Дзіцячы хоспіс прадставіць “Святаяннік” – калекцыю традыцыйнага адзення на новы лад

Паказ мод, што адбудзецца 14 кастрычніка ў зале заводакіравання “Гродна Азот”, стане фіналам першага свята беларускай моды “Святаяннік”. У межах праекта створана калекцыя для 15 матуль і дзяцей, якімі апякуецца Гродзенскі дзіцячы хоспіс. Крыніцай натхнення для аўтарак ідэі сталі традыцыйныя беларускія строі XVI-XIX стагоддзяў.

Асноўная мэта “Першага свята беларускай моды “Святаяннік –  фарміраваць талерантныя паводзіны ў грамадстве і роўнае стаўленне да дзяцей з цяжкай формай інваліднасці. Праз стварэнне культурніцкага асяроддзя арганізатаркі хочуць прыцягнуць увагу да праблем  сем’яў, у якіх ёсць цяжка і невылечна хворыя дзеці.

image00003

Дызайнерка Святлана Пінчук распрацоўвала эскізы адзення, арыентуючыся на народныя і шляхецкія строі беларусаў, а таксама пажаданні сваіх мадэляў – тых, хто меў дэманстраваць калекцыю. Вырабілі адзенне і аксесуары майстрыхі з аб’яднання “Гарадзенскі каларыт”. Падтрымку праекту аказалі гандлёвы дом “Нёман” і гродзенцы, што адклікнуліся на збор сродкаў.

image00004

“У калекцыі максімальна выкарыстаны натуральныя матэрыялы – лён і воўна, большасць тканін – беларускай вытворчасці. Для аздобы браліся вышыванкі, карункі, вязаныя элементы. Да кожнага строя выраблены аўтарскія аксесуары з бісеру, керамікі ці скуры” – расказала Святлана Пінчук.

Сіла зёлак і непаўторны каларыт мовы

Паводле дырэктаркі хоспіса Вольгі Шульгі, словам “Святаяннік” (зверабой) як найлепш характэрызуецца сутнасць праекта: “Прыгожае слова, у якім ёсць адчуванне святла і свята, гаючая сіла зёлак і непаўторны  каларыт напаўзабытых беларускіх словаў”.

14611094_266090260452455_9002899845919256324_n

Вольга мяркуе, што для дзяцей з цяжкімі формамі інваліднасці, а таксама для іх матуль, удзел у вялікай культурніцкай імпрэзе будзе таксама мець гаючую сілу:

“Для некаторых дзяцей гэта будзе першы выхад у публічную прастору, часам яны па некалькі год не маюць магчымасці выходзіць з дому. Для мам гэта таксама важны крок, шанец паказаць, што яны могуць удзельнічаць у грамадскім жыцці, нават калі маюць дзяцей з інваліднасцю”.

Пабачыць моднае шоў “Святаяннік” можна 14 кастрычніка, па адрасу праспект Касманаўтаў, 100, у будынку заводакіравання “Гродна Азот”. Пачатак імпрэзы ў 15.30.

Spelling error report

The following text will be sent to our editors: