Спадчына

Н — Найдус. Паэт, што гаварыў па-тутэйшаму і складаў вершы на трох мовах

Ён — паэт, якога зараз амаль не ведаюць на радзіме. Паэт, што пісаў на мове, якая зараз не гучыць на беларускай зямлі. Яго творы выдаваліся ў 1920−1930-х гг. у Польшчы, а ў 1950-х гг. у Аргенціне. Яго прозвішча засталося ў назве гарадзенскай вуліцы, дзе ён жыў, тварыў ды памёр. Чытайце пяць цікавых фактаў пра Лейба Найдуса ў новым артыкуле «Гарадзенскай азбукі».

«Гарадзенская азбука» ад Hrodna.life — гэта 32 артыкулы пра цікавосткі Гродна. Кожнаму з іх адпавядае адна з літар алфавіту. А — Ажэшка, Б — Баторый, В — Вітаўт і так далей. У кожным артыкуле азбукі вы знойдзеце па пяць цікавых фактаў аб адметных гродзенскіх асобах, месцах ці з’явах.

Лейба, Лёва, Лявон

Лейб Найдус нарадзіўся ў Гродне, а дзяцінства правёў ў мястэчку Кусцін пад Беластокам. Рос у заможнай сям'і. Ягоны бацька ў маладосці пісаў вершы, а пазней заснаваў фабрыку ды займаўся сельскай гаспадаркай.

Клікалі юнага паэта дома па-рознаму: Лейба, Лявон, Леон, Лёва. Бацька Лейба, добразычлівы, інтэлігентны чалавек, вучыў дзяцей паважаць яўрэйскія, беларускія, польскія традыцыі наваколля. І наогул усе жыхары гэтай мясцовасці жылі ў згодзе, сцвярджалі, што яны «тутэйшыя». Іх аб’ядноўвалі праца на зямлі і спецыфічная мясцовая гаворка.

Пачаў пісаць на ідыш з-за дзяўчыны

Ва ўзросце 11 гадоў Лейба пачаў пісаць першыя вершы. Ён рос сярод дагледжаных дзедам і бацькам агародаў, рыбных ставоў, зялёных сенажацяў, лясоў. Тут спазнаў і адгэтуль панёс у жыццё, у сваю творчасць нейкую вельмі інтымную сувязь з прыродай, тонкае адчуванне яе і смутак «аб зялёным каралеўстве Пана».

Пазней хлопец пісаў па-руску, па-польску, на ідыш і друкаваў вершы ў выданнях Вільні і Гродна. Пад уплывам сваёй каханай, знаўцы і аматаркі яўрэйскай літаратуры, Ніны Табачнік (на жаль, яна вельмі рана памёрла ад сухотаў), стаў пісаць выключна на ідыш.

Быў сіяністам-сацыялістам

У той самы Найдус паступіў у камерцыйную вучэльню ў Радаме, а потым з’ехаў вучыцца ў Беласток. У 1905 годзе быў адлічаны праз удзел у студэнцкіх сходах рэвалюцыйнага працоўнага руху сіяністаў-сацыялістаў. У гэтай партыі Найдус удзельнічаў і пасля, аднак заўсёды быў нашмат больш паэтам, чым партыйным актывістам. Пасля адліку паступіў у вучэльню у Коўне, аднак таксама быў адлічаны з той жа нагоды. Гімназію ў Вільні скончыў толькі ва ўзросце 21 года.

Мадэрніст, віртуоз яўрэйскай паэзіі

Лейба Найдуса называлі «віртуозам яўрэйскай паэзіі». Творы Пушкіна, Лермантава, Гётэ ў яго перакладах на ідыш чыталі яўрэі ўсёй Еўропы, а яго ўласныя вершы друкавалі ў школьных падручніках. Ён быў мадэрністам, прыхільнікам ідэі абнаўленны яўрэйскай паэзіі на ідыш. Галоўная ідэя мадэрнізма — адыход ад традыцый і стварэнне новай літаратурнай мовы.

