Ад’езд гродзенскай сям'і Енджэеўскіх не быў ані запланаваным, ані жаданым. З сабой Кацярына Еўдакімава-Енджэеўская забрала валізку фарбаў для дзіцячых цацак, якія яна рабіла з дрэва ў Гродне. На іх паспела вырасці пакаленне дзетак, расказала Кацярына для «Радыё Свабода». Майстрыца змагла перавезці сваю справу ў іншую краіну. На зборы было два тыдні.
Муж Кацярыны, Аляксандр Енджэеўскі - вядоўца мерапрыемстваў, займаўся індывідуальнымі і групавымі трэнінгамі, медыятар, актор. У 2021 годзе яму прапанавалі звольніцца з Гродзенскага тэатра лялек па ўласным жаданні. У траўні 2023 года яго затрымалі па звыклым зараз для беларусаў артыкуле — за распаўсюд і захоўванне «экстрэмісцкіх» матэрыялаў. Пасля гэтага сям’я адчувала сябе небяспечна ў Беларусі: яны заўважалі, што за імі сочаць «ціхары». Зараз трэба адбудоўваць свой беларускі бізнес у Польшчы.
На зборы сышло два тыдні. За гэты час зрабілі візы, прадалі абсталяванне майстэрні і сыравіну, скасавалі арэнду майстэрні на мансардзе ў цэнтры гораду, павырашалі неабходныя юрыдычныя пытанні.
Станкі з майстэрні праз мяжу перавозіць нельга. Каб укласціся ў тэрмін да ад’езду, Енджэеўскія паставілі на іх кошт удвая меншы, чым на новыя, і прадавалі танней, чым зараз прадаюць ужываныя. Прадалі лобзік, два шліфавальныя станкі, свідравальны станок, гравэр, дрыль, шрубакрут, некалькі набораў свердзелаў, некалькі набораў насадак для гравэраў і шмат іншых інструментаў. Калі прадавала стужачную пілу, Кацярына не стрымалася і плакала, як па жывой. Агульны прыбытак з продажаў не лічылі - Кацярына кажа, так было маральна лягчэй. Майстэрня, начынне якой распрадавалі, працавала амаль шэсць гадоў. «Пакаленне дзяцей вырасла на маіх цацках», — кажа Кацярына.
Зрабілі распродаж і цацак. Многія кліенты здагадаліся, што сям’я рыхтуецца да ад’езду. Замоваў было столькі, што рыхтаваць іх дапамагалі сябры.
З сабой Кацярына забрала гіпаалергенныя фарбы на вадзяной аснове. Яны пасуюць для дзіцячых цацак — іх можна аблізваць і грызці. Самі фарбы і іх спалучэнні падбіраліся гадамі. Кацярына змагла вывезці каля 15 слоікаў, кожны — коштам у сярэднім $ 30.
Да гэтага году сужэнцы былі рамеснікамі. Пацвердзіць рамесніцтва паводле новых правілаў да 1 ліпеня не атрымалася: адказныя чыноўнікі спачатку нічога не маглі патлумачыць, пасля запатрабавалі дакументы з тэхналагічным працэсам і раздрукаваныя фотаздымкі. Кацярына не захацела перадаваць гэтыя звесткі ў чужыя рукі. Таксама чыноўнікаў не задавальняла, што рамеснікі выкарыстоўваюць пры працы з дрэвам абсталяванне. Адмысловая праграма, праз якую трэба было прабіваць квітанцыі пры продажах і плаціць падаткі паводле новаўвядзення, працавала некарэктна. У выніку сям’я вырашыла не марнаваць час і сілы.
Акрамя фарбаў, у польскі Беласток сям’я змагла забраць пэндзлі, алоўкі, драўляныя загатоўкі, гатовыя цацкі.
«Мы прывезлі сюды розум, гонар, сумленне, свае таленты і свой досвед. Той, хто ўмеў нешта рабіць, ён і ў іншай краіне на каленцы зробіць», — перакананая майстрыца.
Паняцця рамесніка ў Польшчы не існуе. Але дазволена займацца незарэгістраванай дзейнасцю, калі прыбытак ад яе не перавышае $ 650 на месяц. Іначай трэба рэгістраваць ІП.
Кацярына хацела б пайсці ў падатковую і высветліць усе дэталі, але пакуль яе веды польскай мовы недастатковыя. Тым не менш, ужо зараз яна можа браць удзел у польскіх кірмашах рэчаў ручнога вырабу. Для гэтага патрэбна заяўка да арганізатараў. У Польшчы мастачка ўжо прадавала свае цацкі. Да яе звярталіся пастаянныя кліенты, прасілі адправіць цацкі ў Беларусь і ў іншыя еўрапейскія краіны.
Некаторыя кліенты пісалі, што забіралі яе цацкі з сабой у эміграцыю. А адна кліентка, якая купляла шмат цацак у інтэр'ер, паабяцала выкінуць усе і заявіла, што такім здраднікам [як Енджэеўскія] не месца ў краіне.
У Беларусі брэнд называўся «Любо-дорого». У новых умовах перакласці назву і захаваць сэнс не атрымалася. Новая назва майстэрні - GoooodWood (чатыры «о» запар, бо назвы з дзвюма і трыма «о» ўжо існавалі).
Пакуль не зразумела, ці пойдзе справа ў Польшчы. Арэнда майстэрні і купля станкоў - вялікія выдаткі, пра якія пакуль няма гаворкі. Пакуль Кацярына працуе ў майстэрнях знаёмых, а дома выконвае няшумныя працы: шліфуе, фарбуе.
«У будаўнічых крамах я не падыходзіла і не глядзела цэны на станкі. Бо я развіталася са сваімі „дзяўчаткамі“ і „хлопчыкамі“ там. Я ведаю, што яны мне яшчэ доўга не свецяць тут… Ад мяне адрэзалі вялізны кавалак і выкінулі як смецце. Я не рабіла нічога кепскага, я рабіла якасны прадукт», — кажа Кацярына.
І ўсё ж яна марыць пра сваю майстэрню і новую стужкавую пілу. «Чалавек сам сябе лепіць. Мы самі творцы свайго лёсу», — перакананая майстрыца.
Чытайце таксама:
Лічыцца, што складана выбраць падарунак менавіта мужчыну - мужу, сыну, бацьку, партнёру ці сябру. Сітуацыя…
Беларус Алекс Вазнясенскі наведаў Навагрудак як турыст. Мужчыну ўразіла, што горад з багатай гісторыяй знаходзіцца…
Рэстаране-кафэ “Нёманская віціна” ў выглядзе ладдзі - частка канцэпцыі новай гродзенскай набярэжнай, якую абмеркавалі ў…
Аляксей Кажэнаў з'ехаў з Мінску ў 1998-м годзе. Ён атрымаў працу ў Google, стаў дыяканам…
Слэнг пастаянна змяняецца - у апошні час пад ўплывам TikTok. Зразумець яго адразу і ўвесь …
Кожны месяц 22 тоны кававага зерня выязджаюць з Гродна, каб патрапіць на запраўкі па ўсёй…