Сітуацыя з каронавірусам у Бэргама — адна з самых складаных у Італіі і агулам у Еўропе. Алесь Дзянісаў з belsat.eu паразмаўляў з беларускай, якая цяпер жыве ў самым эпіцэнтры пандэміі.

Дар’я Марчанка жыве ў паўночна-італьянскім Бэргама з 2009 года. Выехала з Горадні паводле турыстычнай візы на паўгода, каб падзарабіць грошай, але сустрэла будучага мужа і засталася ў Італіі. Зараз у сям'і - двое дзетак: Валерыя і Леон, а Дар’я працуе на дзвюх працах: цырульніцай і ў клінінгавай кампаніі.

Каранцін вымушае сядзець у хаце

Як пачыналася эпідэмія ў Бэргама?

Каронавірус прыйшоў нечакана. 21 лютага мы збіраліся на карнавал, які ладзіў касцёл у нашым квартале. Прыйшлі святочна ўбраныя — а там аб’ява, што свята адмянілі. Увечары ўжо мы даведаліся з навінаў, што ў Бэргама — першы хворы, мужчына 38 гадоў. Адразу закрыліся ўсе школы і дзіцячыя садкі, і мне прыйшлося адмяніць усе працоўныя планы і сядзець з дзеткамі ў хаце. Бары і кавярні працягвалі працаваць. Можа, гэта нейкім чынам паўплывала на хуткі распаўсюд віруса.

Да эпідэміі на адпачынку разам з сямʼёю
1 сакавіка ў госці прыляцеў мой тата. Калі б я ведала, то адгаварыла б яго. Але на той момант мы яшчэ не ўяўлялі маштабаў трагедыі… Тата нават паспеў 5 сакавіка з’ездзіць у Фларэнцыю на экскурсію. А потым я пастанавіла: у сувязі з тым, што колькасць хворых працягвала расці, змяніць тату квіток на 11 сакавіка (хаця ён планаваў вылетаць пазней). І дзякуй Богу, бо менавіта 11 сакавіка закрылі аэрапорт у Бэргама; а ў горадзе, як і па ўсёй краіне, аб’явілі надзвычайнае становішча. Тата паспеў вылецець. У Вільні яму памералі тэмпературу і папрасілі запоўніць анкету. На літоўска-беларускай мяжы ён прызнаўся, што лятаў у Паўночную Італію.

Суседзі з маршруткі амаль што не з кулакамі накінуліся на яго! У выніку ён здаў тэст на вірус і адправіўся ў добраахвотны каранцін на лецішча, дзе і застаецца. Пару разоў бацьку тэлефанавалі дактары. Дагэтуль ён не захварэў, але яму яшчэ прыйдзецца прайсці паўторны тэст на вірус.

Дар’я Марчанка
Вы жывяце ва ўмовах надзвычайнага становішча. Як улады кантралююць сітуацыю?

На вуліцах — вельмі шмат паліцыі, якая правярае людзей. Ты не можаш проста так выйсці на вуліцу: ты мусіш скачаць адмысловую анкету і запоўніць яе. У ёй пазначаюць асабістыя звесткі, прычыну і месца, куды ты накіроўваешся. Калі ты бязмэтна швэндаешся па вуліцах, то можаш атрымаць штраф да 200 еўраў ці нават арышт да трох месяцаў. Мая знаёмая, напрыклад, выйшла прагуляцца каля дому і атрымала штраф 120 еўраў. А калі ты яшчэ і хворы на каронавірус, то маеш шанцы сесці за краты на тэрмін да 8 гадоў! Я асабіста вырашыла закупіць харчоў з запасам і як мага радзей выходзіць на вуліцу. Дзякуй Богу, у нас былі запасы на «чорны дзень».

Але запасы калі-небудзь скончацца. Дзяржава неяк плануе дапамагаць насельніцтву?

Усе, хто на кантракце, атрымоўваюць грошы па бальнічных лістах. Хто не на кантракце, як мой муж (ён індывідуальны прадпрымальнік), сядзяць па хатах за свае грошы. Праўда, урад Італіі паабяцаў прадпрыемствам і іпэшнікам адтэрмінаванне для выплаты падаткаў.

