Фота сэкс-цацак летам 2021 года з’яўляліся ў «зліўных» Telegram-каналах пасля ператрусаў у актывістаў і журналістаў. Актывіста і блогера спрабавалі зняважыць з дапамогай відэа з аднаполым сэксам. Затрыманы на відэа з «раскаяннем» распавядаў пра аднаполыя сувязі. Карэспандэнтка Hrodna.life прааналізавала фота і відэа ў некалькіх Telegram-каналах, звязаных з сілавікамі. А эксперты патлумачылі, чаму прапаганда выкарыстоўвае прыватнае жыццё для дыскрэдытацыі ідэалагічных праціўнікаў.

Рэдакцыя Hrodna.life не будзе называць каналы і паказваць іх змесціва з этычных меркаванняў.

Беспарадак і бутэлькі

Некаторыя Telegram-каналы, набліжаныя да ўлады, з моманту стварэння выкладвалі фота кватэр пасля ператрусаў. Там паказвалі БЧБ-сцягі, налепкі і атрыбутыку. Прыкладна год таму яны вырашылі зайсці з іншага боку: пачалі паказваць прыватнае жыццё людзей. У прыватнасці, на фота паказвалі беспарадак у кватэрах затрыманых аж да нямытых унітазаў. Асаблівы акцэнт рабілі на бутэлькі з-пад алкаголю.

«Супрацоўнікі КДБ затрымалі чарговага экстрэміста, які з дзікай лютасцю хацеў навесці парадак у Беларусі, але, мяркуючы па ўсім, ён ператварыў у сапраўдны свінарнік сваё жыллё», — пісаў адзін з каналаў у жніўні. «У свіней у хляве і тое чысцей», — пісаў пра іншую кватэру той жа канал. У кватэры журналісткі «Б**сата» паказалі літаральна брудную бялізну.

Сэкс-кампрамат, апраўданні за арыентацыю і фота сэкс-цацак. Як дзяржаўная прапаганда дыскрэдытуе затрыманых
У кватэры актывістаў і журналістаў паказалі літаральна брудную бялізну. Ілюстрацыя Hrodna.life

Пасля ператрусу ў офісе Беларускага Народнага Фронту ў каналах з’явіліся фота з эратычнымі карцінамі, у Беларускім Хельсінкскім камітэце — фота з некалькімі бутэлькамі алкаголю. «Маленькі алкамаркет», — пракаментавалі офіс рэгіянальнага офіса «Вясны».

Сэкс-цацкі і PornHub

Пасля ператрусаў таксама фатаграфавалі сэкс-цацкі і ўкладкі ў браўзэрах. СМІ ўспамінаюць, што ўпершыню гэтым скарысталіся ў студзені 2021 года. Тады пасля ператрусу ў актывіста «Еўрапейскай Беларусі» Максіма Вінярскага сфатаграфавалі экран камп’ютара з адкрытай укладкай PornHub.

Актыўна паказваць такія знаходкі пачалі ў ліпені 2021 года падчас масавых ператрусаў у журналістаў і актывістаў. У аб’ектыў камеры траплялі сэкс-цацкі, бізуны, сувеніры ў выглядзе геніталій. «Падчас ператрусу ў «Б**сата «былі выяўленыя і канфіскаваныя прадметы, пры дапамозе якіх увесь калектыў «Б**сата» рыхтаваў адзін аднаго да «ператрусаў», — напісаў адзін з каналаў.

Пра іншага затрыманага пажартавалі, што ён «надоўга застанецца без любімага анальнага шчакатунчыка. Супрацоўнікаў шкада, ім жа ўсе гэтыя сэксуальныя цацкі нацыкаў-вычварэнцаў да справы далучаць даводзіцца».

«<…>Пры ператрусе выявілі некаторыя «цацкі», якія ніяк не асацыююцца з мецяжом, але выдатна перадаюць менталітэт і каштоўнасці «змагариноголовых», — падпісалі фота сэкс-цацак у канале пасля ператрусу ў анархістаў. «Дзіўна, што дылды або анальныя коркі не знайшлі», — заключылі аўтары Telegram-канала пасля ператрусу ў БелаПАН.

Сэкс-кампрамат, апраўданні за арыентацыю і фота сэкс-цацак. Як дзяржаўная прапаганда дыскрэдытуе затрыманых
На думку прапагандыстаў, сэкс-цацкі кажуць аб непаўнавартаснасці людзей. Ілюстрацыя Hrodna.life

У адным з апошніх каментароў да фота вядучы канала «Азаронак.СТВ» напісаў аб «непаўнавартаснасці» людзей, якія выкарыстоўваюць сэкс-цацкі:

«Я раней думаў, што асноўныя атрыбуты ў змагароў гэта БЧБ-ануча, налепкі, бранзалеткі. Але чым больш пра іх даведаюся, тым больш разумею, што сюды абавязкова трэба дадаць прэзерватывы і фаласы! Імі карыстаюцца ўсе змагары ад малога да вялікага, ад мужчын да жанчын! А ўсё чаму ды таму што яны ўсё непаўнавартасныя!»

Размовы аб аднаполых сувязях і аўтынг

Адразу некалькіх мужчын у канцы верасня 2021 года вымусілі казаць аб аднаполых сувязях, гэта значыць, здзейсніць аўтынг (публічнае разгалашэнне інфармацыі аб сэксуальнай арыентацыі або гендэрнай ідэнтычнасці чалавека без яго згоды — Hrodna.life). Іх затрыманне было звязанае з каментарамі пасля смерці супрацоўніка КДБ Дзмітрый Федасюка і айцішніка Андрэя Зельцара.

Затрыманыя называлі на камеру свае дадзеныя і казалі пра тое, што з’яўляліся «прадстаўнікамі сэксуальных меншасцяў». Адзін з іх пры запісе відэа пазіраў уніз — верагодна, на напісаны загадзя тэкст. Пры гэтым затрыманы ў сваёй прамове супрацьпастаўляўся «сапраўдным мужчынам» — сілавікам. На камеру ён назваў сваіх сэксуальных партнёраў і распавёў пра іх «палітычную пазіцыю».

«З 2016 года з’яўляюся прыхільнікам нетрадыцыйных сэксуальных арыентацый. Перыядычна — разы два-тры ў год — займаюся сэксам з хлопцам. Разумею, што гэта з’яўляецца амаральным. Абавязваюся выправіцца», — запінаючыся, распавёў на камеру іншы затрыманы.

У пачатку лістапада ў адным з каналаў выклалі перапіску затрыманага, дзе ён абмяркоўваў аднаполы сэкс.

Персанальны ціск

«Сэкс-кампрамат» пачалі выкарыстоўваць яшчэ падчас выбарчай кампаніі-2020. У ліпені 2020 года апублікавалі відэа, на якім чалавек, падобны на экс-прэтэндэнта ў кандыдаты на пасаду прэзідэнта Валерыя Цапкалы, займаецца сэксам з двума жанчынамі. Сам палітык відэа не пракаментаваў, а яго штаб паведаміў, што «акцёру можна толькі пазайздросціць».

Улетку 2021 года ў інтэрнэце з’явілася відэа з аднаполым сэксам аднаго з беларускіх блогераў. Сам блогер быў арыштаваны і не мог пракаментаваць відэа. Як менавіта было знята відэа ў яго ўласнай кватэры, невядома.

Ціску падвергнуўся і журналіст Генадзь Мажэйка. У сетку патрапілі яго фотасесіі ў парыку. «Зацаніце, рускія людзі, за каго ўпісваюцца вашы селебы», — падпісалі фота ў канале.

Прыніжэнне заходніх палітыкаў

«Дастаецца» не толькі беларусам, але і заходнім палітыкам, якія здзейснілі камінг-аўт. У каналах спрабавалі зняважыць прэм’ер-міністра Люксембурга Ксаўе Бетэля, з якім сустрэлася Святлана Ціханоўская. А таксама — дэпутата Еўрапарламента Роберта Бедроня пасля сустрэчы з адвакатам Іллёй Салеем.

Сэкс-кампрамат, апраўданні за арыентацыю і фота сэкс-цацак. Як дзяржаўная прапаганда дыскрэдытуе затрыманых
У пачатку лістапада ў адным з каналаў выклалі перапіску затрыманага, дзе ён абмяркоўваў аднаполы сэкс. Ілюстрацыя Hrodna.life

Нецярпімасць

Апошняя тэндэнцыя — фатаграфаваць татуіроўкі затрыманых. Спачатку «фатографы» звярталі ўвагу на, напрыклад, калаўрат і БЧБ-тэматыку. Але адна з апошніх фота татуіровак — надпіс «Vegan». Пры гэтым мужчын распранаюць дагала або па пояс. Пад прыніжэнне трапляюць дзяўчыны з лішняй вагой і мужчыны з яркай або феміннай знешнасцю — напрыклад, ружовымі валасамі. «Звычайна завушніцы ў вушах носяць або педарасты, або піраты. Як думаеце, ёсць у яго карабель?», — пракаментавалі знешнасць затрыманага. На ўсеагульны агляд выкладваюць тэматычныя фотасесіі, каментуючы гэта так: «Перавернутыя крыжы, сатанізм, скрываўленыя фатаграфіі. Нядзіўна, што ён беспрацоўны. Характар у хлопчыка відаць вельмі няпросты».

Адну з дзяўчат назвалі «тлустым жывёлам». Аб незалежнай журналістцы пісалі: «Даўно б пара на дыету прысесці, а лепш — на нары, як лепшы сродак для пахудзення і прачысткі мазгоў». Іншую журналістку незалежнага выдання параўналі з прастытуткай.

Таксама ў адным Telegram-канале з’едліва пракаментавалі растанне палітвязняволенай Наталлі Хершэ з мужам. Telegram-каналы дазваляюць сабе каментаваць касцюмы і знешнасць Святланы Ціханоўскай і прыпісваць розныя дэвіацыі Паўлу Латушку.

Юрыст: відэа — нагода для службовай праверкі

Дзеянні сілавікоў пры запісу падобных відэа выходзяць за рамкі знявагі або паклёпу на канкрэтнага чалавека, пракаментаваў Hrodna.life практыкуючы юрыст, які пажадаў застацца ананімным. Гэта можна разглядаць як злоўжыванне ўладай, бо яны дзейнічаюць як службовыя асобы.

«Гэта значыць, гэта службовае злачынства, і абмяркоўваць іх дзеянні можна толькі ў гэтай плоскасці, — пракаментаваў юрыст. — Абмяркоўваць гэта як паклёп ці абразу — значыць браць на сябе неабходнасць даказваць нешта пра сябе, што абсалютна непрымальна».

Не трэба апускацца да абмеркавання з тымі, хто гэта распаўсюджвае, лічыць юрыст. Вырашаць пытанне варта з уладальнікам сайта. Калі са зместу відэа ў ананімных Telegram-каналах відавочна, што відэа здымалі ў рамках аператыўных і следчых дзеянняў, то «сліў» — таксама падстава для службовай праверкі. Яе варта правесці па факце выдавання дадзеных дазнання, следства, службовай таямніцы, незаконных дзеянняў у дачыненні да інфармацыі аб прыватным жыцці.

Сэкс-кампрамат, апраўданні за арыентацыю і фота сэкс-цацак. Як дзяржаўная прапаганда дыскрэдытуе затрыманых
Дзеянні сілавікоў пры запісу падобных відэа выходзяць за рамкі знявагі або паклёпу на канкрэтнага чалавека. Ілюстрацыя Hrodna.life

У некаторых выпадках можна казаць аб распаўсюдзе парнаграфіі і распальванні сацыяльнай варожасці да сэксуальных і гендэрных меншасцяў. Яны даказваюцца праз экспертызу. Аб магчымасці прыцягнуць каго-небудзь да адказнасці ў кароткатэрміновай або доўгатэрміновай перспектыве юрыст не узяўся загадваць.

«Галоўнае — не зневажаць сябе чытаннем і праглядам гэтага», — лічыць юрыст.

Эксперт па «мове варожасці»: адбываецца дэгуманізацыя, як ў нацысцкай Германіі

 — Адбываецца палярызацыя ў грамадстве, якую выкарыстоўваюць як прадстаўнікі аднаго полюса, так і другога, — мяркуе Алег Ражкоў, медыяэксперт, сузаснавальнік ініцыятывы «Журналісты за талерантнасць». — Па адносінах да пратэстнага насельніцтва быў ўжыты беспрэцэдэнтны гвалт, ён працягваецца. Нейкім чынам трэба апраўдваць гэты гвалт, атрымліваць падтрымку прыхільнікаў і паказваць, што тыя людзі, у адносінах да якіх мы праяўляем агрэсію — горшыя за нас, саступаюць нам у каштоўнасцях.

Сэкс-кампрамат, апраўданні за арыентацыю і фота сэкс-цацак. Як дзяржаўная прапаганда дыскрэдытуе затрыманых
Калі ў вас ёсць рэсурсы, у адказ на дэгуманізацыю можна несці ў грамадства талерантнасць. «Аргументаваны контрспіч дапаможа стрымліваць хвалі агрэсіі», — мяркуе Алег Ражкоў. Фота: Facebook героя

Ідзе дэгуманізацыя дадзенай групы людзей, лічыць Алег. Параўнанне з жывёламі - гэта прыёмы, якія выкарыстоўваліся ва ўсе часы. У прыватнасці, у часы Другой сусветнай вайны іх ужывалі да габрэяў. У нацысцкай Германіі папулярнасцю карысталася газета «Der Stürmer» («Штурмавік») — яна была галоўным рупарам прапаганды. Праз яе трансляваліся вобразы дэгуманізацыі габрэяў, праводзіліся паралелі з жывёламі і рознымі дэвіяцыямі.

— Мы бачым падобную карціну цяпер. Гэта звязана з дзяржаўнай прапагандай. Перамяншаць удзеянне такой працы складана, таму што з яе дапамогай раскручваецца спіраль гвалту ў грамадстве і павялічваецца раскол паміж людзьмі. Калі вярнуцца ў пасляваенны час, быў Трыбунал над прадстаўнікамі гітлераўскай Германіі і Нюрнбергскі працэс, на якой выносіліся смяротныя прысуды галоўнакамандуючым. Сярод іх быў рэдактар «Штурмавіка» Юліус Штрэйхер. Суд палічыў, што роля рэдактара такога прапагандысцкага медыя ў генацыдзе не меншая, чым роля тых, хто аддаваў загады забіваць. Абапіраючыся на гэтую практыку, можна сказаць, што роля прапагандыстаў, якія абесчалавечваюць частку беларускага насельніцтва, не меншая, чым тых, хто аддае загады на катаванні і згвалтаванні, — распавёў эксперт.

Што тычыцца ЛГБТ-супольнасці, працягвае Ражкоў, на постсавецкай прасторы яна традыцыйна з’яўляецца адной з самых уразлівых груп, якія ў выпадку чаго становяцца ўнутраным ворагам і падвяргаюцца цкаванню. «Тут ёсць прамая сувязь з так званым „умоўным Захадам“. І вось у нас знешні вораг — гэта Захад, які навязвае нам дзіўныя, незразумелыя, не ўласцівыя нам каштоўнасці. І ўнутры нас, здаецца, прысутнічае прадстаўнік гэтага „заходняга ворага“. Плюс, трэба разумець, што беларусы — даволі патрыярхальнае грамадства з патрыярхальнымі традыцыямі. У патрыярхальным грамадстве мужчына павінен быць маскулінным, агрэсіўным і дамінантным. І ў гэтую канву не ўпісваюцца гомасэксуальныя адносіны альбо прадстаўнікі квір-супольнасці, якія адрозніваюцца ад тых стандартаў гендэрных роляў, якія навязваюцца грамадствам. Гэта значыць, у нас талерантнасці як такой няшмат».

Чытайце таксама: Трансгендарнага хлопца ў гродзенскім РАУС прымусілі распрануцца і знялі на камеру

«Як «БЧБшнікі» будуць жыць з «ябацькамі»

 — Мовай варожасці будуць з’яўляцца любыя выказванні, якія парушаюць роўнасць нейкіх груп альбо заклікаюць да нянавісці і дыскрымінацыі ў дачыненні да іх. Калі глядзець з пункту гледжання міжнароднага права, верхні парог сур’ёзнасці - гэта тыя выказванні, якія павінны быць забароненыя дзяржавай і за якія іх распаўсюднікі павінны панесці адказнасць. Нізкі парог сур’ёзнасці - больш «мяккія» выказванні. Яны лічацца неэтычными, але легальнымі. Калі мы гаворым пра спектр, які выкарыстоўвае беларуская прапаганда, то выказванні часам дасягаюць высокіх адзнак. Мы там бачым прамыя або завуаляваныя заклікі да дыскрымінацыі нейкіх груп. Паводле міжнароднага, ды і беларускага заканадаўства яны павінны быць забароненыя, — сцвярджае эксперт.

Ён з калегамі звяртаўся з гэтай праблемай у камітэты па этыцы Беларускай асацыяцыі журналістаў (недзяржаўнае аб’яднанне, на лістапад 2021 года знаходзіцца ў стане ліквідацыі - Hrodna.life) і Беларускага саюза журналістаў (грамадская арганізацыя, якая супрацоўнічае з уладамі — Hrodna.life). «Гэта так званыя механізмы самарэгулявання. У дадзеным выпадку яны апынуліся неэфектыўнымі, таму што Беларуская асацыяцыя журналістаў больш працуе з недзяржаўнымі журналістамі. Што тычыцца Беларускага саюза журналістаў, нам нічога не адказалі».

На думку эксперта, не варта адлюстроўваць агрэсіўную прапаганду, накіраваную на прыхільнікаў дзейнай улады. У Беларусі застануцца прадстаўнікі розных палітычных поглядаў, з рознымі каштоўнасці, ідэнтычнасцямі, асаблівасцямі, і людзям давядзецца быць разам у гэтай краіне, паважаць адзін аднаго. Па магчымасці, ствараць інклюзіўную прастору для кожнага.

Алег Ражкоў прыводзіць у прыклад Нямеччыну. «Пасля вайны немцам давялося пераварыць сваё мінулае, прыняць тое, што адбылося. Што сярод іх народа былі людзі, якія прама альбо ўскосна ўдзельнічалі ў зверствах. І трэба было зразумець, як жыць далей, якім чынам гэтых людзей інтэграваць у грамадства. Мне здаецца, што яны справіліся з гэтай задачай. Перад намі будзе падобная задача — як „БЧБшнікі“ змогуць жыць з „ябацькамі“ і паважаць адзін аднаго. І калі хоць бы адзін бок спрабуе зразумець іншую — гэта ўжо 50% паспяховай камунікацыі. Магчыма, другі бок у нейкі момант таксама саспее для дыялогу. Таму мне здаецца, што распальванне нянавісці - заўсёды мінус».

На думку Ражкова, страшней за ўсё — пераход да прамых заклікаў да гвалту і дыскрымінацыі. Яны могуць быць успрынятыя як інструкцыя да ўжывання. «І тады наступствы будуць трагічнымі. Спадзяюся, да гэтага эскалацыя канфлікту не дойдзе».

Сэкс-кампрамат, апраўданні за арыентацыю і фота сэкс-цацак. Як дзяржаўная прапаганда дыскрэдытуе затрыманых
Скрыншот Hrodna.life з брашуры праваабаронцаў «Мова варожасці на бегемотах»

ЛГБТ-актывіст — пра хейт з боку як электарату ўлады, так і ад пратэстоўцаў

 — Адным з відаў гвалту [пасля выбараў] было сэксуальнае. Мужчын у РАУС прымушалі распранацца, пагражалі згвалтаваннем. Праваабаронцы дакументавалі факты і самога згвалтавання, — расказвае Коля Анціпаў, сузаснавальнік праекта пра гендэр і сэксуальнасць і ЛГБТ-персона. — Як чалавека мяне гэта жахала, а як актывісту стала цікава вывучыць, наколькі моцная гамафобія ў МУС і закрытых інстытуцыях, дзе шмат патрыярхальнай культуры.

Чытайце таксама: «Прыйшлося выдаліць вока», «кідалі ўніз галавой», «на спіне таблічка ў крыжыкі-нулікі». Медыкі з Гродна — аб траўмах пацярпелых ад АМАПа

Быць ЛГБТ-персонай у Беларусі само па сабе нясе рызыкі, распавёў Hrodna.life актывіст. Быць ёй і ўдзельнічаць у акцыях пратэсту — рызыкі дадатковыя. «У Беларусі рэжым, які не прызнае роўнасці ні для жанчын, ні для ЛГБТ-людзей. Ва ўладзе патрыярхальныя маскулінныя людзі з гетэранарматыўнымі паводзінамі. Мы ж ведаем пазіцыю Лукашэнкі - яго гамафобія ўсім вядомая: «Лепш быць дыктатарам, чым геем» [так Лукашэнка адрэагаваў на крытыку заходніх палітыкаў у 2012 годзе — Hrodna.life].

