У Старым замку працягваецца рэканструкцыя паводле праекта архітэктара Уладзіміра Бачкова. Запланаваныя роспісы чатырох памяшканняў. Аўтар адной з прапаноў - мастак Алесь Пушкін — прывёз свае эскізы ў Гродна. Агульна плошча роспісаў мусіць скласці 508,3 кв.м. Сам праект ужо паспеў выклікаць крытыку гісторыкаў.

Распісаць у замку плануюць жылыя пакоі ў камяніцы, каралеўскую лазню, Алябастравую залу і капліцу.

Якія роспісы прапануе праект Алеся Пушкіна:

  • у камяніцы: арнаментальны роспіс драўлянай столі тэмперай;
  • у лазні: арнаментальны роспіс драўлянай столі і сцен тэмперай;
  • у Алябастравай залі:
    • на сценах — шматфігурны гістарычны сюжэт у тэхніцы фрэскі а сека [па сухой тынкоўцы. — Заўв. Hrodna.life];
    • на адкосах вокнаў і дзвярэй — раслінны арнамент у тэхніцы стука [імітацыя мармуру тынкоўкай. — Заўв. Hrodna.life] плошчай 47,65 кв. м.;
  • у капліцы: плафон на драўлянай столі, люнеты [частка сцяны, абмежаваная аркай і яе апорамі ў форме паўкруга над дзвярамі ці вокнамі. — Заўв. Hrodna.life], арнаментальныя фрэскі на сценах і рэканструкцыя адкосаў вокнаў на падставе захаваных фрагментаў.

Як Алесь Пушкін трапіў у рэканструкцыю замка?

Алесь Пушкін працуе ў ААТ «Белрэстаўрацыя» мастаком-рэстаўратарам. У сакавіку 2020 «Гроднажылбуд» запрасіў «Белрэстаўрацыю» да ўдзелу ў конкурсе па выкананні жывапісу ў замку. Сметнай дакументацыі не было, а тэхзаданне ад «Гроднаграмадзянпраекта» прадугледжвала распрацоўку эскізаў і збор матэрыялаў па абгрунтаванні, расказаў Hrodna.life начальнік сметна-дагаворнага бюро «Белрэстаўрацыі» Руслан Градовіч. Тады была аб’яўлена працэдура на ўвесь комплекс работ па аздабленні інтэр'ераў, ўдакладніла Hrodna.life кіраўніца Упраўлення культуры гродзенскага аблвыканкама Алена Клімовіч. З’явіліся прапановы. Па выніках сталі зразумелыя магчымыя кошты работ, каштарысы дапоўнілі, правялі дадатковую экспертызу. Пасля гэтага пачалі праводзіць тэндары ўжо на кожны від работ асобна. Пакуль прайшла працэдура толькі на выкананне печаў.

Што хацеў сказаць аўтар

Алесь Пушкін — сябра Саюза мастакоў Беларусі. Працу над праектам ён пачаў роўна год таму, у сакавіку 2020 года. Тэхнічнае заданне перадала ААТ «Белрэстаўрацыя». Яшчэ адна прапанова для замка была ад Саюзу мастакоў Беларусі, падзяліўся ён.

Пры стварэнні эскізаў Алесь Пушкін зыходзіў з перыяда XV-XVI стст. у гісторыі Беларусі і Гродна і асобы Стэфана Баторыя ў агульнабеларускім кантэксце, напісана ў тлумачальнай запісцы да праекта. Гэтым дакументам Алесь Пушкін падзяліўся з Hrodna.life. Аўтар абапіраўся на аналагі еўрапейскага мастацтва XVI-XVII стст. і творы эпохі Рэнесанса.

