У Гродне не будзе пракату электрасамакатаў і, мяркуючы па ўсім, веласіпедаў. Пра гэта распавёў старшыня Гродзенскага гарвыканкама Андрэй Хмель у сюжэце тэлеканала «Гродна Плюс».

Гродна стаў адным з першых гарадоў Беларусі, дзе ўвялі абмежаванні на пракат электрасамакатаў. Раней гэты сэрвіс быў папулярны, але разам з ім з’явілася шмат скаргаў — у асноўным праз бяспеку пешаходаў.

Пасля такіх зваротаў улады вырашылі часова адмовіцца ад пракату. Гэта, як сцвярджаецца, дало вынік: скаргі з боку пешаходаў практычна спыніліся.

Пасля гэтага на сайце тэлеканала правялі апытанне — у ім узялі ўдзел каля 2000 чалавек. Як адзначыў Андрэй Хмель, 72% удзельнікаў апытання выступілі супраць пракату. Пры прыняцці рашэння ў першую чаргу ўлічвалі пытанні бяспекі.

Што тычыцца ўласных электрасамакатаў і веласіпедаў, то ў сюжэце адзначаецца: язда на іх рэгулюецца дзеючымі правіламі дарожнага руху.

Што кажуць гродзенцы

У каментарыях пад сюжэтам у Instagram сабралася больш за 70 водгукаў. Меркаванні падзяліліся — былі як прыхільнікі, так і праціўнікі такога рашэння.

«Адназначна гэта крок назад. Навучайце культуры кіравання і кіроўцаў, і пешаходаў ПДД. Дзіўна рабіць апытанне ў людзей, якія не маюць гэтага сродку і ніколі на ім не ездзілі», — напісаў адзін з карыстальнікаў.

«Што значыць навучайце? Калі ў галовах пуста — нічога не дапаможа. Чаму чалавек з правамі, калі бярэ самакат, ездзіць адэкватна: не збівае людзей, пісьменна перасякае праезную частку? Не думалі пра гэта? — адказала яму іншая карыстальніца. — Людзі з правамі і на аўто парушаюць кожную секунду. Еду і лічу парушэнні — нібы ў аўташколе і не вучыліся ніколі…»

«А пешаходы? Больш за ўсё парушальнікаў — менавіта кіроўцы аўтамабіляў», — напісаў яшчэ адзін карыстальнік.

Пытанне інфраструктуры

Некаторыя карыстальнікі задаваліся пытаннем:

«Чаму, калі з’явіліся машыны, людзі змаглі зрабіць дарогі для іх руху, а са з’яўленнем вялікай колькасці сродкаў персанальнай мабільнасці (веласіпеды, самакаты, монакўолы, ролікі, скейтборды і г.д.) улады не могуць арганізаваць нармальныя веладарожкі?»

На думку каментатараў, забарона — гэта самы просты шлях, але не вырашэнне праблемы. Таксама прасілі развіваць інфраструктуру не толькі ў новых раёнах, але і ў старых.

«Пабудуйце, калі ласка, веладарожкі на Вішнеўцы, у старым раёне, Кляцкова, Кабяка, Індурскім, Перамогі, Томіна, Пестрака. У новых раёнах інфраструктура ёсць, а ў старых — няма. Хочацца раўнапраўя і сацыяльных стандартаў».

Меркаванне жыхара, які пераехаў

Адзін з карыстальнікаў, які нядаўна пераехаў з Расіі, падтрымаў ініцыятыву:

«Гэта адна з найлепшых ініцыятыў у вашым горадзе. Адэкватныя карыстальнікі звычайна маюць асабісты транспарт, нясуць за яго адказнасць і ездзяць акуратна. А арандатары часта паводзяць сябе агрэсіўна, не клапоцячыся ні пра тэхніку, ні пра навакольных».

Ён адзначыў праблемы пракату:

  • адсутнасць кантролю стану карыстальніка (алкаголь, здароўе);
  • хаатычнае размяшчэнне самакатаў;
  • рост колькасці патэнцыйна небяспечных сітуацый.

«Інфраструктура — гэта важна, але гэта вельмі дорага. На дадзены момант транспарту не так шмат, каб апраўдаць такія ўкладанні», — напісаў ён.

Меркаванне прадстаўніка сферы

Сваім вопытам падзяліўся і супрацоўнік шэрынгавай кампаніі:

«Інтэрнэт — зло. Людзям абы напісаць. Тры гады працую ў шэрынгу — ніводнага канфлікту ні з пешаходамі, ні з кіроўцамі. 1% нясумленных карыстальнікаў будзе заўсёды».

Ён таксама дадаў: «На асабістых самакатах ездзяць значна хутчэй, чым на пракатных».

Абмежаванні хуткасці і забароны: як рэгулююць электрасамакаты ў Беларусі

З верасня 2025 года ў Беларусі дзейнічаюць абноўленыя ПДД. Згодна з правіламі, сродкі персанальнай мабільнасці (СПМ), у якія ўваходзяць і электрасамакаты, павінны ездзіць па веладарожках і не перавышаць хуткасць у 25 км/г.

Ахвяруй 1,5% ад падаткаў у Польшчы