Сацсеткі да Міжнароднага дня жанчын 8 сакавіка перапоўненыя віншаваннямі «мілых дам» і «цудоўнай паловы чалавецтва». Гродзенскія чыноўнікі хваляць іх за тое, што яны цярплівыя і даюць мужчынам пераадольваць перашкоды. Mark Formelle віншуе з дапамогай мужчын у адных трусах. Ці ўсё добра з гэтымі віншаваннямі? Журналістка Hrodna.life запытала спецыялістку ў галіне сацыяльнай філасофіі Ірыну Сідорскую.

8 сакавіка — Міжнародны жаночы дзень. Пачынаўся як свята салідарнасці ў барацьбе за роўныя правы. Часам скатваецца ў святкаванні жаноцкасці і пяшчоты, з чым змагаюцца феміністкі.

Міністр унутраных спраў Іван Кубракоў называе жанчын «мілымі дамамі», а «Гродна Азот» піша пра свята як пра «самае пяшчотнае і вясенняе».

Ірына Сідорская называе такі падыход састарэлым і патрыярхальным. У яе сферы зносін да 2020 год такога ўжо не было. Але пасля 2020 і 2022 году пачалі інтэрпрэтаваць усё заходняе як дрэннае і прасоўваць «традыцыйныя» каштоўнасці.

«Людзі не чуюць нейкіх новых трэндаў. Можа, большая частка з іх думаюць, што так і трэба, што гэта прыемна жанчынам».

Не дапамагае і фемінісцкая спадчына Савецкага Саюза, да якога Беларусь часам апелюе, кажа Ірына.

«Савецкі Саюз быў досыць прагрэсіўнай краінай менавіта з пункту гледжання не фемінізму, але многіх правоў жанчын. Барацьба за правы жанчын туды ўпісвалася. А зараз жа — вялікі кансерватыўны паварот, і трэба абараняць жанчын ад „фемінісцкага экстрэмізму“».

Падобныя наратывы выкарыстоўваюць і ўлады, і бізнес. Ад каго больш шкоды? Ірына лічыць, што прыватныя структуры дбаюць аб прыбытку і разглядаюць дату ў календары, каб людзі патрацілі грошы. А вось дзяржаўныя органы павінны дбаць пра грамадскае дабро.

Жанчына як функцыя

«Бесспорно, что исконным предназначением женщин является поддержание огня семейного очага, создание домашнего уюта, воспитание детей. Однако, вы, сидящие в этом зале, наглядно демонстрируете умение гармонично сочетать эту священную миссию с успешной работой и активной гражданской позицией. <…> При этом идете по жизни уверенно и грациозно, даря окружающим веру в счастливое будущее», — віншуе Юры Караеў, в.а. старшыні Гродзенскага аблвыканкама.

Ірына Сідорская рабіла даследаванні пра тое, які вобраз жанчыны ствараецца ў беларускіх праўладных медыях.

«Там быў менавіта такі вобраз — жанчыны, якая можа ўсё: жонка, маці, якая, між іншым, працуе. І працуе на даволі адказнай пазіцыі. Але галоўнае — яна яшчэ неабыякавая да лёсу дзяржавы і падтрымлівае дзяржаўныя праграмы. Такі ідэальны вобраз жанчыны, якая, з аднаго боку, павінна вось выконваць гэтае „прыроднае“ сваё прызначэнне — быць маці і жонкай. З іншага боку, працаваць, бо ў Беларусі немагчыма пражыць толькі на адну заработную плату. Так было, між іншым, і ў Савецкім Саюзе. Жанчына не магла выбіраць быць хатняй гаспадыняй, калі б і хацела. Для лукашэнкаўскай Беларусі пасля 2020 года важна паказаць, што гэта правільная беларуская жанчына, якая падтрымлівае ўладу».

Згодна са статыстыкай, у Гродзенскай вобласці на пачатак 2024 года пражывала звыш 530 тысяч «абаяльных і прывабных» жанчын. Гэта 53,7% ад агульнай колькасці ўсяго насельніцтва рэгіёна.

Жанчыны пераважаюць у сферах аховы здароўя і сацыяльных паслуг (84,2%), адукацыі (84,2%), фінансавай і страхавой дзейнасці (73,1%). Менш за ўсё іх прадстаўлена ў горназдабыўной прамысловасці (12,1%) і будаўніцтве (13,1%).

правы жанчын
Фота: Miguel Bruna, unsplash.com

«Именно благодаря вашему бесконечному терпению, поддержке, мудрости и любви нам, мужчинам, удается преодолевать все трудности и невзгоды», — выказаўся начальнік Галоўнага фінансавага ўпраўлення Гродзенскага аблвыканкама Павел Ашурык.

У чым праблема? «Жанчына пазіцыянуецца як памочніца мужчыну. Нейкае нават біблейскае такое разуменне, што вось Бог стварыў жанчыну, каб яна дапамагала мужчыну. Самастойнага жыцця, самастойных мэтаў, помыслаў, інтарэсаў у жанчыны быццам бы няма. Па-другое, эксплуатуюцца гэтыя як бы прыродныя якасці жанчыны — цярплівасць, каханне, мудрасць. Гэта такая індульгенцыя, маніпуляванне. Мы можам рабіць што хочам, бо вы ўсё роўна нам даруеце?», — тлумачыць Ірына.

Стэрэатыпныя мерапрыемствы для жанчын на 8 сакавіка

На «Гродна Азот» прапаноўвалі конкурс вырабаў і кірмаш сувеніраў, прафсаюз падрыхтаваў кулінарны майстар-клас, у ГрДМУ прайшло дэфіле. Улады правялі «Забег прыгажосці», дзе жанчыны беглі ў спадніцах.

«Жанчыны — што іх цікавіць? Вопратка, кулінарыя, дробязі, якія можна сваімі рукамі стварыць. Ну як бы яны могуць і хочуць значна большага ў значна большых маштабах. Гэта зусім не прыходзіць у галовы тых, хто робіць гэтыя мерапрыемствы», — кажа Сідорская.

Гэта зноў жа падобна да традыцыйнага падыходу з «рэзервацыямі для жанчын», ацэньвае экспертка.

Чытайце таксама: Калі і чаму пачалі святкаваць 8 сакавіка

Віншаванні мужчынамі ў майтках

Віцебскія МНСнікі запісалі віншаванне для жанчын. Mark Formelle прымеркавалі да даты відэа з напаўаголенымі мужчынамі ў трусах. А гэта не зваротны сексізм?

Mark Formelle абвінавачвалі за рэкламныя кампаніі яшчэ ў 2018, узгадвае Ірына. Яны хочуць увагі - і працуюць над тым, што ім трэба.

«З іншага боку, я баюся, што расце светапоглядны падзел паміж тымі, хто ўнутры Беларусі, і хто за межамі. Бо мы маем зусім розныя прыклады. Тыя, хто ў Беларусі, пазбаўлены магчымасці бачыць [добры досвед]. А калі і бачаць, то альбо ім гавораць, што гэта дрэнны досвед, альбо яны самі ставяць яго пад сумненне».

Ёсць і яшчэ адзін фактар — людзям у Беларусі небяспечна публічна размаўляць пра штосьці сапраўды важнае ў палітычным, сацыяльным і эканамічным плане.

«А людзям жа трэба размаўляць, трэба быць пачутымі, трэба штосьці абмяркоўваць. І яны вось ідуць у такія „бяспечныя“ тэмы міжасабовых стасункаў. І вось тут разыгрываюцца ўсе баталіі».

Замест вопыту — рэцэпт бліноў

Яшчэ адзін традыцыйны від публікацый да 8 сакавіка — калі паказваюць жанчын у быццам бы тыпова мужчынскіх прафесіях і сферах.

«Добра, калі паказваецца, што гэта трэнд, што раней прафесія была мужчынская, але зараз сітуацыя мяняецца. Усё больш дзяўчат, жанчын сюды прыходзяць у іх атрымліваецца, Яны прыносяць новы падыход, новыя ідэі. Паглядзіце, як здорава, калі ў гэтай сферы і ёсць, і мужчыны, і жанчыны».

Але часам жанчыну паказваюць як нейкае выключэнне з правіл. Што яна прыўносіць жаночыя якасці ў традыцыйна мужчынскую прафесію.

«Вось гэта, канешне, дрэнна. Я нават сёння глядзела „СБ“. Там было інтэрв'ю з адзінай міністаркай працы і сацабароны. Там было пазначана, што гэтае інтэрв'ю не пра працу, што яно пра яе асобу. Мяне што ўразіла? Там быў рэцэпт бліноў, якія яна пячэ. Я думала, што гэтага я ўжо ніколі не пабачу, але пабачыла ў 2025 годзе», — абураецца Ірына.

8 сакавіка ў грамадскай свядомасці ў Беларусі стала амаль што сінонімам свята кветак і вясны. Фота: Hrodna.life
8 сакавіка ў грамадскай свядомасці ў Беларусі стала амаль што сінонімам свята кветак і вясны. Фота: Hrodna.life

Нябачныя жанчыны-ваеннаабавязаныя

Завод «Белкард» у Гродне выплаціў жанчынам па 100 рублёў да свята. Але такія ж самыя выплаты атрымалі і мужчыны — у гонар 23 лютага. Пры гэтым ніводны праўладны Telegram-канал Гродзеншчыны не павіншаваў са святам жанчын-ваеннаабавязаных.

У савецкай традыцыі 23 лютага і 8 сакавіка сапраўды былі гендарнымі святамі, тлумачыць Ірына. І такія гендарныя святы, святы пэўнай ролі - маці, бацькі - патрэбныя. Яны ёсць у календарах краін Захаду, які адмаўляе беларуская ўлада. Але гендарнымі святамі дакладна не павінны стаць 23 лютага і не 8 сакавіка, упэўнена экспертка.

