Яшчэ месяц таму Святлана Пінчук хадзіла па вуліцах Гродна, а зараз ездзіць па хайвэях Каліфорніі - разам з двума дзецьмі гродзенка пераехала ў Злучаныя Штаты. Усе зборы і падрыхтоўка ішлі ў сакрэце. Нават дзеці не ведалі, што, выязджаючы з мамай у адпачынак, яны пакідаюць Беларусь назаўжды.

Чаму Света вырашыла змяніць жыццё і як ідуць справы на новым месцы, гродзенка расказала блогу «Суполка».

Святлана Пінчук, эміграцыя ў ЗША
Святлана Пінчук у Ціхуане, Мексіка, падчас чакання дазволу на ўезд у ЗША: «Адна мая мара спраўдзілася. Я на беразе акіяна»

Святлана — вядомая ў Гродне дызайнерка. Многія памятаюць яе па супрацы з дзіцячым хоспісам. Святлана была адной з распрацоўшчыц лініі адзення для людзей з інваліднасцю «Святаяннік». У час кавіду ў 2020-м яна кіравала працай майстэрні па пашыве ахоўных камбінезонаў для медыкаў. Асноўная праца дызайнеркі была звязана з рэстаўрацыяй мэблі.

Дзевяць месяцаў да новага жыцця

«Жыццё змянілася кардынальна, — кажа Святлана. — Проста фізічна адчуваю, як штохвілінна ўтвараюцца новыя нейронныя сувязі. Усё інакш, усё па-новаму. Мусіш быць увесь час гатовы нешта новае вывучаць».

Не зважаючы на гэта, разгубленасці яна не адчувае: «На падрыхтоўку да ад’езду ў мяне сышло дзевяць месяцаў. Я маральна мела час падрыхтавацца. А калі прыехала — ну, усё. Новы горад, новая краіна, новая мова, новая хуткасць. Прызвычайваемся».

Святлана Пінчук, эміграцыя ў ЗША праз Мексіку
Святлана Пінчук у Мехіка, Мексіка, на шляху да ЗША: «Я насалоджваюся выглядам архітэктуры, якую пабачыла»

Яшчэ летась у кастрычніку Святлана атрымала ад сябра прапанову пераехаць у Злучаныя Штаты.

«Калі б я сама абірала, то ў апошнюю чаргу думала б пра Амерыку. Гэта шчыра. На той час у мяне быў стэрэатыпны погляд на ЗША. Думала, што гэта краіна, каб зарабляць грошы. Што тут забываюць пра якасць жыцця, губляюць сябе. Толькі праца-праца-праца. З іншага боку таксама ведала, што тут вельмі добрая адукацыя і шмат магчымасцяў».

Пра эміграцыю Святлана думала ўжо больш за два гады. Пасля 2020-га з’ехалі многія сябры, улады прыпынілі працу дзіцячага хоспіса. Стасункі з бацькамі ўскладніліся праз тое, што яны «жывуць у тэлевізары». Але апошняй кропляй было сталенне сыноў. Старэйшаму хутка споўніцца 18.

Святлана Пінчук з сынамі эмігравала ў ЗША з Беларусі праз Мексіку
Святлана Пінчук разам з сынамі ў Мехіка: «Мы ўпершыню сёлета елі кавун. Ён быў вельмі сакавіты і смачны. Яшчэ не верылася, што садавіна і гародніна тут прадаецца круглы год»

«Не хацела, каб у такім палітычным становішчы мой сын патрапіў у войска. Я выхоўвала дзяцей, каб абаранялі радзіму, а не каб ваявалі з суседзямі».

Святлана спрабавала абмеркаваць гэта з былым мужам, які зараз жыве за мяжой: «Ты разумееш, што дзіця можа патрапіць на вайну? Але ён адмахнуўся, маўляў, нікуды нікога не адправяць. Я зразумела, што калі сына забяруць і адправяць у зону баявых дзеянняў, вырашаць прыйдзецца толькі мне. А вырашыць гэта будзе ўжо немагчыма».

Аэрапорт у Мехіка, самалёт у Ціхуану
Аэрапорт у Мехіка, падчас пасадкі на самалёт у Ціхуану. «Я вельмі баялася ляцець у Ціхуану. Адкладвала да апошняга моманту»

Таму абрала пакінуць краіну. Калі разлічвала толькі на сябе, думала пра Еўропу. Бо Святлане прапаноўвалі адкрыць майстэрню ў Іспаніі, Польшчы і Аўстрыі. Але калі паклікалі ў Штаты, то яна вырашыла: мяняць — то мяняць кардынальна. Еўрапейскія варыянты заставаліся ў якасць запасных, але не спатрэбіліся.