У даследаваннях ёсць параўнанні яго з Пушкіным: як Пушкін стварыў новую рускую літаратурную паэтычную мову, так Найдус зрабіў тое ж самае для паэзіі на ідыш. Вершы Найдуса былі папулярныя, асабліва сярод моладзі, хаця для правінцыяльнага яўрэйскага вуха яны і здаваліся нязначнымі.

Традыцыйнымі тэмамі яўрэйскай літаратуры былі боязь пагромаў, цяжкія пакуты прыгнечаных людзей, густа засяроджаных у рамках мяжы аселасці, асуджаных на жабрацкае існаванне. У вершах жа Найдуса — «захапленне прыродай, цесна знітаванай з чалавекам, меладычнасць, напеўнасць» — усё тое, чаго так не хапала яурэйскай літаратуры наогул.

Вуліца і помнікі ў двух гарадах

Найдус памёр ад дыфтэрыі ў 1918 годзе, ў Гродне. Яго сябра, Абрам Зак, зімою вёз яго на санках у шпіталь, аднак выратаваць паэта не атрымалася. На пахаванне сабраўся натоўп аматараў творчасці Лейба, яго паэтычных вечарын. На магіле быў пастаўлены помнік вядомага скульптара Астшегі: анёл, які мае два вялікіх белых крыла, апушчаных, скручаных ці зламаных. У пачатку 1950-х яўрэйскія могілкі былі знесеныя дзеля стадыёна «Чырвонае знамя». Помнік не захаваўся. У 1992 годзе ў Варшаве на яўрэйскіх могілках на вуліцы Акаповай аматары паэзіі Найдуса паставілі кенатаф — помнік на сімвалічнай магіле паэта. А ў Гародні, у самым цэнтры, ёсць вуліца Лейба Найдуса; у доме № 1, як мяркуюць, жыў паэт. Былы дом не захаваўся, на яго месцы пабудаваны гандлёвы цэнтр ABC.

Аўтар выказвае вялікую падзяку за дапамогу ў працы над артыкулам Марыне Шапялевіч, складальніцы кнігі «Я сердцем солнца пью нектар. Лейб Найдус. К 130-летию со дня рождения гродненского поэта» (Гродно, 2021).

Чытай таксама:

Падзяліцца

Апошнія запісы

«Я і цяпер не згублюся ў Гродне». Пагутарылі з рэпатрыянтам, які пераехаў у Польшчу ў 1946 годзе, але дагэтуль памятае родны горад

Генрык Усціла нарадзіўся ў 1929 годзе ў Гродне на вуліцы Брыгіцкай. У 1935 годзе яго…

21 лютага 2025

«Нам з вамі нельга мець ніякіх сувязей». З’ездзілі ў Белавежскую пушчу, падзеленую агароджай, і даведаліся, што адбываецца па абодва бакі

Агароджа на мяжы Польшчы і Беларусі дзеліць Белавежскую пушчу на дзве часткі. Па абодва бакі…

19 лютага 2025

«Пасведчанне аб шлюбе парвалі пры сварцы». Як беларусы (не) разводзяцца ў эміграцыі

Ягор з партнёркай перажылі тры пераезды і вайну, і калі вонкавага лайна стала менш -…

18 лютага 2025

Забойства інжынера Кёніга. Як у Гродне 100 гадоў таму расследавалі гучную справу

Сто гадоў таму ў Гродне адбылося самае гучнае забойства 1925-га: у цэнтры гораду забілі вядомага…

17 лютага 2025

Дзень Сябровак замест Валянцінава дня. А вы ведалі, што адзначаюць 13 лютага?

Напярэдадні Дня святога Валянціна ўсё больш жанчын у свеце адзначаюць Дзень Галентайна - жаночага сяброўства.…

13 лютага 2025

Казюкі ў парку, блін-тусоўка і па пудзілу на кожны дзень. Дзе ў Гродне адсвяткаваць Масленіцу-2025

Масленіца ў гэтым годзе прыпадае на 2 сакавіка, а масленічны тыдзень пачынаецца з 24 лютага.…

12 лютага 2025