Прысваенне Скідзелю статусу горада-спадарожніка «крыху заўчасна». Пра гэта ў эфіры канала “СТВ” заявіла старшыня Скідзельскага гарвыканкама Наталля Швец. Напрыклад, у эксплуатацыю здалі 105-кватэрны дом – продажы практычна нулявыя. Яго перавялі ў статус арэнднага.
“Сёння Скідзель – горад, які не рэалізаваў увесь свой патэнцыял”, – лічыць Швец. Па словах чыноўніцы, у горадзе ёсць жыллё, інфраструктура, “актыўныя жыхары і выдатныя заводы”. Але гэтых фактараў пакуль недастаткова для атрымання паўнавартаснага статусу горада-спадарожніка.
Каб Скідзель усё ж такі стаў горадам-спадарожнікам, патрэбны “працоўны эканамічны драйвер”, лічыць Швец. Чыноўніца кажа, што гэтым драйверам можа стаць новы філіял прадпрыемства “Молочный мир”, які да 2030 года дадаткова створыць 200 працоўных месцаў.
Афіцыйны статус горада-спадарожніка ў Гродне Скідзель атрымаў яшчэ ў 2014 годзе. Гэта адбылося дзякуючы актыўнаму развіццю інфраструктуры, рэканструкцыі мясцовай школы і будаўніцтву шматкватэрных дамоў.
У снежні 2025 года старшыня Гродзенскага аблвыканкама Юрый Караеў сказаў, што статус горада-спадарожніка «пакуль заўчасны і надуманы». Караеў лічыць: у горадзе “нешта паправіцца” пасля будаўніцтва “Молочного мира”.
Чытайце таксама: На прыём да чыноўніка ў Скідзелі прыйшоў адзін жыхар – улады лічаць, што працуюць у правільным кірунку



