Юбілейны Фестываль нацыянальных культур у Гродне наведала каля 200 тыс. гасцей. Улады называюць гэта рэкордам. Тым не менш, некаторыя гродзенцы вырашылі застацца дома і не пайшлі на свята. Hrodna.life сабраў меркаванні тых, каму не спадабаўся Фестываль нацыянальных культур.
«Вырашыла першы раз за 30 гадоў фестывалю схадзіць паглядзець. Схадзіла. Паглядзела. Павярнулася і пайшла назад», – напісала адна з гараджанак.
Гродзенка не патлумачыла, што менавіта не спадабалася ёй на свяце. Але ў каментарах сабраліся іншыя гараджане, якія расказалі, за што не любяць Фестываль нацыянальных культур.
Найбольшую незадаволенасць сярод мясцовых жыхароў выклікае натоўп. Гродзенцы прызнаюцца, што ім некамфортна, а чэргі ў кафэ ці прыбіральні выклікаюць раздражненне. Некаторыя і ўвогуле з’яжджаюць за горад, калі ў Гродне праходзяць масавыя гулянні.
“Я не люблю. Масавыя святы. Мне некамфортна. Пару разоў хадзіла і з самай раніцы… З раніцы нармальна. Потым не вельмі», – піша адна з гараджанак.
«Схадзілі, людзей шмат, нічога не відаць, паўгадзіны прастаялі ў прыбіральню і гадзіну прастаялі ў чарзе па ежу», — распавядае іншы карыстальнік.
«Гэта, напэўна, першы год, калі я пры магчымасці не пайшла. Няма з кім было пайсці, а адной у такім натоўпе стрёмна», – адзначае трэцяя карыстальніца.
Таксама сярод удзельнікаў абмеркавання сустракаюцца меркаванні, што з гадамі фестываль страціў сваю асаблівую атмасферу. Яшчэ гадоў 10 таму свята выглядала інакш – цяпер жа наведваць яго не хочацца.
Раней ініцыятарамі мерапрыемстваў на фестывалі былі ўласна гараджане. Сярод стваральнікаў былі ў тым ліку ўдзельнікі клуба “Паходня”, Саюз Палякаў, а таксама аб’яднанні яўрэяў, літоўцаў, татараў і ўкраінцаў. Пасля таго, як фестываль атрымаў статус рэспубліканскага, падыход да яго арганізацыі змяніўся.
Платы, чэргі ў прыбіральню і міжнацыянальныя канфлікты: што яшчэ расчаравала гродзенцаў?
У іншай галінцы ў Threads жыхарка цэнтральнага раёна Гродна расказала, што паспрабавала трапіць на фестываль. Зрабіць гэта аказалася няпроста, таму што святочную зону абгарадзілі платамі – адшукаць КПП было складана.
«А самы абсурд, што з самакатамі дзіцячымі нельга. Дзіця наша бачыла вядома гэтыя правілы, але добра нам хоць дадому побач, а што рабіць тым хто на аўтобусе прыехаў?!?» – пацікавілася гараджанка.
Яшчэ адзін гродзенец паскардзіўся на недахоп біяпрыбіральняў. Паводле яго слоў, каля кабінак былі чэргі. Пры тым, што туалеты былі платнымі, знайсці іх было складана – не апублікавалі карту з месцазнаходжаннем.
Некаторыя гродзенцы звярнулі ўвагу на ўкраінскі падворак. Пакуль адны ў сацсетках пісалі, што фестываль стаў «напамінам, як выдатна жыць у сяброўстве і талерантнасці», іншыя адзначылі: каля ўкраінскага падворка не вывесілі сцяг краіны.
«Па першае — ня бачу ўкраінскага сцяга? Па другое — дзе вы чулі, каб украінцы казалі ЧЯрнява, куЧЯрЯва. Ва ўкраінскай як і ў беларускай кажуць ЧАРНЯВА, куЧАрАва. Так што гэта ўсё — расейцы», — выказваецца адзін з карыстальнікаў.
«Штосьці маўленне не падобна на украінскае», — дадае яшчэ адзін удзельнік абмеркавання.
“Гэта пераапранутыя работнікі раённых Дамоў культуры, музычных школ, карацей вы зразумелі (пераапранутыя прарускія)”, – піша трэці.
Сцэна залітая вадой: а што не спадабалася ўдзельнікам?
У TikTok-акаўнце школы грузінскіх танцаў апублікавалі ролік з выступлення артыстаў на фестывалі. У подпісы аўтары дадалі, што сцэна была залітая вадой.
«Пытанне да арганізатараў: што пераважней, захаванне рэгламенту канцэрта ці бяспека артыстаў, асабліва дзяцей?» — пацікавіліся ўдзельнікі.
У каментарах карыстальнікі падзякавалі артыстам за прафесіяналізм і адзначылі: “арганізатары сёлета былі нешта не вельмі”.
Чытайце таксама: У Гродне адкрылі скульптуру аленя святога Губерта. У яго з’явяцца двайнікі



