Трое актораў з Гродзенскага абласнога тэатра лялек не выйдуць на сцэну ў снежні. Гэта Наста Суханосік, Іван Дабрук і Аляксандр Енджэеўскі. Зараз акторы сышлі ў адпачынак. Перад гэтым ім прапанавалі напісаць заявы аб звальненні па пагадненні бакоў. Усе трое актораў былі актыўна занятыя ў рэпертуары.

Крыніца, блізкая да тэатра, на ўмовах ананімнасці пракаментавала для Hrodna.life сітуацыю: «Ранішнікі пад пытаннем, але хутчэй за ўсё будуць. Тэатру вельмі трэба зарабляць грошы, то наўрад ці ад гэтага адмовяцца».

Асабліва адчувальным, на думку крыніцы, стане для тэатру звальненне мужчын-актораў: «Гэта крытычна для навагодняга марафону. Нават без апошніх звальненняў некаторыя мужчыны-акторы не мелі дублёраў. На час святочных ранішнікаў гэта азначае, што ім прыдзецца адпрацоўваць па тры спектаклі ў дзень без выхадных. Не ўяўляю, як гэта будзе».

«Навагоднія ранішнікі пад пытаннем». У Гродне працягваюць звальняць актораў
Іван Дабрук (у цэнтры) у адным з навагодніх спектакляў

Акторы, звальненне каторых чакаецца на сярэдзіну снежня, былі занятыя ў топавых пастаноўках тэатра. Іван Дабрук і Аляксандр Енджэеўскі таксама рабілі ўласныя пастаноўкі як рэжысёры.

Каго звальняюць?

Іван Дабрук працаваў у Тэатры лялек з 1991 гада. Іграў у спектаклях «Трагедыя аб Макбеце», «Сон у летнюю ноч», «Паэма без слоў», «Таямніца снежнай каралевы», «Марозка», «Котчын дом», «Хлопчык-зорка» ды іншых. Як рэжысёр паводле ўласных сцэнарыяў паставіў спектаклі «Вірус, ці гарачая дзясятка», «Асцярожна, Нязнайка!», «Атэль 10 зорак», «Хто ў адказе за планету?».

Наста Суханосік працавала ў тэатры з 2017 года. Іграла ў спектаклях «Залаты ключык», «Вій. Страшная помста», «Котчын дом», «Чеховъ. Чайка», «Незямныя прыгоды», «Камедыя Юдзіфі».

Аляксандр Енджэеўскі працаваў у тэатры лялек з 1996 года. Іграў у спектаклях «Сон у летнюю ноч», «Зімовая казка», «Каралева снягоў», «Пікавая дама», «Прыгоды доктара Д.Д.», «Царэўна-жабка», «Візіт старой дамы» ды іншых. Як рэжысёр паставіў спектакль «Ванільнае марозіва з лімонам».

Каго яшчэ страціў Гродзенскі тэатр лялек за апошні год?

Пасля выбараў і пратэстаў 2020 года з тэатра лялек сыйшоў актор Аляксандр Рацько. Ад верасня ён вучыцца ў Вільні, у ЕГУ. Таксама ў Вільні зараз Віталь Лявонаў. Ён працуе ў «Тэатры жніўня». «Яшчэ адна страта — Васіль Прабадзяк. Актор з’ехаў з Гродна ў Расію і зараз працуе ў адным з тэатраў Разані. Разам з ім пакінула Гродна і абласны тэатр лялек яго жонка, Ларыса Мікіна-Прабадзяк. Яна доўгі час была галоўным мастаком тэатра.

«Навагоднія ранішнікі пад пытаннем». У Гродне працягваюць звальняць актораў
Васіль Прабадзяк у спектаклі «Бразільская цётка»

Чытайце таксама:

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт info@hrodna.life