Чытайце таксама: Гродзенка паехала ў Егіпет без грошай з двума дзецьмі - вучыць чужых дзяцей анатоміі

Самы вялікі сакрэт

«Падрыхтоўка да эміграцыі ішла ў жэстачайшай цішыні, — расказвае Святлана. — Гэта было важна. На момант выезду пра тое, што я не вярнуся, ведалі толькі чатыры чалавекі. Блізкія надзейныя сябры».

Бацькі не ведалі, бо яны нават да падарожжаў за мяжу ставіліся адмоўна. Маўляў, спачатку паглядзі ўсё ў Беларусі. Тут у нас усё добра, чыста і прыгожа. Дзеці таксама не ведалі.

«Ім я казала, што мы едзем у адпачынак у Іспанію. Сяброўка з Іспаніі ведала і страхавала на ўсякі выпадак. Квіткі мы прымеркавалі такім чынам, што дзеці да апошняга не разумелі, куды мы кіруемся. З чамаданамі ў аэрапорце яны былі ўпэўнены, што мы ляцім у Валенсію».

Эмігранты ў аэрапорце Сан-Дыега ў ЗША
У Сан-Дыега, першым горадзе Злучаных Штатаў пасля перасячэння мяжы. Ідзе пасадка на рэйс у Сакрамента

Ад’езд з Гродна супаў з днём народзінаў Свецінай маці. «Раніцай паслала ёй кветкі. Мама патэліла, каб падзякаваць, калі мы сядалі ў аўтобус. Я хутка адказала нешта і ўсё. Так мы расталіся. Пра тое, што не вернемся, напісала ўжо з Мексікі. Дзіўна, але бацькі даволі хутка змірыліся».

Варыянтаў вярнуцца не разглядаем

Расказваць пра сваё рашэне не хацела па шэрагу прычын. Дзецям не казала, бо не хацела, каб пра гэта даведаўся былы муж.

«Я зразумела — не трэба казаць дзецям, каб ім не трэба было ілгаць бацьку. Каб не адчувалі сябе вінаватымі, што даводзіцца недагаворваць. А так не ведалі - і не казалі».

Пра тое, што гэта паездка — шлях у адзін бок, Святлана сказала сынам толькі ў аэрапорце ў Парыжы, калі замест самалёта ў Іспанію трэба было ісці на рэйс да Мексікі.

Эміграцыя беларусаў у ЗША праз Мексіку
Святлана Пінчук: «На 32-гі дзень чакання мы атрымалі „дату“! Гэта фота паказвае ўсё наша шчасце.» Фота з Мехіка, зробленае праз дзве гадзіны пасля таго, як сям’я атрымала дазвол на перасячэння мяжы ЗША

«Малодшы скакаў ад шчасця. Казаў, што гэта была яго мара, не мог паверыць, што яна спраўджваецца. Старэйшы быў шакаваны. Але больш праз тое, ён пакутуе на аэрафобію і баяўся доўгага пералёту. Яму было складана першых некалькі дзён. Потым пагаварыў з бацькам і супакоіўся таксама. Варыянты вярнуцца ніхто не разглядае».

«Не праз дзірку ў плоце»

Прамежкавым пунктам падарожжа сям'і была Мексіка. Адсюль праз спецыяльны мабільны дадатак Святлана падала запыт у ЗША аб палітычным уцякацтве. Цягам амаль месяца чакалі «дату» — час і месца, дзе можна перасячы мяжу.

Куртка з Фрыдай Кало
У ЗША, Сакрамента. Святлана Пінчук: «Каля нашых апартаментаў, у куртцы з уласнаручна намаляваным партрэтам Фрыды Кало. Гэты малюнак мяне ўратаваў. Дзякуючы любові да мастацтва і творчасці Фрыды Кало нас прапусцілі ў Мексіку»

Пра Мексіку Святлана расказвае, як пра краіну кантрастаў. «Ёсць турыстычныя вуліцы вельмі багатыя, тратуары шампунем мыюць. А за рогам бруд, галеча, бяздомныя. Небяспечнае месца. Вяртацца туды пакуль не хочацца. Можа потым некалі ў турыстычныя месцы наведаемся».

