Дадаць навіну
Серада, 22 жніўня 2018, 04:06

«Не толькі камісарам трэба помнікі ставіць». Гродзенскі скульптар шукае сродкі на бюст паэту Лейбу Найдусу

Яшчэ на пачатку 1990-х вядомы гродзенскі скульптар Анатоль Салятыцкі атрымаў заказ ад мясцовага гарвыканкама распрацаваць праект бюста і памятнай шыльды ў гонар вядомага паэта Лейбы Наудуса. Іх прапанавалі ўсталяваць на вуліцы імя паэта ў Гродне. Майстар замову выканаў, але вось гарадскія ўлады чамусьці забылася пра мастака і не захацела прымаць працу. Сёлета 10 мая скульптар зноў звярнуўся ў гарвыканкам са сваім праектам. Яму адказалі, што гатовы паставіць бюст, але ў горада няма сродкаў.

«Самае крыўднае, што 1990-х я працу выканаў, а пра мяне забыліся. І гэта нягледзячы на тое, што ўсе дакументы былі аформлены. Сёння ў мяне ўвесь праект на руках, засталося толькі адліць бюст. Але каб усё рэалізаваць трэба 4 тысячы долараў, — кажа майстар.

Макет бюста Лейбу Найдусу
Праект скульптара прадугледжвае бюст з бронзы і гранітную пліту з надпісамі на беларускай мове і іўрыце.

«У нас у Гродне была вялікая і вядомая яўрэйская абшчына. І гэты народ вельмі пацярпеў падчас апошняй вайны, а іх памяць практычна ніяк не ўшанавана ў нас. Лейб Найдус — паэт, якога ведае цэлы свет. Калі саветы разбіралі старыя могілкі, дзе цяпер стадыён, палякі прыехалі і ўзялі некалькі вёдраў зямлі. Яны зрабілі імітацыю пахавання ў Варшаве з помнікам Найдусу. Чаму палякі могуць зрабіць хоць нешта, а ў родным горадзе паэта, дзе ён жыў і тварыў, нічога не робяць для яго памяці?. Сорамна. Трэба захоўваць памяць пра сваё, а не толькі чырвонаармейцам і камісарам помнікі ставіць, якія не маюць дачынення да нашага горада»— дадаў Салятыцкі.

Скульптар Анатоль Салятыцкі

Калі гарадскі бюджэт не можа дазволіць сабе бюст вядомаму сыну гродзенскай зямлі, то скульптар гатовы прапанаваць праект мецэнату.

Хто такi Лейб Найдус

Лейб Найдус нарадзіўся ў Гродне ў 1890 годзе і памёр у родным горадзе ў 1918 годзе ва ўзросце 28 гадоў. Паэт пісаў на трох яму блізкіх мовах: ідыш, польскай і рускай. Некаторыя крыніцы сцвярджаюць, што пісаў ён і па-беларуску. На жаль, тыя творы не захаваліся.

На ідыш паэт не толькі пісаў, але і перакладаў творы сусветнай класікі. Такім чынам ён даў магчымасьць доступу да твораў перадавых паэтаў заходняга свету сваім чытачам і сам выразна эвалюцыянаваў пад іх уплывам.

У апошнія гады жыцця паэт цалкам аддаўся літаратурнай працы. Быў шырока вядомы і шанаваны ў яўрэйскай грамадзе. Яго вершы ведалі, вывучалі ў школе, да іх пісалі музыку.

Хутка адмысловая пастаянная экспазіцыя ў музеі ў Вялікай харальнай сінагогі раскажа пра жыццё і творчасць вядомага яўрэйскага паэта Лейба Найдуса

Анёл з надломленымі крыламі

Пра жыццё i творчасць паэта ў 2015 годзе, да 125-годдзя з дня яго нараджэння, пiсала Ала Петрушкевіч:

Апошнія гады жыцця Найдуса былі вельмі няпростымі: вайна, спусташэнне, голад. Падчас адной вандроўкі, калі паэт вяртаўся дамоў у перапоўненым вагоне, ён захварэў на дыфтэрыю, што для аслабленага арганізму стала фатальным. Лекара адразу не выклікалі, мяркуючы, што гэта звычайная прастуда. Побач з Найдусам быў яго сябар, літаратурны крытык Абрам Зак. Ён адвёз паэта ў шпіталь на дзіцячых санках, але было ўжо позна.

Пасля смерці Лейба Найдуса невялікая вулiчка ў цэнтры Гродна, якая здаўна называлася Пясчанай, атрымала яго імя. Менавіта тут, у невялікім доме, у пакоі на першым паверсе, жыў паэт. Тут ён пайшоў з жыцця. Праз пяць гадоў, у 1923, на ягонай магіле быў адкрыты помнік аўтарства варшаўскага скульптара Абрама Астжэгі. Апушчаныя, надломленыя белыя крылы, якімі прыкрыты твар анёла. Захаваўся здымак: мноства людзей на могілках, што прыйшлі ўшанаваць паэта. Але помнік, што бялее ўдалечыні, на здымку разгледзець немагчыма. Ён захаваўся толькі ў памяці людзей. Так, Іна Анатольеўна Карпюк згадвала, што гэты помнік быў нетыповым, вылучаўся сярод іншых.

Лейб Найдус і помнік на яго магіле ў Гродне
Па цэлым свеце, у розных мясцінах, куды воляю лёсу параскідала яўрэйскую грамаду, можна знайсці сляды памяці пра гродзенскага паэта. Так, на яўрэйскіх могілках у Парыжы Гродзенскім зямляцтвам пастаўлены помнік, на цокалі якога высечаны барэльеф паэта. Тут ушанаваны гродзенскія яўрэі, што загінулі ў гады Другой сусветнай вайны. І няхай дапушчана фармальная памылка, бо Лейб Найдус памёр значна раней, усё ж ён па праву належыць да гэтай грамады — гродзенскага яўрэйства. У 1995 годзе на яўрэйскіх могілках у Варшаве на сімвалічнай магіле таксама паўстаў помнік паэту.

А «Новыя могiлкi» ў Гродне, дзе быў пахаваны Найдус, па маўклівай згодзе гродзенцаў былі зруйнаваныя ў 50-я гады. На іх месцы пабудаваны стадыён. Як калiсьцi напісаў Андрэй Адляніцкі, «напрацягу 80-х гадоў пасля яго смерці было шмат намаганняў, каб памяць пра Найдуса знікла разам з гісторыяй усяго яўрэйскага Гродна. Яго вершы спалілі фашысты, а магілу знішчылі камуністы…».

Вуліца імя Лейбы Найдуса ў Гродне

Калі вы знайшлі ў тэксце памылку або абдрукоўку, калі ласка, паведаміце нам, выбраўшы адпаведны фрагмент і націснуўшы клавішы Ctrl+Enter.

Раім пачытаць

Каментары

comments powered by HyperComments

Spelling error report

The following text will be sent to our editors: