Аляксандр, Кацярына і іх пяцігадовая дачка Вікторыя жывуць у цэнтры Гродна ў кватэры на паддашку. Пра жыццё ў гэтым доме Кацярына марыла яшчэ шмат гадоў таму. Прайшло 20 гадоў, пра мару ўжо і забыліся, а яна спраўдзілася. «Любавацца прыгажосцю горада можна, не выходзячы з дома», — кажа сям’я Енджэеўскіх. З іх вокнаў відаць адразу тры каталіцкія храмы, у кватэры — мэбля XIX і XX стагоддзяў, старадаўнія кнігі і скульптуры. Карэспандэнтка Hrodna.life даведалася пра тое, як жывецца на гарышчы ў вялікім горадзе.

У праекце «Мой дом у Гродне» Hrodna.life збірае самыя незвычайныя гісторыі людзей, іх кватэр і дамоў.

Аляксандр Енджэеўскі працуе акцёрам у Гродзенскім тэатры лялек, яго жонка Кацярына Еўдакімава-Енджэеўская — мастак-дызайнер, зараз яна займаецца вырабам драўляных цацак у сямейнай майстэрні «Люба-дорага».

«У кожным акне па паштоўцы! Купляем», — сказала Кацярына, калі ўпершыню ўвайшла ў сваю цяперашнюю кватэру. Раней сям’я Енджэеўскіх жыла ў двухпакаёвай кватэры на вуліцы Паповіча. Пяць гадоў таму Аляксандр выпадкова знайшоў аб’яву ў інтэрнэце аб продажы кватэры на Карла Маркса. «Кватэру Саша знайшоў ноччу. Яна была пакрыта трыснягом, такая „хаціна Дзядзькі Тома“, выглядала вельмі экзатычна», — успамінае Кацярына.

Тады ўсё ў ёй было незвычайна: сцены — у драўлянай шалёўцы, на бэльках зверху ляжаў трыснёг. «Яна была ўся дзівосная, і зусім не адгукалася нашаму ўнутранаму свету. Прыйшлося зрабіць рамонт», — кажа Кацярына.

Тады Аляксандр прыбраў усю шалёўку і ўцяпліў памяшканне. Пазбавіліся ад трыснягу на столі, і прастора павялічылася.

Многае ў кватэры Енджэеўскія рабілі самі. «Напрыклад, калі мы сюды засяліліся, паляцела праводка, прыйшлося яе мяняць. Спатрэбіўся дызайнерскі досвед Кацярыны. Усе правады мы змясцілі ў медныя трубы, каб не штрабіць сцены, бо з пяцімесячным дзіцём гэта было немагчыма», — распавядае Аляксандр.

«У кожным акне па паштоўцы». Творчая сям'я - пра сваю кватэру на паддашку
У медных трубах знаходзяцца драты

Двухпавярховы старадаўні цагляны дом на Карла Маркса, 25 пабудавалі ў 1885 годзе, пасля вялікага пажару ў горадзе. Гэты дом вядомы як дом Ёсіфа Шарашэўскага — уладальніка тытунёвай фабрыкі ў Гродне.

Дэкаратыўнае аздабленне моцна пашкоджана ў выніку капітальнага рамонту, зменены дызайн балконаў, зменены са стратай дэкора вокны. Будынак уяўляе сабой узор эклектыкі ў ансамблі. Тут знаходзіліся кватэра прыватнага паэта Бакіноўскага (1903 г.) і агенцтва страхавой кампаніі «Якар» (1910 г.).

З кнігі «Біяграфія гарадзенскіх вуліц. Ад Фартоў да Каложы»

Паводле адной з легенд ад дома да манастыра быў прарыты падземны пераход. Служыцелі касцёла кажуць, што гэтага не было, але мясцовыя жыхары сцвярджаюць адваротнае. Падчас рамонту ўсе падвалы залілі бетонам. Але каля дома перыядычна з’яўляецца яміна ў ходніку, гэта значыць, што ўсё ж нейкая пустата ўнізе ёсць", — кажа Аляксандр Енджэеўскі.

«У кожным акне па паштоўцы». Творчая сям'я - пра сваю кватэру на паддашку
«У кожным акне па паштоўцы». Творчая сям'я - пра сваю кватэру на паддашку
«У кожным акне па паштоўцы». Творчая сям'я - пра сваю кватэру на паддашку

20 гадоў таму ў гэтым доме не было цывілізацыі - грамадскі туалет быў на вуліцы. У суседнім доме — да гэтага часу прывазны газ.

Цэнтр двара, дзе цяпер паркоўка, займалі хляўчукі і галубятня. У гэтых дамах жылі людзі рознага сацыяльнага статусу: на першым паверсе месціліся людзі больш бедныя, на другім — заможныя, на гарышчах — самыя бедныя. Вышыня столяў была нашмат вышэй, у кватэрах была ляпніна, распавяла нядаўна кліентка Кацярыны, якая раней жыла ў гэтым доме. У 2016 годзе скончылася рэканструкцыя дома, яна доўжылася прыкладна 15 гадоў.

«У кожным акне па паштоўцы». Творчая сям'я - пра сваю кватэру на паддашку
На месцы паркоўкі раней былі хляўкі і галубятня

Кватэра, дзе цяпер жывуць Аляксандр і Кацярына, прыкладна 100 гадоў таму была гарышчам.

елена пекарь
Алена Пекар,
спецыялістка па продажу нерухомасці
агенцтва «Магазин недвижимости»

Памяшканне паддашку людзі здаўна спрабавалі выкарыстоўваць у якасці жылога. Але першым найбольш удачлівым у гэтым стаў у XVII стагоддзі знакаміты архітэктар Франсуа Мансар. Ён прыдумаў, як зрабіць самую верхнюю частку дома не толькі прыдатнай для жылля, але і больш добрапрыстойнага выгляду. У гонар яго і былі названыя гэтыя пабудовы — мансарды.


Зараз плошча кватэры на Карла Маркса — 68 квадратных метраў. Паняцце «столь» тут вельмі ўмоўнае, кажа Аляксандр. У адным месцы яна 3,5 метры, у іншым — 1,2. Таўшчыня сценаў - 60 сантыметраў.

«У кожным акне па паштоўцы». Творчая сям'я - пра сваю кватэру на паддашку
У кватэры адкрытая прастора, міжпакаёвых сценаў няма

«Містыка нейкая»

Калі Кацярына прыехала ў Гродна на вучобу, яе сустрэлі сябры. Адзін з знаёмых прапанаваў паказаць ёй цэнтр горада. Яны праходзілі побач з гэтым домам. Кацярына звярнула ўвагу на паддашак: «Там, напэўна, як Карлсан, хтосьці жыве», — сказала тады яна, гледзячы на вокны на даху дома.

Маркса 25 Гродно
Фатаграфію Кацярына зрабіла на «Зеніт» амаль 20 гадоў таму

Праз некалькі гадоў Кацярына з аднакурснікамі гулялі ў гэтых месцах, падымаліся на дахі суседніх дамоў, і фатаграфавалі будынкі на «Зеніт». Тады Кацярына заўважыла дом на Карла Маркса, 25. «Слухай, мне вось гэты дом так запаў, я б хацела ў ім жыць», — сказала Кацярына свайму сябру Лёшы.

Калі Кацярына з Аляксандрам завозілі рэчы ў кватэру, з альбома на падлогу выпала тая самая фатаграфія дома. «Я ў слёзы. Я забылася пра гэта, натуральна, памроіла і забылася. А праз столькі гадоў я жыву ў гэтым доме! Гэта містыка нейкая».

елена пекарь
Алена Пекар,
спецыялістка па продажу нерухомасці
агенцтва «Магазин недвижимости»

Кватэры з мансардамі - штучны тавар. У асноўным, гэта кватэры ў старых будынках са скошанымі дахамі і жылымі паддашкамі або вынік надбудовы і рэканструкцыі. У Гродне такія варыянты сустракаюцца рэдка. Летась я прадала кватэру на вуліцы Карла Маркса, дзе другім паверхам было пераробленае памяшканне на гарышчы. Зусім хутка будзе ў продажы двухпавярховая кватэра з мансардай на вуліцы Сацыялістычнай.


Інтэр'ер і мэбля XIX стагоддзя

Інтэр'ер у доме пачалі фарміраваць першыя тры крэслы. У той жа дзень у 2016 годзе, калі Аляксандр і Кацярына аформілі дагавор куплі-продажу, яны зайшлі ў антыкварную краму. Там яны ўбачылі крэслы пачатку XX стагоддзя, пакінулі задатак і на працягу тыдня выкупілі іх.

«У кожным акне па паштоўцы». Творчая сям'я - пра сваю кватэру на паддашку
Крэслы пачатку XX стагоддзя пачалі фармаваць увесь інтэр'ер

«Як Віка збірае пазлы, так яно ў нас усё далей складвалася», — кажа Кацярына пра пошукі мэблі ў дом.

