16 лістапада на беларуска-польскай мяжы сітуацыя абвастрылася яшчэ больш. Мігранты на памежным пераходзе «Брузгі-Кузніца» каля Гродна пайшлі ў наступ: кідалі камяні і рэзалі калючы дрот. Польскія сілавікі ў адказ ужылі спецсродкі: слезацечны газ і святло-шумавыя гранаты.

Каля 12.00 мігранты на мяжы пачалі кідаць камяні і бутэлькі ў польскіх сілавікоў, паспрабавалі зламаць плот і разабраць калючы дрот. Мужчыны пайшлі ў атаку на агароджу з бервяном, але іх спынілі магутныя струмяні з вадамёта. Некаторыя кідалі камяні з прашчы. Да 14.00 на пункце пропуску разабралі плітку, яе драбілі на кавалкі і выкарыстоўвалі як зброю. Пры гэтым рэканструкцыя памежнага пункта «Брузгі» скончылася толькі летась. На яе выдаткавалі больш за $ 4 млн крэдыту Міжнароднага банка рэканструкцыі і развіцця.

Штурм мяжы: мігранты разабралі плітку, польскія сілавікі адказалі вадамётамі, паліцэйскаму праламалі чэрап
Пункт пропуску пасля сутыкнення мігрантаў і польскіх сілавікоў. Фота: БелТА

Сярод тых, хто атакаваў можна было заўважыць мужчыну з дарожным знакам у руках. Аднаму з дзяцей мігрантаў на галаву надзелі пакет, каб газ не трапіў у вочы. Сярод нападнікаў заўважылі і хлопчака, які кідаў камяні ў памежнікаў і гуляў са струмянямі польскіх вадамётаў.

Штурм мяжы: мігранты разабралі плітку, польскія сілавікі адказалі вадамётамі, паліцэйскаму праламалі чэрап
З беларускага боку за нападнікамі выстраілася ачапленне. Крыніца фота: twitter.com/CezaryFaber

Польскае Мінабароны апублікавала відэа штурму з польскага боку.

У час сутыкненняў адзін з паліцэйскіх быў сур’ёзна паранены, як мяркуюць, пасля ўдару цвёрдым прадметам адбыўся пералом костак чэрапа, паведаміла польская паліцыя. Яго павезлі ў бальніцу. Ахвярам з боку тых, хто нападаў, аказвалі дапамогу беларускія медыкі і памежнікі. У 14.15 мігранты пачалі вяртацца ў стары лагер.

Штурм мяжы: мігранты разабралі плітку, польскія сілавікі адказалі вадамётамі, паліцэйскаму праламалі чэрап
«Брузгі» пасля сутыкненняў. Крыніца: gpk.gov.by

У Міністэрстве абароны Польшчы сцвярджаюць, што мігранты кідалі ў польскіх сілавікоў шумавыя гранаты, і што гэтыя гранаты мігрантам далі беларускія сілавікі.

Незадоўга да пачатку штурму мяжы перад журналістамі выступіў адзін з мігрантаў і дзяўчына. «Забярыце і ратуйце дзяцей, нас можаце забіць, — казаў ён. — Усё, што вы кажаце — гэта вялікая хлусня… гэта наша апошняя ноч тут. Апоўдні мы прымем рашэнне. Жанчыны і дзеці не могуць тут заставацца».

Як мігранты апынуліся на"Брузгах"

15 лістапада каля 12.30 мігранты пакінулі лагер ля памежнай паласы, дзе яны знаходзіліся з 8 лістапада. На той момант лагер налічвалася каля чатырох тысяч чалавек. У суправаджэнні беларускіх сілавікоў людзі з дзецьмі і з рэчамі прыйшлі на пункт пропуску ў Брузгах. Там яны праз зламаную агароджу з боку памежнага пераходу «Брузгі» падышлі пад самы ўваход на тэрыторыю Польшчы. З польскага боку праз мегафоны звярнуліся па-руску да беларускім афіцыйным асобам і сілавікоў з просьбай даць мігрантам сысці. Звароты паўтаралі і 16 лістапада падчас штурму мяжы.

У 14.30 разбілі намёты і расклалі спальныя мяшкі проста на асфальце паміж пунктамі пропуску «Брузгі» і «Кузніца». Мігранты засталіся там і на ноч. Раніцай мінімум аднаго чалавека забрала хуткая дапамога. Таксама раніцай да мяжы прывезлі пітную ваду і ежу. Некаторыя мігранты перамясціліся да плота паміж Польшчай і Беларуссю.

Штурм мяжы: мігранты разабралі плітку, польскія сілавікі адказалі вадамётамі, паліцэйскаму праламалі чэрап
Новы лагер ўвечары 15 лістапада. Крыніца: gpk.gov.by

Раней сярод мігрантаў распаўсюджвалася інфармацыя, што 15 лістапада іх прапусцяць праз мяжу. Па іх словах, яны не плануюць заставацца ў Польшчы — канчатковай мэтай для ўсіх з’яўляецца Германія.

Як пачынаўся і рос крызіс на мяжы

Абвастрэнне сітуацыі з мігрантамі, якія спрабуюць незаконна перасекчы польскую, літоўскую і латышскую межы з боку Беларусі, доўжыцца некалькі месяцаў. Звяртаючыся да парламента 26 траўня, Аляксандр Лукашэнка сказаў: «Мы спынялі наркотыкі і мігрантаў - цяпер будзеце самі іх ёсць і лавіць». Міністр замежных спраў Літвы Габрыэлюс Ландсбергіс назваў гэта адкрытай пагрозай.

З пачатку года польскія памежнікі зафіксавалі больш за 30 тысяч спробаў незаконнага перасячэння мяжы. З іх больш за 3,5 тыс. чалавек у жніўні, амаль 7,7 тыс. чалавек у верасні і амаль 17,3 тыс. чалавек у кастрычніку. Пачынаючы з 2 верасня ў 183 населеных пунктах Падляскага і Люблінскага ваяводства, прылеглых да мяжы з Беларуссю, дзейнічае надзвычайнае становішча. Туды не маюць доступу журналісты або актывісты грамадскіх арганізацый, якія займаюцца праблемамі мігрантаў.

Раніцай 8 лістапада вялікая група мігрантаў з рэчамі рушыла ў кірунку памежнага пераходу «Брузгі-Кузніца». Па розных ацэнках у групе было ад 2000 да 4000 чалавек, разам з дзецьмі і цяжарнымі жанчынамі. Не дайшоўшы да пераходу, мігранты павярнулі ў лес і сталі там лагерам. З польскага боку мяжу ахоўваюць войскі, паліцыя, памежнікі і спецслужбы — усяго больш за 13 тыс. сілавікоў. У адказ на прысутнасць мігрантаў, 9 лістапада з 7.00 Польшча закрыла памежны пераход «Кузніца».

У найбліжэйшыя месяцы Беларусь планавала арганізаваць дадатковыя палёты з Блізкага Усходу. Гэта датычыцца і рэгіянальных аэрапортаў, перш за ўсё Гродна. Але з 12 лістапада грамадзян Ірака, Сірыі і Емена перасталі прымаць на авіярэйсы з Турцыі ў Беларусь. Такое рашэнне звязана з загадам турэцкіх уладаў. Таксама ў Беларусь спынілі палёты буйныя іракскія і сірыйскія авіялініі. Верагодна, гэта звязана з тым, што Еўрасаюз разглядае магчымасць увядзення санкцый супраць кампаній.