Гродзенская яўрэйская абшчына зацікаўлена ва ўвекавечанні імя Лейбы Найдуса на вуліцы яго імя. Пра гэта Hrodna.life распавёў кіраўнік культурнага праекта «Кіслеў» Натан Шамсутдзінаў, які ў бліжэйшы час пачне займацца пытаннямі ўстаноўкі мемарыяльнай шыльды ў гонар паэта.

23 ліпеня 2018 спаўняецца 100 гадоў як у Гродне памёр паэт Лейб Найдус. З гэтай нагоды ў музеі ў сінагозе рыхтуюць вялікі стэнд прысвечаны вядомаму гродзенцу. Таксама на радзіму паэта ўжо прыязджаў яго ўнучаты пляменнік — Яўген Смоляр. Вядомы ў мінулым польскі журналіст быў рады, што ў Гродне праз до1ўгія гады захавалася вуліца названая ў гонар яго дзеда. Яшчэ да прыезду сваяка Найдуса, у Гродне ўздымалася пытанне аб усталёўцы бюста паэту. Але сёння ў яўрэйскай абшчыне лічаць, што будзе лепш, калі на вуліцы ў цэнтры Гродна замест невялікага помніка з’явіцца мемарыяльная шыльда.

«Абшчына распрацоўвае разам з праектам „Кіслеў“ план усталявання мемарыяльнай дошкі, — распавядае Натан Шамсутдзінаў. — Таксама мы вядзем перамовы з гарвыканкамам. Сёння калегіяльнага мы вырашылі, што мемарыяльная дошка будзе лепш за бюст, бо ў абшчыны няма такіх фінансаў каб ўсталяваць помнік».

Шыльда ці бюст? У Гродне думаюць як увекавечыць імя Найдуса
Такi макет бюста Лейбу Найдусу прапаноўваў гродзенскі скульптар Анатоль Салятыцкі. За скульптуру мастак хацеў 4000 долараў. Праект прадугледжваў бюст з бронзы і гранітную пліту з надпісамі на беларускай мове і іўрыце.

Ужо зроблены вялікі крок

Каб усталяваць дошку, абшчына хоча прыцягнуць не толькі мясцовых прадпрымальнікаў, але і замежнікаў. Ёсць верагоднасць, што будзе распрацавана спецыяльная праграма па зборы ахвяраванняў.

«Гродзенец Лейб Найдус быў паэтам яўрэйскай нацыянальнасці, пісаў не толькі на ідыш, але і на іншых мовах. Гэты чалавек у маладым узросце стаў значнай фігурай для розных культур, — кажа Натан Шамсутдзінаў. — Як прадстаўнік абшчыны, жыхар горада і чалавек звязаны з культурай, я лічу, што нельга не ўшанаваць памяць Лейба Найдуса. Сёння ўжо зроблены вялікі крок — горад назваў адну з вуліц у цэнтры яго імем. Засталася шыльда».

Шыльда ці бюст? У Гродне думаюць як увекавечыць імя Найдуса
Унучаты пляменнік Найдуса Яўген Смоляр iдзе на вуліцы названай у гонар паэта. Пасля смерці Найдуса невялікая вулiчка ў цэнтры Гродна, якая здаўна называлася Пясчанай, атрымала яго імя. Менавіта тут, у невялікім доме, у пакоі на першым паверсе, жыў паэт. Тут ён пайшоў з жыцця.

Анёл з апушчанымі крыламі

Каб усталяваць памятную дошку ў цэнтры Гродна патрэбныя не толькі сродкі, але і дазвол ад Міністэрства культуры. Трэба правесці конкурс работ і выбраць месца для ўстаноўкі. У Гродзенскім гарвыканкаме зацікаўлены ў гэтым і гатовыя дапамагчы.

«Безумоўна, такая дошка зможа прыцягнуць увагу турыстаў, у яе будзе добрае месцазнаходжанне — у самым цэнтры горада. Як яна будзе выглядаць, мы дакладна яшчэ не ведаем, але хацелася б, каб на дошцы быў анёл з апушчанымі крыламі. Гэтая ідэя прыйшла нам адразу. Вядома, што помнік на магіле Найдуса ў Гродне быў менавіта такі», — дадаў Натан Шамсутдзінаў.

У абшчыне плануюць усталяваць шыльду да 2020 года.

Шыльда ці бюст? У Гродне думаюць як увекавечыць імя Найдуса
Лейб Найдус і помнік на ягонай магіле ў Гродне. Праз пяць гадоў пасля смерцi, у 1923, на магіле быў адкрыты помнік аўтарства варшаўскага скульптара Абрама Астжэгі.