У сувязі з пашкоджаннем кабеля магістральнага канала Беласток-Гродна у Беларусі магчымы праблемы з доступам да сайтаў «заходняга» сегмента. Пра гэта 19 лістапада паведаміў «Белтэлекам». Ёсць верагоднасць, што гэта звязана з беспарадкамі мігрантаў на мяжы 16 лістапада.

У сеціве пачалі з’яўляцца скаргі карыстальнікаў. Аўтарка адной з іх піша, — «У мяне моцна тармазіць ФБ. Сваю старонку, напрыклад, атрымоўваецца адкрыць толькі праз пяць хвілін загрузкі. Апублікаваць новае фота — 10 хвілін. Мне адміны адказалі, што адбыўся тэхнічны збой, і гэта праблема вырашаецца. Буду чакаць».

Першапачаткова правайдар «Дзелавая сетка» паведаміў, што меркаваны тэрмін заканчэння рамонту — у, а 15-ай гадзіне 19 лістапада.

Пазней кліенты аператара RETN атрымалі паведамленне, што «Каманда аварыйнага аднаўлення не можа атрымаць доступ да месца меркаванага пашкоджання. Дэталі і новыя тэрміны аднаўлення ўдакладняюцца», — паведаміў Reform.by.

Хто “зламаў” сеціва? У Беларусі знізілася хуткасць інтэрнэта на вонкавыя рэсурсы
Кабель магістральнага канала Беласток-Гродна ў раёне памежнага перахода. Крыніца: retn.net

Праблемы пачаліся тры дні таму

Магістральны канал Беласток-Гродна праходзіць акурат праз памежны пераход «Брузгі - Кузніца». Ёсць верагоднасць, што пашкоджанне інтэрнэт- кабеля звязана з прысутнасцю на беларуска-польскай мяжы групы мігрантаў. Праблемы з інтэрнэт-каналам у бок Польшчы пачаліся 16 лістапада. Менавіта ў гэты дзень адбылося абвастрэнне сітуацыі на мяжы. Мігранты разразалі калючы дрот, разбіралі тратуарную плітку і кідалі камяні ў польскіх памежнікаў. Польскія сілавікі ў адказ ужылі спецсродкі: слезацечны газ і святло-шумавыя гранаты.