Калекцыя старых фота Гродна Руслана Кулевіча

Алесь Пушкін быў палітвязнем яшчэ ў савецкай Беларусі, адкрыў першую прыватную галерэю ў Віцебску, а пасля распісваў цэрквы і ладзіў Купалле ў сваёй вёсцы. У турме ён вучыў сукамернікаў маляваць. Успомнілі, чым вядомы і невядомы мастак Алесь Пушкін, які загінуў у рэанімацыі ў час адбывання пакарання ў гродзенскай турме № 1.

Алесь Пушкін нарадзіўся 6 жніўня 1965 годзе ў гарадскім пасёлку Бобр у Крупскім раёне Мінскай вобласці. У 1978 годзе паступіў у Рэспубліканскую школу-інтэрнат па музыцы і выяўленчым мастацтве імя Івана Ахрэмчыка, пасля вучыўся ў Беларускім дзяржаўным тэатральна-мастацкім інстытуце. З 1984 па 1986 год служыў у войску, пасля працягнуў вучобу. Пасля размеркавання працаваў у Віцебску. Пасля 1997 года жыў у роднай вёсцы. Быў сябрам Саюза мастакоў Беларусі, працаваў у «Белрэстаўрацыі». У 2022 годзе быў асуджаны да 5 гадоў зняволення ў калоніі строгага рэжыму. Пра яго смерць стала вядома 11 ліпеня.

Служыў у Афганістане

У 1984 годзе Алеся Пушкіна прызвалі ў Савецкую армію. Ён трапіў у Афганістан. У час службы мастак вёў дзённік па-беларуску, дзе апісваў тое, што адбывалася вакол. Яго выдаў саслужбовец-беларус. Дзённік Пушкіна прызналі антысавецкім. За гэта ён атрымаў 11 сутак гаупвахты.

Быў палітвязнем яшчэ ў савецкі час, першы святкаваў Дзень Волі

У 1988 годзе за прызывы да мітынгу ў Курапатах атрымаў 15 сутак арышту.

У 1989 годзе Пушкіна судзілі ў Мінскім гарадскім судзе за ўшанаванне 71 гадавіны Беларускай народнай рэспублікі. Да 25 сакавіка ён намаляваў 14 плакатаў пра Чарнобыль, беларускую мову, развал таталiтарытарызму і аднаўленне беларускай самостойнай рэспублiкi. З імі ён выйшаў на ганак інстытута, яго сябры трымалі бел-чыровона-белы сцяг, папяровага бусла і 71 паветраны шарык. 14 лiпеня на яго завялі крымiнальную справу і прысудзілі два гады ўмоўна з пяцiгадовым выпрабаваўчым тэрмiнам.

Мастак-перформер

Алесь Пушкін вядомы як мастак-перформер. Самы гучны з яго перформансаў - тачка гною, якую ён прывез у 1999 годзе да рэзідэнцыі Аляксандра Лукашэнкі ў цэнтры Мінска. У ёй быў раздрукаваны партрэт Лукашэнкі, прабіты віламі. Такім чынам мастак выказаў сваю нязгоду з ягонай палітыкай цягам пяці гадоў.

Летам 2020 года ў інтэрвью для «Радыё Свабоды» ён зазначаў, што другі раз гной бы ўжо не павёз, бо за 21 год у Лукашэнкі з’явіліся і дасягненні. Казаў, што прывёз бы тачку ружаў, калі б быў упэўнены ў трывалай незалежнасці Беларусі, але гэтага няма. Аднак пасля выбараў 2020 года ён змяніў меркаванне. У сакавіку 2021 года ён узяў удзел у выставе беларускага пратэстнага мастацтва «Кожны дзень!» у нацыянальным мастацка-культурным комплексе «Мистецький Арсенал» у Кіеве. Там Пушкін паўтарыў свой перформанс. Замест надпісу «За 5-гадовую плённую працу» была налітая чырвоная фарба, якая сымбалізавала кроў.

Аднойчы ён сабраў выпадковых людзей у варшаўскім цэнтры мастацтваў за сталом і сеў за яго сам, успамінае Дзмітры Гурневіч. У пэўны момант нехта прывязаў Алеся Пушкіна да крэсла паводле ягонага плану. Праз хвіліну ён пачаў круціцца, спрабуючы вызваліцца, але не мог. Усе проста назіралі. «Калі сітуацыя стала моцна няёмкай, (…) да яго падышла полька з публікі і развязала. Алесь падзякаваў ёй і звярнуўся да публікі: — А ці ёсць тут беларусы? Бачу шмат рук. Чаму ж вы не дапамаглі мне, калі мяне прывязалі і я спрабаваў вызваліцца? Чаму гэта давялося рабіць польскай дзяўчыне? Чаму мне ніхто з вас не дапамог, калі вы бачылі пакуты свайго?».

У 2020 годзе мастак прыйшоў на прэзентацыю кніг Сяргея Скрабца і Алеся Бяляцкага з серыі турэмнай літаратуры рукамі, пафарбаванымі ў чырвоны. У студзені таго ж года актывіст Філіп Шаўроў пафарбаваў ў чырвоны рукі статуі паэта Аляксандра Пушкіна ў Мінску. Некаторыя лічылі, што гэта пратэст супраць расійскай каланіяльнай палітыкі.

У сваёй роднай вёсцы Бобр Алесь Пушкін ладзіў не толькі перформансы, але і святы: святкаванні Купалля і Калядаў.

Пушкін у час Купалля
Алесь Пушкін падчас святкавання Купалля, 2015 год. Фота: Янак Коўзель

Намаляваў Лукашэнку ў пекле

Пасля інстытута па размеркаванні паехаў у Віцебск на Мастацкі камбінат. У 1993 годзе адкрыў у гэтым горадзе першую прыватную галерэю «У Пушкіна». Галерэя праіснавала чатыры гады. Пасля закрыцця галерэі вярнуўся на радзіму ў вёску Бобр, пачаў распісваць цэрквы. У сюжэце «Страшны суд» на замову мясцовай царквы сярод грэшнікаў намаляваў персанажа, падобнага да Лукашэнкі. Выяву выправілі пасля таго, як пра роспіс расказалі на расійскім тэлеканале.

Намаляваў Лукашэнку ў пекле, збіраўся распісваць Стары замак. Чым вядомы мастак і палітвязень Алесь Пушкін, які загінуў у Гродне
Роспіс у мястэчку Бобр. Крыніца: «Наша НІва»

Як рэстаўратар Алесь Пушкін працаваў у кафедральным касцёле Святога Станіслава ў Магілёве, у касцёлах у Міхалішках (Астравецкі раён) і Вішнева (Валожынскі раён), у палацы Пуслоўскіх (Косава). Сярод працаў Алеся Пушкіна — мазаіка на касцёле ў мінскім мікрараёне Серабранка.

Збіраўся рэстаўраваць роспісы ў Старым замку

Алесь Пушкін працаваў мастаком-рэстаўратарам у ААТ «Белрэстаўрацыя». У сакавіку 2020 «Гроднажылбуд» запрасіў «Белрэстаўрацыю» да ўдзелу ў конкурсе па выкананні жывапісу ў замку.

Свой праект роспісаў для Старога замка ў Гродне Алесь Пушкін прэзентаваў 19 сакавіка 2021 года на адкрыцці ягонай выставы ў «Цэнтры гарадскога жыцця». На ёй былі прадстаўлены яго карціны і 30-гадовая гісторыя яго змагання з уладай. Яна працягнулася і пасля выбараў 9 жніўня 2020 года: 11 жніўня Алеся збілі сілавікі.

Пры стварэнні эскізаў Пушкін зыходзіў з перыяда XV-XVI стст. у гісторыі Беларусі і Гродна і асобы Стэфана Баторыя ў агульнабеларускім кантэксце. Па яго словах, ён хацеў стварыць беларусацэнтрычныя роспісы. Гісторыкі раскрытыкавалі праект. Краязнаўца Мечыслаў Супрон тады прапанаваў змясціць іх у Фары Вітаўта, калі б яе ўсё ж аднавілі.

Трапіў пад пераслед за партрэт, намаляваны амаль 20 гадоў таму

На той жа выставе сярод карцін быў партрэт дзеяча беларускага нацыянальна-вызваленчага пасляваненнага супраціву Яўгена Жыхара. Партрэт быў створаны ў 2014 як частка цыклу «Беларускі Рэзыстанс» і дэманстраваўся раней.

Выстава ў «Цэнтры гарадскога жыцця» адкрылася 19 сакавіка, а ўжо 23 сакавіка туды спрабаваў патрапіць АМАП. 24 сакавіка стала вядома, што пракуратура пачала праверку па выставе. Перад гэтым туды прыходзіла Вольга Бондарава, якая зняла і апублікавала «абуранае» відэа. Партрэт палічылі «рэабілітацыей і апраўданнем нацызму».