Ціхуана, плот, які раздзяляе тэрыторыю Мексікі і Злучаных Штатаў Амерыкі
Ціхуана, плот, які раздзяляе тэрыторыю Мексікі і Злучаных Штатаў Амерыкі. Святлана Пінчук: «Гэта самае жудаснае збудаванне, з усіх, што я бачыла. Гэты плот ідзе праз увесь горад. У мяне ён выклікаў адчуванне страху і жаданне хутчэй сысці адтуль»

Усё вельмі хутка

Самым вялікім страхам, па словах Светы, быў хайвэй — хуткасная шаша. Але і гэтага страху хапіла толькі на тры дні. Каб паспець падаць усе дакументы ў розныя ўстановы, давялося ўзяць машыну ў арэнду і пачаць ездзіць. Выбрала Toyota Prius. Тут яе называюць машынай эмігрантаў. Не вельмі зручная, але эканомная.

Арэнда жылля ў Мехіка - сталіцы Мексікі
У Мехіка, каля першай арэндаванай пасля пералёту кватэры: «Хліпкія дзверы выходзілі наўпрост на вуліцу. Уночы нехта спрабаваў уламацца ў нашу кватэру. На вуліцы брудна і страшна. Выйшла з кубкам кавы падыхаць і азірнуцца — была ў шоку»

З мовай, па словах Святланы, вялікіх складанасцяў няма. З побытам — таксама. «Вывучаем новыя прадукты. Пакуль не знайшлі кефір. І чырвоных буракоў няма. Але тут ёсць рускія крамы і там гэта ёсць. А так выбар вялікі».

Апроч крамаў ёсць і «фуд-банкі» — сервісы, куды можна звярнуцца па бясплатныя прадукты харчавання.

«Спачатку я думала, што гэта пратэрмінаваныя прадукты, ці тое што засталося непрададзеным. Аказалася — не. Гэта дабрачынныя арганізацыі адмыслова купляюць прадукты для малазабяспечаных людзей. І працуюць там толькі валанцёры».

Тут любяць дапамагаць

«Шкадую, што ўзяла мала ільну, трэба было кавалкамі браць», — жартуе Святлана. А так пакуль ні па чым не сумую. Бо галоўнае — гэта людзі, а я ні з кім не страціла кантакту, калі пераехала. Наадварот, адазваліся многія, з кім нават даўно не перапісваліся. Усе казалі: «малайчына», «ад цябе варта было такога чакаць» ці «правільна зрабіла».

«Увогуле, каб нехта бачыў, што я везла з сабою — пасмяяўся б. Гэта набор пэндзляў, карціна, якую сябра падарыў, пяць сваіх любімых іконаў, свой фотапартрэт, зроблены адной гродзенскай фотамастачкай, дзве сувенірныя хаткі, якія рабілі ў хоспісе. І яшчэ свае хатнія льняныя ручнікі».

Астатняе сабралася з дапамогай новых знаёмых з эмігранцкага асяроддзя. «Тут вельмі любяць дапамагаць, — кажа Святлана. — Толькі дай знаць. Так у сям'і з’явіліся надзіманыя матрацы і частка посуду. Я прасіла падзяліцца, калі ёсць лішняе, але многія ехалі адразу ў крамы каб купіць для нас новыя рэчы. І адтуль слалі фоткі, маўляў, выбірай, што табе больш падабаецца, тое і купім для вас».

Зняць кватэру ў Сакрамента ў ЗША менш чым за два тыдні лічыцца хутка для эмігрантаў
У Злучаных Штатах, Сакрамента: «Нашы пастаянныя апартаменты. Арэндавалі кватэру на адзінаццаты дзень, гэта лічыцца хутка. Першыя тры ночы спалі на падлозе. Потым вырашыла, што гэта шкодна для здароўя і дала аб’явы пра неабходнасць мэблі»

Адзін з новых знаёмых прывёз мікрахвалёўку. Сам, яго нават не прасілі. Другая дзяўчына падарыла тостэр. Пледы і падушкі купілі самі. Так патроху наладжваецца быт.

«Так атрымалася, што я жыву тут на вуліцы Бэл. У сэнсе, як званочак [Bell — Hrodna.life]. Але сябры кажуць, што бэл — гэта як Беларусь. Я тут усім кажу, што я беларуска. Не руская, не украінка, а беларуска. То мяне тут так і называюць — Света-беларуска з вуліцы Бэл».

