“Не будзь трусам – будзь сапраўдным беларусам!”. У Гродне распачаўся новы сезон курсаў “Мова Нанова”

Алесь Дзянісаў на занятках "Мова Нанова Гародня"

Якія ёсць шляхі да беларускасці, што значыць гэты панятак і як людзі прыходзяць да беларускага бачання свету, абмяркоўвалі на першых восеньскіх занятках “Мовы Нанова Гародня”.

Каля 50 гарадзенцаў сабралося ўвечары 10 кастрычніка ў офісе ГА “Цэнтр “Трэці Сектар”, каб удасканаліць сваю беларускую мову. Палова з іх прыйшлі на “Мову Нанова” ўпершыню.

mova-nanova-garodnya-001

Адзін з такіх навічкоў, Анатоль (на фота), дзеліцца са слухачамі сваёй матывацыяй да вывучэння мовы:

Мяне прывёў сябар Валодзя, які быў на занятках летась. Апошнім часам я больш пачаў стасавацца з беларускамоўнымі людзьмі. І мне стала сорамна, што сам не ведаю беларускай, не памятаю нічога са школы. Таму вырашыў сюды прыйсці і патрэніравацца, паразмаўляць на роднай мове”.

mova-nanova-garodnya-010

46-гадовы Віктар прыйшоў на курсы, бо хоча навучыць беларускай мове замежнага сябра:

Я вывучаў мову ў школе. Зараз маю сябра-мексіканца і дапамагаю яму размаўляць на рускай. Таксама ён хоча размаўляць па-беларуску. Таму я прыйшоў сюды, каб узгадаць усё тое, што ведаю, і пачаць размаўляць на мове”.

mova-nanova-garodnya-013

Госцем заняткаў быў журналіст і музыка, фронтмэн гурта Dzieciuki Алесь Дзянісаў, які падзяліўся са слухачамі сваёй гісторыяй прыходу да беларускасці:

Я скончыў гістфак. Калі я вучыўся, у мяне выкладалі тыя людзі, якіх сёння ўсіх павыганялі. Тады гэта ўсё нараджалася. Што датычыцца музыкі, мы раслі на англамоўных гуртах, польскім року. “Мроя”, “Бонда” – гэта ўсё я значна пазней пачуў. То бок, да беларускасці прыходзіў праз універсітэт, паэтаў і толькі потым праз музыку”.

У канцы Алесь выканаў песні на вершы Уладзіміра Караткевіча і Алеся Чобата, а таксама хіты гуртоў “Людзі на Балоце” і Dzieciuki.

Наступныя заняткі “Мовы Нанова” ў Гродне адбудуцца 17 кастрычніка ў 19.00 па вул. Будзёнага, 48а-63 і будуць прысвечаныя тэме “Стравы”. Госцем будзе Алеся Аўласевіч – кулінарная відэаблогерка з Гомелю. Сачыце за абвесткамі на нашым сайце і ў суполках на Facebook і VKontakte.

Калі вы знайшлі ў тэксце памылку або абдрукоўку, калі ласка, паведаміце нам, выбраўшы адпаведны фрагмент і націснуўшы клавішы Ctrl+Enter.

Spelling error report

The following text will be sent to our editors: