Дзіцячы хоспіс у Гродне хоча шыць зручную вопратку для дзяцей з цяжкімі захворваннямі і для інвалідаў-калясачнікаў. Праект выйграў 10 тысяч рублёў на конкурсе сацыяльных стартапаў SAP UP у Мінску, піша TUT.BY.
Дзіцячы хоспіс у Гродне ўжо адшыў пробную калекцыю адзення для цяжкахворых дзяцей і іх бацькоў - 15 мадэляў.
— Наша калекцыя называецца «Святаяннік». У ёй мы аб’ядналі бачанне бацькоў, якім павінна быць адзенне для дзяцей з вельмі цяжкім дыягназам. Бо гэта дзеці, якія не могуць самі трымаць галаву, падымаць рукі, — распавядае дырэктар Гродзенскага дзіцячага хоспіса Вольга Вялічка. — Мы ведалі, як падбіраць дзецям лекі, як іх паіць, карміць, абязбольваць. Ведалі, як размаўляць з бацькамі, калі іх дзеці памерлі. Але нам здавалася: няўжо гэта праблема — апрануць дзіця? Потым зразумелі: нават калі ў мяне рука зламаная, то кожны дзень апранаць майку, пінжак, а потым іх здымаць будзе вельмі цяжка. А чалавеку на інвалідным вазку яшчэ цяжэй.
У Беларусі для чалавека з інваліднасцю нельга купіць адаптыўную вопратку. А яна патрэбна людзям не толькі на інвалідных вазках, але і жанчынам пасля мастэктаміі (аперацыя па выдаленні малочнай залозы — заўвага TUT.BY), тым, хто доўгі час павінен знаходзіцца ў ложку і здзяйсняць медыцынскія або гігіенічныя працэдуры.
— У нас быў сумны вопыт у Гродна, калі нашу калекцыю не пусцілі на Grodno Fashion Week з-за таго, што яе будуць дэманстраваць дзеці з інваліднасцю, — кажа Вольга Вялічка. — І гэта адбывалася ў той жа тыдзень, калі беларуска на інвалідным вазку стала першай у свеце.
Зараз мы вядзем перамовы з Беларускім домам моды. Нам хацелася б паказаць там сваю пілотную калекцыю, каб наш вопыт рэтрансліраваўся ва ўстановы, якія займаюцца масавым пашывам. Гэта павінна стаць звыклай справай, каб чалавек з пашыранымі патрэбамі мог спакойна праз інтэрнэт замовіць такую вопратку ці купіць яе ў краме.
[irp posts="10 519″ name=""Было б сорамна, каб ведала і не дапамагла". Дызайнерка з дзіцячага хоспіса пра тое, як стала валанцёрам"]
— Цікава, што ў 2016 годзе на конкурсе ў Казахстане галоўны прыз атрымаў праект, які таксама накіраваны на стварэнне адаптыўнага адзення для людзей з абмежаванымі магчымасцямі, — распавялі TUT.BY арганізатары.
У Беларусі аб падобным праекце ўжо таксама гаварылі. Вясной 2017 года сваю калекцыю адзення для інвалідаў-калясачнікаў прэзентавала дызайнер Кацярына Цікота.
Другое месца на конкурсе SAP UP у Мінску атрымаў праект «Разумны горад» — гэта платформа, якая спросціць збор меркаванняў у жыхароў дамоў і кварталаў. Трэцяе месца ў стартапа «Штурман» — гэта мабільнае прыкладанне для невідушчых людзей, якое дапаможа арыентавацца ў прасторы. Аўтары гэтых праектаў выйгралі паездку ў Берлін — у цэнтр падтрымкі сацыяльнага прадпрымальніцтва.