«Гроднаэнерга» атрымала 11 новых беспілотнікаў для абследавання энергетычных аб’ектаў. Дроны абсталяваныя цеплавізійнымі камерамі і змогуць знаходзіць пашкоджанні ліній электраперадачы і цепласетак, а таксама абследаваць цяжкадаступныя ўчасткі.

Новыя беспілотнікі ўжо паступілі на прадпрыемства. Супрацоўнікі, якія будуць імі кіраваць, прайшлі навучанне на аператараў БПЛА, піша sb.by.

Што будуць шукаць з дапамогай дронаў

Усталяваныя на беспілотніках цеплавізійныя камеры дазваляюць выяўляць тэмпературныя анамаліі. Гэта дапаможа энергетыкам знаходзіць магчымыя праблемы на энергетычных аб’ектах.

Дроны таксама выкарыстоўваюць для абследавання цяжкадаступных участкаў, пошуку абрываў правадоў, дрэў, якія ўпалі на лініі, і нахіленых апор. З іх дапамогай правяраюць і стан цепласетак.

Цяпер энергетыкам не трэба падымацца на вышыню і набліжацца да абсталявання пад напружаннем — многае можна зрабіць з дапамогай дронаў.

У «Гроднаэнерга» ўжо ёсць іншыя беспілотнікі

Дроны на прадпрыемстве выкарыстоўваюць не першы год. Цяпер у парку «Гроднаэнерга» ёсць апараты рознай грузападымальнасці — ад 500 грамаў да 9 кг.

Таксама прадпрыемства ўкараняе інфармацыйныя сістэмы «Бартавы журнал грамадзянскага БПЛА» і «Аналіз ПЛ». У далейшым іх плануюць аб’яднаць у комплекс, які дазволіць аналізаваць атрыманыя з беспілотнікаў даныя і выяўляць пашкоджанні энергетычнай інфраструктуры.