Палітычнага актывіста і былога выкладчыка Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Валянціна Аскірку 18 лістапада асудзілі на 10 сутак адміністрацыйнага арышту.

Былога выкладчыка ГрДУ асудзілі на 10 сутак: пра суд стала вядома толькі праз дзень
Валянцін Аскірка. Фота: facebook.com/valiantsin.askirka

Суд Ленінскага раёна Гродна асудзіў Валянціна Аскірку па арт. 24.23 КаАП (Парушэнне парадку арганізацыі ці правядзення массавых мерапрыемстваў). Інфармацыя пра суд не была даступна родным асуджанага. Да раніцы 19 лістапада ім не было нават дакладна вядома, што суд ужо адбыўся і ў якім з судоў Гродна разглядалі справу.

Калі затрымалі актывіста

Валянціна Аскірку затрымалі раніцай 16 лістапада. Яго забралi з заняткаў у прыватнай школе, дзе ен выкладаў. Пра затрыманне выкладчыка паведамілі праваабаронцы пазбаўленага рэгістрацыі ў Беларусі цэнтра «Вясна».

Хто такі Валянцін Аскірка

Валянцін Аскірка — міжнародны сакратар Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада). Ён з 90-х гадоў актыўна ўдзельнічае ў грамадска-палітычным жыцці Гродна і Беларусі. У 2004 годзе балатаваўся ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу.

Валянцін 20 гадоў выкладаў фізіку ў ГрДУ. Пры чым прынцыпова рабіў гэта па-беларуску. У жніўні 2020 года Аскірка падпісаў заяву прадстаўнікоў навуковай грамадскасці Беларусі супраць гвалту сілавікоў. У снежні 2020 года яго звольнілі з універсітэта. Тады больш за 270 студэнтаў і выпускнікоў інжынерна-фізічных спецыяльнасцяў ГрДУ падпісаліся ў абарону выкладчыка. Яны прасілі таксама абвясціць яму падзяку ад імя рэктара «за шматгадовую і добрасумленную працу, высокі прафесіяналізм». Адміністрацыя адмовіла. Гэта патлумачылі тым, што выкладчык быццам неаднаразова парушаў дысцыпліну.