У Гродне ёсць дом начнога знаходжання на 50 койка-месцаў. Пры гэтым людзей, якія апынуліся на вуліцы, у разы больш. Дзяржава не раскрывае рэальныя лічбы, «чысціць» гарады і цісне на актывістаў, імкнучыся замаскіраваць рэальную карціну таго, што адбываецца. Hrodna.life вывучыў сітуацыю і звярнуўся да экспертаў, каб зразумець — наколькі праблема з бяздомнасцю вострая і чаму яе да гэтага часу не вырашылі.

Побыт чалавека без дома: харчуецца з’едкамі, мыецца ў мясцовай рацэ

Аляксандра можна было сустрэць на стаянцы каля трасы Мінск — Гродна. Спаў мужчына ў альтанцы, мыўся і сціраў вопратку ў рацэ Дзітва. Харчаваўся тым, што знаходзіў у смеццевых баках, а часам падбіраў з’едкі, якія засталіся ад мясцовых рыбакоў.

Брэстаўчанін Алег сустрэў Аляксандра выпадкова. А потым стаў яго падкормліваць і пры выпадку перадаваў чыстае адзенне. «Ён добра ўсьміхаецца. Мы не размаўляем з ім, на суседнім століку я пакідаю ежу і ён кажа мне ў след дзякуй», — пісаў Алег у сваім Faceebok.

Па словах мужчыны, Аляксандр перажыў зіму 2020 года. Як далей склаўся яго лёс — невядома.

бяздомныя ў Гродне - як яны жывуць
Чалавек без сталага месца жыхарства арганізуе свой побыт. Прыкладна так жыў Аляксандр — з-за адсутнасці жылля яму даводзілася мыцца ў рацэ. Ілюстрацыя згенеравана Hrodna.life у DALL·E

Віктар некаторы час жыў на пустыры, які знаходзіўся непадалёк ад вуліцы Кабяка. Даведаліся пра мужчыну дзякуючы гродзенцы Вользе, якую ўсхваляваў стан Віктара — тады жанчына звярнулася ў мясцовыя СМІ. Журналісты высветлілі, што восем гадоў таму ў мужчыны быў дом, як раз на Кабяка. Жыў Віктар з маці, але калі тая памерла, кватэру прадалі яе ўласнікі. Так Віктар апынуўся на вуліцы.

У халодную пару года мужчына начаваў у падвалах, пад’ездах і пад балконамі. Часам ён з’яўляўся ў доме начнога знаходжання, але, хутчэй за ўсё, адчуваў сябе там некамфортна. «Тыдзень мы яго шукалі. Знайшлі, клікалі назад. Ён сам не хоча ў нас заставацца. Усе ўмовы — жыві, але ён не хоча. А мы не прымусім, — адзначаў «Вячэрняму Гродна» дырэктар дома начнога знаходжання Яўген Ярмантовіч.

Часам чалавек можа адмовіцца ад дома свядома. У такім выпадку за гэтым можа хавацца пратэст супраць грамадскіх устояў, у размове з Hrodna.life тлумачыць псіхолаг Аляксей (імя зменена ў мэтах бяспекі).

«Такім чынам чалавек паказвае свае адносіны да існуючых асноў сацыяльнага жыцця, такім як падаткі, законы, нормы. Гэта можа быць і свабода ад навязанага сораму, бо менавіта сорам — пачуццё, якое набываецца ў грамадстве».

Аляксей дадае, што людзі, які трапілі ў алкагольную ці наркатычную залежнасць і апынуліся на вуліцы, паступова адаптуюцца да новых умоў жыцця і робяцца свайго рода слабавольнымі. «То-бок няздольнымі, па іх жа меркаванню, гэта змяніць», — тлумачыць суразмоўца Hrodna.life.

Статыстыкі няма, а бяздомныя — ёсць

У Беларусі няма афіцыйнай статыстыкі па колькасці людзей без пэўнага месца жыхарства. Дамы начнога знаходжання таксама не апублічваюць, колькі людзей у іх рэгіструецца. Часцей за ўсё паведамляецца пра колькасць койка-месцаў. Напрыклад, у гродзенскай начлежцы іх 50.

Узімку начуюць у падвалах, улетку мыюцца ў рацэ. Як жывуць бяздомныя ў Гродне і чаму праблему не атрымліваецца вырашыць
Асоба бяздомнага страчваецца ў дзяржаўнай сістэме. Звычайна, статыстыка па такім людзям наўмысна замоўчваецца. Ілюстрацыя згенеравана Hrodna.life у DALL·E

Як адзначае экспертка Марына (імя зменена ў мэтах бяспекі) праваабарончай арганізацыі Human Constanta, адсутнасць дакладнай статыстыкі па бяздомнасці - велізарная перашкода пры рабоце з гэтай тэмай.

