У пачатку 2020 года закрылася найстарэйшая запалкавая фабрыка Беларусі, якая знаходзілася ў Пінску. Мала хто ведае, але і ў Гродне ў міжваенны перыяд была свая буйная фабрыка, якая выпускала запалкі. Праўда, пра гэта прадпрыемства захавалася вельмі мала інфармацыі.

Запалкавая фабрыка ў Гродне была заснавана ў 1919 годзе. Ёй валодалі Марголіс і Ясялевіч. Фабрыка знаходзілася на вуліцы Ерусалімскай, 17 (суч. Антонава). У 1927 годзе на ёй працавала не менш за 150 чалавек. Гэта было адно з самых буйных прадпрыемстваў горада. Прадукцыю фабрыка рэалізоўвала праз уласныя прадстаўніцтвы ў Вільні, Сасноўцы, Баранавічах, Беластоку і некаторых гарадах Расіі.

100 гадоў таму ў Гродне працавала запалкавая фабрыка. Пра яе ўсе забыліся
Візітоўка гродзенскай запалкавай фабрыкі ў адной з польскіх міжваенных газет

100 гадоў таму ў Гродне працавала запалкавая фабрыка. Пра яе ўсе забыліся
Пра Гродзенскую фабрыку ў адной з польскіх міжваенных газет. З сайта www.jewishbialystok.pl
Так пісалі ў газеце «Dziennik Grodzieński» 11.03.1922 пра гродзенскую запалкавую фабрыку:

«Чужое хвалім, свайго не заўважаем — пра запалкавую фабрыку «Marjos»

«Маючы ў самім Гродне фабрыку запалак, якая дае магчымасць зарабіць сотням працаўнікоў, са здіўленнем трэба адзначыць, што ў мясцовым гандлі знаходзіцца куды больш запалак прывазных, чым вырабленых на месцы. Размова ідзе не пра нейкі квасны патрыятызм, але пра рэчы зусім рэальныя. Калі б фабрыка абслуговывала ўвесь попыт, тады яна б была ў стане павялічыць колькасць працаўнікоў і адначасова яшчэ больш падвысіць якасць сваіх вырабаў. Трымаймася ж здаровага прынцыпа гандлю: «набывай у свайго».

100 гадоў таму ў Гродне працавала запалкавая фабрыка. Пра яе ўсе забыліся
Запалкавая фабрыка ў Гродне. Фота зроблена ў міжваенны перыяд. Арыгінал захоўваецца ў Фелікса Варашыльскага
У 1925 годзе ў Польшчы была створана Дзяржаўная запалкавая манаполія. Гэтай структуры падпарадкоўваліся ўсе запалкавыя фабрыкі, у тым ліку і былая прыватная з Гродна.

У кнізе «На гродзенскім бруку» гісторыкі Андрэй Вашкевіч і Віктар Саяпін так пісалі пра гродзенскую фабрыку:

«Мы вельмі мала ведаем пра фабрыку запалак, якая працавала ў Гродне ў міжваенныя гады на вуліцы Ерусалімскай, 17. Першапачаткова фабрыка называлася „Марголіс і Ясялевіч“ (ад імёнаў уласнікаў), а ў 1926 годзе яна згадваецца ўжо як Першая дзяржаўная фабрыка запалак „Марыёс“ („Marjos“). Сваю прадукцыю фабрыка рэалізоўвала праз уласныя прадстаўніцтвы».

100 гадоў таму ў Гродне працавала запалкавая фабрыка. Пра яе ўсе забыліся
Вытрымка з міжваеннай газеты
Са старых польскіх газет вядома, што ў 1927 годзе на гродзенскай фабрыцы прайшло некалькі страйкаў (забастовак). Фабрыка нават закрывалася. Рабочыя патрабавалі ад уласнікаў павышэння заробкаў і шасцідзённага працоўнага тыдня замест пяцідзённага — яны хацелі працаваць больш, мець менш выхадных і ў выніку зарабляць болей. Гродзенская запалкавая фабрыка праіснавала 20 гадоў і закрылася з пачаткам Другой сусветнай вайны. Падчас нямецкай акупацыі ў былым будынку прадпрыемства функцыянавала самакіраванне другога гродзенскага гета. Будынак гродзенскай фабрыкі пацярпеў падчас баёў у 1944 годзе. Сёння на яго месцы знаходзіцца банк і рэдакцыя газеты «Гродзенская праўда».

Сёння ў гродзенскіх калекцыянераў не захавалася аніводнага карабка гродзенскай запалкавай фабрыкі.


Чытайце таксама:

Забытыя будынкі Гродна. Тартак «Лес», які нагадваў замак ды знік бясследна

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт info@hrodna.life

Рэпарцёр, фатограф, краязнаўца. Самы хуткі журналіст Гродна на ровары. Руслана і яго ровар ведаюць многія гараджане: ад чыноўнікаў да бамжоў. Падчас службы ў войску быў разведчыкам, а цяпер даказвае, што выведнік былым не бывае. Працуе ў Hrodna.life з 2013 года, калі сайт яшчэ працаваў пад брэндам «Твой стыль». У канцы 2018 выдаў кнігу «Горад адзін, успаміны розныя», дзе сабраў успаміны гродзенцаў пра 1930−40-я гады.