«Увесь час у справах — валанцёру на дапамозе ўкраінцам, у музеі [Вольнай Беларусі] дапамагаю — пастаянна нечым займаюся, не сяджу на месцы, не складаю рукі», — кажа Юлія Сліўко, што кіравала стачкамам «Гроднапрамбуда» падчас пратэстаў 2020-га. Амаль два гады таму Юлія з’ехала з Гродна ў Варшаву. За гэты час ў яе жыцці змянілася прыкладна ўсё. Вакол — новае асяроддзе з новымі людзьмі і новымі выклікамі. Але Юля кажа, што па-ранейшаму жыве справамі Беларусі: «Я засталася ў 2020-м». Пра тое, як перайшла на беларускую, занялася валанцёрствам і спраўлялася з асабістымі выклікамі, Юля распавяла для канала «Тётя Ира разрешила».

Загаварыць па-беларуску

«Не магу сказаць, што цалкам перайшла на беларускую, бывае цяжка. Але ў мяне гэта адбылося неяк спантанна, — адказвае Юля на пытанне пра мову. — Я спрабую».

Кажа, што на выбар мовы значна паўплывала асяродзе — зараз ёсць з кім камунікаваць па-беларуску. Гэта заахвочвае і дапамагае трымацца роднай мовы.

Чаты, у якіх збіраюцца калегі і аднадумцы, таксама перавялі на беларускую мову.

«Там шмат украінцаў і раней яны заўжды пыталіся: „Чаму вы не размаўляеце на роднай мове?“ Як перайшлі на беларускую ў чаце, пачала і пісаць па-беларуску. Калі хто не разумее, то тлумачу ці раю скарыстацца перакладчыкам. Але з большага людзі разумеюць».

«Майго» жыцця ў мяне няма

«Многія пытаюць: „Як ты жывеш?“, а я не ведаю, што адказаць, — распавядае Юля. — Бо ў мяне няма майго, асабістага жыцця. Пастаянна знаходзішся ў гэтым кантэксце беларускім і кожны раз маеш рабіць выбар — ці думаць пра сябе ці пра будучыню краіны. Кожны раз робіш выбар, ці прысвяціць дзень свайму асабістаму жыццю, ці працы для Беларусі».

Юлія Сліўко, Юлия Сливко, Варшава, стачком Гроднопромстрой
Юля ў дворыку Музея вольнай Беларусі. Тут яна працуе як валанцёрка. Таксама ў музеі збіраюцца беларусы Варшавы, каб пісаць лісты палітвязням. Адна з іх акцый — віншаванні з днём народзінаў тых, хто зараз за кратамі. У ліпені яны павіншавалі 113 зняволеных

Юля кажа, што праз грамадскую дзейнасць не заўжды стае часу, каб больш пабыць з сынам ці зрабіць нешта для сябе. Але паразуменню ў сям'і гэта не шкодзіць. «Я мала бачу, як сын расце, але маё дзіцё мяне разумее».

Больш за ўсіх у сітуацыі пераезду пашанцавага кату. Васька, якога сын Юліі называе «братам», найхутчэй прыстасаваўся да жыцця ў замежжы. «Кату цудоўна. Паеў, паспаў пагуляў і ўсё. Ежу спачатку перабіраў. Пакуль знайшлі, што ён будзе есці. Зараз яму падабаецца — з катом усё нармальна».

Сыну цяжэй — сказваецца і моўны бар’ер, і пераходны ўзрост. «Гэта складаны час, калі ўжо і не дзіця, і не дарослы яшчэ. Ну, неяк змагаемся, адаптуемся. Адзін аднаго падтрымліваем».

Юлія Сліўко, Юлия Сливко, Варшава, стачком Гроднопромстрой
Юлія Сліўко: «Я засталася ў Беларусі 2020-га». Здымак зроблены ў Гродне падчас паслявыбарных пратэстаў 2020 года

Пра сябе Юля кажа, што засталася ў 2020-м:

«Душою яшчэ жыву у Беларусі. Цела тут, у Польшчы, а душа там. Жыву тым, што адбываецца, што робяць людзі».

Чытайце таксама: Уехали. Истории бежавших из страны из-за политики

Ёсць аматары прыдумляць чужое жыццё

Па словах Юліі, пэўныя правакацыйныя закіды ў бок сваёй асобы назірае да гэта часу. Маўляў, ёсць людзі, што найбольш любяць крытыкаваць ці каментаваць іншых.

«Часам пішу, як раблю манікюр знаёмым дзяўчатам. То кажуць, што мне сама Ціханоўская асабіста падаравала салон прыгажосці. Вось яны пра гэта ведаюць, а я — не. Усё хаджу па Варшаве, шукаю, дзе ж гэты салон. То маё выказванне, што пашанцавала танна арандаваць кватэру, перакруцілі і кажуць, што нехта мне оплачвае жыллё. То прыдумаюць нейкіх кавалераў. Ну сур’ёзна? Дайце хоць пазнаёміцца з гэтымі кавалерамі. Смешна, нічога больш пра тое не скажаш», — кажа Юлія.

Юлія Сліўко, Юлия Сливко, Варшава, стачком Гроднопромстрой
Юлія Сліўко: «Некаторыя любяць прыдумляць пра чужое жыццё, нібы стаялі са свечкай. Я толькі дзіўлюся, слухаючы. Як, аказваецца, цікава я жыву».

Баліць, калі кажуць: «Ты ўжо не наша»

Адным з самых балючых момантаў апошняга году стала тое, што Юлію пазбавілі жытла ў інтэрнаце. «Вельмі балюча было, калі забралі пакой. Гэта было не проста жытло для мяне — там усё зроблена сваімі рукамі, кожны сантыметр. Я ўкладвала туды сваю душу, свой час, свае нейкія жаданні».

Па словах Юліі, многія медыя прасілі пракаментаваць падзею, але яна прызнаецца — не было сілаў пра гэта гаварыць.

«Для многіх патрэбен толькі хайп, нешта гучнае, каб раздуць скандал. А для мяне гэта жытло было часткай душы, пускаць туды чужых не хацелася. Там было усё — там перад смерцю жыла мая мама. Там я перажывала страту кахання. Там ішло жыццё майго сына. Там былі мае слёзы і мая радасць».

З тымі, хто застаўся ў Гродне, зараз бывае не проста дасягнуць паразумення. «Часам людзі кажуць: «Ты ўжо не наша, ты адарвалася і нас не разумееш».

У гэтым ёсць доля рацыі, мяркуе Юлія: «Мы [тыя, хто з’ехалі] «застралі» ў часе і гэта вельмі цяжка. Але калі з Беларусі пішуць «ты нас не разумееш», то баліць. Бо яны ж не ведаюць як і чым мы тут жывем. І многія не хочуць ведаць.

Мабыць так, я адарвалася. Бо да гэтага часу жыву ў 2020-м годзе. Для мяне ўсё засталося, як было тады".

Чытайце таксама: