Першы выпадак каранавіруса ў Беларусі быў зафіксаваны 27 лютага. Праз месяц, паводле афіцыйных звестак, лічба вырасла да 94, траціна хворых ачуняла. Сітуацыя ў Беларусі выглядае нашмат лепш за ўсе суседнія краіны. Чаму так?
У суседняй Польшчы зафіксаваны ўжо 1436 хворых на каранавірус (паводле інфармацыі Міністэрства аховы здароў на раніцу 28.03.2020). Пры тым, першы выпадак там быў зафіксаваны 4 сакавіка — на некалькі дзён пазней за Беларусь. Менш чым за месяц у Польшчы ад каранавіруса памерлі 16 чалавек.
З 11 сакавіка ў Польшчы адмянілі заняткі ў школах і ВНУ, прыпынілі працу забаўляльных устаноў. Прэм’ер-міністр Матэуш Маравецкі заклікаў вучняў заставацца дома і не паўтараць памылку Італіі, дзе моладзь пасля часовага закрыцця навучальных устаноў масава пачала хадзіць па клубах.
З 15 сакавіка Польшча закрыла межы і ўвяла абавязковы каранцін для тых, хто прыязджае з-за мяжы.
Негледзячы на прынятыя захады, колькасць хворых на каранавірус на душу насельніцтва ў Польшчы большая чым у Беларусі, якая засталася адзінай краінай у рэгіёне з адкрытымі межамі. Толькі з 27 сакавіка ўвялі абавязковы каранцін для тых, хто прыязджае з-за мяжы.
Каэфіцыент заражанасці ў Польшчы — 32 на 1 млн чалавек, у Беларусі — 9 на 1 млн.Побач з Беларуссю ў сусветным спісе па колькасці захварэлых стаіць Камбоджа: там зафіксавана 99 выпадкаў Covid-19, 11 ачунялі, 88 хварэюць. Смяротных выпадкаў, як і ў Беларусі, няма. Падобныя лічбы ў Венесуэле: 107 хворых, з іх 31 ачунялі, адзін чалавек памёр.
У Беларусі трошкі больш выпадкаў заражэння на душу насельніцтва чым ва Украіне ці Расіі, але працэнт ачуняўшых значна большы.
Абмежаванні з нагоды пандэміі ў Беларусі вельмі лёгкія: да 6 красавіка абмежаваныя масавыя мерапрыемствы з міжнародным удзелам, для дальнабойшчыкаў вызначаныя трасы і месцы адпачынку — ехаць іншым маршрутам ці спыняцца ў іншых месцах забаронена. У крамах, на запраўках, у іншых грамадскіх месцах з’явіліся антысэптыкі для апрацоўкі рук. Толькі з 27 сакавіка прыязджаючых з-за мяжы пачалі адпраўляць на 14-дзённы каранцін, але жорстка кантраляваць яго не будуць. Іншых абмежаванняў няма, усё працуе ў штатным рэжыме.
Усё гэта выглядае вельмі мякка на фоне суседзяў. Як кажа Лукашэнка, у нас не тая сітуацыя, каб уводзіць драконаўскія захады.
Кіраўнік дзяржавы часта выказваецца наконт каранавіруса і называе сітуацыю вакол яго псіхозам. А яшчэ стварае новыя мемы. Кшталту, «трактар і поле ўсё вылечаць» або «выпіць трошкі гарэлкі і хадзіць у лазню».
Разам з гэтым, ён заклікае пажылых менш выходзіць з дому і нават дазваляе жадаючым не хадзіць на вучобу. А ўсім, хто кашляе ці чыхае, прапануе заставацца дома, каб не разносіць заразу. Праўда, прэзідэнт не ўдакладніў, ці трэба ў такіх выпадках афармляць лісты непрацаздольнасці.
Яшчэ Лукашэнка даручыў КДБ змагацца з фэйкамі на тэму каранавіруса. Адбылося гэта пасля публікацыі навіны, што нібыта ў Віцебску жанчына памерла ад каранавіруса. Пазней было заяўлена, што пнеўманія, ад якой тая памерла, не была вынікам каранавіруса.
Немагчыма сказаць, ці афіцыйная добрая эпідэміялагічная сітуацыя ў краіне звязаная наўпрост з дзеяннямі і выказваннямі прэзідэнта. Аднак відавочна, што мэта Лукашэнкі зараз — не дапусціць панікі.
Згодна з апытаннем гродзенцаў у Instagram, давяраюць афіцыйным лічбам толькі 11% апытаных. Паўдзельнічала ў апытанні больш за 1100 чалавек.
Але, як паказвае досвед Кітая, пры існуючых лічбах заражаных пазітыўны сцэнар магчымы. У некаторых правінцыях КНР была зафіксавана невялікая колькасць заражэнняў, не было смяротных выпадкаў або іх было мала, а ўсё захварэлыя ачунялі або лічба хворых застаецца невялікай.
Праўда, Кітай неаднаразова вінавацілі ў прыхоўванні фактаў, таму цяжка на 100% верыць гэтым лічбам. Некаторыя нават кажуць, што калі б не пачатковае прыхоўванне інфармацыі з боку Кітая, то і пандэміі магло б не быць.
Ёсць яшчэ адзін прыклад, гэтым разам еўрапейскі, які дае надзею на тое, што ў Беларусі ўсё можа прайсці адносна спакойна. Гэта Швецыя. Яна застаецца адзінай краінай у ЕС без каранціна і істотных абмежаванняў. Пры гэтым тут сітуацыя лепшая, чым у суседняй Нарвегіі, але горшая чым у Фінляндыі.
Шведскі урад, як і беларускі, ніяк не абмяжоўваў сваіх грамадзян. Толькі ад 29 сакавіка там забараняюць сходы больш чым 50 чалавек. Але ўніверсітэты, школы і садкі ўсё яшчэ працуюць, адкрытыя бары, кінатэатры, працуюць гарналыжныя курорты, а ўлады спадзяюцца на адказнасць грамадзян — зусім як у Беларусі. Абмежаванне сходаў, якое ўводзіцца зараз у Швецыі - адказ урада на крытыку, якая гучала з некаторых колаў.
Кепскі знак для Беларусі - тое, што колькасць заражаных у Швецыі расце — на 28 сакавіка іх было ўжо 3046, памерла 92 чалавекі. Каэфіцыент заражанасці склаў 304 на 1 млн чалавек — і гэта значна больш чым у Беларусі ці Польшчы. Калі сітуацыя будзе пагаршацца, то шведы могуць пераглядзець сваю ліберальную палітыку. І Беларусь застанецца адзінай у Еўропе краінай, дзе каранавіруса не баяцца.
Лічыцца, што складана выбраць падарунак менавіта мужчыну - мужу, сыну, бацьку, партнёру ці сябру. Сітуацыя…
Беларус Алекс Вазнясенскі наведаў Навагрудак як турыст. Мужчыну ўразіла, што горад з багатай гісторыяй знаходзіцца…
Рэстаране-кафэ “Нёманская віціна” ў выглядзе ладдзі - частка канцэпцыі новай гродзенскай набярэжнай, якую абмеркавалі ў…
Аляксей Кажэнаў з'ехаў з Мінску ў 1998-м годзе. Ён атрымаў працу ў Google, стаў дыяканам…
Слэнг пастаянна змяняецца - у апошні час пад ўплывам TikTok. Зразумець яго адразу і ўвесь …
Кожны месяц 22 тоны кававага зерня выязджаюць з Гродна, каб патрапіць на запраўкі па ўсёй…