«Ён [замак. — Заўв. Hrodna.life] адраджаецца, нам трэба яго распісаць, каб гэта былі беларусацэнтрычныя роспісы. Тэмат гэтых роспісаў павінен адцеміць вялікую асобу Стэфана Баторыя для нашага краю. Гэта выбітны чалавек, і суверэнітэт сённяшняй Беларусі ў вялікай ступені закладзены на падмуркі яго дзейнасці», — цытуе Алеся Пушкіна «Радыё Рацыя».

Замкавую капліцу Алесь Пушкін прапануе распісаць сцэнамі з жыцця першапакутніка Стэфана, нябеснага апекуна Баторыя. Менавіта ў яго гонар Стэфан Баторый збіраўся асвяціць капліцу паводле даследавання хронік.

Праект ужо крытыкуюць

«Лічу, што зараз на Старым замку адбываецца злачынства — помнік фактычна знішчаюць, а ўсе разважанні пра „беларусацэнтрычнасць“ — гэта або крывадушнасць, або глупства. Беларусам патрэбны не мастацкія фантазіі і наіўныя байкі, а сапраўдная гісторыя!» — напісаў у Facebook гісторык Мікалай Волкаў.

Алесь Пушкін у размове з «Радыё Рацыя» зазначаў, што кансультаваўся з ім, а таксама з гісторыкамі Алесем Смаленчуком, Алесем Краўцэвічам, Генадзем Сагановічам, мастаком Паўлам Татарнікавым. Волкаў падкрэсліў, што ніколі не размаўляў з аўтарам. «Тое, што да мяне звярнуўся за кансультацыяй па некаторых аспектах гісторыі замка Алесь Пушкін, лічу гонарам», — напісаў Алесь Краўцэвіч у абмеркаваннях. Але ўдакладніў, што наконт фрэсак пачуваецца некампетэнтным.

Мастак Павал Татарнікаў таксама не абмяркоўваў з Алесем Пушкіным праект, а эскізы ўпершыню пабачыў у СМІ. Год таму ён раіў аўтару пачытаць матэрыялы Міколы Волкава па Старым замку, расказаў ён Hrodna.life.

Алесь Пушкін у размове з Hrodna.life 25 сакавіка патлумачыў, што Павел Татарнікаў і Мікола Волкаў сапраўды не бачылі яго праекта да прэзентацыі ў Гродне.

Павал Татарнікаў — беларускі мастак-графік, кніжны ілюстратар, аўтар мастацкіх рэканструкцый беларускіх замкаў. Год таму ён зрабіў малюнкі-эскізы знешняга выгляду Старога замка, абапіраючыся на даследаванні Мікалая Волкава.

Беларусацэнтрычнасць ці крывадушнасць? Чаму роспісы Старога замка ад Алеся Пушкіна выклікаюць спрэчкі
Адна з выяў Старога замка Паўла Татарнікава. Фота: Facebook аўтара

«Замоўцам праектаў трэба вызначыцца — ці гэта сапраўдная навукова-гістарычная рэканструкцыя, ці стварэнне сучаснага аўтарскага твора мастацтва на такім самым аўтарскім сучасным будаўнічым аб’екце з умоўнымі гістарычнымі ці рэлігійнымі матывамі», — перакананы мастак.

Якія роспісы пасуюць замку?

Гісторык Мікалай Волкаў шмат крытыкаваў праект замка Уладзіміра Бачкова. Прапановы Алеся Пушкіна па роспісах ён назваў прыдумкай.

Мікалай Волкаў — кандыдат гістарычных навук, займаецца гісторыяй фартыфікацыі, архітэктуры і горадабудаўніцтва Вялікага Княства Літоўскага ў XVI-XVIII стст., у тым ліку Старога замка ў Гродне.

Усе тыя пакоі, якія прапануе аздабляць Алесь Пушкін — у большасці выпадкаў адарваныя ад рэальнасці і гісторыі, мяркуе ён. «Найбольш выразна гэта бачна па вежы над Нёманам. Там лазня і Алебастравая зала былі на 2 і 3 паверхах, а Бачкоў іх „пасадзіў“ на 3 і 4, — патлумачыў Мікалай Волкаў Hrodna.life. — Алебастравая зала па інвентарах займала толькі частку вежы і мела 3 вакны, Бачкоў яе зрабіў на ўвесь паверх і з 6 вокнамі. У такіх умовах узнікае пытанне, на які перыяд і што збіраецца размалёўваць Пушкін?»

Чытайце таксама:

Акрамя таго, аўтар вельмі творча падыходзіць да роспісаў, не спрабуючы наблізіцца да стылістыкі адпаведнага перыяду, мяркуе Волкаў. «Там, як я бачу, алюзія да позняга барока [першая палова XVIII ст., пазней, чым заяўлены перыяд. — Заўв. Hrodna.life], прычым месцамі вельмі экспрэсіўная і сучасная», — заўважае гісторык.

«На фактычную рэалізацыю любога праекта ўплывае бясконцая колькасць фактараў, таму вынік у натуры можа, хутчэй за ўсё, стацца іншым», — сказаў Hrodna.life спецыяліст у галіне спадчыны Сцяпан Стурэйка. Эскізы не выклікаюць у яго негатыву.

Сцяпан Стурэйка — гісторык, культурны антраполаг, старшыня Беларускага камітэта ICOMOS.

«Першая чарга рэканструкцыі замка — гэта пераважна не сам помнік, а хутчэй сума нашых уяўленняў аб ім, аб гісторыі ды архітэктуры старажытнай эпохі, — лічыць Стурэйка. — Праз гэта і падкрэслена сучасны стыль роспісаў, не ўводзячы наведнікаў у зман, стаў бы ўдалым дадатковым каментаром да іх».

Такі падыход адпавядае міжнароднай практыцы. Праўда, сюжэт і пасыл роспісаў патрабуе грамадскага абмеркавання. Яно мае быць не стыхійным, а адмыслова арганізаваным, перакананы спецыяліст.

Разам з тым, ацалелыя фрагменты роспісаў варта кансерваваць і экспанаваць для наведнікаў.

Чытайце таксама: «Рэстаўрацыя — не аднаўленне як было». Сцяпан Стурэйка пра спрэчкі вакол Старога замка

Хто такі Алесь Пушкін і чаму яго выстава турбуе ўлады

Алесь Пушкін — беларускі мастак і перформер. Акрамя творчасці, ён вядомы тым, што ў 1999 годзе прывёз тачку гною да рэзідэнцыі Аляксандра Лукашэнкі ў цэнтры Мінска. У ёй быў раздрукаваны партрэт Лукашэнкі, прабіты віламі. Такім чынам мастак выказаў сваю нязгоду з палітыкай Лукашэнкі. Летам 2020 года ў інтэрвью для «Радыё Свабоды» ён зазначаў: другі раз гной бы ўжо не павёз, бо за 21 год у Лукашэнкі з’явіліся і дасягненні. Казаў, што прывёз бы тачку ружаў, калі б быў упэўнены ў трывалай незалежнасці Беларусі, але гэтага няма.

Як рэстаўратар Алесь Пушкін працаваў у кафедральным касцёле Святога Станіслава ў Магілёве, у касцёле архангела Міхаіла ў Міхалішках (Астравецкі раён), з апошняга — аднаўляў роспісы ў палацы Пуслоўскіх (Косава). У касцёле Панны Марыі ў Вішневе (Валожынскі раён) быў навуковым кіраўніком праекта.

Праект роспісаў для Старога замка ў Гродне Алесь Пушкін прэзентаваў 19 сакавіка на адкрыцці сваёй выставы ў «Цэнтры гарадскога жыцця». На ёй прадстаўлены яго карціны, а таксама 30-гадовая гісторыя яго змагання з уладай. Яна працягнулася і пасля выбараў 9 жніўня 2020 года: 11 жніўня Алеся збілі сілавікі.

