 1970-х да 2000-х гадоў, Ала Зайко і Уладзімір Рунге паказалі свае калекцыі паштовак з пейзажным жывапісам з усіх кантынентаў, Лілія Вільчэўская прадставіла калекцыю паштовак, прысвечаных Гродна, а Таццяна Шапель прадставіла калекцыю падсвечнікаў XIX-XX стст.

Ад цукерачных фанцікаў да аскепкаў Пампеі. На Жывой бібліятэцы распавялі, што калекцыянуюць гродзенцы

Тамара Паўловіч, у мінулым геолаг, прадставіла калекцыю камяней: «Камяні мяне прыцягваюць. У іх схаваны ўвесь наш гістарычны шлях». У яе калекцыі ёсць камяні з усяго свету, а таксама шмат камянёў з Беларусі. Адзін з незвычайных экспанатаў яе калекцыі – аскепак Пампеі, горада,
разбуранага ў выніку вывяржэння Везувія ў 79 годзе нашай эры.

«Я – адзін з экспанатаў сваёй калекцыі»

Ларыса Кіркевіч прадставіла калекцыю сямейных архіваў: «Я – адзін з экспанатаў сваёй калекцыі, – жартуе яна. – Імкнуся захаваць памяць і гісторыю».

У яе калекцыі – сямейныя дакументы, працоўныя кніжкі, фатаграфіі сваякоў. Самыя старыя здымкі датаваныя 1870 годам. «У гэтых фотаздымках – гісторыя, а ў гісторыю хочацца ўглядацца», –
кажа Ларыса.

Ад цукерачных фанцікаў да аскепкаў Пампеі. На Жывой бібліятэцы распавялі, што калекцыянуюць гродзенцы

Дакументамі часу лічыць Ларыса і сямейныя рэцэпты. З адным з іх, рэцэптам гарчычнага торта, яна падзялілася з чытачамі Жывой бібліятэкі. «Рэцэпт вельмі просты, але вынік – смачны, актуальны і сёння», – распавядае Ларыса аб рэцэпце сваіх мамы і бабулі.

Для калекцыянера і цэлага жыцця мала

Калекцыянеры – дзіўныя людзі. Яны бачаць у звычайных для астатніх прадметах каштоўнасць, гісторыю, значнасць. На Жывой бібліятэцы многія з іх казалі, што калекцыянуюць ужо не ў першым пакаленні. Шмат каму калекцыі дасталіся ў спадчыну і зараз працягваюцца разам з малодшымі членамі сям’і.

«Цяпер калекцыянаваць прасцей. Ёсць інтэрнэт, моладзь мае магчымасць падарожнічаць. Але трэба разумець, што калекцыянаванне – гэта захаванне часу ў прадметах. Для калекцыянера і цэлага жыцця мала».

Чытай таксама:

Коллекционер из Минска собирает межвоенные велосипеды “Неман” и хочет выставить их в Гродно

Коллекционеры Гродно снова переезжают: теперь в бывший Дом офицеров

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт info@hrodna.life

Задай пытанне, дашлі заўвагу або прапануй тэму