Квір-персоны з’язджаюць з Беларусі, каб выратавацца ад рэпрэсій і адчуць сябе камфортна, чаго яны не маглі зрабіць у сваёй краіне. Рэдакцыя Hrodna.life пагаварыла з тымі, хто абраў для эміграцыі Польшчу. Спойлер — рэлігійныя палякі апынуліся талерантнымі, а беларускія актывісты — не заўсёды. Аднак не ўсе гатовыя заставацца ў Польшчы.

Наста Базар: «Не ведаю, каб у ЛГБТК-людзей адбіралі дзяцей, але страх — быў»

Пасля некалькіх небяспечных сітуацый падчас мірных пратэстаў у Беларусі 2020 года я выехала ў Кіеў на некалькі тыдняў. Але пакуль была там, стала зразумела, што вяртацца не варта — у пошуках арганізатарак жаночых маршаў прыйшлі да ўсіх феміністак, якіх я ведаю. Не тое, што на той момант я была вядомай і публічнай, але існавала верагоднасць, што да мяне цікавасць была таксама. Я прыняла рашэнне заставацца з дзецьмі і партнёркай ў Кіеве. Там жа, у вінным бары на Падоле, як раз ў лістападзе, мы з партнёркай ажаніліся.

Настя Базар (слева) с женой. Фото Алины Мазовец
Наста Базар, беларуска, феміністка, адкрытая лесбіянка. Арганізатарка і піяр-менеджарка сацыяльных праектаў, грамадская актывістка, 41 год. Жонка жонкі (так называе сябе сама Наста — Hrodna.life), маці двух дзяўчынак-падлеткаў. Насця Базар (злева) з жонкай. Фота Аліны Мазавец

Як і большасць людзей, мы думалі, што Новы год будзем сустракаць дома. Але настаў 21 год і стала зразумела, што ўсё надоўга. Ва Украіне, безумоўна, я адчувала сябе бяспечней, таму стала адкрыта гаварыць, што я лесбійка.

Але гэта не падабалася вялікай частцы беларускай дыяспары ва Украіне. Мы атрымлівалі абразлівыя каментары, прыніжэнні, адчувалі дыскрымінацыю. З-за псіхалагічнага дыскамфорту і магчымай небяспекі мы прынялі рашэнне аб пераездзе і ў снежні 2021 года ў Польшчу, дзе жывём і дагэтуль.

Калі казаць пра жыццё ў Беларусі, то там я не бачыла магчымасці быць адкрытай лесбійкай. У першую чаргу, таму што я маці. Я не ведаю гісторый, каб дзяцей адбіралі ў ЛГБТК-людзей, але страх кантакту з сацыяльнымі службамі і ціску — былі.

Нават суседзі не ведалі, хаця апошнія паўтара года я жыла з партнёркай. Людзі тлумачылі сабе тое, што дзве дарослыя жанчыны жывуць разам любым чынам — сёстры, сяброўкі, нават маці з дачкой, але ніяк не партнёркі.

12 красавіка 2024 года прынялі пастанову Міністэрства культуры № 24, якая ўносіць змены ў інструкцыю «Аб эратычнай прадукцыі». У інструкцыі праявы «нетрадыцыйных» адносін паміж людзьмі ідуць у адным радку з некрафіліяй, заафіліяй і педафіліяй. Гэтая тэндэнцыя да маргіналізацыі ЛГБТК+ персон не можа не хваляваць як прадстаўнікоў супольнасці, так і праваабаронцаў.

Квір-кам'юніці (квір — зборны тэрмін для абазначэння персон, чыя гендэрная і сэксуальная ідэнтычнасць адрозныя ад агульнапрынятых — Hrodna.life) ёсць заўсёды ў любым грамадстве, нават самым гамафобным. У Беларусі, канешне, яно таксама было. Ад закрытых вечарын да публічных івэнтаў і адукацыйных праграм для ЛГБТК. Важна ўдакладніць — у маім атачэнні заўсёды былі абсалютна розныя людзі, бо я не абмяжоўвала сваю камунікацыю па прынцыпу фобій. Але пакуль я была ў гетэра-браку, я не шукала менавіта кам’юніці. Пасля разводу я шмат камунікавала, хадзіла на імпрэзы і мерапрыемствы ад ЛГБТК-арганізацый, якія тады яшчэ існавалі ў Беларусі. Таму так, раней у асяроддзі квір супольнасці было бяспечна і камфортна. Мабыць таму, што гэта было яшчэ і актывісцкае асяроддзе, у якім збольшага былі падобныя каштоўнасці і погляды.