Да выставы Алеся Пушкіна ў Гродне ўжо з’явіліся прэтэнзіі. 23 сакавіка ў «Цэнтр гарадскога жыцця» пытаўся патрапіць АМАП. Кіраўнік Гродзенскай вобласці Уладзімір Каранік сказаў, што наконт выставы праводзіцца юрыдычная праверка. Сярод работ на выставе ёсць партрэт дзеяча паваеннага антысавецкага падполля Яўгена Жыхара. Ананімныя прапагандысцкія телеграм-каналы, а таксама дзяржаўныя медыя называюць яго нацысцкім злачынцам. 24 сакавіка стала вядома, што праверку выставы вядзе пракуратура.

«Я не пітаю ілюзій, ведаючы цяперашнія часы… Але што зроблена, што напісана, намалёвана мной — за ўсё я гатовы несці поўную персанальную адказнасць, як маральную, палітычную, так і юрыдычную», — сказаў мастак Hrodna.life.

Што цяпер адбываецца ў замку

Пачаліся археалагічныя даследаванні ўздоўж фасада палаца, расказала кіраўніца Упраўлення культуры гродзенскага аблвыканкама Алена Клімовіч 23 сакавіка ў суполцы, прысвечанай замку. Іх вынікі выкарыстаюць пры праектаванні другой чаргі. На ўяздную браму ўсталявалі вароты.

На фасадзе ідуць завяршальныя працы. У частцы памяшканняў замка мантуюць мультымедыйнае абсталяванне для будучай экспазіцыі. У канцы красавіка плануюць прыняць план другой чаргі рэканструкцыі. Агульны бюджэт працаў у замку складае 28 млн рублёў, паведамляе «Гродна Плюс». Адкрыць замак для наведвання мяркуюць ужо летам 2021 года, у час Фестываля нацыянальных культур.

Чытайце таксама:

Журналістка Hrodna.life

У рамках акцыі «Чытаем Пушкіна разам» 13 кастрычніка на вулiцы горада выйшаў двайнік рускага паэта і прапаноўваў гродзенцам чытаць разам вядомыя творы. Такую акцыю правялі студэнты ГрДУ.

«Акцыя праходзіць у два этапы: першы — 13 кастрычніка на вуліцах Гродна, а другі пройдзе ў галоўным корпусе ўніверсітэта 19 кастрычніка. Будуць задзейнічаны не толькі студэнты філалагічнага, але і іншых факультэтаў, таксама будуць выкладчыкі.

Задача такой акцыі - далучыць жыхароў Гродна да творчасці Пушкіна. Нагадаць, а тым, хто не ведае, расказаць, што быў такі вялiкi пісьменнік і што ён актуальны для нашага горада і сёння. Па-першае, гэта літаратура, а па-другое жывое слова, якое ў сучасным камп’ютарызаваным свеце неабходна як інтэлектуальная і духоўная запамога. А жывое слова заўсёды знаходзіцца ў прыярытэце", — распавяла аспірантка ўніверсітэта Вольга Агапонава.

Паколькі ў Пушкіна былі афрыканкі карані, студэнты шукалі на ролю паэта адмысловага чалавека, які б падыходзіў па тыпажы. У выніку ў ролю Пушкіна прыйшлося ўжывацца турэцкаму студэнту Анылу Кая.

Пушкин в Гродно
«Быць Пушкіным вельмі прыемна, я ведаю, што для рускамоўнага народа гэты пісьменнік вельмі важная асоба. Мы выйшлі ў цэнтр Гродна ў касцюме таго часу, а таксама далі магчымасць гараджанам дакрануцца да творчасці вялікага паэта. Я хачу сказаць, што і ў мяне на радзіме ў Анталлі Пушкіна многія ведаюць і чытаюць у школах і ўніверсітэтах. Не толькі Пушкіна, але і Дастаеўскага, Чэхава і іншых».

Пушкин в Гродно