Шэсць гадзін літаратуры, філасофіі і музыкі: у “Цудоўні” ўрачыста адкрылі кніжную секцыю

Праца кніжнай секцыі ў этнакраме “Цудоўня” распачалася 19 лістапада шасцігадзіннай імпрэзай з удзелам пісьменнікаў Андрэя Хадановіча і Паўла Касцюкевіча, філосафа Уладзіміра Мацкевіча, а таксама гродзенскіх музыкаў.

Адкрыццё будучыні

Згадваючы пра нагоду імпрэзы, Павел Касцюкевіч адзначыў: “Сёння фактычна адкрыццё будучыні. Мне здаецца, так будуць выглядаць кнігарні праз дзесяць гадоў. Я думаю, будучыня за такімі крэатыўнымі пляцоўкамі, калі кнігарня – гэта не толькі месца, дзе прадаюцца кніжкі, але і месца кантакту, месца сустрэчы творчых людзей, чытачоў з аўтарамі”.

knigarnya-tsudounya-018

У чым адметнасць новай кнігарні і якія кнігі там можна будзе набыць, расказалі Hrodna.life уладальнікі “Цудоўні” Надзея і Андрэй.

Надзея: “Мы плануем прадстаўляць якасную беларускую літаратуру і пераклады на беларускую мову. Мы не прыхільнікі пазіцыі “абы па-беларуску”: кнігі, як і рамесныя вырабы, адбіраем па прынцыпе “даваць людзям найлепшае”. То бок лаўрэаты прэмій сярод мастацкай літаратуры, добрая дзіцячая і краязнаўчая, пераклады лепшых замежных твораў і класікі.

Для спецыялізаванай, філасофскай і навуковай літаратуры таксама ёсць месца, але акцэнт робім усё ж на звычайнага чалавека, які любіць чытаць сам і жадае прывіць любоў да чытання сваім дзецям”.

knigarnya-tsudounya-013

Андрэй: “Я не люблю слова “кліент”. У нас няма кліентаў, кожны наведнік “Цудоўні” – госць, катораму мы хочам дапамагчы стаць крышачку шчаслівейшым. Кола гасцей-наведвальнікаў абмежаванае толькі іх цікавасцямі.

Спецыфіка крамы – беларуская культура. Літаратура – яе частка. Цікаўным да беларускай літаратуры тут заўсёды знойдзецца што пачытаць. Адно што прапагандысцкай літаратуры тут не будзе, незалежна ад мовы напісання. Культура і культурныя пляцоўкі – не месца для палітычных разборак. Наогул, вельмі хочацца, каб мова перастала быць палітычным маркерам.

Дылан, Качмарскі і Бадлер

Андрэй Хадановіч парадаваў аўдыторыю сваімі вершамі, а яшчэ – песнямі Боба Дылана, Сержа Генсбура і Яцка Качмарскага ва ўласных перакладах на беларускую мову. Пісьменнік прэзентаваў некалькі сваіх кніг: “Нататкі таткі” – “лёгкі дзіцячы панк”, прызнаны кнігай года-2015; зборнік выбраных вершаў “Дэжа вю”; кішэнную кнігу перакладаў з Шарля Бадлера – бацькі французскага дэкадансу, ад якога пайшоў вобраз маргінальнага, незразумелага, адрынутага паэта.

knigarnya-tsudounya-016

Найбольшую ўвагу Андрэй Хадановіч прысвяціў кнізе “Цягнік Чыкага-Токіа”, якая ўключае ў сябе вершы з Францыі, Ісландыі, Карэі і іншых краін, а да таго ж тэксты замежных бардаў у перакладзе на беларускую мову, малюнкі і акорды.

knigarnya-tsudounya-017

Баба Роза і рэвалюцыя

Празаік Павел Касцюкевіч зачытаў урыўкі са свайго новага рамана “План Бабарозы” і расказаў пра задуму гэтага твора: “У нашай краіне кожная звычайная людская сям’я стала маленькая дзяржавай. У яе ёсць свая тэрыторыя (кватэра), свая мова (тэрміны, якія ведаюць толькі жыхары гэтай краіны), свая калектыўная памяць (гісторыя і сямейныя сагі, якія аб’ядноўваюць) і, натуральна, свае патрыярхі (прабабулі, бабулі, дзядулі, якія фактычна і стварылі гэтыя маленькія краіны і запраграмавалі іх будучыню).

knigarnya-tsudounya-015

І менавіта пра такога патрыярха раман – пра бабу Розу, мінскую 109-гадовую бабульку, якая ўсяляк умешваецца ў жыццё сваёй дачкі, сваёй унучкі, свайго праўнука”.

Ёсць у рамане і рэвалюцыя. Уздымае яе праўнук бабы Розы, 35-гадовы псіхолаг, які, маючы сваю тэорыю, вырашае паўстаць.

Анталогія як анталагічны доказ

Пасля літаратараў выступіў філосаф Уладзімір Мацкевіч, які падзяліўся сваімі развагамі пра тое, ці існуе беларуская філасофія і беларускае мысленне. У якасці доказу станоўчага адказу на гэтае пытанне ён прадэманстраваў другое выданне анталогіі беларускай думкі “Код прысутнасці”, у якім змешчаны ўзоры беларускага мыслення апошніх пятнаццаці гадоў. Кніга атрымала сваю назву ў супрацьвагу зборніку эсэ Валянціна Акудовіча “Код адсутнасці”. “Код прысутнасці” – сведчанне прысутнасці беларускага мыслення і беларускіх філосафаў.

knigarnya-tsudounya-008

Уладзімір Мацкевіч звярнуў увагу на гульню словаў, якая, напэўна, не магчымая ні ў адной іншай мове. У беларускай мове слова “анталогія” мае два розныя значэнні: анталогія як філасофская дысцыпліна, што вывучае карціну свету, наша ўяўленне пра свет, і анталогія як зборнік тэкстаў. “Атрымоўваецца такая гульня словаў: гэтая анталогія – ёсць анталагічны доказ існавання беларускага мыслення”.

knigarnya-tsudounya-009

Гродзенцы актыўна ўключыліся ў размову на філасофскія тэмы. А тыя, хто задаў Уладзіміру Мацкевічу найбольш цікавыя пытанні, атрымалі ў падарунак зборнік “Цытуй сваё”, у які ўвайшлі цытаты выбітных беларусаў ад 16 да 21 стагоддзя.

Завяршылі вечарыну выступы гродзенскіх музыкаў. Спявалі Юры Дубовік, Іван Пачывалаў, Андрэй Несцяровіч і Алесь Дзянісаў.

Калі вы знайшлі ў тэксце памылку або абдрукоўку, калі ласка, паведаміце нам, выбраўшы адпаведны фрагмент і націснуўшы клавішы Ctrl+Enter.

Spelling error report

The following text will be sent to our editors: