Святлана Антановіч з дзяцінства не ўмела шыць і не вельмі любіла вёску. Зараз яна мае ў самым цэнтры Гродна краму-атэлье і «вясковую хату» з печчу. Што падштурхнула яе займацца шыццём і чаму яна не сказала сваякам пра адкрыццё новай крамы, уласніца «Еўдакіі» і «Феафаніі» патлумачыла Hrodna.life.

Паставіла ўсё на "вясковую хату" ў цэнтры Гродна. Як дзяўчына, што не ўмела шыць, адкрыла сетку крамаў-атэлье
Святлана Антановіч у краме «Феафанія». Фота: Hrodna. life

«Марыла стаць акторкай, але паступіць нават не спрабавала»

Святлана нарадзілася ў Навагрудку. Вучылася ў беларускамоўнай школе. У Гродна прыехала вучыцца ў 17 гадоў ды так і засталася тут.

«Я марыла стаць акторкай. Доўгі час займалася ў тэатральнай школе ў Навагрудку. Але паступіць на акторку нават не спрабавала. Бо бацькі не разумелі - і выйшаў канфлікт. Таму я проста ўзяла газету, тыкнула пальцам і пайшла вучыцца на страхавога агента», — распавяла Hrodna.life прадпрымальніца Святлана Антановіч.

«Ты што, дурная? Ты ж увогуле не можаш шыць»

Пасля навучання Святлана працавала ў гандлёвай кампаніі, пазней маркетолагам. Шыццё яе ніколі не прываблівала.

Паставіла ўсё на "вясковую хату" ў цэнтры Гродна. Як дзяўчына, што не ўмела шыць, адкрыла сетку крамаў-атэлье
Святлана Антановіч у краме «Феафанія». Фота: Hrodna. life

«Мая маці працавала ўсё жыццё на швейнай фабрыцы інжынерам-тэхнолагам. Але мяне гэта ніколі не прываблівала. Нават у школе на трудах не магла шыць, бо не атрымоўвалася. Адзін раз на ўрок трэба было нешта пашыць. Пашыла маці, а я прынесла настаўніцы. Яна мне сказала: „Ты што, дурная, ці што? Ты ж увогуле не можаш шыць“».

«Я такі чалавек — спрабую, нягледзячы ні на што»

У 2010 годзе ў Святланы памёр бацька, а маці звольнілі з працы. Дзяўчына хацела дапамагчы ёй фінансава.

«У той час я была ў дэкрэце. На „Гродзенскім форуме“ знайшла аб’яву аб закупцы тканіны. Я набывала, краіла і прывозіла маці тканіну. Казала ёй, што ёсць кліенты, — і маці шыла пасцельную бялізну. Не ведаю, адкуль узялася гэтая ідэя, але я такі чалавек — спрабую, нягледзячы ні на што».

Паставіла ўсё на "вясковую хату" ў цэнтры Гродна. Як дзяўчына, што не ўмела шыць, адкрыла сетку крамаў-атэлье
Ручнікі ў краме «Феафанія». Фота: Hrodna. life

З часам у Святланы назапасілася шмат тканіны. Бялізну яна прадавала знаёмым, дарыла сваякам.

«Калі я пайшла ў другі дэкрэт, то падумала, што з гэтым трэба нешта рабіць. Я закінула на „Гродзенскі форум“ аб’яву аб продажы і на гэта быў попыт, — узгадвае Святлана. — Неяк перад Вялікаднем кліенты хацелі набыць ручнікі. У мяне былі толькі непадшытыя. Каб падшыць, трэба было перадаць маці ў Навагрудак. Часу на гэта не было. Таму я набыла швейную машынку, паглядзела, як маці шыла, села і пачала страчыць. Строчачка атрымалася роўная, нават раўней чым у маці».

Кліенты ацанілі і Святлана працягнула «страчыць». Уся хата была тады завалена тканінай: і гаўбец, і пад ложкам, і ў шафе.

«Я пачала разумець, што гэта ўжо немагчыма. Трэба ці прыбіраць і закрываць усё, ці адкрываць нешта сваё. Я вырашыла адкрываць».

Паставіла ўсё на "вясковую хату" ў цэнтры Гродна. Як дзяўчына, што не ўмела шыць, адкрыла сетку крамаў-атэлье
Святлана Антановіч у краме «Феафанія». Фота: Hrodna. life

У 2016 годзе Святлана адкрыла краму-атэлье «Еўдакія» на вуліцы Перамогі. Назвала яе па імені маці. У 2017 адкрыла пашыўны цэх. У 2018 — яшчэ адну краму «Еўдакія», гэтым разам на Ліможа. У 2019 адкрылася вытворчасць у Лідзе [у 2022 годзе яе закрылі - Hrodna.life]. «Так атрымалася, штогод я нешта адкрывала», — кажа Святлана.

Пра чарговую краму нікому не казала, бо ніхто б не зразумеў

У пачатку чэрвеня 2022 года Святлана адкрыла краму-атэлье «Феафанія» на Кірава, 3. Яе назвалі па імені бабулі Святланы. Агулам прадпрыемства займае два паверхі: на першым размяшчаецца крама, над ёй — пашыўны цэх і офіс.

«Зараз вельмі цяжка весці бізнес. Я разумею людзей, што яны не думаюць зараз пра бялізну, бо гэта пацерпіць. Калі я адкрывала новую краму, то ў сям'і ніхто не ведаў. Таксама не ведалі мае супрацоўнікі. Я не казала, бо разумела, што ніхто не зразумее. Становішча цяжкае, грошай няма, а я тут нешта выдумала. Але мне гэта трэба было», — сказала Святлана.

Адкрыццё крамы адзначылі як наваселле ў беларускай традыцыі. Святлана накрыла стол і запрасіла да сабе ў «хату» гасцей, сяброў і суседзяў. Яны віншавалі гаспадыню і прамаўлялі тосты. Музыкі гралі народную музыку, а ў дворыку на Кірава, 3 можна было патанчыць беларускія народныя танцы.

У краме можна набыць спальную бялізну, сталовыя сурвэткі, ручнікі, фартухі. Таксама там прадаюць торбы, а ў хуткім часе плануць пачаць пашыў сукенак.

«Мне хочацца, каб гэта было. Напрыклад, у Слоніме [Слонімскі льнозавод — Hrodna.life] робяць звычайныя, прамыя, оверсайз сукенкі. А мне хочацца, каб сукенкі падкрэслівалі жаночую фігуру. То бок змяшаць, як гэта было раней і дзесьці ўзяць вышыўку, але каб гэта было сучасна, нават з выразам. Каб дзяўчыне было прыемна апрануць», — сказала Святлана.

Зрабіла вясковую хату ў цэнтры Гродна

Новую краму Святлана абсталявала як вясковую беларускую хату. Пасярод памяшкання стаіць печ, а побач з уваходам — куфар. Каля сцяны стары ложак, у іншым куце драўляны стол і старая шафа.

«Я спачатку думала адкрыць маленькую краму, але нешта не склалася. Год таму ў мяне сфармавалася ідэя, што я хачу вось гэтую хату. Я нават думала зачыніць усе крамы і адкрыць адну вялікую прастору з аддзеламі, але вялікая плата за арэнду», — распавяла Святлана.

Рэчы для інтэр'еру яна спачатку спрабавала знайсці на сайтах аб’яваў, але безвынікова. З-пад Зэльвы, ад сваякоў дызайнеркі Ганны Дзем’янчук, прывезлі куфры і крэслы. Шафу прывезлі з Бераставіцы разам са Святланай Пінчук. Некаторыя крэслы і этажэрку Святлана набыла ў Навагрудку.

Чытайце таксама: Стол-книга из БССР, тумба из ГДР и «харизматичный кот». Гродненка реставрирует винтажную мебель и создает арт-объекты, которые «выбирают ее сами»

Навошта пасярод крамы печ?

Кожнае лета ў дзяцінстве Святлана праводзіла ў вёсцы Зенеўшчына [Навагрудскі раён — заўв. Hrodna.life]. «Маленькая, прыгожая вёсачка, вакол лес. Мая цётка і бабуля збіралі зёлкі. Бацька збіраў грыбы і мяне да гэтага прывучалі. Але ў дзяцінстве маё стаўленне да вёскі было як ва ўсіх дзяцей — не самае лепшае», — распавяла Святлана.

Пасля смерці бабулі разабралі яе дом. «І вось гэта пачало мяне чапляць. Магчыма, было цяжка, што дом разабралі, што вёска развальваецца. Я да гэтага ставілася, што гэта ўжо не вярнуць. Мне вельмі хацелася паказаць сваім дзецям гэта. Каб яны ўбачылі, як, напрыклад, печ паліцца зрання. Таму я заўсёды хацела свой дом абавязкова з печкай».