14 ліпеня спаўняецца 31 год з дня смерці Аляксея Карпюка. Гродзенец, пісьменнік, партызан, сябра Васіля Быкава. Адным словам — гонар і сумленне нашага гораду. Пра Карпюка напісана нямала. Канал пра гісторыю Hrodna 11:27 выбраў некалькі цікавых фактаў пра гэтага чалавека.

Паходзіў з ваколіц Беластока

Аляксей Карпюк нарадзіўся ў красавіку 1920 г. у вёсцы Страшава пад Гарадком на Беласточчыне. Сёння гэта ўсяго пару кіламетраў ад беларускай мяжы з польскага боку. Сёння Страшава яшчэ існуе, але ад хутара Карпюкоў засталіся толькі руіны. Бацька Карпюка Нічыпар быў удзельнікам Першай Сусветнай вайны, а ў гады міжваеннай Польшчы ўдзельнічаў у працы падпольнай Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі. Аляксей Карпюк з маладых гадоў навучыўся падпольнай рабоце і пасля выкарыстаў свае веды ў барацьбе супраць фашыстаў.

Уцёк з фашысцкага канцлагера і ўзначаліў партызанскі атрад

У 1943 г. фашысты пасадзілі Аляксея Карпюка і яго брата Валодзю ў канцлагер Штутгоф на беразе Балтыйскага мора. Карпюк здолеў уцячы з лагера і, пераапрануўшыся ў нямецкага чыгуначніка, прыехаў дадому. Аднак прыйшлося ўцякаць у лес. Там ён сустрэў Мікалая Вайцяхоўскага — камандзіра баявой групы НКВД, якая стварала ў нашых лясах партызанскую брыгаду імя Кастуся Каліноўскага. Карпюку дазволілі ўласны атрад, у якім ён аб’яднаў каля 60 чалавек і пусціў пад адхон тры фашысцкія цягнікі.

Амаль смяротна паранены падчас штурма Берліна

Пасля вызвалення Гродзеншыны Карпюк мог не ісці на фронт, але такі пайшоў у ваенкамат і ўдзельнічаў у вызваленні Польшчы. У бітве за Берлін 26 красавіка 1945 г. быў паранены настолькі цяжка, што страціў кавалак лёгкага. Больш-менш падлячыўшыся прыехаў у Гродна толькі ў верасні, каб паступіць у інстытут. Так і застаўся ў Гродне амаль на паўстагоддзя.

Аляксей Карпюк
Аляксей Карпюк

Не піў гарэлкі і не курыў

Карпюк быў прынцыповым абстынентам і нават у рот не браў гарэлкі. З таго атрымлівалася шмат камічных сюжэтаў, бо пісьменнік нават паехаў у Маскву, каб заручыцца падтрымкай аднаго генерала, які напісаў у сваіх успамінах, што не п’е. Генерал горача падтрымаў прапанову Карпюка і каб адзначыць знаёмства прынёс бутэльку каньяку…

Каля дваццаці разоў перапісваў раман «Данута»

Свой самы знакаміты раман пра вайну і каханне Карпюк перапісваў каля дваццаці разоў, паколькі яго больш салідным заслужаным сябрам Янку Брылю і Васілю Быкаву не падабаліся то мова пісьменніка, то некаторыя павароты сюжэта. Але ў Карпюка было дастаткова працавітасці каб стварыць сапраўдны шэдэўр. «Дануту» раім прачытаць усім.

31 год таму памёр Аляксей Карпюк: 9 фактаў пра знакамітага гродзенца

Не навучыўся кіраваць машынай

Вельмі хацеў мець аўтамабіль і з часам набыў сабе новенькі «Жыгуль». Радасна сёўшы за руль пісьменнік пабіў яго на першым павароце. Прыкладна такая самая бяда здарылася і з яго жонкай Інай Анатольеўнай. З той пары машына стаяла без выкарыстання і пасля яе прадалі.

Аляксей Карпюк — Дзед Мароз

У 1980-х гг. у Гродна перавялі з Полацка заснаваны незадоўга да таго музей атэізму і гісторыі рэлігіі (сучасны Музей гісторыі рэлігіі). Карпюка, як ідэйнага атэіста, паставілі дырэктарам установы. Супрацоўнікам Карпюк запомніўся як апантаны збіральнік спадчыны, які арганізоўваў паездкі па экспанаты ў самыя аддаленыя куточкі вобласці. Суровы дырэктар — ён мог летам арганізаваць маладым супрацоўніцам паездку на прыроду каб назбіраць кветак, а зімой нязменна выступаў у якасці Дзеда Мароза. Дзякуючы Карпюку музей гісторыі рэлгіі стаў адной самых салідных устаноў культуры Гродзеншыны.

Меў дачыненне да вяртання Каложы Праваслаўнай Царкве

Карпюк з вялікай пашанай ставіўся да веруючых людзей, пісаў, што цяплей становіцца на душы, калі чуе, як б’юць званы. А ў тыя час Каложская царква была філіяй музея атэізму і не функцыянавала як святыня. Карпюк запрасіў у Гродна мітарапаліта Філарэта, абмеркаваў з ім справу вяртання царквы Барыса і Глеба праваслаўным вернікам. Царкву вярнулі праваслаўным і сёння гэта найважнейшая святыня нашага горада.

Аляксей Карпюк і мітрапаліт Філарэт ля Каложы
Аляксей Карпюк і мітрапаліт Філарэт ля Каложы

Пахавалі пад бела-чырвона-белым сцягам

Карпюк памёр летам 1992 г. калі бела-чырвона-белы сцяг і Пагоня былі дзяржаўнымі сімваламі Беларусі. Як партызана і франтавіка яго пахавалі з вайсквым ушанаваннем і салютам на могілках па Праспекце Касманаўтаў пад тагачасным дзяржаўным сцягам.

Аляксей Карпюк пахаванне 1992
Пахаванне Аляксея Карпюка
Аляксей Карпюк пахаванне 1992
Пахаванне Аляксея Карпюка