Усе беспілотныя лятальныя апараты (БПЛА) ў Беларусі трэба будзе ўнесці ў дзяржаўную базу дадзеных. Карыстацца дронамі без дзяржуліку будзе забаронена. Такія змены прапанаваны ў праекце змен у Паветраны кодэкс Беларусі. Праект апублікавалі на Нацыянальным прававым інтэрнет-партале. Паводле інфармацыі партала, праект прыняты Палатай прадстаўнікоў і ўхвалены Саветам Рэспублікі.

Праект прапануе новае вызначэнне БПЛА:

Беспілотны лятальны апарат — паветранае судна, прызначанае для выканання палётаў без экіпажа на борце, кіраванае аператарам беспілотнага лятальнага апарата з пункта (пульта) кіравання, у тым ліку без яго візуальнага кантакту з дадзеным паветраным суднам, або ў зададзеным аўтаномным рэжыме, або спалучэннем указаных спосабаў.

Раней Генеральная пракуратура патрабавала ад Дэпартамента па авіяцыі ўзмацніць кантроль за выкарыстаннем паветранай прасторы. Паводле пракуратуры, у Беларусі за апошні год стала больш парушэнняў пры палётах на дронах і звышлёгкіх самалётах. Пры гэтым за апошнія тры гады павялічылася колькасць зон, дзе выкарыстанне дронаў забаронена.

Дроны часта выкарыстоўваюць кантрабандысты, каб перакідаць цыгарэты праз беларуска-літоўскую мяжу.