Адмысловая пастаянная экспазіцыя ў музеі ў Вялікай харальнай сінагозе раскажа пра жыццё і творчасць вядомага яўрэйскага паэта, шчыльна звязанага з горадам.

Зараз пачаўся збор матэрыялаў і інфармацыі звязанай з Лейбам Найдусам. Стваральнікі экспазіцыі збіраюць публікацыі Найдуса і фатаграфіі паэта.

Ужо цяпер у музеі ёсць рукапісы пляменніцы Найдуса, якая расказала падрабязна пра жыццё і дзейнасць свайго дзядзькі. Ёсць розныя зборнікі і цікавыя здымкі. Напрыклад, на адным з іх бачны вялікі белы помнік на магіле Найдуса ў Гродне, якi ў пасляваенныя гады быў знішчаны.

Калі ў вас ёсць чым падзяліцца, звяртайцеся па нумары: +375 297 826 114

У Музеі гісторыі яўрэяў Гродзеншчыны ствараюць экспазіцыю пра Лейба Найдуса
Лейб Найдус і помнік на яго магіле ў Гродне

Сын Гродзенскай зямлi

Лейб Найдус нарадзіўся ў Гродне ў 1890 годзе і памёр у родным горадзе ў 1918 годзе ва ўзросце 28 гадоў. Паэт пісаў на трох яму блізкіх мовах: ідыш, польскай і рускай. Некаторыя крыніцы сцвярджаюць, што пісаў гродзенец і па-беларуску. На жаль, тыя творы не захаваліся.

На ідыш паэт не толькі пісаў, але і пераствараў творы сусветнай класыкі. Лейб Найдус не толькі даў магчымасьць доступу да твораў перадавых паэтаў заходняга свету сваім чытачам, але і сам выразна эвалюцыянаваў пад іх уплывам.

У апошнія гады жыцця паэт цалкам аддаўся літаратурнай працы. Быў шырока вядомы і шанаваны ў яўрэйскай грамадзе. Ягоныя вершы ведалі, вывучалі ў школе, да іх пісалі музыку.

Анёл з надломленымі крыламі

Пра жыццё i творчасць паэта ў 2015 годзе, да 125-годдзя з дня яго нараджэння, пiсала для «Свабоды» Ала Петрушкевіч:


Фінальны час жыцця Найдуса быў вельмі няпросты: вайна, спусташэнне, голад. У часе адной вандроўкі, калі паэт вымушаны быў вяртацца дамоў у перапоўненым вагоне, ён захварэў на дыфтэрыю, што для аслабленага арганізму стала фатальным. Лекара адразу не выклікаў, мяркуючы, што гэта звычайная прастуда. Побач з Найдусам быў ягоны сябар, літаратурны крытык Абрам Зак. Ён адвёз паэта ў шпіталь на дзіцячых санках, але было ўжо позна.

У Музеі гісторыі яўрэяў Гродзеншчыны ствараюць экспазіцыю пра Лейба Найдуса
На здымках Лейб Найдус i яго сябр Абрам Зак
Пасля смерці паэта было шмат зроблена дзеля ўшанавання ягонай памяці. Невялікая вулiчка ў цэнтры Гродна, якая здаўна называлася Пясчанай, атрымала імя Лейба Найдуса. Менавіта тут, у невялікім доме, у пакоі на першым паверсе жыў паэт. Тут ён пайшоў з жыцця. Праз пяць гадоў, у 1923, на ягонай магіле быў адкрыты помнік аўтарства варшаўскага скульптара Абрама Астжэгі. Апушчаныя, надломленыя белыя крылы, якімі прыкрыты твар анёла… Захаваўся здымак: мноства людзей на могілках, што прыйшлі ўшанаваць паэта. Але помнік, што бялее ўдалечыні, на здымку разгледзець немагчыма. Ён захаваўся толькі ў памяці людзей. Так, Іна Анатольеўна Карпюк згадвала, што гэты помнік быў нетыповым, вылучаўся сярод іншых.

У вялікім свеце сляды Лейба Найдуса захаваныя. У розных мясцінах, па якіх воляю лёсу параскідана яўрэйская грамада. Так, на яўрэйскіх могілках у Парыжы Гродзенскім зямляцтвам пастаўлены помнік, на цокалі якога высечаны барэльеф паэта. Тут ушанаваныя гродзенскія яўрэі, што загінулі ў гады Другой сусветнай вайны. І няхай дапушчана фармальная памылка, бо Лейб Найдус памёр значна раней, усё ж ён па праву належыць да гэтай грамады — гродзенскага яўрэйства. У 1995 годзе на яўрэйскіх могілках у Варшаве на сымбалічнай магіле таксама паўстаў помнік паэту.

А «Новыя могiлкi» ў Гродне, дзе быў пахаваны Найдус пры звычным маўчанні гродзенцаў былі зруйнаваныя ў 50-я гады. На іх месцы пабудаваны стадыён. Як калiсьцi напісаў Андрэй Адляніцкі, «на працягу 80-х гадоў пасля яго смерці было шмат намаганняў, каб памяць пра Найдуса знікла разам з гісторыяй усяго яўрэйскага Гродна. Яго вершы спалілі фашысты, а магілу знішчылі камуністы…»


У Музеі гісторыі яўрэяў Гродзеншчыны ствараюць экспазіцыю пра Лейба Найдуса