Пасля крэслаў Аляксандр і Кацярына набылі стол XIX стагоддзя. Для гэтага сям’я пад праліўным дажджом паехала ў Брэст да антыкваршыка. Выявілася, стол рыпіць і стаіць няўстойліва. Як раз побач праязджаў знаёмы антыкваршыка, які займаецца рэстаўрацыяй, ён і ўзяў гэты стол для аднаўлення.

«Самае цікавае, што кошт гэтага антыкварнага стала ніжэйшы, чым калі купіць зараз новы стол у краме. А гэты стол з дубу. Многія думаюць, што антыкварныя рэчы вельмі дарагія, але гэта не так. Іх трэба ўмець і хацець шукаць», — кажа Аляксандр Енджэеўскі.

У кватэры на Карла Маркса ёсць бельгійскі буфет XIX стагоддзя, у якім дагэтуль стаяць арыгінальные люстэрка. Яго Кацярына падарыла на дзень народзінаў Аляксандру. Пры ўваходзе ў кватэру стаіць старая шафа, яе Кацярына яшчэ ў студэнцтве купіла ў вёсцы пад Шчучынам. Раней яна была цёмна-карычневага колеру, але Кацярына дала ёй новае жыццё: памяняла ручкі, перафарбавала ў белы колер і нанесла эфект старэння.

Кватэра падзелена на зоны: дзіцячы пакой, кухня, спальная зона і невялікая гасцёўня. У гэтай кватэры няма міжпакаёвых перагародак.

Каля ложка ў спальнай зоне стаіць вялікі стары куфар канца XIX — пачатку XX стагоддзя. Яго Кацярыне падарыла сяброўка: ён належаў яе бабулі. Традыцыйна ў ім захоўвалі пасцельную бялізну, падушкі, коўдры, адзенне. Цяпер Кацярына трымае ў ім розныя тканіны, абрэзкі: раней шмат займалася шыццём і мадэляваннем адзення. Куфар Кацярына ніяк не рэстаўравала, на ім да гэтага часу захаваўся арыгінальны малюнак. Яго рабілі з дапамогай драўляных пячатак, а кружочкі малявалі проста пальцамі. У некаторых месцах нават бачныя адбіткі пальцаў.

«У кожным акне па паштоўцы». Творчая сям'я - пра сваю кватэру на паддашку
Куфар канца XIX — пачатку XX стагоддзя. Традыцыйна ў ім захоўвалі пасцельную бялізну, падушкі, коўдры, адзенне

Справа ад ложка стаіць старая лесвіца. Яе Аляксандр і Кацярына знайшлі ў сваім доме ў вёсцы, яна вяла на гарышча. Аляксандр ужо хацеў спаліць лесвіцу, думаў, што яна непрыдатная, а Кацярына зберагла яе. Муж і жонка склеілі лесвіцу, пакрылі лакам і прывезлі ў кватэру. Цяпер сям’я выкарыстоўвае яе як стэлаж.

Фасады на кухні вырабіў бацька Кацярыны, а стальніцу Енджэевскія зрабілі з пліткі для падлогі.

елена пекарь
Алена Пекар,
спецыялістка па продажу нерухомасці
агенцтва «Магазин недвижимости»

Кватэра з мансардай — гэта ідэальны варыянт для самых рамантычных, стыльных і незалежных пакупнікоў. Такі фармат кватэры выдатна папасуе сем’ям, у якіх растуць маленькія фантазёры і летуценнікі, дарослым рамантыкам, якіх прыцягвае жыццё пад самым дахам, а таксама проста людзям з добрым густам.


Прас, карціны, скульптуры і кнігі ў спадчыну

Акрамя антыкварнай мэблі ў кватэры Енджэеўскіх нямала незвычайных рэчаў.

Тут ёсць прас бабулі Кацярыны, якая жыла ў Ненецкай аўтаномнай акрузе, у Расіі. Калі Кацярына ездзіла да яе ў госці, прывезла гэты прас у Гродна. «У ім вугельчыкі яшчэ засталіся, я іх не вытрасала, не мыла, гэта яшчэ з тых часоў, як мая бабуля прасавала». Раней Кацярына захаплялася і збірала старыя прасы, але пасля пераезду на новую кватэру частку прасаў раздала знаёмым.

У кватэры ёсць карціна гродзенскай мастачкі і сяброўкі Кацярына Вольгі Бухоўкі, скульптура ад гродзенскай мастачкі Вікторыі Анціпіноай, карціна з анёлам гродзенскага мастака Аляксандра Сільвановіча (ён падарыў яе дачцы Аляксандра і Кацярыны), скульптура Аляксандра Анціпіна (аўтара скульптуры «Дойлід Гарадніцы» ў Парку Жылібера).

Пад акном на кухні стаіць каваная скульптура сабакі, яе Кацярыне падарылі сябры.

«Я некалі вельмі хацела сабаку і папрасіла ўсіх сяброў на дзень народзінаў дарыць грошы, каб я за іх магла купіць гадаванца. Яны вырашылі прыйсці да мяне адразу з „сабакам“, за што я ім вельмі ўдзячная», — успамінае Кацярына. Яна называе гэтую скульптуру Малечай. «Потым мы ўсё ж завяла сабаку, і калі я купіла таксу, я зразумела, што Малеча таксама такса».

Яшчэ Кацярына захоўвае старыя кнігі, якія дасталіся ёй у спадчыну. Тут ёсць два тамы «Вайны і міру» ад яе дзеда, «Дзюймовачка» — кніга маці Кацярыны, якая дасталася ёй ад бабулі. Кнігі дайшлі да Кацярыны ў тым жа выглядзе са старой вокладкай, іх не рэстаўравалі.

Ёсць у кватэры вялікая аўтарская лялька-марыянетка. Яе падарыў Аляксандру невядомы прыхільнік, калі ён быў на фестывалі ў Празе.

елена пекарь
Алена Пекар,
спецыялістка па продажу
нерухомасці
агенцтва «Магазин недвижимости»

Плюсы кватэры на паддашку:

  • Арыгінальны фармат жылля, які выдатна пасуе творчым людзям;
  • Размяшчэнне ў цэнтры горада (купіць кватэру ў мансардзе ў Гродне магчыма ў асноўным у дамах старога фонду ў гістарычнай частцы горада);
  • Панарамны від з вокнаў на галоўныя славутасці горада;
  • Часам у мансардзе ёсць магчымасць ўладкаваць сапраўдны дроўны камін;
  • Кошт квадратнага метра ў мансарднай кватэры істотна ніжэй, чым у асноўным будынку.

«Можна нават з дома не выходзіць»

З аднаго боку з кватэры можна назіраць захады, з другога — світанкі. З трох вокнаў бачныя касцёлы: з аднаго — фарны, з другога — бернардынскі, з трэцяга — брыгіцкі. Апошні знаходзіцца настолькі блізка, што ў кватэры нават чуваць, як спявае хор. Добрае ці дрэннае надвор’е, сям’я вызначае па стелле Каложскага парку. Калі яе не відаць з акна — значыць, надвор’е кепскае.

«У кожным акне па паштоўцы». Творчая сям'я - пра сваю кватэру на паддашку
«У кожным акне па паштоўцы». Творчая сям'я - пра сваю кватэру на паддашку
«У кожным акне па паштоўцы». Творчая сям'я - пра сваю кватэру на паддашку

«У нас у кватэры не шумна, бо з аднаго боку вокны выходзяць у двор, а з другога — на вуліцу Маладзёжную. Гэта вузкая вуліца, хоць і двухпалосная, з аднаго боку заўсёды прыпаркаваныя машыны», — кажа Кацярына.

Жыццём у цэнтры Гродна сям’я задаволеная: блізка майстэрня Кацярыны, праца Аляксандра, дзіцячы сад, парк, крамы. Звон званоў у касцёлах, а 12 гадзіне дня стварае асаблівую атмасферу каля дома. «Выходзіш з дому і ўсім адразу любуешся, а можна нават з дому не выходзіць і любавацца».

елена пекарь
Алена Пекар,
спецыялістка па продажу нерухомасці
агенцтва «Магазин недвижимости»

Мансарды не вельмі запатрабаваныя сярод пакупнікоў праз праблемы з пранікненнем прамых сонечных промняў у кватэру. Аднак, дзякуючы сучасным тэхналогіям і адмысловым вокнам, жыццё «на гарышчы» робіцца такім жа камфортным, як і ў звычайных памяшканнях. Таксама важна памятаць, што паддашак патрабуе правільнай сістэмы вентыляцыі паветра і якаснай цяпло- і гідраізаляцыі.


Самы малады журналіст Hrodna.life. Скончыла школу сучаснай журналістыкі ў Гродне. Па адукацыі - эканаміст, але зразумела, што хоча займацца журналістыкай. Спецыялізуецца на тэкстах пра архітэктуру, падарожжы, пра людзей і для людзей.