Hrodna.life працягвае публікаваць успаміны сталых гродзенцаў. Гэтым разам Руслан Кулевіч падрыхтаваў гісторыю 86-гадовай Ліліі Асіпчук, якая ў 1930−40-х гг. жыла на вуліцы Гувера, а пасля на Рэзніцкай. У 1960-я Лілія Сяргееўна пачынала працаваць у Гродне цырульніцай у «Ландышы».

Лілія Сяргееўна Асіпчук нарадзілася ў Гродне ў 1935 годзе ў праваслаўнай сям'і. Жыла на вуліцы Гувера. Бацька — карэнны гродзенец, мама — з мястэчка Крынкі.

Бацькі Ліліі пасля яе нараджэння жылі разам з сям’ёй дзеда Івана Асіпчука. Ён здымаў кватэру на вуліцы Гувера (суч. — Тэльмана, 9). У дзеда было чацвёра сыноў. Паводле некаторых дадзеных Іван Асіпчук працаваў намеснікам кіраўніка запалкавай фабрыкі ў Гродне. Праўда, пра гэта прадпрыемства захавалася вельмі мала інфармацыі.

Запалкавая фабрыка ў Гродне была заснавана ў 1919 годзе. Ёй валодалі Марголіс і Ясялевіч. Фабрыка знаходзілася на вуліцы Ерусалімскай, 17 (суч. Антонава). У 1927 годзе на ёй працавала не менш за 150 чалавек. Прадукцыю фабрыка рэалізоўвала праз уласныя прадстаўніцтвы ў Вільні, Сасноўцы, Баранавічах, Беластоку і некаторых гарадах Расіі.

Дзяўчынка з вуліцы Гувера

«Мы — беларусы. Бацькі бралі шлюб у Свята-Пакроўскім саборы на Ажэшкі. Маё ранняе дзяцінства праходзіла ў гарадскім парку [суч. парк Жылібера]. Да парку ж пяць крокаў з Гувера, і мяне пускалі адну шпацыраваць. Казалі: «Pamiętaj o ulicy Hoovera» («Памятай пра вуліцу Гувера»). Іншы раз і заблукаю, колькі мне ж было — 4−6 гадоў. Іду і плачу, а насустрач дзяўчынкі. Яны пытаюцца: «I gdzie mieszkasz?» — «Na ulicy Hoovera». Вось так часта мяне прыводзілі дадому.

Аднойчы ў парку я знайшла ляльку, такую прыгожую: вочы расплюшчваліся — заплюшчваліся. І нікога нідзе не было. Як усё ж такі тады правільна вучылі маліцца Богу: я падняла вочкі да неба, падумала — як жа я хачу гэта ляльку, але Божанька ўсё ж бачыць, не, нельга, гэта — не тваё. Паклала гэтую ляльку і пайшла на Гувера. Ішла і азіралася".

Немец застрэліў сабаку

Бацькі Ліліі ў час вайны развяліся. Бацька з’ехаў у Вільню, а мама сышла з дачкой на кватэру на вуліцу Рэзніцкую (суч. Камунальная).

«Калі пачалася вайна, мама думала, як усе, што гром грыміць. А потым пачалася бамбёжка. Памятаю, як беглі хавацца ад бамбёжкі на Падпярэселку да дзеда ў падвалы. На Гувера мы ўжо не вярнуліся. Мама пайшла працаваць на мясакамбінат. А мне не падабалася жыць на новай кватэры, дзеці там былі… такія брудныя і апранутыя па-іншаму. Я ўвесь час казала — я пайду лепш на Гувера».

Чытайце таксама: Забытая прамысловая спадчына Гродна: рэзня на Камунальнай

Упершыню Лілія ўбачыла немцаў у Гродне, калі яны ішлі па Рэзніцкай. На іх стаў брахаць яе сабака.

