Беларус Юрый Куроўскі працуе на польскую фірму і перыядычна з калегамі ездзіць у камандзіроўкі ў Нямеччыну, Бельгію і Нідэрланды. У сваю апошнюю паездку ён жыў у Нямеччыне, у горадзе Вітэнберг. Ён мог застацца там, але з-за пандэміі з працай стала больш складана – шматлікія праекты замарозілі або перанеслі. Таму ён вырашыў вярнуцца дадому. Але ў Польшчы прыйдзецца затрымацца на два тыдні.

Начальнік Юрыя, ведаючы, што той збіраўся ехаць дадому ў красавіку, прапанаваў з’ехаць цяпер. Юрый пагадзіўся.

«Я ведаў пра каранцін [неабходнасць самаізаляцыі на 14 дзён у Польшчы – рэд.], твму хацеў атрымаць канкрэтную інфармацыю. Шэф казаў, што мяжа вольная – можна ехаць. Тэлефанаваў два разы ў амбасаду ў Польшчы. Адзін раз сказалі можна ехаць, другі – будзе каранцін. Увогуле, канкрэтна ніхто не ў курсе», – распавядае Юры.

Няма дзе прайсці каранцін – паселяць на 14 дзён за кошт дзяржавы

21 сакавіка раніцай Юрый з двума калегамі выехаў у бок Польшчы і неўзабаве быў на мяжы. Мяжу перасякалі ў Франкфурце на Одры – Слубіцах. Чэргі не было, яны былі наогул адны ў пункце пропуску.

“Саміх памежнікаў там было чалавек пяць, трое ў ахоўных касцюмах. Ніякіх блокпастоў няма, – кажа Юры. – Перш за ўсё вымяралі тэмпературу. Спыталі куды і адкуль еду, паглядзелі пашпарт, дазвол на працу. Сказалі, што транзіт праз Польшчу забаронены, сказалі запаўняць анкету на каранцін”.

Анкета на каранцін афіцыйна называецца «лакалізацыйнай картай». У ёй трэба пазначыць месца праходжання каранціну. Адзінае месца, якое Юрый ведаў – жыллё ад фірмы, на якую ён працуе.
Засяліўшыся туды, ён патэлефанаваў яшчэ раз у амбасаду Беларусі – там сказалі заставацца на каранцін.

Беларус ехаў з Германіі і трапіў на каранцін у Польшчы: вось як гэта выглядае
Юрый на каранціне

Калі няма магчымасці прайсці каранцін па сваім адрасе, пра гэта трэба паведамляць на мяжы. Там павінны накіраваць ва ўстанову, дзе можна будзе жыць гэтыя 14 дзён.

За некалькі гадзін знайшлі жыллё на базе адпачынку

«Патэлефанаваў у польскую санэпідслужбу. Настойваў на тым, што ў мяне няма ні неабходнасці ў каранціне, бо я ў Польшчы толькі праездам, ні магчымасці, бо акрамя нас траіх, якія вярнуліся з Германіі, у гэтай жа кватэры знаходзіцца яшчэ як мінімум трое хлопцаў, якія з Польшчы не з’язджалі. Так што лепш нам ехаць далей сваёй дарогай прама на мяжу», – распавядае Юры.

На працягу некалькіх гадзін яму ператэлефанавалі і сказалі, што арганізавалі жыллё і што яны павінны туды перабрацца і знаходзіцца там. Штраф за парушэнне каранціну – 30 000 злотых (6500 еўра). Злосных парушальнікаў чакае арышт, а калі парушальнік быў заражаны каранавірусам
– год турмы.


Чытайце таксама: Минздрав просит пожилых оставаться дома, всех – держать дистанцию полтора метра

Беларус ехаў з Германіі і трапіў на каранцін у Польшчы: вось як гэта выглядае
База адпачынку, куды Юрый трапіў на каранцін

Тэстаў у беларусаў не бралі, з лекарамі або прадстаўнікамі ўлады яны асабіста не бачыліся. Самі на машыне пераехалі на знятае для іх жыллё. Гэта аказалася нешта накшталт летняй базы адпачынку.

«Абяцалі, што будуць забяспечваць ежай, але пакуль [па стане на 22 сакавіка – рэд.] нікога не было. І ніхто з праверкай да нас не прыходзіў. Добра хоць паперы туалетнай тут з запасам».