Мы абралі Польшчу па розных прычынах: я ведала мову, гавару з дзецьмі з іх нараджэння па-беларуску, і польская ім павінна была дацца лягчэй, чым мовы іншых краін. Плюс Польшча недалёка ад Беларусі (чамусьці дагэтуль гэта важны пункт). Мы з жонкай разумелі, што Польшча не лепшая краіна для ЛГБТК-супольнасці, але на кантрасце з тым, як справы былі ў Беларусі (і да 20-га году, і тым больш пасля), Польшча падавалася больш бяспечнай.

Спачатку мы пераехалі ў Кракаў. Малапольскае ваяводства — самае рэлігійнае ва ўсёй Польшчы (Паводле перапісу насельніцтва 2021 года, самы вялікі адсотак грамадзян, якія адносяць сябе да якой-небудзь канфесіі — на паўднёвым усходзе Польшчы: у Падкарпацкім (83,5%), Падляскім (82,6%) і Свентакшыскім (81,7%) ваяводствах; у Малапольскім — 75,8% - Hrodna.life). Першы час мяне і праўда здзіўляла колькасць касцёлаў і выяваў Ісуса. І пры гэтым, пражыўшы ў Кракаве два з паловай гады, мы ні разу не сутыкнуліся з гамафобіяй ад полек і палякаў. Наадварот — мы здымалі кватэру ў веруючага паляка, які, канешне, разумеў, што мы сям’я, і гэта не было перашкодай, як і з гаспадарамі другой кватэры. У летніку, дзе была мая дачка, важатыя нагадвалі дачцэ, каб яна пазваніла мамам. Такія моманты вельмі прыемныя і нечаканыя.

Але, на жаль, за амаль тры гады жыцця ў Польшчы, мы шмат раз сутыкнуліся з гамафобіяй з боку беларусаў і беларусак. Абразлівыя каментары, жарты, некарэктныя пытанні. Гэта сумна, бо нібы мы ўсе з’ехалі ад несправядлівасці і прагнем свабоды, але аказалася, што некаторыя прагнуць свабоды не для ўсіх.

НДА-сектар у Беларусі быў разгромлены ў 2021 годзе. Большасць арганізацый працягнулі сваю працу за межамі Беларусі. Як актывістка і феміністка я шмат камунікую, супрацоўнічаю з беларускімі арганізацыямі, ініцыятывамі і фондамі, бо працягваю дапамагаць беларускам і беларусам.

Зараз, увосень 2024-га, пачаўся моцны ціск на ЛГБТК-кам'юніці ў Беларусі. Беларуская квір-супольнасць за мяжой, безумоўна, уключылася ў дапамогу.

З польскімі арганізацыямі я таксама мела супрацу, але больш з фемінісцкімі. Напрыклад, увесну 2024 года я разам з беларускімі, польскімі і ўкраінскімі феміністкамі арганізавала ў Варшаве марш памяці Лізы Герцэн «Яе звалі Ліза», які сабраў каля 3000 чалавек. Усе польскія НДА, з якімі я мела кантакт — вельмі адкрытыя і гатовыя дапамагаць. Часам мне здаецца, што мы настолькі адгарадзіліся, што спрабуем для сябе зрабіць усё самі, у той час, калі ў польскіх НДА і актывіста_к ёсць рэсурс, якім яны гатовыя дзяліцца.

Таму, па маім меркаванні, інтэграцыя ў польскую квір-супольнасць цалкам магчыма. Што датычыцца не квір-асяроддзя, то зараз я адчуваю сябе добра і спакойна. Я ведаю, што ў Польшчы таксама ёсць гамафобія, несправядлівасць і парушэнне правоў уразлівых груп, але гэтага нашмат меней, чым у Беларусі. І пакуль я насалоджваюся тым, што нам не задаюць пытанне, калі мы кажам, што мы сям’я, не робяць пужлівага выразу твару і не пагражаюць. Але, безумоўна, нам не хапае роўных правоў для ўсіх, магчымасці мець дакументальнае пацвярджэнне шлюбу.

Насамрэч, пасля таго, як я зрабіла камінг-аўт, не было такога, каб нехта перастаў са мной камунікаваць. Мабыць, я выбірала сабе такое асяроддзе. З блізкіх толькі тата маіх дзяцей ставіцца да гэтага дрэнна, вінаваціць мяне ў тым, што я «даю дрэнны прыклад дзецям». Гэта сумна і шкада, што мы не змаглі захаваць сяброўскія стасункі пасля разводу. З дзецьмі ён камунікуе, але гэта ніяк не мяняе стаўленне дзяцей да нашай сям'і, у якой мы ўсе пачуваемся бяспечна і спакойна.

Што датычыцца маіх мамы і таты, яны мяне любяць, вераць мне і ў мяне, давяраюць і падтрымліваюць. За што я ім вельмі ўдзячна.

«Прававая ініцыятыва напісала справаздачу аб сітуацыі з ЛГБТК-арганізацыяй ў Беларусі. Наста таксама працавала над ім. Таксама для падтрымкі ЛГБТК-супольнасці яна заклікае падпісаць петыцыю, якую стварылі ТгХаўс (бяспечная прастора для трансгендарных людзей з Беларусі - Hrodna.life). А яшчэ — данаціць на дапамогу беларускім квір-персонам.

Дзіма: «Няхай гэтыя цёткі і бурчалі, я не збіраўся сыходзіць у цень»

Першы раз я збег з Беларусі, ратуючыся ад рэпрэсій, другі - з Украіны, ратуючыся ад вайны. Калі гэта не робіць мяне героем уласнага сіткама, то я не ведаю, што робіць.

Дима, 22 года, работает в IT, “немного” квир-активист и дважды беженец. Фото из личного архива
Дзіма, 22 гады, працуе ў IT, «трохі» квір-актывіст і двойчы бежанец. Фота з асабістага архіва

Я нарадзіўся ў Мінску, і калі б не палітычная сітуацыя, якая разгарнулася ў Беларусі, я б усё роўна з’ехаў. Як гей, які ўсё жыццё сутыкаўся з цкаваннем, я не адчуваў, што гэта месца можа стаць мне домам. Яшчэ ў школе мяне дражнілі, у аўтобусах з мяне смяяліся жанчыны і быдла (не ведаю, як гэта замяніць, каб выглядала літаратурней), гледзячы на маё пухнатае футра. Быць сабой у Мінску — гэта як ісці з плакатам «Я підар, біце мяне». Але шчыра, тады мне здавалася, што ў мяне ёсць нейкая місія — быць сабой, апранацца, як хочаш, паводзіць сябе, як хочаш і выглядаць, як хочаш. І проста паказваць гэтым людзям, што мы, квіры, існуем. Хай гэтыя цёткі і бурчалі, я не збіраўся сыходзіць у цень.

Адчуваць сябе квір-персонай у Беларусі - гэта як жыць на мінным полі. Адзенне, татуіроўкі, пірсінг, таніраваныя валасы (ніколі не фарбаваўся ў яркія колеры, тут ідзе гаворка менавіта пра тон вышэй, чым свой натуральны волас) — усё гэта адразу рабіла мяне мішэнню. Аднакласнікі, мінакі, і нават выпадковыя пасажыры — здавалася, усе маюць права абмяркоўваць мяне, прызначаць мне стрэлкі, штурхаць мяне і гэтак далей.

Беларускае заканадаўства не ўтрымлівае якіх-небудзь нормаў, якія прадугледжваюць адказнасць за злачынствы на глебе нянавісці да ЛГБТ, паведамляў праваабарончы ЛГБТ-праект «ГейБеларусь» у справаздачы.

Квір-кам'юніці ў Беларусі ёсць, але яно невялікае. Пры гэтым, напэўна, самая душэўная і нетаксічная квір-супольнасць на ўсёй постсавецкай прасторы. Нашы беларусікі - золата. Але іх мала, таму падтрымка не асабліва адчуваецца, плюс падтрымкі ад грамадства было таксама вельмі мала.

У 2021 годзе ўсё змянілася. Я быў актыўным удзельнікам пратэстаў пасля выбараў, і гэта стала для мяне кропкай незвароту. Я зразумеў, што мне трэба ратаваць сябе — інакш ратаваць будзе ўжо няма чаго, і я разам са сваім хлопцам эміграваў ва Украіну. Там было лягчэй дыхаць, пакуль не пачалася вайна. Потым я апынуўся ў Польшчы — краіне, якую ніколі не любіў і куды з’ехаў вымушана з ФРГ, якая адмовіла мне ў легалізацыі, таму што я гей з Беларусі, якая для іх, у адрозненне ад Расіі, не выглядае такой ужо небяспечнай для ЛГБТК. Яны лічаць, што Лукашэнка зусім не пагражае геям. Сюррэалізм. Але цяпер не буду пра гэта.

Я жыў паўтара года ва Уроцлаве, а нядаўна пераехаў у Варшаву. Пасля Берліна сітуацыя ў Польшчы выглядае супергамафобнай. Гэта зусім не значыць, што тут няма класных людзей, але агульны фон такі, што квірам жыць тут не проста. Першыя ж тыдні ў Варшаве сталі стрэсам: літаральна ў першыя дні ў трамваі на нас з маім хлопцам «наехаў» мясцовы. Проста таму, што я быў у майцы з выразам і ланцужку. Ён крычаў на ўвесь трамвай, што я гей, паралельна размахваючы каля майго носа бутэлькай «Soplica» (польская водка — Hrodna.life). Калі я паглядзеў на іншых пасажыраў у надзеі ўбачыць падтрымку, я ўбачыў толькі жанчыну, якая напалам склалася ад таго, як ёй было смешна ад таго, што мяне зневажаюць. Астатнім было проста ўсё роўна і я нават не ведаў, хто горш: гэтая жанчына ці ён.

Што тычыцца актывізму, тут усё не проста. У Варшаве сёлета былі тры прайды, і ва ўсіх іх арганізатарамі былі і беларусы. Нашы хлопцы малайцы, што ствараюць бачнасць барацьбы і аб’яднання, але я, шчыра, не адчуваю сэнсу ў гэтым. Мне цяжка ўкладвацца ў краіну, якая так відавочна паказвае, што ты тут чужы, чые жыхары пасылаюць цябе паміраць на вайну ва Украіне (хоць я і беларус), не кажучы ўжо пра якія-небудзь квір-рухі і настроі. Германія і Партугалія (гэта краіны, у якіх у мяне ёсць вопыт не толькі падарожжаў, але і жыцця там некаторы час) — зусім іншая справа, вось там я адчуваў жыццё! Там людзі глядзяць на цябе, а не скрозь цябе, там хочацца быць часткай чагосьці большага.

Асабістае асяроддзе дапамагае спраўляцца: у мяне тут шмат цудоўных сяброў, але ўсе яны, як правіла, беларусы і ўкраінцы, палякі як грамадства для мяне закрытыя.

Мая мама доўга не прымала маю арыентацыю, але цяпер працэс пайшоў. У адрозненне ад многіх бацькоў у Польшчы і Беларусі, яна хоць бы спрабуе зразумець. Плюс, яна вельмі любіць майго хлопца і ў яе няма іншага выйсця, акрамя як прыняць нас. А яшчэ я рэгулярна ўладкоўваю квір-прасвет у выглядзе саветаў па фільмах і цікавым відэа на гэтую тэму, якія я скідваў для яе. Мы гэтак жа разам ездзілі ў Берлін, што, як мне здаецца, расплюшчыла ёй вочы на шматлікія важныя рэчы, бо там квір-персоны ходзяць па горадзе за руку і нічога і нікога не баяцца.

Так што вось: я — гей, актывіст, уцякач і проста чалавек, які шукае сваё месца. І я дакладна ведаю: маё месца не тут.

Вара: «Я ніколі не адчувала сябе бясьпечна ў Беларусі»

Я вызначаю сябе як квір-чалавека і ў вызначэнне квірнасці таксама дадаю стан няўстойлівасці і фінансавай нестабільнасці, таму што гэта ўплывае на адчуванне бяспекі і (не)магчымасці ўбудоўвацца ў існуючыя сістэмы. А яшчэ, я заўсёды дадаю, што займаюся чымсьці яшчэ, каб зарабіць грошы.

Варя, 23 года, сейчас живёт в Варшаве, художница. Фото из личного архиа  
Вара, 23 гады, цяпер жыве ў Варшаве, мастачка. Фота з асабістага архіва

Будучы квір-чалавекам, я ніколі не адчувала сябе бяспечна ў Беларусі. Я знаходжуся ў партнёрскіх адносінах ужо некалькі гадоў і сумеснае жыццё ва ўмовах здымных кватэр таксама выклікала трывогу. Вобраз сябровак для ўладальнікаў жылля, нейкія дурныя дробязі накшталт апраўданняў дзеля сумеснага ложка або нежадання здаваць кватэру, таму што традыцыйная маладая пара, у адрозненне ад нас, з’яўляецца гарантам надзейнасці і плацежаздольнасці.

Я не адчувала сябе часткай квір-фем-супольнасці Беларусі. І знаходзілася трохі ў ізаляцыі, таму абстаноўка была прыкладна такая: калі б я была ў небяспецы, знайшліся б людзі, якія прыйшлі на дапамогу (ці зрабілі рэпост), але сувязі для падтрымкі або блізкіх зносін пабудаваныя не былі. З іншага боку гэта таксама было трохі прывілеяваным становішчам, так як я хадзіла на фемінісцкія або мастацкія мерапрыемствы, мой твар быў знаёмым, таму нейкія кропкі ўваходу ў такія прасторы ў мяне былі.

Я даўно хацела эміграваць з Беларусі па розных прычынах: спачатку з падлеткавага снабізму, потым з-за адчування немагчымасці нармальна зарабляць, страху за свае ідэнтычнасці і погляды, далей — рэпрэсіі і катаванні над людзьмі, а пазней удзел Беларусі ў вайне ва Украіне. У перыяды кожнай з прычын у мяне не было грошай, таму ў выніку я пераехала наўгад: паехала ў мастацкую рэзідэнцыю ў Германіі і засталася там даўжэй за задуманае, а потым апынулася ў Польшчы.

Трэба сказаць, што хоць я і выкарыстоўваю «я», на самай справе ўсе этапы мы праходзілі разам з маёй партнёркай, на хаду прыдумляючы стратэгіі выжывання ва ўмовах, якія змяняюцца. Мы падхоплівалі адзін аднаго па чарзе, калі адна з нас губляла крыніцы даходу, працу, або сілы, мы будавалі сумесную прастору ў новым жыллі і перавынаходзілі бытавыя звычкі.

Мы ўжо год жывем у Варшаве, і арыентавацца ў горадзе ўсё лягчэй. Тут я звярталася па бясплатныя кансультацыі ў Цэнтр беларускай салідарнасці, і яны дапамаглі мне выйсці з адчаю і нарэшце падацца на легалізацыю ў Польшчы. А дзякуючы вывучэнню польскай я стараюся больш хадзіць на афлайн-мерапрыемствы, і гэта вельмі дапамагае мне адчуваць, што я праўда жыву ў гэтым горадзе. Я стараюся чытаць па-польску і даведвацца, што адбываецца навокал.

Я не адчуваю сябе камфортна ўнутры вялікага круга дыяспары. Я не хачу тлумачыць, чаму іншыя людзі (квіры, мігранты і ўцекачы не з Беларусі, феміністкі, і іншыя ўразлівыя групы) працягваюць змагацца за сваё жыццё і свае правы, таму я ўзаемадзейнічаю з людзьмі з бурбалак паменш. Мая тактыка зусім не здаецца мне карыснай, але ў дадзены момант я размяркоўваю свае рэсурсы такім чынам і вельмі ўдзячная людзям, якія знаходзяць сілы на тлумачэнні і барацьбу.

Я сачу за тым, што абмяркоўваюць у мясцовых квір-супольнасцях. Іх павесткі, вядома, вельмі адрозніваюцца ад беларускіх. Напрыклад, летам у Варшаве былі тры прайды, і кожны праходзіў пад рознымі заявамі. Некаторыя квір-людзі крытыкавалі прайды за супрацоўніцтва з карпарацыямі і невыразную пазіцыю наконт Газы і Ізраіля, хтосьці крытыкаваў іх за ўнутраныя канфлікты, з-за якіх прайды размножыліся. Я думаю, за гэтым карысна сачыць як мінімум для таго, каб не забываць, што квір-людзі — гэта не аднастайная супольнасць, і ў розных груп розныя палітычныя погляды і стратэгіі.

Зараз у Варшаве і іншых гарадах існуюць свае квір-кам'юніці, у якія ўваходзяць беларусы, украінцы, палякі і прадстаўнікі іншых краін. Ужо не першы год запар беларусы маюць асобнае месца ў калоне на парадзе роўнасці, які праходзіць не толькі ў сталіцы, але і ў іншых польскіх гарадах.

Як і ў Беларусі, я раблю камінг-аўт (заўсёды серыя, а не падзея ў адзін момант) перад людзьмі, калі адчуваю сябе ў моманце ўстойліва. Часам мне прасцей быць гераіняй артыкула пра квір-людзей, чым адкрыцца перад чалавекам у дыялогу, таму што я адчуваю сябе ўразліва перад магчымай агрэсіяй або пытаннямі з цікаўнасці.

Мне трывожна і месцамі страшна быць квір-чалавекам, але ў Польшчы я адчуваю сябе спакайней і больш упэўнена, магчыма таму, што тут я больш імкнуся сацыялізавацца (таксама адна з стратэгій выжывання) і знаходзіць супольнасці з блізкімі для мяне поглядамі.

Яўген: «Бяспечнага кола зносін не стала»

Яўген, 26 гадоў, праектны менеджар, нарадзіўся ў Мінску, цяпер жыве ў Варшаве.

Большасць маіх сяброў з’ехалі за мяжу, у Мінску амаль нікога не заставалася, і гэта было першым штуршком да маёй эміграцыі.

Неўзабаве я паступіў у еўрапейскую ВНУ, так я з’ехаў з Беларусі, куды потым стала небяспечна вяртацца.

У Беларусі мне як квір-персоне, у цэлым, было нармальна, але трэба разумець, што гэта было таму, што там ты не можаш сябе цалкам праяўляць. А маючы свой круг зносін, у якім можаш быць сабой, я адчуваў сябе камфортна. Але, як я ўжо сказаў: многія з’ехалі і бяспечнага кола зносін не стала. Безумоўна, дома заўсёды даводзілася паводзіць сябе асцярожна і сачыць за сваім знешнім выглядам. Напрыклад, з вясёлкавым шоперам у Мінску хадзіць можа быць небяспечным. Што тычыцца гей-знаёмстваў, з гэтым таксама было не проста. Мала хто ідзе на кантакт, многія баяцца.

Не магу сказаць, ці была ў Беларусі квір-супольнасць, магчыма, я пра яе не ведаў, бо ў той час толькі пачынаў адкрываць сябе як квір-персону.

Мне падабаецца жыццё ў Польшчы з пункту гледжання прадстаўніка ЛГБТК-супольнасці, магчыма, таму, што я жыву ў сталіцы і тут людзі больш талерантныя. Тут я спакойна хаджу з вясёлкавым шоперам і ўсім няма да мяне ніякай справы. Мне гэта падабаецца. Толькі аднойчы я сутыкнуўся з агрэсіяй на мой адрас праз яго. Было гэта летам на беларускім музычным фестывалі на беразе Віслы ў Варшаве, дзе мужчына ў майцы «Путин — хуйло», стаў абражаць мяне праз мой знешні выгляд.

Радуе, што ў Варшаве праходзяць прайды, сёлета іх было тры! Мне падабаецца, што іх падтрымлівае мэрыя горада (асабіста прэзідэнт Варшавы Рафал Тшаскоўскі ўдзельнічае ў калоне прайду), чальцы Еўракамісіі і гэтак далей.

Узаемаадносіны з беларускай квір-супольнасцю ў Варшаве ў мяне не склаліся. Магчыма, таму, што многія там падтрымліваюць Палестыну, што для мяне непрымальна. Бо там відавочна парушаюцца правы жанчын і ЛГБКТ-персон. Не магу сабе ўявіць, што можна падтрымліваць тэрыторыю, у якой жанчын прымушаюць насіць паранджу, а квір-персон могуць закідаць камянямі.

Чытайце таксама: Секс-компромат, оправдания за ориентацию и фото секс-игрушек. Как государственная пропаганда дискредитирует задержанных