Палітвязня Дзяніса Івашына наведаў лекар у СІЗА. Палітвязень Алесь Пушкін пройдзе псіхіятрычную экспертызу ў «Навінках». У вобласці за тыдзень з’явіліся новыя палітвязні, экстрэмісцкія Telegram-каналы і затрыманыя. Рэдакцыя Hrodna.life вывучыла, што адбылося ў вобласці з 15 па 21 лістапада.

Новыя палітвязні ў вобласці

Іван Дуброўскі — яго ўзялі пад варту і пачалі справу па арт.342 КК «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх».

Сяргей Вінакураў — прыгавораны судом Смаргонскага раёна да аднаго году абмежавання волі з накіраваннем у выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу за тое, што размясціў на пляцоўцы «Каратели Беларуси» дадзеныя аб некалькіх міліцыянтах. Яго прызналі вінаватым па арт. 352 КК (Неправамернае завалоданне камп’ютарнай інфармацыяй).

Галіна Гарацкевіч — асуджаная судом Кастрычніцкага раёна Гродна за ўдзел у мірным сходзе і супраціў гвалту пры яго разгоне да трох гадоў «хіміі».

У жодзінскай турме знялі каранцін для затрыманых па «справе Зельцара». Для іх паўтары месяцы не прымалі перадачы

Пра гэта паведамляюць сваякі затрыманых у чатах па ўзаемадапамозе. У жодзінскай турме № 8 з моманту пераводу затрыманых за каментары па «справе Зельцара», з пачатака кастрычніка, абвясцілі каранцін, праз які вязняў абмежавалі ва ўсім: ім не перадавалі перадачы, не пускалі адвакатаў. Але гэтыя правілы тычыліся толькі тых, каго затрымалі менавіта за каментары. Сёння каранцін знялі.

Паўтары месяцы яны сядзелі ў тым адзенні, у якім іх затрымалі, без сродкаў гігіены і цёплых рэчаў.

Праваабронцы «Вясны» ў інтарэсах затрыманых па «справе Зельцэра» звярнуліся да спецдакладчыкаў ААН па пытанні жорсткага і бесчалавечнага абыходжання з імі пасля затрымання і падчас утрымання ў Жодзінскай следчай турме № 8.

Зварот быў накіраваны да Спецдакладчыкаў ААН па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі Анаіс Марэн, па пытанні аб катаваннях і іншых формах бесчалавечага і зневажальнага абыходжання Нілса Мелзара, па пытанні аб заахвочванні і абароне права на свабоду меркаванняў і іх свабоднае выказванне Ірэн Хан, а таксама ў працоўную групу ААН па адвольных затрыманнях.

Тры прысуды за мірныя маршы

Яшчэ аднаго гродзенца асудзілі на два гады «хіміі» па ч. 1 арт. 342 КК. Паводле версіі следства, 6 верасня 2020 года гродзенец падчас масавага вулічнага шэсця перамяшчаўся па праезнай частцы і пешаходнай дарожцы па вуліцы Гарнавых і праспекце Янкі Купалы, нібыта перашкаджаючы нармальнаму руху транспарту. Гэтым ён нібыта парушыў ч. 1 арт. 342 КК і «паквапіўся на грамадскі спакой», паведамляе пракуратура.

17 лістапада суд Кастрычніцкага раёна Гродна вынес прысуд па справе 52-гадовай Валянціны Будрэвіч — жанчыну вінавацілі ва ўдзеле ў «счэпцы» падчас «Маршу адзінства» 6 верасня мінулага года.

Падчас ператрусу ў доме Валянціны супрацоўнікі міліцыі знайшлі адзенне, у якім падсудная была 6 верасня мінулага года, і магніт з гербам «Пагоня», які відавочна вельмі зацікавіў бок абвінавачвання — адзенне і магніт прызналі доказамі па справе.

Падчас суда жанчына пацвердзіла, што на тым самім Маршы яна сапраўды была, але сваю віну прызнала толькі часткова. Валянціна настойвае, што ніякай папярэдняй змовы ў яе дзеяннях не было. Гэтак жа, як і непадпарадкавання міліцыі і заклікаў да супрацьпраўных дзеянняў з яе боку.

Івашына наведаў лекар, Пушкіна адправілі ў "Навінкі", асуджаны збег з Беларусі. Як прайшоў тыдзень у Гродне і вобласці
Акцыя пратэсту 6 верасня 2020 года ў Гродне. Фота: Hrodna.life

Суд Кастрычніцкага раёна Гродна разгледзеў крымінальную справу 28-гадовай бухгалтаркі Дар'і Давідовіч. Дзяўчыну прызналі вінаватай ва ўдзеле ў «Маршы адзінства» 6 верасня мінулага года паводле ч. 1 арт. 342 КК — «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх».

Згодна з абвінавачваннем, дзяўчына ўзялася ў «счэпку» з іншымі ўдзельнікамі маршу і «натхняла сваімі паводзінамі навакольных удзельнічаць у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве». Сама Дар’я на судзе віну прызнала і распавяла што вырашыла прыняць удзел у акцыі, каб выказаць пратэст супраць гвалту, які ўжывалі супрацоўнікі міліцыі пасля выбараў.

Таксама ў Гродне на мінулым тыдні судзілі: Дзмітрыя Горбача (арт. 342 ч. 1 «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх»), Сяргея Пыжа і Рэгіну Лавар (арт. 369 «Абраза прадстаўніка ўлады»), Андрэя Аўсіевіча (арт. 361 ч. 3 «Заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь», арт. 369 «Абраза прадстаўніка ўлады»).

Экс-настаўнік гісторыі працуе ў калоніі перапрацоўшчыкам гумы

Палітзняволены былы настаўнік гісторыі і грамадазнаўства са Смаргоні Андрэй Пятроўскі, асуджаны да 1,5 гадоў калоніі за паклёп на прэзідэнта, даслаў ліст, у якім распавядае пра сваю працу ў калоніі:

«З 8 лістапада працую на УПСР (участак перапрацоўкі сырой гумы). Выцягваю металакорд з пластоў гумы, а гуму скручваем у шары або валікі. У канцы змены здаём. Норма — 1 кілаграм. Норму або перавыконваю, або амаль выконваю:). Многае залежыць ад гумы, якую прывозяць з Бабруйскага шыннага камбіната».

Нагадаем, 25 жніўня Андрэя Пятроўскага асудзілі за тое, што ў сакавіку гэтага года ён паказаў 11-класнікам на ўроку грамадазнаўства відэаролік з лагатыпам, які прызнаны экстрэмісцкім. Сярод вучняў быў сын мясцовай чыноўніцы, які зняў гэта на мабільны тэлефон і выклаў запіс у «сямейны чат». Пасля гэтага настаўніка звольнілі і завялі крымінальную справу, паведамляе «Вясна».

Дзмітрый Шыманскі здолеў пакінуць Беларусь — зараз ён у Варшаве

Тры тыдні таму музыканта асудзілі на 3 гады абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хімія»). Яго абвінавачвалі па арт 342 КК (арганізацыя і ўдзел у дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак) за гранне на дудзе на маршы 16 жніўня 2020 года.

Зміцер быў затрыманы разам з музыкамі гурта Irdorath і знаходзіўся за кратамі з 2 жніўня. Праваабаронцы прызналі Шыманскага палітычным зняволеным, паведамляе By culture.

Івашына наведаў лекар, Пушкіна адправілі ў "Навінкі", асуджаны збег з Беларусі. Як прайшоў тыдзень у Гродне і вобласці
Дзмітрый Шыманскі. Фота: prisoners. spring96.org

Алеся Пушкіна накіравалі ў Навінкі

Палітвязня мастака Алеся Пушкіна накіравалі ў Навінкі для правядзення псіхіятрычнай экспертызы.

30 лістапада будзе восем месяцаў, як Алесь Пушкін знаходзіцца за кратамі. За гэты час яго неаднаразова саджалі ў карцэр, прапаноўвалі пісаць прашэнне аб памілаванні, аднак мастак адмовіўся. Палітвязню Алесю Пушкіну пагражае да 12 гадоў зняволення за «распальванне сацыяльнай варожасці», паведамляе «Гарадзенская праваабарона». Яго перавялі на «Валадарку».

Івашына наведаў лекар, Пушкіна адправілі ў "Навінкі", асуджаны збег з Беларусі. Як прайшоў тыдзень у Гродне і вобласці
Алесь Пушкін. Фота: Радыё Свабода

Дзяніса Івашына наведаў лекар

Палітвязня і журналіста Дзяніса Івашына наведваў лекар — у яго праблемы з сэрцам. У чарговы раз правялі ЭКГ-даследаванне, якое не выявіла якіх-небудзь негатыўных змяненняў у агульным стане яго здароўя. «Аднак наяўнасьць тых непрыемных самадчуваньняў, якія й спрычыньваюцца да пэрыядычных выклікаў Дзянісам мэдыка, нас вельмі хвалююць. Усе адмыслоўцы, зь якімі даводзілася абмяркоўваць стан здароўя нашага ваяра, у адзін голас кажуць, што дзеля стабілізацыі і паляпшэньня сытуацыі неабходна неадкладна прыбраць стрэсавы фактар і неспрыяльнае асяродзьдзе ўмоваў палону», — напісала жонка Дзяніса Вольга.

«Экстрэмісты» ў Гродне

Па заяве пракуратуры Гродна інфармацыйная прадукцыя Telegram-канала «ГрДУ-П***мен! ГрГУ-Перемен», Telegram-чата «ГрДУ-Перамен! ЧАТ | ГрГУ-Перемен! ЧАТ», старонкі ў сацыяльнай сеткі Instagram прызнаная экстрэмісцкімі матэрыяламі.

Праект «Гарадзенская вясна» запусціў новы сайт — «Гарадзенская праваабарона». Раней сайт «Гарадзенскай вясны» і іх сацыяльныя сеткі (акрамя Telegram) прызналі экстрэмісцкімі.

Выклікі ў Следчы камітэт і затрыманні

У Гродне людзей масава выклікаюць у Следчы камітэт. Як і ў Магілёве, і ў Брэсце гэта звязана з дзейнасцю арганізацыі «Наш дом», паведамляе Е***радыё.

Таксама ў Гродне затрымалі Аляксандра Новікава. Яго затрымалі супрацоўнікі міліцыі за «размяшчэнне на старонцы ВКонтакте інфармацыі, якая ганіць і высмейвае пачуцці грамадзян і канстытуцыйны лад». Ён рэпосціў інфармацыю з Б**сата, N***a і іншых. Ён раскаяўся ў зробленым. Мяркуючы па відэа, затрымалі яго прама на працы і адвезлі ва УУС Гродзенскага аблвыканкама.

Звальненні акцёраў

Трое актораў з Гродзенскага абласнога тэатра лялек не выйдуць на сцэну ў снежні. Гэта Наста Суханосік, Іван Дабрук і Аляксандр Енджэеўскі. Зараз акторы сышлі ў адпачынак. Перад гэтым ім прапанавалі напісаць заявы аб звальненні па пагадненні бакоў. Усе трое актораў былі актыўна занятыя ў рэпертуары.

З Гродзенскага абласнога драматычнага тэатра звольніўся харэограф і балетмайстар Аляксандр Цебянькоў. Пра гэта ён напісаў 11 лістапада ў сваім Facebook. Ён працаваў у тэатры з 1996 года.

Мастачка з Гродна ўвайшла ў шорт ліст Еўрапейскай прэміі: на яе працах вышыты аўтазакі, міліцыянты і пратэстоўцы

Гродзенская мастачка Руфіна Базлова ўвайшла ў шортліст міжнароднага конкурсу мастакоў-візуалістаў Allegro Prize. Пра гэта 16 лістапада мастачка напісала на сваёй старонцы ў Facebook. Цырымонія ўзнагароджання пераможцаў адбудзецца 7 снежня. Мастачка вядома сваімі працамі ў традыцыйнай беларускай стылістыцы — вышыванка. Яе працы прысвечаны падзеям у Беларусі пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года.

Івашына наведаў лекар, Пушкіна адправілі ў "Навінкі", асуджаны збег з Беларусі. Як прайшоў тыдзень у Гродне і вобласці
Руфіна Базлова. Фота: contemporarylynx.co.uk

У Беларусі знізілася хуткасць інтэрнэту на знешнія рэсурсы

У сувязі з пашкоджаннем кабеля магістральнага канала Беласток-Гродна у Беларусі магчымы праблемы з доступам да сайтаў «заходняга» сегмента. Пра гэта 19 лістапада паведаміў «Белтэлекам». Ёсць верагоднасць, што гэта звязана з беспарадкамі мігрантаў на мяжы 16 лістапада. Раніцай 22 лістапада стала вядома, што праблема вырашана.

(Не)даступны Стары замак

Экскурсія па абноўленым Старым замку пачалася для Ганны Яшынай з гардэроба і амаль там жа скончылася. Дзяўчына на інвалідным вазку змагла трапіць толькі ў адну залу. Усе астатнія прыгажосці замка і віды з назіральнай пляцоўкі сталися для яе недаступнымі праз лесвіцы і поўную адсутнасць пандусаў. Ці зможа турыстычны Гродна забяспечыць роўны доступ да выбітнасцяў для ўсіх турыстаў, высвятляў Hrodna.life.

Івашына наведаў лекар, Пушкіна адправілі ў "Навінкі", асуджаны збег з Беларусі. Як прайшоў тыдзень у Гродне і вобласці
Інклюзіўны шпацыр па гродзенскіх славутасцях зладзілі хлопцы з праекта «Пошли-Поехали». У ім нароўні з астатнімі валанцёраць людзі з інваліднасцю. Усе разам яны даследуюць гарады і славутасці Беларусі на даступнасць. Фота Hrodna.life

Суд над Валянцінам Аскірка

Палітычнага актывіста і былога выкладчыка Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Валянціна Аскірку 18 лістапада асудзілі на 10 сутак адміністрацыйнага арышту. Суд Ленінскага раёна Гродна асудзіў Валянціна Аскірку па арт. 24.23 КаАП (Парушэнне парадку арганізацыі ці правядзення массавых мерапрыемстваў). Інфармацыя пра суд не была даступна родным асуджанага. Да раніцы 19 лістапада ім не было нават дакладна вядома, што суд ужо адбыўся і ў якім з судоў Гродна разглядалі справу.

Івашына наведаў лекар, Пушкіна адправілі ў "Навінкі", асуджаны збег з Беларусі. Як прайшоў тыдзень у Гродне і вобласці
Валянцін Аскірка. facebook.com/valiantsin.askirka

У «Гроднажылбуд» — з даведкай аб вакцынацыі

З 22 лістапада ў адміністрацыйны корпус «Гроднажылбуд» можна будзе трапіць толькі з даведкай аб вакцынацыі ад каронавіруса або з медадводам. Гэта тычыцца ўсіх супрацоўнікаў прадпрыемства. Пакуль прышчэплена менш за траціну работнікаў, яшчэ ў 21% - імунітэт пасля хваробы.

Івашына наведаў лекар, Пушкіна адправілі ў "Навінкі", асуджаны збег з Беларусі. Як прайшоў тыдзень у Гродне і вобласці
Аб’ява ў «Гроднажылбуд». Фота: newgrodno.by

Гродзенцы Вільні пішуць лісты зняволеным

Кожную суботу ў Беларускім доме ў Вільні гродзенцы збіраюцца пісаць лісты ў беларускія вязніцы. Іх адрасаты — зняволенныя гродзенцы і жыхары вобласці. Таксама пішуць тым, хто адбывае пакаранне на Гродзеншчыне. За дзве сустрэчы лістапада гродзенцы адправілі ў вязніцы Беларусі больш за 30 лістоў.

Дыскрэдытацыя затрыманых

Фота сэкс-цацак летам 2021 года з’яўляліся ў «зліўных» Telegram-каналах пасля ператрусаў у актывістаў і журналістаў. Актывіста і блогера спрабавалі зняважыць з дапамогай відэа з аднаполым сэксам. Затрыманы на відэа з «раскаяннем» распавядаў пра аднаполыя сувязі. Карэспандэнтка Hrodna.life прааналізавала фота і відэа ў некалькіх Telegram-каналах, звязаных з сілавікамі. А эксперты патлумачылі, чаму прапаганда выкарыстоўвае прыватнае жыццё для дыскрэдытацыі ідэалагічных праціўнікаў.

Івашына наведаў лекар, Пушкіна адправілі ў "Навінкі", асуджаны збег з Беларусі. Як прайшоў тыдзень у Гродне і вобласці
На думку прапагандыстаў, сэкс-цацкі кажуць аб непаўнавартаснасці людзей. Ілюстрацыя Hrodna.life

Польшча можа закрыць і чыгуначны пераезд у Брузгах

У выпадку, калі сітуацыя ў раёне памежнага пераходу «Брузгі-Кузніца» не стабілізуецца да 21 лістапада, Польшча прыпыніць працу і чыгуначнага пункта пропуску, які там месціцца і працягвае функцыянаваць. Пра гэта сказана ў лісце, з якім міністр МУС Польшчы Марыюш Камінскі даручыў памежнай службе звярнуцца да старшыні Дзяржпамежкамітэта Беларусі Анатоля Лапо.

Сітуацыя з мігрантамі на мяжы

З 15 лістапада на беларуска-польскай мяжы сітуацыя накалілася. Мігранты на памежным пераходзе «Брузгі-Кузніца» каля Гродна пайшлі ў наступ: кідалі камяні і рэзалі калючы дрот. Польскія сілавікі ў адказ ўжылі спецсродкі: слезацечны газ і светлашумавыя гранаты. Некаторыя сышлі на эвакуацыйны рэйс дадому. Для іншых на мяжу прывезлі шаурму і абменнік. Яны працягнулі прарывацца ў Польшчу. Мігранты заразіліся каранавірусам.

У абмен на сканчэнне міграцыйнага крызісу Аляксандр Лукашэнка хоча, каб яго прызналі прэзідэнтам і знялі санкцыі. Пра гэта 16 лістапада сказала міністарка замежных спраў Эстоніі Ева-Марыя Ліімец.

Коратка:

  • «Знішчылі за вечар». Як 15 гадоў таму Савецкая плошча засталася без адзінага дрэва.
  • Краснасельскаму цэментнаму заводу могуць надаць ахоўны статус.
  • Акцыя салідарнасці з Беларуссю прайшла ў Варшаве.