Мастака Алеся Пушкіна асудзілі на пяць гадоў пазбаўлення волі. Прысуд мастаку вынесла суддзя Мінскага гарадскога суда Алена Шылько. Пушкіна абвінавацілі паводле арт. 370 (Здзек з дзяржаўных сімвалаў) і ч. 3 арт. 130 Крымінальнага кодэкса (Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці). Пра гэта 30 сакавіка паведаміла Генеральная пракуратура Беларусі.

Алеся Пушкіна асудзілі на 5 гадоў пазбаўлення волі. Падчас суду затрымалі яго сястру
Алесь Пушкін. Фота: Радыё С***ода

Падчас суду затрымалі сястру Алеся Пушкіна Святлану — за тое, што яна хацела сфатаграфаваць брата. Яе даставілі ў Фрунзенскі РАУС у Мінску. Таксама стала вядома, што ў час судовага пасяджэння 25 сакавіка мастак парэзаў сабе жывот. За гэта Пушкіна змясцілі ў карцар на 13 дзён.

Паводле пракуратуры, адбываць пакаранне Пушкін будзе ў калоніі строгага рэжыму.

Чым займаўся мастак Алесь Пушкін і чаму яго судзілі

Алесь Пушкін — беларускі мастак і перформер, сябра Саюза мастакоў Беларусі. Апошняе яго месца працы — «Белрэстаўрацыя». Як рэстаўратар ён працаваў у кафедральным касцёле Святога Станіслава ў Магілёве, у касцёлах у Міхалішках (Астравецкі раён) і Вішнева (Валожынскі раён), у палацы Пуслоўскіх (Косава).

На адкрыцці сваёй выставы ў «Цэнтры гарадскога жыцця» ў Гродне 19 сакавіка ён прэзентаваў праект роспісаў для інтэр'ераў Старога замка. На выставе ён прадставіў свае карціны і 30-гадовую гісторыю барацьбы з уладай у фота і малюнках. 23 сакавіка стала вядома, што па выставе пачалі праверку. Падставай стаў партрэт дзеяча пасляваеннага антысавецкага падполля Яўгена Жыхара, напісаны ў 2014 годзе і ўжо экспанаваны раней. Супраць Алеся Пушкіна, кіраўніка прасторы «Цэнтр гарадскога жыцця» Паўла Мажэйкі і іншых асоб 26 сакавіка распачалі крымінальную справу паводле ч. 3 арт. 130 КК за дзеянні, накіраваныя на рэабілітацыю і апраўданне нацызму. «Я не маю ілюзій, ведаючы цяперашнія часы… але што зроблена, што напісана, намалявана мной — за ўсё я гатовы несці поўную персанальную адказнасць, як маральную, палітычную, так і юрыдычную», — сказаў тады мастак Hrodna.life.

Калі стала вядома аб праверцы выставы пракуратурай, мастак быў ва Украіне. Ён вярнуўся ў Беларусь 26 сакавіка. 30 сакавіка яго затрымалі ў Жылічах (Кіраўскі раён Магілёўскай вобласці), дзе ён працаваў на рэстаўрацыі палаца Булгакаў. Праз усю Беларусь яго завезлі ў гродзенскую турму № 1. У красавіку перавялі ў следчы ізалятар № 1 на Валадарскага (Мінск), затым з турму № 8 у Жодзіна. За час зняволення яго неаднаразова саджалі ў карцар, прапаноўвалі пісаць прашэнне аб памілаванні, аднак мастак адмовіўся. У кастрычніку следчыя пачалі правяраць і цыкл карцін Пушкіна «Беларускі супраціў», які ён стварыў больш за 20 гадоў таму. Увагу прыцягнулі партрэты беларускіх дзеячаў антысавецкага руху часоў Другой сусветнай вайны — Усевалада Радзько і Міхала Вітушкі. 5 лістапада яму працягнулі тэрмін утрымання пад вартай да 30 студзеня 2022 года. 20 лістапада стала вядома, што Пушкіна накіравалі ў псіхіятрычную бальніцу ў Навінках (Мінск) для правядзення псіхіятрычнай экспертызы. Алесь Пушкін прызнаны палітвязнем.

Адвакатку Пушкіна Юлію Юргілевіч у лютым 2022 года пазбавілі ліцэнзіі і выключылі з Калегіі адвакатаў.

пушкін суд
Алесь Пушкін на судзе. Фота: sputnik.by

Судовы працэс над мастаком пачаўся 10 сакавіка. У першы дзень ён зрабіў перформанс: ляжаў на лаве падсудных і адвярнуўся спінай да суда. На судзе ён абараняў сябе сам — ад адваката адмовіўся. 30 сакавіка роўна год, як Алесь Пушкін знаходзіцца за кратамі.