Татуіроўка з беларускім арнаментам - яе можна зрабіць перад эміграцыяй з Беларусі
Святлана Пінчук: «Мая любімая тату. Я хацела вывезці з Беларусі нешта, што будзе заўжды са мной. За 10 дзён да ад’езду зрабіла татуіроўку з беларускім арнаментам. Гэта мне і тым, хто побач са мной будзе нагадваць, што я назаўжды застаюся беларускай»

Пачаць з нуля ці давесці да дасканаласці

«Калі я сюды ехала, то думала: можа варта пачаць усё з нуля, атрымаць новую спецыяльнасць? Але тут зразумела, што буду запатрабавана як рэстаўратар. Пакуль ідуць справы з дакументамі, я не магу яшчэ працаваць, але потым будзе і майстэрня, і навучальныя заняткі таксама. І яшчэ хачу пайсці вучыцца праектаваць мэблю і з часам заснаваць невялікую вытворчасць. Дзеці таксама будуць вучыцца. Малодшы хоча быць кухарам. А старэйшы пакуль дакладна не вызначыўся, магчыма, скіруецца ў ІТ».

Чытайце таксама: Гродненка реставрирует винтажную мебель и создает арт-объекты, которые «выбирают ее сами»

Каліфорнія — прытулак эмігрантаў

Ужо ў Злучаных Штатах уладкаваліся даволі хутка. «Знайсці кватэру дапамаглі такія ж эмігранты. Ды і я аказалася вельмі фартовая. За 11 дзён адшукала добрыя апартаменты ў спакойный раёне за прыстойны кошт. Прыгожа, чыста, ахова, паркоўка. На год наперад падпісалі дамову».

Малодшага ўжо прыпісалі да школы. Свету здзівіла, што ўсім школьнікам, не толькі эмігрантам, перад пачаткам навучальнага года выдалі заплечнікі з поўным камплектам канцылярскіх прыладаў і ў дадатак касметычку з гігіенічнымі прынадлежнасцямі, каб у школе дзеці маглі імі карыстацца.

Для старэйшага сына знайшлі моўную школу з магчымасцю навучацца асновам пэўных прафесій, падобна як у нашых каледжах. Святлана таксама наведвае моўныя курсы. Ёсць магчымасць вучыцца пяць дзён на тыдзень з раніцы да абеду.

Чытанне кнігі ў крэсле - выдатны адпачынак у падарожжы
У Мехіка: «Ад доўгага чакання мы зноў пачалі чытаць кнігі. Дзіўна, што сын узяў з сабой у дарогу менавіта біяграфію Генры Форда. Зараз чытаем яе па чарзе ўтраіх»

«Выбралі Сакрамента, бо гэта ў штаце Каліфорнія. Ён лічыцца самым лаяльным да эмігрантаў, тут больш за ўсё станоўчых рашэнняў па легалізацыі. Сакрамента — невялікі горад, тут больш таннае жыллё і прасцей знайсці працу, чым у мегаполісе. Ды і краіну лепш пачынаць вывучаць з невялікіх гарадоў», — кажа Святлана.

З іншага боку, Сакрамента часта нагадвае ёй Гродна: «Тут толькі ў цэнтральнай частцы горада высокія будынкі. Далей — прыватны сектар, шмат зеляніны. Ёсць рэчка — Амерыкан Рывер — і мы з дзецьмі, калі едзем, узгадваем Нёман і Румлёўскі мост. Праўда — вельмі падобна. На цэнтральнай плошчы тут, як і ў Гродне, ляжыць брукаванка. Шмат двухпавярховых дамоў, як на Савецкай плошчы ў нас. Мяне гэта заспакойвае. І вельмі падабаецца».

Ціхуна на беразе акіяна - вельмі небяспечны горад, але там ёсць прыгожыя месцы
На гэтым фота з Ціхуаны я здзіўлена і захапляюся сабою. У адным з самых страшных і небяспечных гарадоў нам удалося знайсці дом па прымальным кошце і нават з відам на акіян"

З таго, што Святлану дзівіць — адсутнасць на вуліцах катоў і сабак. «Затое ёсць вавёркі», — кажа яна. А таблічкі-папярэджанні пра магчымасць выхаду на дарогу аленяў ці касуль нагадваюць дарогу на Азёры.

Яшчэ адна дзіўная і настальгічная рэч — пах сасновага лесу: «Тут побач растуць і пальмы, і сосны, і лістоўныя дрэвы. Калі горача, пахне сасновым лесам. Я ўзгадваю Палангу і сваю Беларусь. Гэта вельмі прыемна».