“Усе людзі – з асаблівасцямі ў развіцці”. Дзеці з хоспіса і іх мамы прадэманстравалі калекцыю адзення “Святаяннік”

Незвычайны паказ мод, прымеркаваны да Дня маці, адбыўся 14 кастрычніка ў актавай зале заводакіравання “Гродна Азот”. У якасці мадэляў выступілі падапечныя Гродзенскага дзіцячага хоспіса і іх матулі.

Падапечныя і валанцёры дзіцячага хоспіса ў чаканні пачатку мерапрыемства
Падапечныя і валанцёры дзіцячага хоспіса ў чаканні пачатку мерапрыемства

Праект “Святаяннік” стартаваў тры месяцы таму. Дызайнер Святлана Пінчук распрацавала індывідуальныя вобразы для 14 мам і іх дзяцей, падапечных хоспіса. Для кожнага сшылі індывідуальнае адзенне на традыцыйныя беларускія матывы. Дызайнер выкарыстоўвала ў асноўным матэрыялы беларускіх вытворцаў. На мерапрыемстве дзеці і іх мамы прэзентавалі частку калекцыі.

Дырэктар Гродзенскага дзіцячага хоспіса Вольга Шульга так сфармулявала асноўную ідэю мерапрыемства: “Сёння дзень маці. І мы віншуем жанчын, якія маюць дзяцей. Мы б хацелі зрабіць акцэнт на тым, што няважна, колькі дзяцей ёсць, няважна, які стан здароўя дзяцей. А важна тое, што быць матуляй натуральна. І не толькі тады, калі дзіця здаровае і здольнае, а ў любым выпадку – толькі па той простай прычыне, што ты яго маеш”.

4

Вольга Шульга адзначыла, што ёй не падабаецца само паняцце “асаблівасці ў развіцці”, таму што “ўсе людзі з асаблівасцямі ў развіцці. Ва ўсіх здароўе рознае, і таму нельга па стане здароўя ацэньваць чалавека. Неабходна выпрацоўваць такія нормы, каб нам усім у гэтым вялікім свеце было камфортна”.

5

Таццяна, мама дзяўчынкі Карыны, падапечнай хоспісу, дзеліцца ўражаннямі: “Мы рэдка недзе бываем, таму ўдзел у паказе мод стаў для нас цікавай і незвычайнай падзеяй. Гэта першае мерапрыемства, якое мы ўвогуле наведалі. Добра, што з’явілася такая магчымасць. Бо ў асноўным мы знаходзімся дома”.

Мама Таццяна з дачкой Карынай
Мама Таццяна з дачкой Карынай

Наведнікі мелі магчымасць пазнаёміцца з фотавыставай “Быць з мамай”. Выстава стала завяршэннем праекту, які стартаваў на Дзень маці ў мінулым годзе. На фота – падапечныя дзіцячага хоспіса і іх мамы. Мэта фотапраекту – паказаць, што мамы асаблівых дзяцей таксама прыгожыя і таксама хочуць сябе паказаць.

Фотавыстава “Быць з мамай”
Фотавыстава “Быць з мамай”

Калі вы знайшлі ў тэксце памылку або абдрукоўку, калі ласка, паведаміце нам, выбраўшы адпаведны фрагмент і націснуўшы клавішы Ctrl+Enter.

Spelling error report

The following text will be sent to our editors: