Да мігрантаў прыехаў фудтрак з шаўрмой, Польшча закрые чыгуначнае спалучэнне ў пункце пропуску «Кузніца», пацярпелымі ад дзеянняў польскіх вайскозцаў прызналі 65 чалавек. Hrodna.life сабраў асноўныя падзеі 19 лістапада, звязаныя з міграцыйным крызісам і знаходжаннем мігрантаў на мяжы.

Для мігрантаў прывезлі шаўрму

У дадатак да аўталаўкі, якая прыехала ў транспарта-лагістычны цэнтр 18 лістапада, у абед 19 лістапада да мігрантаў прыехаў фудтрак. Раней ён працаваў у цэнтры Гродна на вуліцы Вялікай Траецкай. Мігрантам прапануюць хот-догі, а таксама шаўрму з курыцай і свінінай. Акрамя гэтага ў фургоне можна набыць гарбату, каву і глінтвейн.

Шаўрма, аўталаўка і абмен валюты. Што адбывалася з мігрантамі на мяжы ў пятніцу
Водкугі на фудтрак у гугл-мапс. Крыніца: www.google.com/maps/

Фудрак прыехаў да мігрантаў на запрашэнне ўладаў горада. Рэйтынг «Шавермы» на гугл-мапах складае ўсяго адну зорку з пяці. Пазітыўных водгукаў наогул няма.

Прыкладна ў 16 гадзін мігранты пачалі абурацца на тое, што ўладальнікі фудтрака павысілі кошты на шаўрму: яны казалі, што цана нібыта вырасла з 3 да 15 руб. Відэа, дзе нехта пераклейвае цэннік, апублікавалі расійскія «Известия». Пазней уласніца «Шавермы» ў размове з «Нашай ніва» абвергла гэтую інфармацыю. «Мы нічога не падвышалі, прадаем па сваіх родных цэнах. 7,5 рублёў каштуе звычайная», — сказала яна.

Штодзённа мігрантам дастаўляюць каля 8 тон прадуктаў. У тым ліку прадуктовыя наборы з малаком, кансервамі і садавінай, паведаміла БелТА. Пастаўку ежы арганізуюць беларускія вайскоўцы.

У стацыянарным пункце абмена валют, які размешчаны ў пункце пропуска «Брузгі», мігранты маюць магчымасць абмяняць валюту.

Польшча закрые чыгуначнае спалучэнне ў Кузніцы

Дзяржпагранкамітэт Беларусі атрымаў афіцыйны ліст ад польскага боку: з 21 лістапада грузавое спалучэнне ў чыгуначным пункце пропуска «Кузніца» будзе прыпынена.

Аўтамабільны памежны пераход «Брузгі-Кузніца» закрыты з 9 лістапада. Польскі бок спыніў яго працу на наступны дзень пасля масавага маршу мігрантаў да мяжы, у выніку якога яны сталі лагерам уздоўж памежнай паласы.

Узмацнілі меры бяспекі

Аляксандр Лукашэнка даручыў міністру па надзвычайных сітуацыях Вадзіму Сіняўскаму і старшыні Гродзенскага аблвыканкама Уладзіміру Караніку ўзмацніць бяспеку ў месцы размяшчэння мігрантаў. Дапамагчы ў гэтым павінныя памежнікі і супрацоўнікі абласнога УУС.

Транспартна-лагістычны цэнтр забяспечылі першаснымі сродкамі пажаратушэння, унутранным супрацьпажарным вадаправодам. У цэнтры сочаць, каб мігранты не курылі ўнутры памяшкання.

«Пацярпелымі» прызналі 65 чалавек

Следчы камітэт прызнаў «пацярпелымі па справе аб прымяненні спецсродкаў польскімі сілавікамі» 65 чалавек, паведаміла БелТА.

Большасць пацярпелых — грамадзяне Ірака. Сярод іх 14 непаўнагадовых. Таксама пацярпелі журналісты: двое грамадзян Беларусі і адзін грамадзянін Расіі.

Як пачынаўся і рос крызіс на мяжы

Абвастрэнне сітуацыі з мігрантамі, якія спрабуюць незаконна перасекчы польскую, літоўскую і латышскую межы з боку Беларусі, доўжыцца некалькі месяцаў. Звяртаючыся да парламента 26 траўня, Аляксандр Лукашэнка сказаў: «Мы спынялі наркотыкі і мігрантаў - цяпер будзеце самі іх ёсць і лавіць». Міністр замежных спраў Літвы Габрыэлюс Ландсбергіс назваў гэта адкрытай пагрозай.

З пачатку года польскія памежнікі зафіксавалі больш за 30 тысяч спробаў незаконнага перасячэння мяжы. З іх больш за 3,5 тыс. чалавек у жніўні, амаль 7,7 тыс. чалавек у верасні і амаль 17,3 тыс. чалавек у кастрычніку. Пачынаючы з 2 верасня ў 183 населеных пунктах Падляскага і Люблінскага ваяводства, прылеглых да мяжы з Беларуссю, дзейнічае надзвычайнае становішча. Туды не маюць доступу журналісты або актывісты грамадскіх арганізацый, якія займаюцца праблемамі мігрантаў.

Раніцай 8 лістапада вялікая група мігрантаў з рэчамі рушыла ў кірунку памежнага пераходу «Брузгі-Кузніца». Па розных ацэнках у групе было ад 2000 да 4000 чалавек, разам з дзецьмі і цяжарнымі жанчынамі. Не дайшоўшы да пераходу, мігранты павярнулі ў лес і сталі там лагерам. З польскага боку мяжу ахоўваюць войскі, паліцыя, памежнікі і спецслужбы — усяго больш за 13 тыс. сілавікоў. У адказ на прысутнасць мігрантаў, 9 лістапада з 7.00 Польшча закрыла памежны пераход «Кузніца».

У найбліжэйшыя месяцы Беларусь планавала арганізаваць дадатковыя палёты з Блізкага Усходу. Гэта датычыцца і рэгіянальных аэрапортаў, перш за ўсё Гродна. Але з 12 лістапада грамадзян Ірака, Сірыі і Емена перасталі прымаць на авіярэйсы з Турцыі ў Беларусь. Такое рашэнне звязана з загадам турэцкіх уладаў. Таксама ў Беларусь спынілі палёты буйныя іракскія і сірыйскія авіялініі. Верагодна, гэта звязана з тым, што Еўрасаюз разглядае магчымасць увядзення санкцый супраць кампаній.

Раніцай 15 лістапада мігранты пакінулі лагер і вырушылі ў бок пункта пропуска «Брузгі». Проста на асфальце яны паставілі намёты і правялі ноч.

Абвастрэнне сітуацыі на мяжы адбылося 16 лістапада. На памежным пункце пропуска «Брузгі-Кузніца» мігранты спрабавалі прарвацца праз агароджу на тэрыторыю польшчы. Кідалі камяні і бутэлькі ў бок польскіх вайскоўцаў. Разбіралі тратуарную плітку на пункце пропуску «Брузгі». Польскія вайскоўцы прымянілі супраць мігрантаў спецсродкі: вадамёты і светашумавыя гранаты. Пасля чаго мігранты сышлі назад у лагер.

Стыхійны лагер мігранты пакінулі 18 лістапада. Іх размясцілі ў транспартна-лагістычным цэнтры. Ён знаходзіцца побач з памежным пунктам пропуску «Брузгі».