Чытайце таксама: Чаму ў Беларусі трымаюцца савецкай традыцыі святкавання 23 лютага

Выкарыстанне падобных наратываў - ад няведання? Ці мужчыны, улады і бізнес адмыслова іх выкарыстоўваюць? Ірына лічыць, што ёсць і адно, і другое.

«Частка мужчын, асабліва старэйшага ўзросту, 50+, могуць проста не ведаць пра іншыя мадэлі. Так было, калі яны былі маладымі, і яны думаюць, што вось гэта тыя словы, якія жанчыны хочуць пачуць. А частка, зразумела, ловяць мэсэджы, якія ідуць з самага верху, ідуць ад Лукашэнкі, ад яго там топавых чыноўнікаў, і развіваюць гэтыя думкі. Тут не трэба быць вельмі разумным. Мне здаецца, гэта ўжо вывучаная частка».

«Вы олицетворяете собой Беларусь — красивую, сильную, устремленную в счастливое будущее. Вдохновляете нас, мужчин, на новые свершения во имя своей страны и воплощение в жизнь самых смелых идей и задумок», — напісалі ад імя Лукашэнкі ў канале «Пул Первого».

На падобныя мэсэджы варта рэагаваць, лічыць Ірына. Асабліва СМІ, экспертнай супольнасці, лідарам і лідаркам — у публічнай прасторы. У прыватнай размове можна карэктна сказаць, што вам не вельмі гэта падабаецца і патлумачыць чаму.

«Змірыцца — ні ў якім разе. Павінна быць рэфлексія. Людзі павінны старацца адпавядаць свайму часу. Зараз час вельмі хутка бяжыць. Канешне, для гэтага трэба прыкладаць намаганні, каб успрымаць гэта новае, каб быць у трэндзе», — лічыць Ірына.

Гэта датычыць і мужчын, і жанчын. «Наогул жа, феміністкамі не нараджаюцца, феміністкамі становяцца. Я думаю, [варта] тлумачыць, якія наступствы праз такое разуменне 8 сакавіка. Ты раз на год атрымліваеш нейкія бонусы, але нашмат больш губляеш».

Як святкаваць 8 сакавіка?

У Савецкім Саюзе і некаторы час у Беларусі быў адзіны агульнапрыняты варыянт, як святкаваць 8 сакавіка. Але беларускі могуць ствараць розныя свае падыходы. Тое, што пасуе адной арганізацыі ці сям'і, непрымальна для іншай, кажа Ірына. То бок, камусьці спадабаюцца мужыкі ў майтках, а камусьці - не.

«Мяняюцца святы, мяняюцца нашы прадстаўленні пра гэтыя святы. Мы можам закладваць нейкія новыя традыцыі. І гэты змест можа быць не зусім адзін, не зусім аднолькавы ў розных структурах», — лічыць яна.

Даведацца, які падыход пасуе ў вашай сям'і ці калектыве, даволі проста — можна проста спытаць у жанчын.

«Хай муж спытае ў сваёй жонкі: „Як бы ты хацела, каб мы адсвяткавалі 8 сакавіка? Чаго б менавіта ты чакала, што для цябе будзе прыемна?“ І гэтак сама зрабіць у арганізацыях. Прынцып — „нічога для нас без нас“. А то мужчыны не ведаюць, што рабіць».

У Польшчы, як назірае Ірына, шмат хто з жанчын сустракае гэты дзень як дзень сястрынскай падтрымкі. «І гэта вельмі добра. Гэта супраць стэрэатыпаў, што жанчыны не ўмеюць сябраваць, заўсёды канкуруюць за мужчын і гэтак далей. А вось якраз я бачу падыход, як жанчыны цэняць адносіны з іншымі жанчынамі, як яны цэняць падтрымку. Мне здаецца, гэта важны сэнс дня».

Ці можна 8 сакавіка дарыць кветкі?

— Я б не аднімала ў людзей свята. У нас не вельмі шмат пазітыўных эмоцый. Для мяне гэта нагода падсвятліць тое, што робяць жанчыны і якіх поспехаў яны дасягаюць. Пагаварыць пра іх, пра каштоўнасць жанчын. Пра ўнёсак, які яны робяць у чалавецтва, у наш свет. Павіншаваць жанчын, сказаць ім «дзякуй» і паказаць павагу, захапленне.

— То бок кветкі дарыць і прымаць можна?

— Можна, безумоўна, дарыць кветкі, але каб гэта не было: ты падарыў кветкі - ну і ўсё. Калі ўжо гаварыць, чаго хочуць жанчыны, так гэта роўных правоў у сям'і і на працы, бяспекі - без гендарнага гвалту і харасмента на працы. Вось гэта тое, над чым можна працаваць.

Чытайце таксама: Беларусаў абурылі цэны цюльпанаў на 8 сакавіка — вінавацяць санкцыі і абмежаванні на гандаль