Сэкс-кампрамат, апраўданні за арыентацыю і фота сэкс-цацак. Як дзяржаўная прапаганда дыскрэдытуе затрыманых
Коля Анціпаў у 20 гадоў зрабіў камінг-аўт перад сям’ёй, атрымаў ад яе падтрымку і пачаў займацца ЛГБТ-актывізмам, каб даць падтрымку іншым. ««Падлеткі ўсё так жа сутыкаюцца з хатнім гвалтам і бацькоўскай гамафобіяй. Людзі ўсё гэтак жа не могуць быць самім сабой», — мяркуе ён. Хоць у Беларусі з 1994 года дэкрыміналізаваныя гомасэксуальныя адносіны, адзначае Коля. Фота: Facebook героя

На думку актывіста, відэа ў Telegram-каналах накіраваныя на дэгуманізацыю ЛГБТ-супольнасці. Гэта таксама спроба мабілізаваць свой электарат, каб было «каго ненавідзець і каго атакаваць». Але гэта працуе не толькі на іх. Коля распавёў, што атрымлівае негатыўныя каментары і ад пратэстоўцаў. На іх думку, ён «дыскрэдытуе пратэст». Нібыта хтосьці не выйдзе на акцыю, убачыўшы там вясёлкавы сцяг. З-за такіх, як Коля, у Беларусі не адбываюцца змены, заключаюць хейтеры. Ён жа лічыць, што яго сцяг на пратэстах не менш важны, чым бел-чырвона-белы. Такім чынам прапагандысты хочуць спіхнуць людзей і скінуць фокус абмеркавання з прычын пратэсту на тое, пра што беларускае грамадства яшчэ не дамовілася.

Пасля запісу на відэа — псіхатэрапія і міграцыя

Коля не глядзеў відэа ў праўладных каналах «з пачуцця павагі да чалавечай годнасці». Але транскрыпцыі тэксту чытаў.

«Людзей катаваннямі прымусілі казаць аб сваёй сэксуальнай ідэнтычнасці, персанальным жыцці і фактычна рабіць аўтынг. Калі цябе катуюць, калі збіваюць — ты можаш казаць усё, каб выратаваць сябе. Я хачу спадзявацца, што ў гэтых людзей усё добра і яны атрымалі абарону і працягнулі сваё жыццё бяспечна. Магчыма, у іншай краіне».

ЛГБТ-людзям, над якімі здзекаваліся сілавікі, Коля раіць псіхатэрапію. У MAKEOUT (праект пра гендар, сэксуальнасць і асаблівасці іх праяваў у Беларусі — Hrodna.life) ёсць спіс ЛГБТ-фрэндлі псіхатэрапеўтаў. Коля мяркуе, што пацярпелыя могуць атрымаць кансультацыю юрыста і, магчыма, папрасіць прытулак.

На думку Колі, палітвязні з ліку ЛГБТ будуць атрымліваць «падвойны» ціск у турме аж да пагрозы здароўю і жыццю. Сітуацыю са схаванай камерай у блогера, чый аднаполы сэкс трапіў на відэа, Коля каментуе з сумнай іроніяй. «Раней гамафобы казалі: „Мне ўсё роўна, хто з кім спіць, займайцеся гэтым у сябе дома за зачыненымі шторамі“. Сёння мы бачым, што яны прыйдуць да цябе дадому, паставяць камеру, а потым будуць пра гэта казаць. Гэта жудасна, калі ў тваёй кватэры нейкія людзі могуць зняць твой сэкс і шантажаваць цябе пасля гэтага. І гэта не злачынцы, а людзі, якія працуюць за нашы падаткі».

«Гамафобы будуць ненавідзець нас і далей»

Некаторыя пратэстоўцы ўжывалі фразы «лошки-петушки» або «Вам ніхто не дасць!». «АМАП затрымліваў людзей на акцыях пратэсту, збіваў і крычаў ім, што яны „пі***“. Потым я бачыў, як пратэстоўцы тое ж крычалі АМАП. Але калі мы гаворым „лошки-петушки“, мы забываемся пра пакуты ЛГБТ-людзей. Калі вы „петушки“, то бок гомасэксуальныя людзі, то вы як быццам дрэнныя, нявартыя, павінны саромецца. Я пратэстую супраць такіх лозунгаў».

Праваабаронцы збіраюць статыстыку дыскрымінацыі і злачынстваў у дачыненні да ЛГБТК+. Таксама яны аказваюць падтрымку пацярпелым.

— Мы павінны працаваць на выкараненне любых форм дыскрымінацыі — гамафобіі, трансфобіі, — лічыць эксперт. — Мы будзем дакументаваць гэтыя гісторыі і даследаваць, каб злачынствы з боку АМАП, МУС не паўтарыліся. Гамафобы будуць нас ненавідзець і далей. Нам трэба працаваць з гэтай нянавісцю і выкараніць яе.