Ніколі не чытайце таго, што пішуць пра месца вашага жыхарства хуткія на высновы ньюкамеры кшталту мяне. Нічога новага мы не пабачым, нічога важнага не зразумеем. А за запісы кшталту гэтага трэба развешваць партрэты аўтараў на раённых запраўках «Белнафтахіма». Каб літасцівыя цётачкі пазнавалі гарэзнікаў і не толькі ў прыбіральні не пушчалі, але нават і ў пачарсцвелым хот-догу адмаўлялі. Каб сілкаваліся бадзягі да самага скону чыпсамі «Анега», салёнымі сухарыкамі «Кірыешкі» ды ледзянцамі «Ментас», піша на старонцы «Будзьма» літаратар, наведаўшы Гродна з прэзентацыяй сваёй кнігі.
[irp posts="4232″ name=""Тэкст пра тое, як мы жывем". Віктар Марціновіч прэзентаваў у Гродне «Возера радасці""]
Шаснаццаць гадоў таму я на некалькі дзён прыехаў у Гародню на аспіранцкую канферэнцыю. Я пасяліўся ў гасцініцы «Нёман», зацаніў танк, прагуляўся каля доўгага будынка з каляровай расцяжкай «Я люблю цябе, Беларусь» на плошчы. Пасля гэтага я ўтыкаў у бірузовы бляшаны дах фарнага касцёла, разгадваў функцыянал складанай супрэматычнай канструкцыі ля ўвахода ў касцёл (аказалася грамадскай прыбіральняй) ды еў пельмені пад смятаннай поліўкай ў «Пельменнай» на вуліцы Савецкай. Я піў каву ва ўстанове на рагу і радаваўся цудоўнаму мышынаму колеру, у які пафарбаваныя новы палац ды стары замак. Узбярэжжа Нёмана было выкладзенае тратуарнай плітачкай таго ж мышастага колеру. Проста ля вады нехта праклаў парэнчы, адзначаныя чырвоным.
Жыццё вярнула мяне ў Гародню праз сем гадоў. Я спыніся ў гасцініцы «Нёман», зацаніў танк, прагуляўся каля будынка з ужо крыху лінялай расцяжкай «Я люблю цябе, Беларусь», з’еў пельменяў са смятаннай поліўкай у скляпеннях «Пельменнай», пакаштаваў кавы ў новай кавярні на рагу, аформленай ў дзёрзкім тады стылі r-n-b, схадзіў паўз цырульню да мышастага замка, адзначыў чырвоныя парэнчы ды бардзюрны камень: усё на месцы. Пасля гэтага пісьменніцкі лёс закідваў мяне ў Гародню кожныя два гады — прыкладна з такой перыядычнасцю выходзілі мае раманы і адбываліся іх прэзентацыі.
[irp posts="3941″ name="Сімвал горада і месца сустрэч. Што думаюць гродзенцы пра танк у цэнтры?"]
Легендарны «Місцер Цвісцер» ператварыўся ў кальянную, але танк быў на месцы, як і бірузовы бляшаны дах, як і пакручасты супрэматызм прыбіральні ля ўваходу ў фарны (ніхто не здагадаўся закапаць нафіг гэты познесавецкі здзек са святога будынка).
І вось я зноў у Гародні.
На двары 20 лістапада 2016 года. Я іду паўз гасцініцу «Нёман», я бачу расцяжку — так, вы не паверыце! — «Я люблю цябе, Беларусь»: надпіс ужо пасівеў (я — пакуль не), але расцяжка тут! Я мінаю ўсё тую ж цырульню «Антэй», цягнуся па ўсё той жа Савецкай, справа — мышынага колеру замак і палац, тая ж плітка на ўзбярэжжы. Парэнчы пафарбавалі блакітненькім — вось вам і ўсе змены.
У Бруселі за гэтыя гады ўвесь гандаль вустрыцамі ў межах старога горада прыбралі да рук в’етнамцы, у цэнтры Вены — кансерватыўнай Вены! — на месцы кавярняў з найлепшым вейнер-меланжам з’явіліся тайскія рэстарацыі, у Берліне закрыўся Тахелес, а ўсё мастацкае жыццё зрушыла да Ост-Банхофа, у Вільні джэнтрыфікаваўся Ужупіс ды спрытна джэнтрыфікуецца раён за Вострай брамай.
У Мінску з’явілася вуліца Зыбіцкая, ператварылася ў анекдот, потым з’явілася вуліца Кастрычніцкая і таксама хуценька пераўтвараецца ў анекдот.
У Магілёве нараслі ўстановы з дасканалым рызота, мая любімая рэстарацыя ля Дняпра хіба не тры разы змяніла ўладальнікаў; у Берасці запалілі газавыя ліхтары, а стэйкі ў «Карове» паспелі з’явіцца, сапсавацца і зноў выправіцца…
У Гародні ты п’еш тую ж каву ў той жа ўстанове на рагу, прычым r-n-b інтэр'ер ніхто не пачасаўся мадэрнізаваць. Так, якіх 5−6 гадоў таму «Пельменная» ператварылася ў «Семафор» — установу з няўцямнай для мяне чыгуначнай канцэпцыяй, але пельмені і скляпенні ўсё тыя ж! Прысутнічае тая ж смятанная поліўка!
Увесь час з Гародні даносіліся занепакоеныя лямантаванні: нейкія калдыры пракладалі дарогу проста па гістарычным цэнтры, улады прасавалі польскую меншасць, беларускія імпрэзы забараняліся, на літаратурныя чытанні прыходзіла міліцыя. Але насамрэч нішто глабальна тут не змянялася. Нішто не змянялася наогул. Гродна — бы тая вуліца Савецкая, якая сфармавалася ў цяперашнім выглядзе ў канцы 1990-х і загразла ў тым часе. Некалі Савецкая была першым у сваім родзе спалучэннем шпацыру, кавярні і шопінгу. Цяпер яна — апошняя з беларускіх варыяцый на тэму.
Дзеля таго каб горад ня ператварыўся ў гора дня, не трэба было рабіць нічога. Усё зрабіў час. І атачэнне — іншыя абласныя гарады, якія імкліва ірванулі наперад.
Мне падаецца, Гародня спынілася і выключыла фары менавіта праз падзеі, апісаныя двума абзацамі вышэй. Усіх людзей, якія здольныя былі цягнуць інфраструктуру артацэнтра наперад, запужалі гэтыя калдырскія прасаванні, якія выцякалі з «нядобранадзейнага» статусу «эксклава» пасярод каталіцкага западэнцкага асяродку. Праз свавольства падзёншчыкаў, якія прыязджалі ў старажытны (і такі прыгожы некалі!) горад адно каб выслужыцца, напляваць на чарговыя захады абаронцаў спадчыны і імкліва пайсці на павышэнне ў сталіцу, Гародня адкацілася назад у Гродна.
Але вось што цікава! Калі я агучыў свае песімістычныя назіранні ў прысутнасці ўладальнікаў этна-крамы «Цудоўня», яны не пагадзіліся са мной.
[irp posts="4199″ name="Шэсць гадзін літаратуры, філасофіі і музыкі: у «Цудоўні» ўрачыста адкрылі кніжную секцыю"]
Кшталту я хаджу паўз адну і тую ж расцяжку, ем адны й тыя ж пельмені проста таму, што не ведаю нічога іншага, не збочваю на вуліцы, па якіх не хадзіў 16 гадоў назад. І мая няздольнасць пабачыць нічога, акрамя бірузовай бляшанкі на фарным азначае толькі тое, што няма нікога, хто звярнуў бы ўвагу на новае.
Маладыя і яшчэ не расчараваныя (і ў гэтым іх блаславёнасць!) гарадзенцы паказалі мне антыкавярню «Квартал» (Мабыць аўтар мае на ўвазе «Партал», заўвага рэдакцыі), веганскую ўстанову «Несцерка» — легенду для абазнаных, дзе гатуюць фалафель, нагадалі пра «Крыгу», запрасілі да сябе і пачаставалі добрай кавай. Так, «Цудоўня» — выдатнае месца, свайго кшталту крама 2.0, дзе нават да кніжнага гандлю ставяцца так, як гэта мусяць рабіць людзі, што чыталі «Бобо ў раі» (раман тут успрымаецца як гэткая ж крафтавая рэч, артэфакт культуры, як выцінанка, карціна ці тканы дыванок).
[irp posts="3354″ name="Сонечнае рэгі сагрэе гродзенцаў у Дом46 і «Партале""]
«Гродна — гэта Мінск дзесяць гадоў таму», — натхнёна сказаў суразмоўца.
Але вось што цікава: для маёй генерацыі гэта Мінск быў Гроднам дзесяць гадоў таму…
Гэты тэкст хочацца скончыць нечым большым за надзённую спрэчку пра тое, ці пачалося адраджэнне некалі самага харызматычнага з беларускіх буйных гарадоў. І калі казаць пра рэчы, што ніколі не сапсуюцца, дык гэта статус Гародні як заходняга ўзбярэжжа выспы пад назвай Беларусь.
Мне, ашмянцу па нараджэнні, увесь час у прасторы за Гародняй мроілася Балтыка. Бо ў дзяцінстве я быў хворы на прагу пабачыць мора, а Гродна было найбліжэйшым вялікім беларускім горадам да яго. Памежжа, Літва і Польшча за плячыма, перакрыжаванне вятроў і культур — тое, што вечна будзе з гарадзенцамі.
Астатняе дадасца.
Трэба толькі не перашкаджаць.