«Лічбы, якія ёсць, у асноўным закранаюць толькі тых людзей, якія жывуць на вуліцы. Але справа ў тым, што праблема бяздомнасці нашмат шырэй і яна тычыцца не толькі тых, у каго „адсутнічае сталае месца жыхарства“, але таксама і тых, хто жыве ў нежылых памяшканнях, або не можа жыць у сваёй кватэры з-за праблем з сваякамі. Акрамя таго, бяздомнасць вельмі шырока распаўсюджана і сярод людзей, якія адбывалі пакаранні. Адсутнасць жылля — гэта вельмі вялікая уразлівасць, якая часцей за ўсё служыць трыгерам да вялікага спектру ўсемагчымых парушэнняў правоў чалавека. Напрыклад, права на жыццё, свабоду ад дыскрымінацыі, здароўе, працу, прыватнасць, свабоду ад жорсткага або прыніжаючага годнасць абыходжання. За беларускай дзяржавай не было заўважана распрацоўкі або прыняцця якіх-небудзь мер, якія б адпавядалі вастрыні і маштабу гэтай праблемы», — распавяла Hrodna.life спецыялістка.

Аляксей мяркуе, што некаторыя людзі нават пры наяўнасці блізкіх адмаўляюцца ад дапамогі і выбіраюць жыццё на вуліцы.

«Магу дапусціць, што ў іх адносінах ёсць канфлікт. Яны прыйшлі да нейкай, на іх думку, невырашальнай сітуацыі і вырашылі аддаліцца, адмовіцца ад узаемадзеяння. Або ж блізкія стаміліся ад выратавання і адхіліліся ад дапамогі, клапоцячыся аб сваім самаадчуванні. Таксама блізкія могуць чакаць прамой просьбы аб дапамозе, а бяздомнаму вельмі складана прызнаць, што яму патрабуецца падтрымка, а яшчэ цяжэй яе папрасіць. Асабліва, калі ён сутыкнуўся з гвалтам і на фоне гэтага досведу страціў давер да людзей».

«Чысткі», прапіска і безграшоўе — з якімі праблемамі сутыкаюцца бяздомныя

Адсутнасць дакументаў і грошай — так вызначае галоўныя праблемы ў працы з бяздомнымі праваабаронца Марына. У людзей не атрымліваецца вярнуцца ў соцыум без дакументаў, а каб іх аднавіць, патрэбны сродкі, якіх таксама няма.

бяздомныя ў Гродне - як яны жывуць
Бяздомны спрабуе аднавіць дакументы. Зрабіць гэта атрымліваецца не заўсёды, бо сістэма не ўлічвае патрэбы такіх людзей. Ілюстрацыя згенеравана Hrodna.life у DALL·E

«Гэтыя патрабаванні ігнаруюць сур’ёзныя матэрыяльныя цяжкасці, з якімі сутыкаюцца бяздомныя. У іх проста няма грошай, каб аплаціць гэтыя працэдуры. А адсутнасць дакументаў, якія пацвярджаюць асобу, і дакумента аб наяўнасці рэгістрацыі - сур’ёзная перашкода для тых, хто спрабуе ўладкавацца на працу», — адзначае экспертка.

Акрамя таго, патрапіць у дом начнога знаходжання можна толькі па апошнім месцы прапіскі. Так, бяздомны, які быў зарэгістраваны ў Мінску, але тэрытарыяльна знаходзіцца ў Гродне, не зможа звярнуцца ў мясцовую начлежку.

«Яшчэ ёсць такая дыскрымінацыйная практыка — абмежаванне доступу бяздомных да грамадскіх месцаў (напрыклад, калі бяздомных выганяюць з кавярняў, гандлёвых цэнтраў, вакзалаў - Hrodna.life). Гэтая практыка прыводзіць да таго, што бяздомныя вымушаны начаваць на вуліцах ці ў менш бяспечных месцах. Нават праводзяцца „ачысткі“, калі бяздомных вывозяць за межы горада», — адзначае суразмоўніца.

Самі нічога робяць і іншым не даюць — як дзяржава цісне актывістаў

У 2011 годзе ў вёсцы Аляксандраўка, якая знаходзіцца ў Шчучынскім раёне, Аляксей Шчадроў арганізаваў так званы дом Луіджы — месца, якое стала прытулкам для бяздомных. Мужчына спрабаваў аформіць арганізацыю як прытулак пры касцёле, але сутыкнуўся з цяжкасцямі.

Неўзабаве ў дом Луіджы сталі прыходзіць сілавікі. У 2013 супраць Аляксея распачалі крымінальную справу па артыкуле 193.1 КК (дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі). Потым крымінальную справу спынілі, але на Аляксея працягнулі ціснуць.

Узімку начуюць у падвалах, улетку мыюцца ў рацэ. Як жывуць бяздомныя ў Гродне і чаму праблему не атрымліваецца вырашыць
Сілавікі наведваюць прытулак, арганізаваны актывістамі. У дом Луіджы міліцыя разам з мясцовымі ўладамі прыязджала неаднойчы. Ілюстрацыя згенеравана Hrodna.life у DALL·E

У 2016 годзе ў дом Луіджы з праверкамі прыходзіла міліцыя і прадстаўнікі органаў мясцовай улады. У студзені 2019 года Аляксея затрымалі па падазрэнні ў крадзяжы, збілі ў міліцыі, але вызвалілі, калі следчыя праверылі камеры відэаназірання і месцы ўчынення крадзяжу і не ўбачылі на іх Аляксея.

У 2022 да Шчадрова прыйшоў ліст з падаткавай: ад яго патрабавалі заплаціць падаткі ад атрыманых у 2019−2020 гадах ахвяраванняў.

Праблемы былі яшчэ ў нулявых: хто такія FnB і што яны рабілі для бяздомных

Яшчэ адна ініцыятыва, якая дзейнічала па ўсёй Беларусі, у тым ліку ў Гродне — Food not bombs («Ежа замест бомб»). Падчас акцый, якія арганізоўвалі анархісты і антыфашысты, бяздомных людзей кармілі вегетарыянскай ежай.

У Гродне FnB прыйшоў яшчэ на пачатку нулявых — на папулярным у той час Гродзенскім форуме актывісты шукалі тых, хто гатовы далучыцца да ініцыятывы.

У 2007 годзе карыстальнік пад нікам Семёркин пісаў, што падчас адной з акцый паўсталі праблемы з «жыхарамі раёна і міліцыяй». Як адзначае экспертка Human Constanta, удзельнікаў ініцыятывы затрымлівалі і ў 2012, і ў 2014 гадах. «На акцыях па раздачы ежы часта прысутнічалі супрацоўнікі міліцыі. Напрыклад, актывістаў і актывістак затрымлівалі перад чэмпіянатам свету па хакеі», — распавядае Марына.

Найбольш гучныя затрыманні ўдзельнікаў здарыліся ў 2020 годзе, пасля гэтага ініцыятыва спыніла сваё існаванне.

Як чыноўнікі «сацыялізуюць» бяздомных і чаму гэта не працуе

У беларускай дзяржавы няма асобнай палітыкі ці праграмы па працы з бяздомнасцю, а таксама адсутнічаюць планы па працы са зніжэннем колькасці бяздомных людзей, — адзначае экспертка.

«Асноўны механізм дзяржаўнай дапамогі ў гэтым пытанні - гэта разавыя акцыі дапамогі і праца цэнтраў часовага знаходжання». Напрыклад, калі наступае перыяд вакцынацыі насельніцтва ад грыпу. У 2021 годзе каб «матываваць» на вакцынаванне сярод асобаў без сталага месца жыхарства, ім падарылі харчовыя наборы.

Хто і як дапамагае бяздомным у Беларусі
Улады ўспамінаюць пра бяздомных, калі гэта выгадна. Абавязковая ўмова такіх акцый — шырокі распаўсюд інфармацыі, дзе на першым плане чыноўнікі. Ілюстрацыя згенеравана Hrodna.life у DALL·E

Успамінаюць пра бяздомных і падчас святаў - часцей за ўсё на Вялікдзень і Новы год. Як правіла, у такіх навінах не расказваюць пра лёсы бяздомных, а хваляць чыноўнікаў, якія перадалі ім падарункі і сродкі асабістай гігіены.

Аляксей адзначае, што ў працы з бяздомнымі павінна быць падтрымліваемая дзяржавай сацыяльная праграма. Спачатку трэба высветліць прычыны іх паводзін. Калі гэта наступствы залежнасці, то неабходна рэабілітацыя.

«Спачатку дапамагчы з пераадоленнем залежнасці, а потым аказаць дапамогу па пошуку працы і далейшай адаптацыі да сацыяльнага жыцця. Магчыма, прычыны ў тым, што чалавек пакутуе іншай хваробай. Напрыклад, дэпрэсіяй — і тады важная дыягностыка і прадастаўленне бясплатнай дапамогі. Чалавеку трэба даць апоры ў выглядзе лекаў, урача і часовага жылля», — лічыць спецыяліст.

Што не так з начлежкамі для бяздомных

Дом начнога знаходжання ў Гродне нагадвае інтэрнат: доўгія калідоры, сцены, пафарбаваныя светла-жоўтай фарбай, на іх — дошка з аб’явамі, якія адклейваюцца.