Яўген Жыхар
Партрэт Яўгена Жыхара на выставе ў «Цэнтры гарадскога жыцця». Фота з архіву Hrodna.life

Раней фота згаданага партрэта і здымкі паплечнікаў Яўгена Жыхара былі размешчаны нават у экспазіцыі Пастаўскага краязнаўчага музея.

Свядома вярнуўся ў Беларусь

У час праверкі пракуратуры па выставе Пушкін знаходзіўся ў Кіеве. 26 сакавіка 2021 года ён вылецеў з Кіева вячэрнім рэйсам. Ён ведаў, што яго чакае пераслед. Яго затрымалі 30 сакавіка ў Жылічах (Кіраўскі раён Магілёўскай вобласці), дзе мастак працаваў на рэстаўрацыі палаца Булгакаў.

Тады крымінальную справу распачалі таксама супраць Паўла Мажэйку, кіраўніка прасторы «Цэнтр гарадскога жыцця». Яго затрымалі і праз 72 гадзіны вызвалілі з фармулёўкай «зніклі падставы для затрымання». Справу супраць яго закрылі, але «Цэнтр гарадскога жыцця» ліквідавалі ў 2021 годзе паводле пазову пракурора горада Клішына.

У час суда парэзаў сабе жывот

Да суда ён правёў амаль год у зняволенні, у тым ліку ў гродзенскай турме № 1. У кастрычніку следчыя пачалі правяраць і цыкл карцін Пушкіна «Беларускі супраціў». За час чакання суда Алеся Пушкіна не раз змяшчалі ў карцар, накіроўвалі ў Навінкі на псіхіятрычную экспертызу. У час судовага пасяджэння 25 сакавіка ён парэзаў сабе жывот. За гэта Пушкіна змясцілі ў карцар на 13 дзён. 30 сакавіка 2022 года суддзя Алена Шылько асудзіла мастака на 5 гадоў калоніі строгага рэжыму. У час працэсу затрымлівалі людзей, якія прыходзілі на паседжанні, у тым ліку затрымалі ягоную сястру.

Пушкіна абвінавацілі паводле ч. 3 арт. 370 і арт. 130 КК («Здзек з дзяржаўных сімвалаў» і «Рэабілітацыя нацызму»). Яго накіравалі ў папраўчую калонію № 22 у Івацэвіцкім раёне («Воўчыя норы»). 11 лістапада 2022 года суддзя Івацэвіцкага раёна Аляксандр Кірыловіч пастанавіў перавесці Пушкіна на турэмны рэжым на паўтара года. Палітвязня этапавалі ў гродзенскую турму № 1. Увесь час зняволення, і ў турме, і ў калоніі, ён размаўляў па-беларуску.

У турме вучыў маляваць

У турме Пушкін вучыў сукамернікаў маляванню, прысылаў свае малюнкі ў лістах многім людзям. Ён маляваў аўтапартрэты, сукамернікаў, Гродна, дзе знаходзіўся ў турме да суда. Яго малюнкі пачалі збіраць у асобным Instagram-акаунце.

З яго малюнкаў і лістоў з-за кратаў выкладчык і рэжысэр Антон Грышкевіч стварыў анімацыйны фільм. Самога Грышкевіча звольнілі з працы ў Віцебскім дзяржаўным каледжы культуры і мастацтваў за далучэньне да страйку.

Як памёр Алесь Пушкін

У апошніх лістах Алесь Пушкін пісаў, што за кароткі час схуднеў на 20 кілаграмаў, піша «Радыё Свабода» са спасылкай на свае крыніцы. Таксама ён прасіў перадаць яму пояс для паясніцы, бо яму балелі ныркі. Паводле інфармацыі выдання, Алесь Пушкін трапіў у шпіталь 10 ліпеня. Яго даставілі ў шпіталь хуткай дапамогі ў Гродне непрытомнага. Яму рабілі аперацыю, падчас якой яго сэрца спынілася.

Смерць мастака пацвердзілі ў гродзенскай турме № 1, дзе ён у той час знаходзіўся. У турме журналістам параілі звярнуцца ў бальніцу хуткай дапамогі. У самой бальніцы «Нашай Ніве» пацвердзілі, што мастак-палітвязень быў пад канвоем у рэанімацыі. Пазней стала вядома, што ў Пушкіна была прабадная язва, і яму не аказалі дапамогу своечасова.