«У нас быў руды сабачка, невялікі. Немцы прайшлі праз наш двор, а гэты сабака так пачаў брахаць і прыбег да мяне, прама пад ногі. Немцу гэта надакучыла, адзін — нічога, а другі дастаў пісталет, і пачаў страляць, забіў яго. Любімы сабачка, я так плакала… „Халера ясная, — лаялася потым мама, — добра, што ён табе ў ногі не трапіў“, — казала яна».

Падчас вайны Лілія вучылася ў польскай школе, што працавала ў адной з хатаў у Пярэселцы. Там жыла настаўніца. Так правучылася тры гады.

«Хадзілі на таемныя заняткі і вучыліся. Таксама падчас акупацыі мы хадзілі ў сабор, мама заўсёды вадзіла. Як зараз памятаю — зойдзеш, і злева абраз Казанскай Божай Маці, цяпер яна зусім у іншым месцы, да гэтага часу нязвыкла.

Гета памятаю — як па Віленскай быў калючы дрот, а мы з сяброўкамі бегалі паглядзець, цікава ж. Памятаю, як яўрэі хадзілі з жоўтымі зоркамі. Памятаю, як перад адступленнем немцы хадзілі па дварах і казалі: «Матка, яйка, яйка». Гэта ясна памятаю. Самае цікавая, што я сама яйкі не ела, а яны хацелі каб ім далі".

Мой маленькі Парыж

Пасля вайны Лілія пайшла вучыцца ў савецкую школу. Прыйшлося вывучаць рускую мову, якую яна не ведала.
Але гродзенка не скончыла школу і пайшла вучыцца на цырульніка.

«Я саромелася далей вучыцца і хацела быць цырульнікам. У выніку скончыла тры гады польскай і шэсць рускай школы. А потым пайшла ў цырульню. Пачынала вучыцца каля Скідзельскага базару, а насупраць была піўнушка, і адтуль да мяне на прычоскі прыходзіла працаўніца. Вучыў мяне паляк Борыс. У 15 гадоў я ўжо стрыгла людзей».

У 1951 годзе Лілія выйшла замуж за савецкага вайскоўца. Ёй тады было 16 гадоў. У канцы года ў яе нарадзіўся сын.

«Пазнаёмілася я з ім у цырульні. Ён прыйшоў стрыгчыся, а я працавала ў жаночай зале. Прыглядзелася яму, так і ажаніліся. Калі споўнілася 18, я з’ехала з мужам у Германію, а потым жыла ў Вільні».

Гродзенка стрыгла ў Літве і брала прызавыя месцы на конкурсах. Працавала яшчэ і мадэльерам. Але ў нейкі момант Лілія захацела вярнуцца ў Гродна. Паехала назад у родны горад у 1966 годзе.

«Жывучы ў Вільні, заўсёды марыла вярнуцца ў родны горад, які называла і называю — мой маленькі Парыж. Вельмі люблю гэты горад. Літоўкі мне казалі: „Навошта табе гэты горад?“. А я адказвала, што ён маленькі, такі чысты і зялёны. Трохі пашкадавала, калі вярнулася, бо многія мае сяброўкі з’ехалі ў Польшчу. Але нічога, потым пайшла працаваць і ўсё было добра».

Лілія ўсё жыццё працавала цырульніцай. У Гродне пачынала ў вядомай савецкай цырульні «Ландыш».


Рэпарцёр, фатограф, краязнаўца. Самы хуткі журналіст Гродна на ровары. Руслана і яго ровар ведаюць многія гараджане: ад чыноўнікаў да бамжоў. Падчас службы ў войску быў разведчыкам, а цяпер даказвае, што выведнік былым не бывае. Працуе ў Hrodna.life з 2013 года, калі сайт яшчэ працаваў пад брэндам «Твой стыль». У канцы 2018 выдаў кнігу «Горад адзін, успаміны розныя», дзе сабраў успаміны гродзенцаў пра 1930−40-я гады.