Музычныя пастаноўкі да Міжнароднага дня людзей з інваліднасцю ўжо чацвёрты год праводзіць у Гродне каманда валанцёраў і падапечных дзіцячага хоспіса. Сёлета яны падрыхтавалі мюзікл «Смялей, Ева!» Паказ адбыўся 4 снежня ў залі Дзяржаўнага каледжа мастацтваў. Перад спектаклем гледачы маглі пабачыць выставу мастацкіх прац з акцыі дзіцячага хоспіса «З верай у жыццё і ў людзей».

«Сёлета мы вырашылі скарыстаць для мюзікла казачны сюжэт, каб распавесці пра сапраўдныя праблемы», — распавядае псіхолаг хоспісу Марыя Бразінская. Гэта пад яе кіраўніцтвам валанцёры перайначвалі казку і ўпляталі ў знаёмы сюжэт невядомую для многіх інфармацыю аб правах людзей з асаблівымі патрабаваннямі.

У гэтым годзе, са словаў Марыі, да валанцёрскага атрада хоспіса далучылася шмат цікавых і ініцыятыўных студэнтаў. «Прыйшлі не толькі студэнты, будучыя псіхолагі, педагогі ці лекары, з каторымі мы традыцыйна працуем, але і матэматыкі таксама. Агулам у спектаклі задзейнічана больш 20 актораў».

Мюзікл пра Еву пазнаёміў гледачоў з канвенцыяй па правах людзей з асаблівымі магчымасцямі

Разам з валанцёрамі ўдзельнічалі ў спектаклі і падапечныя дзіцячага хоспіса — Карына Насытка і Міша Дзюрдзь. Іх героі на сцэне тлумачылі Еве, што яна мае права на здзяйсненне мараў і дапамагалі на гэтым шляху.

«Я ўжо другі раз удзельнічаю ў мюзікле. Летась чытала вершы, а зараз спяваю. Прыемна іграць асобу, што дапамагае гераіні ў цяжкай сітуацыі. У той момант, калі яна траціць надзею і думае, што ўсё страчана, я даю ёй білет на цягнік, каб яна не спынялася на шляху да мары».

Выканаўца ролі Евы, Людміла Цімашук, студэнтка трэцяга курса факультэта псіхалогіі ГрДУ, таксама не першы раз удзельнічае ў пастаноўцы. Але прызнаецца — усё роўна вельмі хвалюецца. «Я іграла раней, але не выконвала галоўных роляў. Адчуваю адначасова і радасную акрыленасць, і страх памыліцца». Тое, што разам з валанцёрамі на сцэну выходзяць дзеці з асаблівымі патрэбамі, меркаваннем Людмілы, надае моцы:

«З імі вельмі прыемна працаваць. Творчасць, яна для ўсіх, гэта тое, што нас яднае».

Мюзікл пра Еву пазнаёміў гледачоў з канвенцыяй па правах людзей з асаблівымі магчымасцямі

Паказ спектакля, створанага камандай дзіцячага хоспіса, упершыню прайшоў у каледжы мастацтваў і адразу сабраў поўную залу гледачоў. Па словах намесніцы дырэктара Аксаны Жураўскай, тэма дапамогі людзям з асаблівымі патрабаваннямі знаёмая навучэнцам каледжа здаўна. Каледж больш за 20 гадоў супрацоўнічае з таварыствам інвалідаў. Навучэнцы і выкладчыкі традыцыйна ладзяць канцэрты і гульнёвыя праграмы для дарослых і дзяцей з асаблівымі патрабаваннямі да Міжнароднага дня інвалідаў і Дня барацьбы з анкалагічнымі захворваннямі.

«Сёлета наша дабрачынная дзейнасць пашырылася яшчэ і за кошт супрацы з дзіцячым хоспісам. Мы з радасцю прымаем на сваёй сцэне спектакль „Смялей, Ева!“ Гэта вельмі добрая супраца, што вучыць дзяцей заўважаць цяжкасці іншых людзей, вучыць іх міласэрнасці».

Мюзікл пра Еву пазнаёміў гледачоў з канвенцыяй па правах людзей з асаблівымі магчымасцямі

Паводле псіхолага дзіцячага хоспіса Марыі Бразінскай, спектакль атрымаўся «моцным і прафесійным», таму хочацца, каб яго змаглі пабачыць не толькі адзін раз.

«Сёлета акцыі, што ладзіць хоспіс, атрымаліся вельмі заўважнымі. Створаная напачатку года экспазіцыя «З верай у жыццё і ў людзей» ужо год падарожнічае па прадпрыемствах горада, дабрачынная выстава «Змяняючы рэальнасць» адкрылася нядаўна ў Дзяржаўнай галерэі Сопата (Польшча), а праект адаптыўнага адзення для інвалідаў-вазочнікаў перамог у конкурсе сацыяльных стартапаў.

Мюзікл пра Еву пазнаёміў гледачоў з канвенцыяй па правах людзей з асаблівымі магчымасцямі