Я чула, што работнікам, якія працягваюць працаваць на прадпрыемствах, дзяржава даплочвае па 600 еўраў. Таксама дзяржава вылучае фінансы тым медыкам, якія вымушаныя наймаць нянек для сваіх малых дзетак.

А ці хапае ежы, асабістых сродкаў бяспекі і гігіены?

Што датычыць харчоў, то я не разумею, адкуль пайшлі ўсе гэтыя глупствы пра недахоп туалетнай паперы ці макароны! Яшчэ ў лютым, калі панавалі хаос і паніка, людзі змяталі з крамных паліцаў практычна ўсё. Цяпер усё наладжанае. Усяго хапае. А вось з аднаразовымі маскамі - праблема, іх няма ў аптэках. На піку пандэміі на некаторых сайтах цана за набор масак з шасці штук падскочыла ажно да 100 еўраў! Гэта самая сапраўдная спекуляцыя на людскім горы і няшчасці! Пры гэтым мы ўсе выдатна разумеем, што маска не ратуе ад захворвання. Маска патрэбная толькі для таго, каб не распаўсюджваць вірус. Хвароба ў чалавека можа праходзіць бессімптомна, а ён пры гэтым з’яўляцца крыніцай небяспекі.

Смяротнасць большая чым у Кітаі

Наколькі італьянская медыцына дае рады ў такой складанай сітуацыі?

Гэта ўсё падобна да апакаліпсісу. Гукі, якія не прыпыняюцца ў горадзе, — сірэны карэтаў хуткай дапамогі і плач касцельных званоў па памерлых.

Насамрэч усё вельмі сумна і жудасна. Медматэрыялаў не хапае. Медперсанал увесь дзень ходзіць у аднаразовых ахоўных медычных халатах, бо іх бракуе. Некаторыя з медыкаў жывуць у шпіталях, бо баяцца прынесці заразу дадому. Між тым шмат дактароў і медсясцёр заразіліся, а некаторыя з іх ужо памерлі. Моргі перапоўненыя. Бэргамскі крэматорый працуе 24 гадзіны, без перапынку.

Цырымонія пахавання на могілках у Бэргама, 16 сакавіка 2020 г. Фота: FLAVIO LO SCALZO / Reuters / Forum
Самае жахлівае для медыка — адмовіць у дапамозе. А яны вымушаныя адмаўляць старым на карысць маладых. Тут спрацоўвае чалавечы фактар: ратуюць у першую чаргу працаздольнае насельніцтва. Сталыя людзі канаюць у адзіноце, у свядомасці, толькі просяць перадаць прывітанне сваім родным…
Італьянскія вайскоўцы вывозяць труны з целамі ахвяраў пандэміі каронавіруса ў суседнія гарады. На могілках Бэргама ўжо няма месцаў. Фота: Sergio Agazzi. Fotogramma / Reuters / Forum
Дарэчы, усё больш і больш складаных выпадкаў захворвання сярод 40−50 гадовых, якіх ніяк не назавеш сталымі людзьмі.

Цяпер гэты вірус як снежны ком. Скажу шчыра: Італія спазнілася з увядзеннем каранціну…

Беларусь не закрыла межаў (нягледзячы на тое, што ўсе яе краіны-суседкі гэтае зрабілі), не ўведзены каранцін, працуюць школы і садкі, бары і кавярні. Забарона на масавыя імпрэзы носіць толькі рэкамендацыйны характар. На твой погляд, пазіцыя беларускіх уладаў занадта самаўпэўненая і легкадумная?

Я проста вар’яцею, калі бачу такое нядбайнае і безадказнае стаўленне беларускіх уладаў у адносінах каронавіруса! У свеце аб’яўленая пандэмія. Па ўсёй Еўропе абвяшчаюць каранцін, закрываюць межы, а для Беларусі нібыта праблемы не існуе. Я вельмі хвалююся за сваіх родных, асабліва за сваю родную сястру. Яна працягвае хадзіць на працу, бо каранцін не абвешчаны. Італія стаіць на каленях, бо ў свой час не прыняла адэкватных захадаў. Ці дадуць рады нашыя шпіталі ў выпадку такога масавага захворвання насельніцтва, як напрыклад, у Бэргама? Як вы лічыце?