Інтэр'ер аскетычны: некалькі сталоў, за якімі можна паабедаць, тэлевізар у агульным пакоі і ложкі, на якіх спяць бяздомныя.

Узімку начуюць у падвалах, улетку мыюцца ў рацэ. Як жывуць бяздомныя ў Гродне і чаму праблему не атрымліваецца вырашыць
Умоўны выгляд начлежкі. Звычайна, інтэр'ер у ёй аскетічны, бо дзяржаўнае фінансаванне такіх устаноў сціплае. Ілюстрацыя згенеравана Hrodna.life у DALL·E

Найбольшай папулярнасцю дом начнога прыбывання карыстаецца ў зімовы час, улетку ён пусцее. Гэта адно з нямногіх месцаў у горадзе, дзе гродзенскія бяздомныя могуць пераначаваць.

Падобная ўстанова ёсць і ў Лідзе. Дом часовага знаходжання адкрыўся ў 2014 годзе і галоўная праблема, з якой сутыкнуліся і пастаяльцы, і адміністрацыя — маленькая плошча — усяго 82 квадратныя метры.

«Дома начнога знаходжання могуць быць вялізным люстэркам, — адзначае псіхолаг. — Чалавек, трапляючы туды, бачыць мноства пацверджанняў, што з ім нешта не так — адчувае сорам і віну, а гэта няпростыя пачуцці для пражывання. Магчыма, там жорсткія ўмовы па ўнутраным распарадку (У дамы начнога знаходжання забаронена прыходзіць пад уздзеяннем алкаголю, таксама туды не пускаюць без пэўнай прапіскі, распарадак дня строгі - Hrodna.life), а такія межы выклікаюць злосць і чалавек выбірае больш туды не прыходзіць. Таксама пытанне ва ўмовах пражывання: можа, паспаць на вакзале значна больш камфортна. Або для засялення неабходна прастаяць чаргу, а потым яшчэ адказаць на нейкія пытанні. Чалавек ужо адвучыўся ад звычайнага сацыяльнага ўзаемадзеяння, яму гэта даецца складана», — тлумачыць Аляксей.

Дабрачынную падтрымку бяздомным аказвае і манастыр пры Брыгіцкім касцёле ў Гродна. У царкву можна прыносіць адзенне бля бяздомных, таксама там бясплатна кормяць тых, хто мае ў гэтым патрэбу. Цэнтр дапамогі «Вера» таксама дапамагае людзям без пэўнага месца жыхарства — валанцёры збіраюць адзенне, сродкі асабістай гігіены, а таксама ежу, і перадаюць гэта ў дом начнога знаходжання.

Як дапамагчы бяздомным у Гродне

Экспертка з Human Constanta адзначае, што звычайныя людзі таксама могуць дапамагчы бяздомным. Напрыклад, можна пакінуць ежу, адзенне і медыкаменты ў цэнтрах часовага знаходжання.

«Цяпер у Беларусі ёсць дабрачынная арганізацыя „Луч Маяка“, якая гатуе абеды і дапамагае харчовымі наборамі людзям з вопытам бяздомнасці. У іх ёсць рахунак, куды можна пералічыць ахвяраванне або прывезці рэчы па запыце ў Мінск, але як гэта зрабіць з іншай краіны — пытанне з зорачкай. Магчыма, ініцыятывам такога тыпу падтрымка ад трэцяга сектара можа стаць чорным піярам», — папярэджвае актывістка.

Хто і як дапамагае бяздомным у Беларусі
Валанцёры і гараджане збіраюць рэчы для бяздомных. Акцыі праходзяць у тым ліку і ў Гродне — адзенне можна прынесці ў розныя пункты збору. Ілюстрацыя згенеравана Hrodna.life у DALL·E

У Гродне ёсць некалькі кропак, куды можна прынесці адзенне. Перад наведваннем пунктаў лепш вывучыць патрабаванні арганізацый на іх сайтах.

Аднак ёсць агульныя правілы для адзення, якое аддаюць для бяздомных ці людзей, якія жывуць у нястачы. Адзенне павінна быць у добрым стане, чыстым, выпрасаваным і акуратна складзеным. Ношаная бялізна ў пунктах здачы рэчаў не прымаецца.

  • Гродзенскае дабрачыннае грамадства (Акадэмічная, 2).
  • Дабрачыннае каталіцкае грамадства «Карітас» (Карла Маркса, 4).
  • Гродзенская арганізацыя беларускага чырвонага крыжа (Ажэшкі, 1).
  • Жаночы Брыгіцкі манастыр (Карла Маркса, 27).
  • Жаночы праваслаўны манастыр (Давыда Гарадзенскага, 3).
  • Сацыяльны цэнтр Гродзенскай епархіі (Ажэшкі, 23).