«Проста хачу даехаць да мяжы. Навошта мяне тут трымаць?»

Юры не разумее, за што яго i калег замкнулі на каранцін. «Іншыя хлопцы, якія ехалі ў той жа дзень і на наступны пасля нас, прайшлі мяжу без усялякага каранціну! Я лічу, што я магу спакойна ехаць далей дадому, ні з кім у Польшчы я не кантактаваў і не планую. Проста хачу даехаць да мяжы і ўсё. Навошта мяне тут трымаць?» – не разумее Юры.


Чытайце таксама: «Крэматорый працуе 24 гадзіны». Беларуска з Бергама – пра жыццё ў эпіцэнтры пандэміі

Крыху пазней яму патэлефанаваў гаспадар месца, дзе іх пасялілі: спытаў, ці ўсё добра, сказаў, што да вечара ўключаць гарачую ваду, абяцаў удакладніць пытанні з харчаваннем.

«А яшчэ ён папрасіў, што калі хто-небудзь з грамадзянскіх будзе пытацца ў нас, то лепш казаць, што мы зусім не на каранціне», – распавядае Юры.

Каго адпраўляюць на каранцін?

Усіх, хто прыязджае цяпер у Польшчу, на мяжы інфармуюць пра абавязковы 14-дзённы карантын. Ад яго вызваленыя толькі:

– тыя, хто жыве ў Польшчы, але працуе ў суседніх краінах і рэгулярна перасякае мяжу;

– замежнікі, якія жывуць за мяжой, але працуюць у Польшчы і рэгулярна перасякаюць мяжу;

– вадзіцелі, якія прафесійна займаюцца таварнымі або пасажырскімі перавозкамі.

Як правяраюць выкананне каранціну?

Як распавялі Hrodna.life беларусы, якія жывуць пастаянна ў Беластоку, захаванне каранціну штодня павінна правяраць паліцыя. Супрацоўнікі могуць тэлефанаваць і, напрыклад, прасіць паказацца ў акне. Прыходзіць абавязаны штодня, але могуць і двойчы ў дзень. Хоць некаторыя паведамляюць у інтэрнэце, што да іх паліцыя так і не прыйшла.

Каб участковыя не павінны былі прыходзіць да ўсіх, хто змешчаны на каранцін, Міністэрства цыфравізацыі Польшчы распрацавала адмысловы дадатак “Kwarantanna domowa” (Хатні каранцін) для Android і iOS.

Беларус ехаў з Германіі і трапіў на каранцін у Польшчы: вось як гэта выглядае
Fot. Jakub Kaminski/East News, Warszawa, 20.03.2020

Дадатак выкарыстоўвае лакалізацыю па GPS, робіць фота з пазнакай часу, распазнае твар і дазваляе звязацца з гарачай лініяй па пытаннях каранціну. Так можна пацвярджаць сваю прысутнасць дома, звяртацца ў органы сацыяльнай абароны і ў абгрунтаваных выпадках прасіць даставіць дадому прадукты або лекі, звяртацца па дапамогу псіхолага. Карыстацца дадаткам могуць тыя, каго пры перасячэнні мяжы ўнеслі ў спецыяльную базу дадзеных і абавязалі прайсці каранцін.

Беларус ехаў з Германіі і трапіў на каранцін у Польшчы: вось як гэта выглядае
У Google Play шмат нізкіх адзнак: карыстальнікі скардзяцца на багі. Акрамя таго, карыстацца дадаткам можна не адразу, а толькі пасля атрымання СМС.

Па стане на 23 сакавіка больш за 80 000 чалавек у Польшчы павінна было прайсці хатні каранцін, з іх толькі 60 000 паспелі ўнесці ў базу дадзеных. Кожны чацвёрты зарэгістраваўся ў дадатку.

Паводле інфармацыі RMF FM, паліцыя штодня атрымлівае паведамленні ад грамадзян, якім здаецца, што іх суседзі парушаюць рэжым каранціну.


Чытайце таксама:

Из Гродно в Белосток пустят пробные “антикарантинные” рейсы

Больше 5 не собираться: как коронавирус изменил жизнь белорусов в разных странах

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт info@hrodna.life

Задай пытанне, дашлі заўвагу або прапануй тэму