«Хацелася дадому, паесці і спаць», — адказвае Дзіма Дзюк на пытанне пра эмоцыі пасля пахвал ад журы конкурсу. На эйфарыю сілаў ужо не было. У гэты дзень яго запісвалі апошнім з удзельнікаў кастынгу. Ён прыехаў у павільён да дзесяці раніцы, а яго чарга на здымкі падышла пасля дзесяці вечара. Як танцор з Гродна стаў удзельнікам самага папулярнага шоу ў Польшчы, расказаў Telegram-канал «Тётя Ира разрешила».

У Гродне Dima Duke знаёмы аматарам хіп-хопа і вог-культуры [стыль танца, які базуецца на мадэльных позах і подыумнай хадзе, з хуткай тэхнікай руху рукамі, з падзеннямі, кручэннямі, эмацыйнай гульнёй — Hrodna.life]. Ён вёў заняткі ў шматлікіх танцавальных школах. Яшчэ не прайшло года, як ён пераехаў у Польшчу, але Дзіму ўжо ведаюць і віншуюць з першымі поспехамі ў новай краіне. Тры «Так!» на конкурсе «Mam talent!», які амаль 20 гадоў глядзіць уся краіна, — гэта не жарт.

Зараз Дзіму 35. Пра тое, што ў яго талент да танцаў, ён вельмі доўга нават не падазраваў.

«Жадалі, каб апошнія сталі першымі»

«[У той дзень] я нічога не еў, выпіў кубкаў дзесяць кавы і дзесяць гарбаты. Размяўся і патанцаваў ужо разоў пяць ці дзесяць. Людзі паказвалі свае нумары і сыходзілі. Пакой чакання пусцеў. Я апошні заставаўся. Ужо хацеў проста выступіць і пайсці дадому. Ужо не было страху, што я не прайду. Не. Страшна было толькі, што буду здымацца яшчэ пазней, уначы».

Дзіма Дзюк выступаў у пятым эпізодзе 15 сезона шоу «Mam Talent!» — яго паказалі ў эфіры 30 сакавіка 2024 года. На сайце тэлеканала TVN, які здымае шоу, яго называюць танцорам Vogue са Слупска — у гэтым польскім горадзе зараз жыве гродзенец.

Пасля здымак і сябры журы, і вядоўцы казалі Дзіму, што ўсё супер і жадалі, каб апошнія сталі першымі.

«Тады падумаў, так, не дарма, — кажа Дзіма. — Недарма тут сядзеў 12 гадзін, не дарма ехаў, не дарма вось тут выступаў. Ну, то бок вось было адчуванне, што гэта ўжо добры вынік».

Конкурс «Mam talent!» — гэта шоў, дзе выступаюць непрафесійныя артысты. Гэта спевакі, танцоры, штукары, камедыянты і іншыя таленавітыя людзі ўсіх узростаў. Галоўны прыз для пераможцы — 300 000 злотых. Тэлепраект заснаваны на міжнародным фармаце «Got Talent» — аналагі выходзяць у многіх краінах свету. Прэм’ера «Mam talent!» у Польшчы адбылася ў 2008 годзе. Дзіма Дзюк удзельнічае ўжо ў 15-м сезоне шоу.

У танцы «выцягнулі за шкірку»

Дзіма пачаў танцаваць у 17 гадоў, калі быў студэнтам Гродзенскага ўніверсітэта імя Янкі Купалы і вучыўся на факультэце матэматыкі і інфарматыкі.

«Быў ужо даволі дарослым чалавекам. Да гэтага нідзе не займаўся. Не было ў мяне ніякіх ні гурткоў, ні падрыхтоўкі, ні нейкай адукацыі профільнай па танцах. Проста ва ўніверсітэце на конкурсе талентаў паказаў, што я ўмею імправізаваць. А далей мяне проста ўзялі так за шкірку і сказалі: „Будзеш адказным за танцавальны нумар у нас на факультэце“. Так, ужо дарослым чалавекам, я зразумеў, што аказваецца, у мяне нядрэнна атрымліваецца, што, аказваецца, ёсць пачуццё музыкі, ёсць фантазія. Я пачаў наведваць майстар-класы, пачаў хадзіць у прафесійны калектыў, займацца.
Праз два гады стаў трэнерам. Танцаваў хіп-хоп, джаз-фан, сучасныя танцы».

