Да зімовых святаў застаецца крыху больш за месяц — самы час задумацца пра святочны дэкор. Hrodna.life вывучыў, якія гродзенскія крамы і майстры ўжо пачалі прадаваць святочныя аксэсуары для дома.

Крама Jennie.t: перадзаказ на ёлку і калядныя боксы

У каляднай краме гродзенскай блогеркі Яўгеніі Тарасенкі ўжо можна аформіць перадзаказ на яліну. Штучнае дрэва вышынёй у два метры і з эфектам прыцярушаных снегам іголак абыдзецца ў 590 руб., класічная трохметровая ялінка каштуе 1350 руб. Адзін з самых бюджэтных варыянтаў, які прапануе крама Яўгеніі - мятровая ёлка за 125 руб.

Таксама ў краме можна набыць навагодні дэкор. Напрыклад, тут ёсць «пудравыя» ёлачныя цацкі ў ружовых адценнях, коштам ад 6 да 68,5 руб. Ёсць і рэтра-калекцыя з цацкамі, стылізаванымі пад савецкія.

У продажы ёсць таксама калядныя кружкі, свечкі і падарункавыя боксы.

Калядная крама Jennie.t Home знаходзіцца на вуліцы Савецкіх Пагранічнікаў, 57.

Час працы: 10.00 — 21.00. Можна аформіць дастаўку тавараў па Беларусі.

Па тэме: Якія гродзенскія фотастудыі ўжо падрыхтавалі навагоднія лакацыі

VolenteDeo: калядныя алені і ёлачныя ўпрыгожванні

Яшчэ адна крама, які спецыялізуецца на дэкоры — VolenteDeo. У продажы ўжо з’явіліся калядныя алені, якіх можна ставіць пад ёлку. Ёсць у асартыменце і ёлачныя цацкі: мядзведзі, коні і мышы.

Крама знаходзіцца на вуліцы Замкавай, 17. Час працы: 10.00 — 19.00.

«Люцік»: рэтра-цацкі і шары з ручным роспісам

Студыя дэкору «Люцік» спецыялізуецца на рэтра-асартыменце. У магазіне ўжо з’явіўся посуд з навагоднім дэкорам. Напрыклад, набор кубкаў абыдзецца ў 70 руб., а вялікая талерка ў 73 руб.

Таксама ў студыі прадаюць ёлачныя цацкі. Фігуркі вожыкаў абыдуцца ў 12,5 руб., шкляныя шары з ручным роспісам — у 18,5 руб. Ёсць і асобная калекцыя з цацкамі ў выглядзе прысмакаў: пончыкамі і марожаным, коштам ад 15,5 да 45,5 руб.

Крама «Люцік» знаходзіцца ў гандлёвым цэнтры «Карона» на вуліцы Горкага, 91.

Час працы: 10.00 — 20.00.

«Прадмет»: шкляныя анёлы і пернікавыя чалавечкі

У краме сувеніраў «Прадмет» таксама рыхтуюцца да зімовых святаў. У наяўнасці з’явіліся ёлачныя цацкі са шкла і керамікі. Ёсць у выглядзе пернікавых чалавечкаў і домікаў, а таксама аленяў, ялінак і анёлаў.

«Прадмет» знаходзіцца на вуліцы Савецкай, 8.

Час працы: пн-сб 11.00 — 19.00, нд 13.00 — 19.00.

Vetta: ёлачныя цацкі з золатам

Гродзенская студыя дэкору Vetta падрыхтавала калекцыю ёлачных цацак ручной вытворчасці. У наборы Шчаўкунчык, машынка і конь, але можна купляць і паштучна. Акцэнтныя адценні цацак — залатая паталь і перламутр.

Ужо можна афармляць перадзаказ у Instagram-акаўнце студыі. Адзін асобнік абыдзецца ў 10 руб., набор з пяці цацак — у 50 руб.

Bella Simfonia: навагоднія ўпрыгожванні, якія ўпішуцца ў дзіцячы пакой

Замовіць ёлачныя ўпрыгожванні ручной працы можна і ў Bella Simfonia. Цацкі прадстаўлены ў двух колерах: попельна-ружовым і бэжавым.

Афармляць заказ можна ў Direct.

Pumpkin: супавыя кружкі для халоднай зімы

Ганчарная майстэрня Pumpkin стварыла да зімы набор супавых кубкаў аб’ёмам 600 мл. Ёсць два віды — з таксай у навагодняй шапцы і з белым мядзведзем. Кубак абыдзецца ў 58 руб.

З’явіліся ў студыі «калядныя керамічныя галубкі». Адна птушка каштуе 58 руб.

Заказаць прадметы можна праз Instagram-акаўнт майстэрні.

Inchoys: мінімалістычныя свечкі да Калядаў

Гродзенская студыя Inchoys спецыялізуецца на свечках. Да навагодніх святаў там з’явіліся глянцавыя свечкі ў выглядзе ёлачных шароў, мінімалістычныя Дзяды марозы і сняжынкі. Кошт свечак вар'іруецца ад 30 да 70 руб.

Заказаць свечкі можна ў Instagram-акаўнце майстэрні. Ёсць дастаўка па ўсёй Беларусі.

Лялькі ручной працы: гномы і снегавікі

Майстар Ала Глушэнь з Гродна спецыялізуецца на стварэнні лялек. Зараз у асартыменце Алы — калядныя гномы, Дзяды марозы і снегавікі.

За заказам можна пісаць у Instagram Алы.