Чытайце таксама: Лапша-сасіска рэйтынг. Як атрымаць прыбаўку да стыпендыі ці вылецець з універа ў Гродне

Дзень сурка і новыя адкрыцці

З часам гэтага стала замала. «Зразумеў, што вулічны стыль, street dance, ён сам па сабе класны, але мае пэўны фармат. Ён для мяне стаў сумным. Мы ездзілі на ўсе гэтыя чэмпіянаты, у Мінск часцей за ўсё. І кожны раз там было ўсё адно і тое ж, і выйгравалі толькі тыя нумары і тыя выканаўцы, якія проста танчаць больш выразна, хутка і рэзка».

Дзіма называе гэты час днём сурка.

«Зразумеў, што мне гэта не цікава, я хачу неяк развівацца далей. А потым даведаўся, што ёсьць такая культура vogue (вог).

Яе стварылі людзі з ЛГБТ-супольнасці, чарнаскурыя і іншыя людзі нябелага колеру ў Амерыцы, у Нью-Ёрку. Гэтая культура стала іх «бяспечнай прасторай», выратаваннем ад пераследу, ад дыскрымінацыі, спосабам выказаць сябе.

Зразумела, што ў Беларусі ў нас рэаліі былі зусім іншыя, але сам сэнс гэтай культуры, што там пытанне не пра танцы, не пра каманду, і не пра тое, якія ты робіш харэаграфічныя пастаноўкі, а тое, што ў цэнтры стаіць чалавек і яго падача — гэта прыцягнула. Гэта значыць, не важна, якога колеру скура яго, якая сэксуальная арыентацыя, які гендэр. Натуральна, я як ЛГБТ-прадстаўнік адразу ж зацікавіўся ёй, пагрузіўся ў культуру і стаў у Гродне арганізаўваць вог-балы. Потым мой партнёр з’ехаў у Польшчу, і я пераехаў разам з ім".

Калі прыйшлі і паклікалі, то чаму б і не?

У Гродне ўсё было клёва і ўсё супер, кажа Дзіма, але — хацелася расці.

«У Беларусі, на жаль, у культурным плане складана развівацца. Ёсць пэўная планка, вышэй за якую ты не скокнеш. Культурныя мерапрыемствы слаба аплачваюцца, іх цяжка арганізаваць. Паехаць кудысьці складана, набыць новы досвед складана… Я, вядома, ездзіў на майстар-класы за мяжу. Нават магу пахваліцца, што ў Парыжы заняў другое месца на вог-балі ў катэгорыі мужчынскай хады. Ёсць перамогі на польскіх вог-балах. Натуральна, калі мой партнёр знайшоў працу тут, я таксама пераехаў. І так атрымалася, што мінулай восенню на мяне выйшлі людзі, якія шукаюць таленты для праграмы «Mam Talent!».

Яны самі знайшлі мяне, і самі прапанавалі мне там паўдзельнічаць. Я ім адправіў анлайн-запісы, потым анлайн-інтэрв'ю. І яны сказалі «Супер! Прайшоў! Прыязджай да нас, мы хочам цябе адразу здымаць». І я кажу: «Ну, чаму не?». Калі нешта само прыходзіць табе ў рукі, чаму б не карыстацца?"

З танцамі ўсё? Ці ўсё толькі пачынаецца?

Дзіма расказаў, што першыя месяцы ў Польшчы думаў пакінуць танцы. «Я тут праводзіў тры разы майстар-класы, усім вельмі спадабалася, усё супер, усё класна, але для сталай групы людзей замала». Але, як толькі падумаў, што з танцамі час завязваць, даслалі запрашэнне ў «Mam talent!». А яшчэ — запрасілі быць суддзёй на польскім вог-балу. А літаральна пару тыдняў таму паклікалі суддзёй і запрошаным перформерам на вог-баль у Швецыі. «Гэта значыць, я буду выступаць і судзіць, і за гэта мне яшчэ заплацяць грошы. Так што ўсё ж з танцамі завязваць ранавата».

Гродна заўсёды ў сэрцы

Дзіма называе сябе карэнным гарадзенцам і расказвае, што пражыў у Гродне ўсё жыццё. Толькі нарадзіўся ён у Нямеччыне. Яго бацька быў вайскоўцам. Калі Дзіму было два тыдні ад нараджэння, сям’я пераехала ў Гродна. І зараз дзесяць месяцаў Дзіма жыве ў Польшчы.

«Два тыдні і дзесяць месяцаў мяне там [у Гродне] не было. А так — усё жыццё. Магу лічыць сябе карэнным гарадзенцам. Спачатку жыў на Фолюшы, потым на Паповіча, а апошнія гады ўжо на Дзевятоўцы. Фолюш, Ласасянка — гэта проста маё месца сілы. Мы ўвесь час бегалі на Ласасянку. Што мы там толькі не рабілі! Калі было зіма, то мы нейкія караблікі на крыгі садзілі, і потым глядзелі, як яны там плавалі. Калі вясна, то хадзілі лёд разбіваць. Улетку плавалі. Усё жыццё было побач з гэтай Ласасянкай. Усе ад малога да вялікага боўталіся там. Потым казалі, што яна брудная, што там нейкія кішачныя палачкі… Не ведаю, нам, дзецям усё было паралельна».

Пра Гродна нагадваюць коткі і дранікі

«Насамрэч, я сумую па ўсіх, таму што ў мяне ў Гродне засталіся сябры, засталася сястра. Я магу і хачу туды прыехаць. Але самае крыўднае, што ёсць вялікае „але“: мяжа і адлегласць».

«Але нават далёка ад дома ёсць рэчы, якія нагадваюць пра Гродна: «З сябрамі ўвесь час маем стасункі. Ежа яшчэ нагадвае. Не-не, але і нейкі там селядзец пад шубай зробім, або аліўешку, або дранікі. А ў апошні раз мы наогул проста селядзец зрабілі з бульбай. Як у Беларусі мы яго рабілі калісьці - селядзец з бульбай і са смажанымі грыбамі - вось гэта была такая страва».

Яшчэ пра Гродна коткі нагадваюць, яны абедзве гродзенскія. Адну ўзялі ў манашкі, а другую на Шчорса, пад пад’ездам вашывую знайшлі - сядзела, мяўкала — забралі дадому".

Там, дзе складана, заўсёды ёсць плюсы

«Гэта банальная рэч, але з такога натхняльнага, хацелася б сказаць — не трэба баяцца мяняцца і вучыцца», — кажа Дзіма.

Ён успамінае, што пераязджаючы ў Польшчу, разумеў - гэта іншая культура, іншая мова, іншая краіна. Тут няма дакументаў і няма грамадзянства — усё вельмі складана.

«Але ёсць вельмі добрыя плюсы, якія залежаць нават не ад краіны, а залежаць ад чалавека. Я ніколі не вучыў толкам польскую мову, але за дзесяць месяцаў стасавання ужо магу гаварыць. Яшчэ пайшоў у паліцэальную школу — вучуся на масажыста. Мне 35, а я новую прафесію вывучаю. Выявілася, што мне цікавыя новыя нейкія рэчы, пра якія ніколі нават не думаў.

І я прыйшоў да таго, што не трэба баяцца, трэба рабіць, трэба спрабаваць, і калі ты будзеш рабіць правільныя рэчы, дык цябе будуць знаходзіць добрыя людзі і добрыя прапановы. Мусіць, карма ўсё-такі ёсць. Калі ты робіш добрае, яно да цябе вяртаецца".